Пабачыў свет 17 нумар часопіса “Верасень”

Выйшаў з друку чарговы, cямнаццаты па ліку,  нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Лізаветы Дзеручэнка, Насці Падрабінкінай, Алены Быкавай,  Крысціны Башарымавай, Кацярыны Массэ,  Крысціны Баранавай, Надзеі Філон, Таццяны Крэнь, Людмілы Шчэрбы, Святланы Куль, Тамары Аўсяннікавай, Васіля Зуёнка.

№17

Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Сяргея Белаяра, Валянціны Пісарчык, Анатоля Бароўскага.

У раздзеле “Пераклады” друкуюцца вершы Сібілы Алерама, перакладзеныя з італьянскай мовы Аксанай Данільчык.

Раздзел “Крытыка” адкрывае “вясёлкавае” эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Марку Шагалу. Аб сваім “шляху да Беларусі” распавядае ў гутарцы з Эдуардам Акуліным старшыня культурніцкага фонду “Вяртанне”  Павел Падкарытаў. Працягваюцца друкавацца запісы “з памятнай кніжкі” Леаніда Дранько-Майсюка. Сакрэтамі музычнай творчасці ў гутарцы з Аленай Масцеравай дзеліцца гурт Haina“. “Дыярыуш беларускага падарожніка” прапануе чытачам часопіса Юры Кур’яновіч. Творчы “ціск” маладой беларускай літаратуры замярае ў сваім аналітычным артыкуле літаратуразнаўца Эдуард Дубянецкі. З чарговай рэцэнзіяй на новы раман Людмілы Шчэрбы “Урб@н.М: Адзін дзень майго жыцця” выступае крытык Анатоль Трафімчык.

Вокладка нумара — Дар’я Бунеева. Мастацкае афармленне — Валерыя Праслава. Ілюстрацыі —   Ігар Свянціцкі.

Пытайце “Верасень” № 17 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com