Улетку 2022 года фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. Пухлы — вёска, куды заязджаюць турысты, аглядаючы драўляную архітэктуру. А яшчэ тут — сядзіба таварыства «Спадчына Падляшша», якое займаецца ў тым ліку і беларускай культурай.
Драўляная архітэктура Пухлаў
Пухлы належаць да гміны Нараў Гайнаўскага павета. Праз вёску праходзіць турыстычны шлях «Дрэва і сакрум». Тут шмат праваслаўных, дзейнічае драўляная царква, пабудаваная ў 1913 г. Яна троху нагадвае царкву ў Мастаўлянах, на радзіме Кастуся Каліноўскага, пра якія мы нядаўна пісалі. Гэта не дзіўна, бо царква ў Пухлах толькі на 8 год малодшая за мастаўлянскую.
Пухлы разам з вёскамі Трасцянка і Сацы ўтвараюць турыстычны брэнд «Краіна адкрытых аканіц». Пафарбаваныя аканіцы і разьбяныя ўпрыгожанні хат — адметнасць рэгіёна. Для Беларусі гэта зусім не дзіва, а ў Польшчы такі дэкор сустракаецца рэдка. Пра паходжанне драўлянай разьбы на Падляшшы выказваюць розныя версіі. Па першай — яе прывезлі з Расіі падляшукі, якія вярталіся з бежанства пасля Першай сусветнай вайны. Па другой версіі дэкараванне хат развілася пад уплывам архітэктуры ўрадавых будынкаў у вёсцы Белавежа. Па замове расійскага цара Аляксандра ІІІ у 1894 г. там быў пабудаваны псеўдагатычны палац. За паўстагоддзя да таго паўстаў дом губернатара з багатым драўляным дэкорам.
У любым выпадку сяляне пачалі аздабляць хаты разьбой на пачатку ХХ ст., калі сталі вялікімі вокны. Да таго іх рабілі меншымі з мэтай ашчаджэння цеплыні. А ў XVIII ст. на Беларусі яшчэ сустракаліся курныя хаты без комінаў, калі дым выходзіў праз маленечкія вакенцы без шкла, якія, калі печ не тапілася, закрывалі драўлянымі засаўкамі.
Гісторыя Пухлаў
Інтэр’ер царквы ў Пухлах
Ключ ад царквы ў Пухлах
Першыя згадкі пра Пухлы ў пісьмовых крыніцах датуюцца 1561 г. Гісторыя вёскі шчыльна звязаная з гісторыяй царквы, якая згадваецца з 1578 г. Па легендзе, на месцы сучаснага царкоўнага будынка калісьці ацаліўся чалавек, які не мог хадзіць праз тое, што ў яго пухлі ногі. Адсюль назва вёскі. Хворы нібыта маліўся пад ліпай, на якой пабачыў абраз Пакроваў. Потым ён паказаўся іншым вяскоўцам.
У царкве дасюль захоўваецца абраз Пакроваў Багародзіцы, да якога едуць паломнікі. Мастацтвазнаўцы кажуць, што ён створаны ў XVIII ст.
Паводле перапісу насельніцтва 1921 г., у Пухлах жылі 81 праваслаўны і 28 католікаў. Яны задэкларавалі, суадносна, беларускую і польскую нацыянальную прыналежнасць.
Таварыства «Спадчына Падляшша»
На сядзібе Таварыства «Спадчына Падляшша»
У Пухлах месціцца сядзіба Таварыства «Спадчына Падляшша». Яно займаецца аховай ды папулярызацыяй прыродных і культурных каштоўнасцей свайго рэгіёна: ладзіць імпрэзы, майстар-класы, выдае музычныя дыскі і інфармацыйныя матэрыялы.
На сядзібе Таварыства «Спадчына Падляшша»
Вялікая частка дзейнасці прысвечана прамоцыі падляскай традыцыйнай культуры — драўлянай архітэктуры, кулінарыі, рамёстваў, спеваў і танцаў. Мерапрыемствы праходзяць не толькі на сядзібе ў Пухлах, таксама ў іншых падляскіх вёсках і ў Беластоку.
На сядзібе Таварыства «Спадчына Падляшша»
Вялікую ўвагу Таварыства надае захаванню мясцовай гаворкі. Рэалізуе моўныя праекты, напрыклад, «Говорымо по-своему». Вядзе навуковую дзейнасць: запісвае тапонімы, словы і мелодыі традыцыйных песень. Мясцовая гаворка блізкая да брэсцка-пінскіх дыялектаў, якія бытуюць у Беларусі. У нас іх класіфікуюць як палескія альбо заходнепалескія гаворкі. Даследчык Генадзь Цыхун пісаў нават пра «заходнепалескую мікрамову». У Польшчы, у сваю чаргу, часам выдзяляюць «падляскую мікрамову» як адну з усходнеславянскіх, але часцей звяртаюць увагу на яе блізкасць да ўкраінскай.
