Сёлета ўлетку фалькларыстка Алена Ляшкевіч наведала Падляшша і цяпер дзеліцца з чытачамі Budzma.org экспедыцыйнымі нататкамі. Як выглядаюць вёскі, дзе нарадзіўся і быў ахрышчаны Каліноўскі? Ці ўшанаваная там яго памяць?
Кароткая біяграфічная даведка
Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі нарадзіўся 21 студзеня (па новым стылі 2 лютага) 1838 г. у вёсцы Мастаўляны. Тады гэта быў Гродзенскі павет аднайменнай губерні Расійскай імперыі. Цяпер Мастаўляны ўваходзяць у склад Беластоцкага павета Падляскага ваяводства Польшчы. Мяжа з Беларуссю — тут жа за вёскай.
Бацькі героя, Сымон Каліноўскі і Вераніка з Рыбінскіх, былі каталіцкай шляхтай, размаўлялі па-польску з дамешкам беларусізмаў. Гісторыкі савецкага часу падкрэслівалі, што сям’я Каліноўскіх не мела зямлі, магчыма, каб надаць Кастусю больш «народнае» паходжанне. Але ўжо ў 1849 г. Сымон Каліноўскі купіў маёнтак Якушоўка (цяпер гэта Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці), дзе будучы герой правёў дзяцінства.
Дакументы сведчаць, што ўжо ў 1832 г. бацька Кастуся валодаў у Мастаўлянах «палатняным заводам». На той час гэта было ў трэндзе: помсцячы палякам за паўстанне 1830–1831 гг., улады паднялі мытныя плацяжы на імпарт тавараў з Каралеўства Польскага да Расійскай імперыі. Таму фабрыканты пачалі пераносіць прадпрыемствы з Каралеўства на Беласточчыну і Гарадзеншчыну, якія адміністрацыйна знаходзіліся ў складзе імперыі, і адкрываць там новыя фабрыкі.
Ткацкае прадпрыемства з Мастаўлянаў Сымон Каліноўскі перанёс у Якушоўку. На фабрыцы працавалі вольнанаёмныя рабочыя. Выпускалі льняныя вырабы: абрусы, сурвэткі і бялізну. Можна сказаць, што бацька Кастуся быў паспяховым прадпрымальнікам, калі здолеў набыць уласную зямлю. Аднак польскія шляхцічы пагардліва называлі Кастуся «сынам ткача». У савецкай гістарыяграфіі гэта мянушка, наадварот, стала «знакам якасці» — маўляў, сын чалавека, які працаваў сваімі рукамі.
У Мастаўлянах была грэка-каталіцкая царква, набажэнствы ў якой наведвала сям’я Каліноўскіх. Там жа яны пахрысцілі трох сыноў. Наведвалі і рымска-каталіцкі касцёл у недалёкай Ялоўцы, дзе ахрысцілі яшчэ трох дзяцей, у тым ліку Вінцэнта Канстанціна.
Мастаўляны
Грэка-каталіцкая царква, дзе хрысцілі братоў Кастуся Каліноўскага, пасля скасавання ўніяцтва ў 1839 г. была перададзеная праваслаўным. Будынак пацярпеў ад пажару ў 1841-м. Яго неаднаразова рамантавалі і перабудоўвалі.
Цяперашні выгляд царква ў Мастаўлянах набыла ў 1905 годзе. Пра Кастуся Каліноўскага нагадвае помнік насупраць яе. Манумент пастаўлены ў 2015-м, аднак дата на ім паведамляе пра 150-я ўгодкі паўстання ў 2013-м. Скульптар Януш Талуць з Беластока працаваў над помнікам два гады.
Манумент складаецца са стэлы з памятнай шыльдай і прыслоненых да яе макетаў кола, касы і стрэльбы. На касу і стрэльбу павязаныя бел-чырвона-белыя стужкі.
Надпіс на шыльдзе зроблены па-польску і беларускай лацінкай.
Адразу за Мастаўлянамі праходзіць польска-беларуская мяжа. У канцы вясковай вуліцы турыстаў сустракае ўзброены памежнік: да мяжы нельга падыходзіць бліжэй, чым за 200 метраў.
Ялоўка
Драўляны касцёл Святога Міхаіла ў Ялоўцы, дзе ў 1838 г. быў ахрышчаны Кастусь Каліноўскі, а ў 1823 г. бралі шлюб яго бацькі, не захаваўся. Будучага героя ахрысцілі два разы: шостага лютага, амаль адразу пасля нараджэння — на імя Вінцэнт, і чацвёртага красавіка таго ж года — на імя Канстанцін. Гісторык Васіль Герасімчык выказвае версію, што імя Вінцэнт, нададзенае па дні нараджэння, адпаведна з днём шанаванага ў гэту дату святога, магло папросту не вельмі падабацца бацькам.
Версію імя «Кастусь» нібы выкарыстоўвалі сяляне падчас паўстання 1863 года. На думку гісторыка Уладзіміра Арлова, так маглі клікаць героя і яго сямейнікі. Ёсць таксама версія, што памяншальна-ласкальным імём Каліноўскага пачалі называць ужо пасля смерці.
Плябань, на месцы якой стаяў драўляны касцёл, дзе хрысцілі Кастуся Каліноўскага
Па словах краязнаўца з Ялоўкі Мар’яна Гайдучэні, стары драўляны касцёл знаходзіўся на месцы сённяшняй плябані, насупраць мураванага касцёла перамянення Пана.
