Як выглядалі першыя насельнікі Мінска? На якой мове размаўлялі нашыя далетапісныя продкі? Дзе знаходзіцца самы вялiкi з захаваных старажытных курганоў? Чаму старажытныя курганныя могільнікі называлі «валатоўкамі» ці «капцамі»? Пра гэта, а таксама пра антрапагенны фактар (чалавечую дзейнасць) у фармаванні мінскага ландшафту распавядае даследчык Змітро Пілецкі ў новай частцы шпацыраў па «няплоскім» Мінску.
Пакінутыя «за цмокавым часам» узвышшы, пра геалагічную прыроду якіх мы распавядалі ў першай частцы, выкарыстоўваліся чалавекам з дапісьменных часоў для размяшчэння на іх селішчаў (пасяленняў адкрытага тыпу), умацаваных паселішчаў-гарадзішчаў (ад часоў жалезнага веку) ці замка-фартэцыі (у Сярэднявеччы), для ўзвядзення свяцілішча, храма ці арганізацыі могілак-цвінтароў. А яшчэ чалавек, безумоўна, уносіў свае карэктывы ў ландшафт, ствараючы візуальна заўважныя антрапагенныя аб’екты: напрыклад, курганныя могільнікі — штучныя насыпныя халмы ад 1 м да 4 м вышынёй і дыяметрам да 20 м. Яшчэ 100 гадоў таму пад тагачасным Мінскам, у межах сучаснага горада, фіксавалі сотні такіх курганоў. У нашыя ж дні іх не налічыць і дзясятка...
«Першыя мінчукі»
Тэрыторыю сучаснай Міншчыны першабытны чалавек упершыню засяліў у глыбокай старажытнасці — больш за дзесяць тысячагоддзяў назад, на мяжы старажытна-каменнага (палеаліту) i сярэдня-каменнага (мезаліту) веку, калі сюды берагамі найбуйнейшых рачных сістэм патрапілі носьбіты так званай свідэрскай археалагічнай культуры.
Асноўны раён распаўсюду мезалітычный свідэрскай культуры (крыніца: belhistory.com)
Як выглядалі «першыя мінчукі»?
На жаль, касцявых парэшткаў каменнага веку на Беларусі не так шмат, каб скласці дэталёвы партрэт «тутэйшага» чалавека эпохі мезаліту. Параўнаўшы ўмовы тагачаснага жыцця перыяду аледзяненняў і побыт сённяшніх прыпалярных народаў, ад Лапландыі да Чукоткі, можна зрабіць вывад, што іх фенатыпы даволі блізкія старажытным. Аднак археагенетыка і гістарычная антрапалогія даюць адразу некалькі адказаў на гэтае пытанне, і ўсе яны выклікаюць здзіўленне.
Знаходкі апошніх часоў паказваюць, што фенатып мезалітычнага чалавека быў насамрэч розным: ад цемнаскурых блакітнавокіх насельнікаў Брытанскіх выспаў (крайні левы), праз напаўсветласкурых цемнавокіх насельнікаў Прычарнамор’я і Прыўралля (крайні правы), да «нардычных» збіральнікаў і паляўнічых Скандынаўскіх шыротаў (у цэнтры) (крыніца калажу: ifunny.co)
На тэрыторыі самога Мінска, у самым цэнтры горада, знайсці мезалітычныя артэфакты з крэменю стала магчыма ў 2000-х гг., падчас прац па спуску і прачыстцы рэчышча Свіслачы. На ўчастку рэчкі блізу Старосцінскага сквера, насупраць гатэля «Беларусь», былі зроблены найбольш важныя знаходкі. Справа ў тым, што ў 1962–1966 гг., калі ўзводзілі Палац спорту, для Свіслачы прарэзалі новае рэчышча, а старое засыпалі. Хутчэй за ўсё, менавіта тады будаўнікі і выявілі стаянку часоў каменнага веку, але, як гэта вядзецца ў сталічнай традыцыі будаўніцтва, не далі магчымасці дэтальна абследаваць раскопы — так каштоўныя артэфакты на паўстагоддзя аказаліся пад вадою. Зноўку адкрытыя артэфакты сведчаць, што раней тут знаходзілася майстэрня, ля якой, побач ад месца стаянкі, збіраліся буйныя крэмніевыя жаўлакі.
