Паэтычны веснавей у Лунінцы

Мінчукі штодня прыслухоўваюцца да мэтэапрагнозаў – калі ўжо каляндарная вясна настане і ў рэальным жыцці? Падманутыя першым цяплом дрэвы схамянуліся і перасталі распускацца, у адлучаных ад ацяплення кватэрах – халадэча. Але прыродныя катаклізмы захапілі не ўсю Беларусь. Калі паэт Міхась Скобла і Таццяна Грыневіч-Матафонава прыехалі на Лунінеччыну, там, як і належыць на поўдні, цвілі сады. Вясновая ажыўленая атмасфера панавала і ў месцах сустрэчаў са сталічнымі гасцямі – у Лунінецкай гімназіі, у Мікашэвіцкай гімназіі імя Уладзіслава Нядзведскага і ў інфармацыйна-асветным цэнтры храма іконы Божай Маці “Спатоленне загінулых”, які знаходзіцца ў Лунінцы.

Гімназісты сустрэлі паэта і спявачку духмяным караваем, а госці, у сваю чаргу, частавалі вучняў і настаўнікаў сваёй творчасцю. Усе тры сустрэчы былі арганізаваныя Таццянай Васільеўнай Канапацкай – былым галоўным рэдактарам газеты “Лунінецкія навіны”, чалавекам, улюбёным у беларускую паэзію і гісторыю Лунінеччыны. Яна ж запісала некалькі ўражанняў пасля сустрэчаў.

 

 

 

Вось водгук бібліятэкара педкаледжа Веры Яўгенаўны Скіба: “Мы ўсе ўзбагаціліся інтэлектуальна і духоўна. Атрымалі столькі новых ведаў па беларускім літаратуразнаўстве! Што да дзяцей, то нашы першакурснікі ўпершыню сустрэліся з прафесійнымі паэтам і спявачкай, таму ўдзел у падзеі ўспрынялі за гонар. А яшчэ многія зрабілі адкрыцці, што шэдэўры лірыкі, напрыклад, “Мой родны кут” Якуба Коласа ці “Малітва” Генадзя Бураўкіна, сталі песнямі”.

А вось што сказала бібліятэкар сельгаскаледжа Ніна Мікалаеўна Дамашэвіч: “Дарослыя былі ў захапленні ад цудоўных вершаў і малітоўных спеваў! Што да навучэнцаў, то мы запрасілі на сустрэчу дзяцей, якія не вызначаюцца прыкладнымі паводзінамі, выхоўваюцца ў праблемных сем’ях. І па стрыманасці і прыцішанасці юнакоў і дзяўчат магу меркаваць, што паэт і спявачка зрабілі ўражанне. Трэба, каб такія духоўныя зносіны адбываліся часцей”.

Не хавала свайго захаплення і ветэран педагагічнай працы Лідзія Уладзіміраўна Барадзінская: “Сустрэча з такімі творцамі – сапраўдны падарунак! Рада, што захапіла з сабой з лецішча букеты цюльпанаў і ўручыла гасцям. Яны ж падкрэслівалі, што ў сталіцы яшчэ нішто не цвіце, а на Лунінеччыне ўжо буяе прыгажосць вясны! Можна сказаць, што гэта своеасаблівы паэтычны веснавей завітаў у наш горад”.

Найбольш актыўныя гімназісты атрымалі на памяць падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і адбыліся сустрэчы на Лунінеччыне.

 

 

 

 

Тэгі: