Калі прыняць за факт, што кожная культурная падзея мае сваю адметнасць, то разынкай прэміі Амерыканскай кінаакадэміі безальтэрнатыўна, відавочна, стала б яе прадказальнасць. І гаворка не толькі пра лоск убранняў гасцей, запрошаных на цырымонію, ці пратакольны пафас прамоў пераможцаў, якія прысвячаюць атрыманыя статуэткі сваім бацькам. Прадказальнай ужо даўно стала логіка галасавання кінаакадэмікаў, на прагназаванні якой букмекэры па ўсім свеце ўжо даўно навучыліся няблага зарабляць.
Фота: @theacademy
Акторскі перформанс, неверагодны па эмацыйным накале і падмацаваны непазнавальным грымам? Што ж, чакайце намінацыю. Настальгічная гісторыя пра дзяцінства заслужанага кінамэтра? Яшчэ адна заяўка на статуэтку. Сцэнар пра змрочнае рабаўладальніцкае мінулае ЗША? Ідэя, якая хутчэй за ўсё спадабаецца кінаакадэмікам.
Намацаныя амерыканскай індустрыяй шаблоны «пад Оскар» сталі сведчаннем пэўнай крызы кінапрэміі, якую ў мінулым дзесяцігоддзі справядліва піналі за залішнюю кансерватыўнасць і нават карупцыйнасць.
Але трэба прызнаць, што «Оскар» адгукнуўся на заўвагі. Абнаўленне складу Амерыканскай кінаакадэміі за кошт улівання новых чальцоў з іншым гендарным, этнічным, сацыяльным і ўзроставым складам адчувальна паўплывала на оптыку ўспрыняцця кінапрэміяй сучаснага кінамастацтва, якім яно можа быць па форме і сэнсах. Менш прадказальнай пры гэтым цырымонія не стала, але тое, што раней было відавочным багам, ператварылася нарэшце у сапраўдную фічу. За якую, прынамсі, больш не сорамна.
Менавіта так патрэбна ўспрымаць трыумф вынаходлівай па сваёй форме стужкі «Усё, паўсюль і адразу», што атрымала сем статуэтак у асноўных катэгорыях (лепшы фільм, арыгінальны сцэнар, рэжысура, акторскія працы). Акцэнтаваны індзі-праект толькі пачынаючых кар’еру «Дэніэлаў» (дуэт рэжысёраў Дэна Квана і Дэніэла Шайнэрта, аўтараў яшчэ адной нестандартнай драмедзі «Чалавек-швейцарскі нож) прысвечаны крызе адносінаў у сям’і працоўных эмігрантаў з Кітая. Уратаваць яе ад распаду і закрыцця сямейнага бізнесу здольная толькі маці — немаладая і вечна занятая ўладальніца прыватнай пральні Эвелін Вонг (Мішэль Еа) — скіраваўшыся ў мульцісусвет лепшых версій самой сябе.
Фота: @theacademy
Зразумела, што «Усё, паўсюль і адразу» не прэтендуе на званне прарыву ў жанры. Стваральнікі проста якасна сумясцілі у адзінае цэлае актуальныя мастацкія напрацоўкі і ідэі заходняй індустрыі: кранальную семейную меладраму пра эмігрантаў-азіятаў (узгадваюцца тытулаваныя на «Оскары» драма «Мінары» ці «Паразіты»), апантанасць моладдзю канцэпцыі мульцісусвету (больш глыбока тэма прадстаўлена ў культавым мульсерыяле «Рык і Морці» і супергеройскіх фільмах Marvel і DC), ключавая роля жанчыны ў развіцці сюжэту, бойкі ў стылі кунг-фу і сучасны гумар, спасылаючыся на масавую культуру. З гэтых дэталяў сабралася ў пэўным сэнсе терапеўтычнае мета-кіно, гатовае размаўляць з гледачом любога ўзросту на важныя тэмы самасцвярджэння ў жыцці, блізкіх адносін і атрымання задавальнення ад побытавых рэчаў.
Пры гэтым не трэба успрымаць адзнаку стужкі «Дэніэлаў» выключна як падміргванне прагрэсіўнай частцы аўдыторыі «Оскара». Кінаакадэмія таксама падала досыць выразны сігнал сваёй мясцовай і міжнароднай кінаіндустрыі — новыя часы патрабуюць новай кінамовы. Кансерватыўныя пастаноўкі з выкшталцонай тэатральнай драматургіяй (драма «Баншы Інішэрына» Марціна МакДоны, 9 намінацый — 0 узнагарод) ці амаль маскараднай пастаноўкай (мюзікл «Элвіс» База Лурмана, 8 намінацый — 0 узнагарод) хай і карыстаюцца попытам, але зробім стаўку на нешта новае. Больш драйвовае і эксперыментальнае, без панылых узгадак уласнага дзяцінства і слюнявых прызнанняў у кахані да Галівуда («Фабельманы» Сцівена Спілберга — 7 намінацый і 0 перамог, і «Вавілон» Дэм’ена Шазела — 3 намінацыі, 0 перамог). Можа, тады сапраўды атрымаецца нешта крутое і нестандартнае, а дэкадэнцкія спрэчкі пра смерць кіно знікнуюць праз сваю незапатрабаванасць. Варта толькі паспрабаваць — а там ужо нешта будзе.
Але калі ў кінаакадэміі яшчэ атрымоўваецца запальваць прагрэсіўныя трэнды ў кінамастацтве, прыярытэты ў «Оскара» як пляцоўкі для палітычных заяў усё яшчэ выклікюць вялікія пытанні.
Асабліва дзіўна гэта выглядае зараз, падчас вынічшальнй вайны ва Укріне, калі арганізатары цырымоніі адмаўляюць Уладзіміру Зяленскаму ўжо два гады запар у магчымасці выступіць з прамовай, але пры гэтым даюць слова сям’і апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, аднайменная стужка пра атручванне якога (дарэчы, даволі плоска і плакатна зробленая) атрымала ўзнагароду ў намінацыі за «Лепшы дакументальны фільм».
Вось тут з пераасэнсаваннем медыйных і палітычных прыярытэтаў «Оскару» дакладна трэба добра папрацаваць. А то пакуль выглядае крывадушна.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org