Людзі каменнага веку на нашых землях былі цесна звязаныя з поймамі рэк і, адпаведна, з мясцовымі рэсурсамі. (У калажы выкарыстаны здымкі з Археалагічнага музея Мінска і музея жывой археалогіі ў Белавежскай пушчы)
Старажытны майстра ператварыў кавалкі крэменю ў каменнае ядрышча — аснову для атрымання сколаў-нарыхтовак, якія потым даапрацоўваліся да форм, патрэбных у выкарыстанні. У рэчышчы Свіслачы знайшлі крэмніевыя сколы і сапраўдную прыладу працы — пяцісантыметровы скрабок з дугападобнай працоўнай часткай і апрацаванымі бакамі. Застаецца спадзявацца, што адкрыцці будуць толькі працягвацца, а не закопвацца, як раней...
Тэхналагічны пераход да бронзавага веку, а потым — да жалезнага, на нашай тэрыторыі сутыкнуўся з праблемамі пошуку сыравіны, а таму працэс змены тэхналогій расцягнуўся на тысячагоддзі, утварыўшы, кажучы ненавуковай моваю, мясцовы каменна-металургічны перыяд. Бліжэйшыя месцы бронзавай металургіі існавалі ў Прыкарпацці, медзь i бронза траплялі да нас ca Скандынавіі i з яшчэ болыш далёкага Каўказа. З гэтых прычынаў нашыя продкі мелі няшмат бронзавых вырабаў, на першых этапах — у асноўным імпартаваныя.
Першыя індаеўрапейцы на нашых землях прынеслі з сабою не толькі новыя тэхналогіі, але і якасны бронзава-медны імпарт
Аднак працягласць гандлёвых шляхоў старажытнасці і сёння ўражвае даследчыкаў, калі ірландскае золата знаходзяць на Крыце, а егіпецкія каралі — у Скандынавіі. Не выключэнне з гэтай старажытнай «сусветнай эканомікі» і тэрыторыя Беларусі. У пачатку бронзавага веку метал пераважна ішоў на выраб упрыгожанняў — бранзалетаў, дыядэм, грыўняў, пярсцёнкаў, шпілек, розных караляў. У гэты ж час апрацоўка каменных вырабаў дасягнула высокай дасканаласці, i многія з ix (шліфаваныя баявыя сякеры, кінжалы, наканечнікі дзідаў) уражваюць ідэальнымі формамі i майстэрствам выканання.
У пачатку ХХ ст. пад Мінскам быў знойдзены скарб бронзавых вырабаў, у якім меліся два тапары-кельты так званага меларскага тыпу позняга бронзавага веку, якія паходзяць, верагодна, ca Скандынавіі. Як бачым, і 3000 гадоў таму Мінск стаяў на важнай гандлёвай трасе, падобнай да сярэднявечнага шляху «з варагаў у грэкі».
Культура шнуравой керамікі і яе сувязі з суседнімі археалагічнымі культурамі. (У калажы выкарыстана выява паштовай маркі «Белпошты», прысвечаная бронзаваму веку Беларусі)
Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі пачаўся з распаўсюджаннем тут розных падвідаў культуры шнуравой керамікі (назву атрымала ад узору на керамічным посудзе, адціснутым пры дапамозе ваўнянага матузка) і рассяленнем першых індаеўрапейцаў. «Шнуравікі» карысталіся баявымі каменнымі сякерамі. Іx паселішчы таксама, як і ў ранейшыя часы, месціліся ля рэчышчаў і вадаёмаў. Калі насельніцтва позняга каменнага веку цікавілі больш лясы, балоты i рыбныя мясціны, то «шнуравікоў» — паплавы i рачныя тэрасы з урадлівымі глебамі i травяністымі лугамі. Праз нейкі час пачаўся культурны ўзаемаўплыў, усталяваліся цесныя гаспадарчыя адносіны, людзі парадніліся шляхам змешаных шлюбаў, і да сярэдзіны II тыс. да н. э. адбылося канчатковае зліццё рознакультурных плямёнаў. Пакуль што вынікі даследавання Мінска і ягонага прынаваколля для гэтага перыяду больш чым сціплыя, ды й этапы заканчэння бронзавага і пераходу да жалезнага веку дастаткова не высветлены.
