Беларуская газета надрукавала 11 прадказанняў у 1936 годзе пра наш час. Глядзім, што спраўдзілася

У адным з нумароў выдання «Родны Край», што выходзіла ў Вільні, пабачыла свет цікавая нататка пра тое, што стане з навукай у найбліжэйшае стагоддзе. Аўтарам пазначаны прафесар Пенсільванскага ўніверсітэта Ціндаль Франк.

Беларусы амаль сто гадоў таму атрымалі кароткі, але вельмі цікавы пералік імаверных навуковых дасягненняў з далёкіх Злучаных Штатаў. Прафесар Пенсільванскага ўніверсітэта Ціндаль Франк апублікаваў свае прадказанні, а нашая газета вырашыла іх перадрукаваць.


Navukovaja labaratoryja 1930-ch hadoŭ. Univiersitet Ajovy
 Навуковая лабараторыя 1930-х гадоў. Універсітэт Аёвы. Фота: Фрэдэрык Кент

Будзем шчырымі, існаванне прафесара з такім імём не пацвярджаецца, але хто мы такія, каб не верыць беларускай прэсе. Так ці інакш, факт прадказання 11 навуковых дасягненняў чалавецтва ёсць, а яго аўтарства пакінем у лёгкім тумане інтрыгі.

Такім чынам, пераходзім да праблемаў, якія навукоўцы мусілі вырашыць на працягу наступнай ад 1936 года сотні гадоў (альбо раней!).

Vydannie «Rodny Kraj»
 Выданне «Родны Край». Частка выпуску, у якім можна знайсці «прадказанне»

Павелічэнне сярэдняй працягласці чалавечага жыцця да 100 гадоў

Тады: У той час многія лічылі, што развіццё медыцыны і паляпшэнне гігіены падвысяць сярэднюю працягласць жыцця да цэлага стагоддзя — ці, магчыма, нават больш. Гэта была смелая ідэя, улічваючы, што глабальная чаканая працягласць жыцця ў розных частках свету была значна ніжэй за 60 гадоў. Навукоўцы былі ўпэўненыя, што прагрэс у прафілактыцы хваробаў, харчаванні і агульным узроўні жыцця значна павялічыць нашыя дні на Зямлі.

Сёння: Сярэдняя працягласць жыцця ў свеце сапраўды значна ўзрасла з 1936 года дзякуючы вакцынам, антыбіётыкам, паляпшэнню ўзроўню аховы здароўя і лепшаму разуменню таго, як трэба харчавацца. У некаторых краінах, напрыклад, Японіі, сярэдняя працягласць жыцця ўжо вагаецца прыкладна ў раёне 85 гадоў, усё больш людзей застаюцца пры жыцці пасля 100 гадоў. У Італіі гэтая лічба сягае 84 гадоў, у Беларусі — 74, а на ніжняй прыступцы ў свеце Нігерыя з 54 гадамі сярэдняй працягласці жыцця.

Агулам па ўсёй Зямлі сёння паказчык сярэдняй чаканай працягласці жыцця роўны 73 гадам.

Хуткае і радыкальнае лекаванне раку

Тады: Рак і ў 1936 годзе быў адным з самых грозных ворагаў чалавецтва. Тады лічылася, што навуковыя прарывы — магчыма, падштурхнутыя такімі новымі галінамі, як прамянёвая тэрапія — ліквідуюць або рэзка зменшаць пагрозу раку ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў.

Сёння: Нягледзячы на тое, што ў нас няма адзінага ўніверсальнага лека ад усіх відаў раку, сапраўды быў дасягнуты неверагодны прагрэс. Цяпер мы разумеем, што рак ахоплівае сотні розных захворванняў, кожнае з якіх мае ўнікальныя генетычныя і малекулярныя характарыстыкі.

Лекаванне стала больш мэтаскіраваным і спецыялізаваным: імунатэрапія выкарыстоўвае ўласную абарону арганізма для атакі на клеткі з пухлінамі. У той час як іншы раздзел медыцыны адаптуе лекаванне да генетычнага профілю чалавека. На жаль, канцэпцыя адзінага імгненнага лекавання дасюль не вынайдзеная, але выжывальнасць пры многіх відах раку рэзка палепшылася.

Ida Tak
Іда Так, знакамітая нямецкая навуковец. Фота: KU Leuven

Поўнае спыненьне адчування рознага болю

Тады: Уявіце сабе, што вы жывяце ў свеце, вольным ад болю — лекары будуць выкарыстоўваць новыя анестэтычныя цуды або нервовыя метады лекавання, якія цалкам блакуюць любы дыскамфорт. Гэта была ружовая мара некаторых футурыстаў і навукоўцаў у 1930-х гадах.

