Выкапнёвы ланцужковы карал выкладчык БНТУ адшукаў у Калодзішчах, піша «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал «Минский район LIVE».
Ланцужковы карал, адшуканы ў Калодзішчах. Фота: тэлеграм-канал «Минский район LIVE»
Старажытны артэфакт адшукаў Дзмітрый Сцепаненка, прафесар кафедры «Канструяванне і вытворчасць прыбораў» БНТУ. І хоць яго спецыяльнасць ніяк не звязаная з прыродазнаўствам, ён захапляецца вывучэннем камянёў і выкапняў.
Дзмітрый Сцепаненка. Фота з асабістага архіва
Ланцужковыя каралы, таксама вядомыя як галізіты, зніклі з планеты Зямлі. Іх апошнія прадстаўнікі сфармаваліся прыкладна 412 мільёнаў гадоў таму.
Для Сцепаненкі гэта не першая значная знаходка ў Беларусі. Асабліва ён адзначае свае ракавіны аманітаў — малюскаў, якія жылі больш за 145 мільёнаў гадоў таму. Іх ён выявіў у мелавый кар’еры ў Любанскім раёне. Да нядаўняга часу самай старажытнай знаходкай для даследчыка былі кавалкі панцыраў рыб, якія існавалі больш за 350 мільёнаў гадоў таму.
Пласціна панцырнай рыбы, знойдзеная ў кар’еры «Гралёва» пад Віцебскам. Фота з асабістага архіва
Сцепаненка адзначае, што ў мелавых кар’ерах можна знайсці шмат цікавых выкапняў. Напрыклад, у Любанскім раёне ён знаходзіў часткі марскіх лілеяў, марскіх вожыкаў і нават зубы акул.