Ад часоў Герадота да Каралінгаў: далетапісныя мінчукі
Менавіта ў гэты перыяд, з V ст. да н. э. (а месцамі і на два стагоддзі раней) па VIII ст. н. э. працягваўся жалезны век на Міншчыне. Узнікненне першых умацаваных паселішчаў (гарадзішчаў) у межах сучаснага горада звязваюць з носьбітамі культуры штрыхаванай керамікі (названа па адметнай традыцыі наносіць рыскі на гліняны посуд) — на тле гэтых паселішчаў пазней утварыліся самыя вядомыя далетапісныя пасяленні ў наваколлі Мінска — Банцараўшчына (у напрамку Ждановіч) і Гарадзішча на рацэ Менцы (за МКАДам).
Карта распаўсюду культуры «штрыхавікоў», прыклады паселішча, жытла і ўзбраення культуры штрыхаванай керамікі (крыніца малюнкаў: belhistory.com)
«Штрыхавікі», хаця і былі насельнікамі эпохі жалеза, працягвалі выкарыстоўваць і бронзу і камень, а таксама косць і дрэва для вырабу прыладаў працы і зброі. «Штрыхавікі» займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, але паляванне заставалася заўважнай крыніцай харчавання. Жыхары гарадзішчаў мелі ўстойлівыя гандлёвыя кантакты з рознымі краінамі Еўропы, атрымоўваючы разнастайны кельцкі (латэнскі) і скіфскі імпарт, рымскія і баспорскія манеты, міжземнаморскія ўпрыгожанні — ужо напрыканцы ХІХ ст. фіксуюцца знаходкі імпартовых рэчаў на тэрыторыі тагачаснага Мінска і ягоных ваколіц. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў культуры «штрыхавікоў» да ўсходніх балтаў, на карысць чаго сведчаць даныя гідранімікі і археалогіі. «Штрыхавікі» змяшаліся з новай хваляй прыхадняў з усходу — носьбітамі банцараўскай культуры, пакінуўшы ім традыцыі ўзвядзення ўмацаваных паселішчаў блізу вадаёмаў.
Вёска Банцараўшчына з палатна мастака М. І. Валынца (1970) і знаходкі артэфактаў банцараўскай культуры ў яе ваколіцах
Назву новая культура атрымала ад гарадзішча ля зніклага сёння хутара (за савецкім часам — вёска) Банцараўшчына пад Мінскам, размешчанага на левым беразе р. Свіслач (зараз вадасх. Дразды) на гары вышынёй 20 м. Пачатак даследаванняў культуры быў пакладзены ў сярэдзіне 1920-х гадоў.
З прыходам «банцараўцаў» гарадзішчы, якія засталіся ад мінулых культур, былі значна перабудаваны і ператвораны ў добра ўмацаваныя сховішчы, дзе хавалася насельніцтва ў час небяспекі. Носьбіты культуры ў асноўным займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, але таксама падтрымлівалі традыцыі палявання. Былі развітыя здабыча і апрацоўка жалеза, бронзаліцейная вытворчасць, ганчарства, апрацоўка дрэва і косці.
Распаўсюд банцараўскай (і блізкай ёй тушамлінскай) культуры, узоры тыповай керамікі і ўпрыгожанняў (крыніца малюнкаў: belhistory.com)
На самім гарадзішчы Банцараўшчына выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з рэшткамі печаў-каменак, жалезныя сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы і брытвы, бронзавыя пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш. рэчы, гліняны посуд, кавальскія прылады, прасліцы, шкляныя пацеркі і інш.
Кім былі носьбіты банцараўскай культуры?
Дакладна адказаць цяжка, хаця большасць даследчыкаў сыходзіцца на думцы, што нашыя далетапісныя продкі размаўлялі на адной са старажытных балцкіх гаворак. Паколькі «банцараўцы» спальвалі сваіх памерлых і амаль не пакідалі ў пахаваннях асабістых рэчаў, то праз адсутнасць біялагічнага матэрыялу цяжка рэканструіраваць аблічча, а таксама радзіму носьбітаў культуры. Інтэнсіўная, часам барбарскімі метадамі, забудова Мінска не спрыяе мэтанакіраваным маштабным археалагічным даследаванням, а незацікаўленасць чынавенства ў прыпыненні будаўнічых прац — не дазваляе часам проста выратаваць артэфакты з-пад каўша экскаватара...
