Паэтычны карпаратыў

kasciuk

Беларускія паэты гулялі ў тэніс вершамі, ненапружна гутарылі, тлумачылі справу паэтычнага карпаратыву ды хвалілі бліжняга свайго на літаратурнай вечарынке ў мастацкай галерэі “Ў” 20-ага лістапада.

Адзін паэт сябруе з іншым, трэці добра ведае іх абодвух, яны разам выступаюць, ездзяць на фестывалі, чытаюць вершы, бавяць час у кавярнях. Зрэшты пачынаюць пісаць адзін пра аднаго жартоўна, сур’ёзна, натхняльна, кранальна. Так складаецца піраміда карпаратыўнасці.
maryjka

Марыйка Мартысевіч

Першы блін карпаратыўнасці на патэльню вечару паклала Марыйка Мартысевіч:

— Літаратары аб’яднаныя сяброўскімі стасункамі не проста сустракаюцца па-за літаратурай, але яшчэ спрабуюць увекавечыць адно-аднаго ў розных вершах.

Паэтычны карпаратыў поўніўся жартамі, па яго кулуарах разам наведвальнікамі блукалі: Марыйка Мартысевіч, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Андрэй Адамовіч, Павал Касцюкевіч.

Калі трое паэтаў патрапяць у адну таксоўку ў паўночным Кіеве, то хутчэй за ўсё напішуць пра гэта верш, кожны па-свойму, і будзе карпаратыў.

З’яўляюцца вершы напісаныя аўтарамі адно пра аднаго ці рознымі аўтарамі з адной нагоды.

Так з’явіўся верш Уладзіміра Арлова “Мне прысніўся Хадановіч”, які агучыла Марыйка Мартысевіч.

Сам Андрэй Хадановіч  згуляў у карпаратыў з далёкім замежным класікам на глебе песімістычнага вершу. У іспанца Сэсара Вальехо ў адным з вершаў усе паміралі. У Андрэя Хадановіча носьбіты карпаратыўнасці гвалтавалі тэлефон паэта рана ранкам.

adam_xadan

Андрэй Адамовіч і Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч:

— Я не ведаю, што такое карпаратыўная літаратура. Прыйшоў дазнацца ад разумнейшых людзей. Мне патлумачылі, што як мінімум адзін карпаратыўны верш я напісаў, прычым у некалькіх сэнсах карпаратыўны.

Віталь Рыжкоў дасканала разгледзеў справу карпаратыву ў двухсэнсоўным эсэ, з дзвюма вынікамі. Паводле аднаго меркавання аўтара карпаратыў — “must die’, паводле іншага –“хай будзе”. Натхненне ў Віталя ўзнікла праз тэлефон.

ryzkou

Віталь Рыжкоў:

— Марыйка Мартысевіч аднойчы патэлефанавала і папрасіла напісаць, што я думаю пра карпаратыўную літаратуру.

Вечарына мела рэкламную паўзу ў выглядзе віктарыны на веданне правілаў транспартнага руху. Калі бачыце жабу на знаку — на дарозе будзе слізка. Прызамі былі маечкі і торбачкі ад кампаніі “Будзьма”.

Карпаратыўнасць цешылі вершамі і разглядалі ў размовах, выкрывалі ў здарэннях і пакрывалі словам. Часам яна разрасталася да міжнацыянальных маштабаў.

Павал Касцюкевіч:

— Па дробязях гуляць не хочацца, калі рабіць па-карпаратыўнаму чаму б не сябраваць краінамі.

publika

Вечарына ладзілася творчай суполкай “Спайка-шва” і грамадзкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.

На першым здымку — Павел Касцюкевіч.

Фота — Aliaksei.