У касцёле захоўваецца абраз Маткі Боскай Паўстанцкай — народны спіс Маткі Боскай Чанстахоўскай. Кажуць, што перад ім паўстанцы маліліся на Зялёныя Святкі 1863 г., а потым рушылі ваяваць з царскімі войскамі. Тады абраз вісеў у касцёле Святога Міхаіла, дзе за 25 год да таго ахрысцілі Кастуся Каліноўскага.
Вось як апісвае малітву ў Ялоўцы паўстанец Ігнацы Арамовіч у сваёй кнізе «Мары. Дзённік партызанскага руху ў Гродзенскім ваяводстве ў 1863 і 1864 гг.» (Marzenia: pamiętnik o ruchu partyzanckim w województwie grodzieńskiem, w 1863 i 1864 r.): «Праз Мастаўляны мы дабраліся да мястэчка Ялоўка ў першы дзень Зялёных Святак. Паклаўшы на зямлю стрэльбы і косы, паўстанцы адпачывалі са сваёй зброяй на рынкавай плошчы. На дарогах за мястэчкам стаялі конныя стражнікі. Людзі, якія прыбылі на набажэнства, акружылі жаўнераў. Быў зачытаны маніфэст Нацыянальнага Урада (орган вярхоўнай улады, які дзейнічаў падчас паўстання — рэд.) і акт аб перадачы зямлі (сялянам, якія на ёй працавалі — рэд.). Потым паклікалі паўстанцаў наперад, і мы ў поўным парадку ўвайшлі ў касцёл. Укленчыўшы, абапіраючыся на стрэльбы і косы, мы заспявалі песню „З дымам пажараў“, а ксёндз асвяціў вадой і зброю, і ваяроў (на думку краязнаўца Мар’яна Гайдучэні, блаславіў іх таксама абразом, за што той і атрымаў назву Маткі Боскай Паўстанцкай — рэд.). У захапленні мы выйшлі з касцёла, які напоўніўся людзьмі. Прынеслі ўсялякай ежы, якую жаўнеры спажывалі на месцы, а афіцэры — у вялікім будынку суседняй карчмы. Яшчэ больш людзей акружыла партызанаў пасля службы. Па камандзе кіраўніка ад’ютант Навасельскі, седзячы на кані, зноў прачытаў маніфест Нацыянальнага Урада і акт аб перадачы зямлі, а неўзабаве быў складзены юрыдычны пратакол абвяшчэння. У карчме шчодра частавалі і салдатаў, і афіцэраў. Увечары мы рушылі з мястэчка і, мінуўшы ялоўскія лясы, накіраваліся да вёскі Вялікія Грынкі».
У нейкі момант стары драўляны касцёл перастаў змяшчаць усіх парафіянаў. Новы, мураваны, пачалі будаваць у 1859 г. Няскончаны храм пасля паразы паўстання перадалі праваслаўным, а стары драўляны касцёл разабралі. Усё, што было ўнутры, у тым ліку абраз Маткі Боскай Паўстанцкай, перадалі ў царкву, якую дабудавалі пасля 1866 года замест планаванага касцёла. Так імперская ўлада адпомсціла жыхарам Ялоўкі за падтрымку паўстання. У 1921-м, пасля атрымання Польшчай незалежнасці, храм вярнулі католікам.
У Ялоўцы захаваліся жывапісныя руіны касцёла Святога Антонія, пабудаванага ў 1910–1915 гг. і разбуранага немцамі ў 1944 годзе.
Дзейнічае таксама царква.
На рынкавай плошчы Ялоўкі стаіць помнік каралю Жыгімонту ІІ Аўгусту, які ў 1545 г. па просьбе каралевы Боны надаў мястэчку магдэбургскае права.
Гістарычныя крыніцы паведамляюць, што Бона Сфорца зафундавала ў Ялоўцы касцёл Дзевы Марыі, які дзейнічаў да будовы ў 1746 г. касцёла Святога Міхаіла. На думку краязнаўцы Мар’яна Гайдучэні, яшчэ раней паўстаў касцёл Святога Антонія, таму і храм, пабудаваны ў Ялоўцы ў 1915-м, быў асвечаны ў гонар гэтага святога. Стагоддзямі ў вёсцы захоўвалася традыцыя рабіць фэст у дзень Святога Антонія.
Дом культуры імя Каліноўскага ў Гарадку
Мастаўляны знаходзяцца на тэрыторыі гміны Гарадок (Gródek). Адміністрацыйны цэнтр гміны найбольш вядомы беларусам фестывалем «Басовішча», які там шмат гадоў праходзіў. Больш пра Гарадок — у наступных матэрыялах.
Пакуль толькі адзначым, што дом культуры ў Гарадку носіць імя Кастуся Каліноўскага. У фае знаходзіцца партрэт героя і памятная шыльда, перавезеная з разабранай у 2006 г. школы ў Мастаўлянах. Надпіс на ёй зроблены па-польску і па-беларуску.
Таксама варта наведаць урочышча Перацёсы пад вёскай Валілы, недалёка ад Гарадка. Там на лагер паўстанцаў 29 красавіка 1863 г. напалі царскія жаўнеры. Паўстанцы прайгралі. З-пад Валілаў накіраваліся ў Ялоўку, дзе ўдзельнічалі ў апісаным вышэй набажэнстве.
Алена Ляшкевіч для budzma.org
Фота аўтаркі