«Мінск-пад-нагамі»: далетапісныя паселішчы Мінска
Пакрытыя густымі лясамі берагі Свіслачы, месцамі схілістыя і стромкія, з далетапісных часоў, як мы ўбачылі, рабіліся цэнтрам мясцовага жыцця, сведкамі якога да нашых дзён дайшлі адкрытыя паселішчы і захаваныя курганныя могільнікі. Свіслач замярзала звычайна да сярэдзіны снежня, а ледастаў пачынаўся на другую палову сакавіка. Такім чынам, сярэдняя працягласць ледаставу складала прыблізна 90 сутак, а разводдзе доўжылася каля 50 сутак — у адрозненне ад небяспечных сухапутных шляхоў, рака гатова несці на сабе падарожніка і летам, і зімой, што дазваляла найхутчэй асвойваць новыя землі.
Карта рассялення славянскіх груп плямёнаў і шляхі ўсталявання крывіцкага панавання над значнай тэрыторыяй. Уверсе — тры тыпы жаночых упрыгожанняў — крывіцкі, радзіміцкі і дрыгавіцкі (крыніца малюнкаў: belhistory.com)
Даследчыкі сыходзяцца на думцы, што да ІХ ст. ва ўсходняй, паўночнай і цэнтральнай частках Беларусі ўжо цалкам панавалі славянскія плямёны. У межах сучаснага Мінска ўсходнія славяне асімілявалі носьбітаў банцараўскай культуры і яшчэ некаторы час выкарыстоўвалі іхныя гарадзішчы на свой лад. Таксама вядома, што Міншчына ўвайшла ў Полацкае княства, якое заснаваў магутны саюз крывічоў. Аднак не будзем спяшацца: падобна, што далетапіснымі продкамі мінчукоў былі не крывічы, мяжа валадарства якіх, напярэдадні з’яўлення Мінска ў летапісах, сягала не далей за лінію Заслаўе — Барысаў. Але гэта былі ўжо і не балты...
Доўгі час адзіным археалагічным помнікам эпохі Кіеўскай Русі ў межах г. Мінска лічылася Мінскае замчышча — рэшткі гарадскога дзядзінца, а таксама познесярэднявечнага замка горада.
Вынікам значнага тэрытарыяльнага росту Мінска ў другой палове XX і пачатку XXI стст. стала ўваходжанне ў рысу горада зон са шматлікімі селішчамі і курганнымі могільнікамі, некалі густа размешчанымі ў наваколлях гістарычнага цэнтра, летапіснага Мінска. Асноўная маса падобных археалагічных помнікаў знаходзіцца ўздоўж правабярэжных прытокаў Свіслачы — невялікіх рэчак Лошыца і Сенніца. Паколькі шэраг гэтых селішчаў і могільнікаў апынуўся ў зонах інтэнсіўнага будаўніцтва новых жылых масіваў (Малінаўка, Сухарава, Лошыца, вуліц Касманаўтаў і Ясеніна), неабходнасць тэрміновага іх вывучэння прыцягнула ўвагу археолагаў.
Але і старая частка горада працягвае дарыць сюрпрызы: так, на правым беразе Свіслачы, ніжэй упадзення ў яе р. Няміга, у раёне Музычнага завулка і вул. Герцэна, у працэсе будаўнічых земляных работ былі выяўлены рэшткі паселішча другой паловы X–XIII ст., якое ў X–XI стст. папярэднічала Мінску-на-Свіслачы, а затым увайшло ў тэрыторыю яго пасада.
«Лошыцкі мікрарэгіён»
Даследчыкамі-археолагамі заўважана, што старажытныя паселішчы Міншчыны імкнуліся да канцэнтрацыі ўздоўж буйных рэчак. Такія групы пасяленняў, якія вядомыя на Віліі, Пцічы, Бярэзіне, а ў межах сучаснага горада — на Свіслачы і Лошыцы, археолагі прапануюць называць «мікрарэгіёнамі». У гэтых мікрарэгіёнах віравала сваё жыццё, свая гаспадарка, а галоўнае — у час росквіту знакамітага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі» паселішчы сталі важнымі мясцовымі гандлёвымі кропкамі на гэтым шляху. Ладдзі гандляроў ІХ—Х стст., выходзячы са Свіслачы, далей ішлі па Лошыцы да яе вярхоўя, адкуль пачынаўся сухапутны адрэзак магістралі — валок да Пцічы.