Сёння: Сучасная медыцына дасягнула прыкметных поспехаў у барацьбе з болем, пачынаючы ад складаных анестэтыкаў і сканчваючы кантраляванымі пацыентам анальгетыкамі і нават метадамі нейрамадуляцыі, якія рэгулююць болевы сігнал.

Аднак «поўнае збаўленне ад болевых адчуванняў» застаецца складанай справай — боль, хоць і непрыемны, адначасова служыць убудаванай сістэмай папярэджання арганізма. Лекары могуць эфектыўна прытупляць многія тыпы вострага болю, але хранічны боль па-ранейшаму з’яўляецца складанай задачай. Мэта сёння — лепшы кантроль і кіраванне болем, а не яго поўнае знішчэнне.

Кругасветнае падарожжа ў 24 гадзіны ва ўмовах поўнай бяспекі

Тады: У эпоху хуткага распаўсюду камерцыйнай авіяцыі ідэя абляцець зямны шар за адзін дзень гучала як фантастыка. Дырыжаблі, авіялайнеры маглі з лёгкасцю перавезці людзей, напрыклад, з Нью-Ёрка ў Парыж і затым у Токіа, амаль без рызыкі механічнай паломкі. Гэта была справа некалькіх дзён.

Сёння: Нягледзячы на тое, што ў наш час няма дакладна 24-гадзінных запланаваных тураў па планеце, час авіяпералётаў рэзка скараціўся. У прынцыпе, вы маглі б прызямліцца на шасці кантынентах крыху больш чым за дзень, калі дасканала арганізаваць палёты. Што тычыцца «поўнай бяспекі», дык сучасная авіяцыя па статыстыцы з’яўляецца адным з самых бяспечных відаў транспарту ў свеце.

Бяздротавая перадача электрычнай энергіі на любую адлегласць без усялякіх стратаў

Тады: У час «прадказання» эксперыменты Ніколы Тэсла з бяздротавай перадачай энергіі ўжо былі вядомыя навукоўцам. Шмат хто лічыў, што будучыня прынясе святло без вялізных ліній электраперадачаў, калі электрычнасць чароўным чынам праходзіць скрозь паветра і забяспечвае энергіяй усё: ад лямпаў у кватэры да буйных заводаў, і ўсё з мінімальнымі стратамі энергіі.

Сёння: Законы фізікі кажуць, што любая перадача энергіі праз паветра прадугледжвае пэўны ўзровень рассейвання. Але мы зрабілі вялікі крок наперад у галіне бяздротавай зарадкі для невялікіх прыладаў — многія смартфоны і, напрыклад, зубныя шчоткі могуць зараджацца, проста абапіраючыся на спецыяльныя накладкі. У наш час працягваюцца даследаванні перадачы энергіі на большыя адлегласці з выкарыстаннем лазераў, але гэта па-ранейшаму навуковая фантастыка.

Выраб зусім дасканальных радыёпрымальнікаў, а таксама радыёперадатчыкаў памерам не больш за звычайны кішэнны гадзіннік

Тады: Радыётэхналёгіі 1930-х гадоў патрабавалі вялікіх грувасткіх прыладаў. Але меркавалася, што масавая вытворчасць аднойчы зменшыць гэтыя прылады да гаджэта памерам з гадзіннік. Яшчэ больш дзіўным было прадказаньне тэлевізараў памерам з наручны гадзіннік — маленькіх экранаў для прагляду відэа ў любы час і ў любым месцы.

Сёння: Сучасныя смартфоны і смарт-гадзіннік — гэта менавіта тое прароцтва, якое ўвасобілася ў рэальнасць. Мы носім у кішэні камп’ютар, тэлефон, камеру і музычны цэнтр — усё разам. Справядліва казаць, што рэальнасць пераўзышла прагноз 1936 года.

Падарожжа на Месяц машынаю для міжпланетных зносінаў

Тады: У 1930-х гадах Месяц быў першым і найбольш відавочным фарпостам чалавецтва за межамі Зямлі. Пісьменнікі і навукоўцы марылі аб караблі, які пераправіў бы авантурных людзей да нашага бліжэйшага нябеснага суседа.

Сёння: З усіх прадказанняў у спісе 1936 года гэтае, бадай, найбольш паспяховае. У 1969 годзе Ніл Армстранг і Базз Олдрын зрабілі гістарычны крок на паверхню Месяца з дапамогай місіі «Апалон-11». Чалавецтва наблізілася і да таго, каб застацца там даўжэй, пабудаваць асяроддзе пражывання і патэнцыйна выкарыстоўваць паверхню Месяца ў якасці першай прыступкі да Марса.