Міраслаў Сцепанюк
Старшыня таварыства «Спадчына Падляшша», доктар геаграфічных навук Міраслаў Сцепанюк адказаў на пытанне, да якой краіны адчувае большую эмацыйную блізкасць: да Беларусі ці да Украіны. Друкуем яго адказ з захаваннем асаблівасцей мясцовай гаворкі: «Мне блізко до месця, дэ я жыву. Для мэнэ е важна правда наукова, як науковцы окрэсьлілі нашэ походжэнне, скуль мы прыехалі, якой мовой говорым. І по-моему, хоч я восем лет учывся белоруского в школе, по-моему говорым говоркою украінскою. І нашэ походжанне, нашэ насэленне е з Побужжа, з Волыні. З наукового пункту бачання то е бліжэй до украінской нацыі, ніж до белоруской, ну бо ту говорка, которой мы говорым, хоть бы і тэпэр, то е нэ якаясь там пудляска, бо можна говорыть і о дыялэктах, і так далей, але ж науково ствэрджана, можно глянуті до Атласу гвар всходнёслов’янскіх, которы науковці, поофэсоры окрэсьлілі бардзо выразне. Такі мой погляд. Ну, а кажды мае выбур. Мы нікому не накідаем жадного погляду на нацыю чы тэж на тожсамость».
На сядзібе Таварыства «Спадчына Падляшша»
Міраслаў Сцепанюк адзначыў таксама, што ў таварыстве «Спадчына Падляшша» ёсць розныя людзі: і якія адчуваюць сябе ўкраінцамі, і беларусамі, і палякамі, і «тутэйшымі».
У 2022 г. Таварыства рэалізуе праект «Вектар у будучыню. Развіццё традыцыйнай культуры як чынніка павышэння турыстычнага патэнцыялу» ў межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна». Беларускі бок прадстаўляе раённы цэнтр культуры ў Маларыце. Трэці партнёр — цэнтр культуры падляскай вёскі Кляшчэлі. Рамесніцы з Маларыты праводзілі майстар-класы па тэхніцы ткацтва «пераборы» ў Кляшчэлях. Міраслаў Сцепанюк распавёў: «У Маларыце былі слаўныя ткаллі, напрыклад, Сцепаніда Сцепанюк, з якой у нас аднолькавае прозвішча. Яна ўжо памерла. Ужо іншыя жанчыны з Маларыцкага цэнтра культуры паказвалі, як ткаць пераборы. Таксама нам дэманстравалі, як пячэцца грачаны хлеб, бо ён у іх там папулярны. Яны ў сябе таксама рабілі фестываль, турыстычныя буклеты».
Галоўная мэта праекта — выкарыстанне мясцовых рамёстваў і кухні для прыцягнення турыстаў у рэгіён. На сядзібе таварыства «Спадчына Падляшша» ў Пухлах пабудавалі «хлебную печ», як кажуць на Падляшшы, каб адрозніць старэйшую канструкцыю ад больш сучаснай з плітой. Робяць майстар-класы па гатаванні традыцыйных страў, частуюць гасцей. Плануецца выданне кнігі і календара з рэцэптамі.
У пачатку верасня на сядзібе Таварыства адбыўся Фестываль традыцыйнай кухні. Акрамя кулінарыі турысты маглі даведацца пра падляскія рамёствы, спевы і танцы.
З танцавальнай праграмай выступіла капэла Batareja. Яна грае музыку з розных частак Польшчы, у тым ліку з Падляшша.
Падчас фестывалю адбыліся варштаты традыцыйных спеваў з пані Верай Нічыпарук, якая жыве ў вёсцы Маліннікі i захоўвае песенную спадчыну сваіх мясцін. Майстар-клас праводзіла музыка і даследчыца Юліта Харытанюк. Яна распавяла, што паходзіць з недалёкай ад Пухлаў і Маліннікаў вёскі Цялушкі, і мясцовая гаворка была яе першай мовай.
Пра сваю песню «Положу кладку вэрбову» пані Вера распавяла: «Па Вялікадні заўжды рабілі вяселлі. Дзяўчаты выходзілі на лавачкі, спявалі. Прыходзілі хлопцы, заляцаліся. Ну, і такія песні папярэднічалі вяселлю».
На фестываль традыцыйнай кухні ў Пухлы прыехалі наведвальнікі з навакольных вёсак, Беластока і Варшавы. Бачна было, што для людзей гэта цікавая і важная падзея.
Чытайце яшчэ: Зямля каля ляхаў — Падляшша. Гісторыя за 5 хвілін
Фота і відэа аўтаркі
Алена Ляшкевіч, budzma.org