Рэшткі Лошыцкага валоку былі выяўлены на ўскраіне вёскі Дварэцкая Слабада (Мінскі раён, часткова ў складзе Мінска). У выніку археалагічных абследаванняў 1980-х і пачатку 1990-х гг. перасохлага цяпер вярхоўя Лошыцы, у сувязі з праектаваннем на гэтай (левабярэжнай) тэрыторыі будаўніцтва жылога мікрараёна Малінаўка-6, археолагі выявілі буйное неўмацаванае паселішча Х—ХI ст., а ў ім — сотні жытлаў са слядамі заняткаў рамяством і сельскай гаспадаркай.
Лакалізацыя на мапе сучаснай і тапаграфічнай 1927 г. раёна раскопак і знаходкі з паселішча — пацеркі і гаршчок Х—ХІ стст. (крыніцы малюнкаў: Археологическое наследие Беларуси. Минск, 2012)
Сярод знаходак апынуліся прадметы рознага паходжання — і прывазныя рэчы, і вырабы мясцовых рамеснікаў: дэталі ўзбраення, накладка ад баявога пояса ваяра-дружынніка, красала, тачыла, нажы, шылы, сярпы, гліняныя прасніцы, кераміка. Гэтае селішча з’яўляецца найбуйнейшым пасяленнем Лошыцкага мікрарэгіёна.
У 1990 г. было выяўлена, а ў 1992 г. і 2005 г. часткова даследавана паселішча на правым беразе р. Свіслач, на тэрыторыі Лошыцкай садова-паркавай гаспадаркі. У сярэдзіне — другой палове X ст. па прытоку Свіслачы, рэчкі Лошыцы, узніклі сельскія паселішчы (найбольш старажытнае ўмоўна названае Лошыца-1, бо паселішча Лошыца-2 узнікла ў часы ВКЛ).
Раён Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу і знаходкі Х—ХІІ стст. з тэрыторыі раскапанага селішча
Жыхары селішча займаліся пераважна земляробствам, асвойваючы новыя, раней не апрацаваныя ўчасткі. Рыбалоўства не мела значнай ролі. Не выключана, што частка жыхароў, выкарыстаўшы блізкасць ракі, апрацоўвалі скуры жывёл і пастаўлялі прадукцыю на гандаль або абмен. Магчыма, што некаторыя з гарбароў маглі займацца шавецкай або шорнай вытворчасцю. Сярод знаходак — нажы, шыла, сошнікі, наканечнікі стрэл, бронзавыя спражкі, накладкі на пояс, фібула і інш. рэчы. Тэрыторыя паселішча Лошыца-1 да XII ст. істотна скарацілася. Асноўнай дзейнасцю яго насельнікаў заставалася земляробства на стараворных землях.
Козыраўскае селішча названа па прадмесці, паглынутым у XX ст. гарадской забудовай. На археалагічнай карце наваколляў Мінска, апублікаванай І. Сербавым у 1925 г., пазначана, што каля вёскі Козырава меўся курган, паўднёвей, каля в. Карзюкі (цяпер не існуе), яшчэ ў 1930-я гады мелася курганная група з дваццаці аднаго насыпу. Паселішча ўзнікла ў Х ст. і было заснавана, магчыма, прышлым насельніцтвам (радзімічамі, па знаходцы тыповага для іх скроневага кальца), асноўным заняткам якога было земляробства, што патрабавала засваення новых земляў.
Лакалізацыя на мапе сучаснай і тапаграфічнай 1930-х гг. зніклага на сёння прадмесця Козырава, знаходка з паселішча — абломак шыйнай грыўні і рэканструкцыя сядзібнага дома мясцовай знаці
Верагодна, жыхары Козыраўскага селішча маглі займацца апрацоўкай скуры і, магчыма, вырабаў рэчаў з яе. Устаноўлена, што пабудовы на гэтым паселішчы размяшчаліся радамі паралельна рачному берагу. У XI ст. ці ў пачатку XII ст. на гэтым паселішчы з’яўляецца прадстаўнік княскай адміністрацыі ці баярын, які атрымаў вёску ва ўладанне ці ў лён. У канцы XI ст. ці ў пачатку XII ст. на Козыраўскім паселішчы жыццё спынілася. Цікавай акалічнасцю з’яўляюцца знаходкі апрацаванага крэменю, імаверна, эпохі мезаліту, што ўскосна сведчыць пра засяленне мясцін з сівых часоў.
