Няхай памрэ Белоруссия!

Пра беларускі дуалізм можна разважаць бясконца: Менск і Мінск, бела-чырвона-белы і чырвона-зялёны, 25 сакавіка і 3 ліпеня, Балта-Чарнаморскі (або Эўрапейскі) Зьвяз і Саюзная дзяржава... Ды што гаварыць, калі нават назва нашае з вамі краіны не для ўсіх гучыць аднолькава: для адных — Беларусь, а для іншых — выключна Белоруссия! У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік катэгарычна і бязьлітасна агалошвае вырак гэтаму дуалізму. І што самае важнае — з вашай дапамогай!


Мяне заўсёды ўражвала ступень нелягічнасьці тых, хто ўсяляк ганьбіць і забараняе лёзунг «Жыве Беларусь!», перасьледуе прыхільнікаў гэтага воклічу.

Нібы ў зычэньні й памкненьні, каб жыла нашая з вамі Бацькаўшчына, ёсьць нешта крамольнае, нешта дрэннае. Нібы Беларусь павінна ня жыць, а памерці.

Зрэшты, зразумела ж, аніякай нелягічнасьці тут няма. Беларусь як самастойная, незалежная й самабытная эўрапейская краіна, на думку ўсіх гэтых «забаронцаў», і сапраўды ня мае аніякага права на існаваньне, бо мусіць існаваць выключна як неадрыўны дадатак да Расеі, расейская правінцыя зь мясцовымі сэрвільнымі адметнасьцямі накшталт фрыкатыўнага «г» і дранікаў.

У Туле — пернікі, у Беларусі — дранікі. І больш нічога. «Мы тожэ рускія, толька са знакам качэства».

Valiera Rusielik
Валера Руселік на мітынгу супраць расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну (Варшава, люты-2022)

Дакладней, у Белоруссии. Бо аніякае іншая назва для гэткай расейскай правінцыі не пасуе. Для тых, хто ня згодны, маю імправізаваны тэст:

Як вы думаеце, што больш рэальна — у Беларусі, а што — у Белоруссии?

1) адзіная дзяржаўная мова — беларуская
2) Дом Масквы
3) помнікі Міцкевічу і Каліноўскаму
4) помнік Пушкіну і Лінія Сталіна
5) мясцовае самакіраваньне
6) старшыня аблвыканкаму як губэрнатар

Ну і гэтак далей.

Šyĺda na bramie rasiejskaj ambasady ŭ MienskuШыльда на браме расейскай амбасады ў Менску

Дарэчы, ня менш за ўсе гэтыя забароны лёзунгу «Жыве Беларусь!» асабіста мяне ўражваюць беларусы й беларускі, мае аднагодкі альбо нават маладзейшыя за мяне, якія называюць нашую краіну Белоруссией. Я яшчэ магу зразумець, калі гаворка ідзе пра старэйшае пакаленьне: ну там, прызвычаіліся, цяжка перавучвацца і гэтак далей. Але ж людзі, якія ўсё сваё сьведамае жыцьцё пражылі не пры СССР, а пры незалежнай Беларусі — ну як гэта зразумець?

Няўжо немагчыма вывучыць назву сваёй краіны?

Зрэшты, ад рытарычнага пытаньня хацеў бы перайсьці да адной малазаўважнай, але, як на маю думку, важнай падзеі. У расейскамоўнай Вікіпэдыі плянуюць вярнуць назву Беларусь — замест Белоруссии. Пасьля дзесяцігодзьдзяў спрэчак і перавагі «Белоруссии» над «Беларусьсю» ў расейскамоўнай мэдыяпрасторы працоўная група канстатавала, што, аднак, сёньня «для большасьці расейскамоўных чытачоў зьяўляецца найбольш пазнавальнай і, па магчымасьці, найменш неадназначнай [...] назва Беларусь».

Vyniki daśliedavańnia arbitražnaj pracoŭnaj hrupy: tataĺnaja pieravaha «Bielarusi» nad «Bielorussиjej»
Вынікі дасьледаваньня арбітражнай працоўнай групы: татальная перавага «Беларусі» над «Белоруссией». Скрын з Вікіпэдыі

Здавалася б, ды якая розьніца, што там за ўсходняй мяжою пастанавілі — хай там хоць на галаве ходзяць, нам-та што з таго? І я б цалкам пагадзіўся з гэткім меркаваньнем, каб не адно «але». Калі тыя, хто дагэтуль, па-сутнасьці, адмаўляў нам у праве на нейкую самастойнасьць ад іх, паступова схіляюцца да Беларусі — той самай, каторая не расейская правінцыя ў адным шэрагу з Тулай — то гэта дае нам з вамі шанец аднойчы раз і назаўсёды пазбавіцца ня толькі ад «Белоруссии» ў расейскай Вікіпэдыі, але і ад усіх гэтых «мы же братья», «родина — от Бреста до Владивостока», «чего ты выделываешься со своей мовой, гавори нормально» і гэтак далей.

І самае важнае. Уся гэтая зафіксаваная працоўнай групай Вікіпэдыі перавага Беларусі над Белоруссией — часам у дзясяткі й нават сотні разоў — гэта вынік нашага з вамі супольнага чыну. Кожны раз, калі вы недзе ў расейскамоўнай прасторы ўжываеце «Беларусь», а не «Белоруссия» — гэтая згадка дадае вагі на шалях на карысьць нашай цудоўнай незалежнай, беларускай, эўрапейскай Беларусі. 

Як і пераход на родную мову, вывучэньне роднае культуры і гісторыі, спазнаньне навакольнага сьвету празь беларускія акуляры.

Кропля да кроплі — гэтак і зьбіраецца Беларускі Акіян. Гэтак і мацуецца ды пашыраецца наш Беларускі Сьвет.

Дык няхай жа памрэ Белоруссия! І няхай жыве Беларусь!

Budučynia — za Bielaruśsiu! Будучыня — за Беларусьсю!

Валера Руселік