Samaliot Ford S-A4 50
 Самалёт Форд С-А4 50. Фота: San Diego Air and Space Museum Archive

Атрыманне штучнага асвятлення, якое цалкам адпавядае сонечнаму

Тады: Электрычнае асвятленне ўжо зрабіла рэвалюцыю ў начы, але яно было рэзкім і часта мігцела. Мара заключалася ў тым, каб паўтарыць сонечнае святло ў памяшканні, не адрознае ад сапраўднага сонца ў поўдзень.

Сёння: Сучасная святлодыёдная тэхналогія надзвычай наблізілася да імітацыі каляровай тэмпературы і інтэнсіўнасці сонечнага святла. Святлодыёдныя ліхтары можна наладзіць на розныя адценні белага або нават на асвятленне поўнага спектру, якое ўключае даўжыні хваляў, карысных для здароўя, настрою і росту раслінаў.

Хаця гэта не можа быць на 100% ідэнтычным знаходжанню пад сапраўдным сонцам, сучасная тэхналогія значна пераўзыходзіць лямпы напальвання мінулага.

Паўсюдны распаўсюд хімічнай ежы

Тады: Сутыкнуўшыся з пастаяннай праблемай голаду ў многіх частках свету, футурысты прадказалі рэвалюцыю ў сельскай гаспадарцы і вытворчасці прадуктаў харчавання. Яны ўявілі сабе «хімічную» або «сінтэтычную» ежу, якая б забяспечвала патрэбы людзей, у выглядзе пігулак або парашка.

Сёння: Паліцы ў крамах застаўленыя ўзбагачанымі прадуктамі і харчовымі дадаткамі. У нас таксама ёсць мяса на расліннай аснове, якое імітуе смак і кансістэнцыю сапраўднай ялавічыны. Існуюць генетычна мадыфікаваныя культуры. Але мы не дайшлі, на шчасце, да паўсюднага ўжывання парашка замест стэйка, салаты і вафляў.

Захаванне жаночага хараства да глыбокае старасці

Тады: Гэтае прадказанне адлюстроўвае не толькі навуковыя памкненні, але і пэўныя сацыяльныя каштоўнасці. Аўтар меркаваў, што медыцына, касметыка і, магчыма, гарманальная тэрапія захаваюць маладосць жанчыны нават у сталыя гады.

Сёння: Мы сапраўды сталі сведкамі выбуху даследаванняў па барацьбе са старэннем. Чалавецтва зрабіла прарыў у дэрматалогіі, вытворчасці касметычных сродкаў, пластычнай хірургіі і гарманальным лекаванні. Ботакс, напаўняльнікі, падцяжка, лазерная тэрапія і мноства іншых працэдураў далі людзям магчымасці зменшыць бачныя прыкметы старэння.

Навука па догляду за скурай прасунулася да такой ступені, што некаторыя прадукты могуць сапраўды затрымаць або змякчыць з’яўленьне зморшчынаў. Але абсалютнага, універсальнага спосабу захавання маладосці на нявызначаны час не існуе.

Як падаецца аўтару артыкула, кожная жанчына прыгожая ў сваім узросце.

Выпуск аб’ёмных каляровых фільмаў, якія даюць поўную ілюзію рэальнасці

Тады: У 1936 годзе казаць аб масавых каляровых фільмах не выпадала, як і пра нейкае «пагружэнне» гледача ў тое, што адбываецца на экране.

Сёння: 3D-кінатэатр стаў звыклым фарматам — проста паглядзіце на поспех розных блакбастэраў з вялікім бюджэтам. Віртуальная рэальнасць і дапоўненая рэальнасць ідуць яшчэ далей. Яны скіроўваюць карыстальнікаў у інтэрактыўнае трохмернае асяроддзе. Спажыўцы цяпер могуць набыць гарнітуры VR, якія дазваляюць азірацца вакол і ўзаемадзейнічаць з віртуальным светам у рэжыме рэальнага часу.

«Rodny Kraj»
 Тое самае прадказанне ў беларускай газеце «Родны Край» 1936 года

Вынікі

Мары 1936 года падаюцца крыху наіўнымі з вышыні нашага, 2025-га. Але паспрабуйце ўявіць свайго прадзеда з Вілейкі, які мог выпісваць беларускую газету з Вільні. Што ён уяўляў пра такі далёкі для яго наш з вамі свет?

Магчыма, у 2125 годзе сённяшнія цуды цывілізацыі і дасягненні навукі будуць здавацца нашым нашчадкам «дапатопнымі».

Павал Хадзінскі, budzma.org