Лакалізацыя старажытнага селішча Рылаўшчына-«Дружба» на сучаснай мапе і археалагічныя знаходкі з паселішча: ключы, спражкі, прасліцы, фібула, фрагменты цугляў, кераміка
Яшчэ адзін прыклад сельскіх паселішчаў, ужо перыяду летапіснага Мінска — селішча «Дружба» (гістарычная вёска Рылаўшчына). У 1925 г. праводзіліся першыя археалагічныя даследаванні. Селішча было выяўлена нанова ў 1986 г., але слаба даследавана. Падчас уключэння ў гарадскую зону планамі будаўнічых прац 2011 г., па гэтым участку павінна была быць пракладзена траншэя вадаправода.
Міністэрства культуры прыпыніла земляныя працы да правядзення археалагічных раскопак. Аднак, нягледзячы на забарону, была пракапана траншэя глыбінёй і шырынёй да 2 м, і практычна ўсе археалагічныя аб’екты былі знішчаны. У выніку абследавання траншэі знойдзены фрагменты кругавога посуду, вырабы з каляровага металу, жалеза, камення і косці, якія адносяцца да ХІ—ХІІ стст.
Нябачныя мінскія ландшафты: «Людзі ў курганах»
Старажытныя курганныя могільнікі раней шмат дзе сустракаліся па Беларусі, у т. л. і на Міншчыне. Па павер’ях у іх былі пахаваныя магутныя ваяры-волаты — адсюль іх назва «валатоўкі». Яшчэ адзін сінонім курганаў — капцы — бо для таго, каб збудаваць высокі магільнік, трэба было нямала зямлі выкапаць. Менавіта ад загадкавых ваяроў з валатовак-капцоў і паходзіць далетапіснае насельніцтва значнай часткі Мінска. А вось кім яны былі насамрэч, у навуковым сэнсе, — зараз мы і разбяромся.
Першыя аўтары (Г. Татур, К. Тышкевіч, І. Сербаў) і першыя выданні па тэме даследавання курганных могільнікаў Беларусі
Першым даследчыкам курганных пахаванняў Мінскай губерні быў Генрых Татур (1846–1907) — ён першым паспрабаваў сістэматызаваць знаходкі; раскапаў больш за 200 курганоў на Лагойшчыне. Непасрэдна блізу тагачаснага Мінска першыя навукоўцы ужо савецкага часу, І. А. Серабраўскі і І. А. Сербаў, у 1920-я гг. раскапалі курганы каля вёсак Рылаўшчына, Брылевічы і Пятроўшчына.
«Вялікая колькасьць курганоў у раёне в. Рылаўшчына, ля Менску, якіх зьмяшчаецца па прастору аднэй квадратнай вярсты да 140 штук, сьведчыць аб значнай плотнасьці насельніцтва ў раёне г. Менска ў старажытную курганную пару. Тыпам пахаваньня усіх курганоу зьяўляецца трупапалажэньне галавою на захад. У курганох знойдзены косьці пахаваных, чэрап і розныя рэчы» — занатавана ў пратаколе гісторыка-археалагічнай секцыі Інстытута гісторыі БССР у 1925 г. Аднак далей, праз згортванне палітыкі беларусізацыі, пачатак масавых рэпрэсій і ўрэшце — уцягненне беларусаў у чарговую вайну, навуковая праца абарвалася...
Праўда, глава акупацыйнай нацыскай адміністрацыі Вільгельм Кубэ з вялікай цікаўнасцю паставіўся да даследаванняў курганоў: у першую чаргу яго цікавіла, ці не з’яўляюцца цяперашнія жыхары рэгіёна нашчадкамі старажытнай арыйскай расы. Раскопкі вялі навуковыя супрацоўнікі Гейдэльбергскага ўніверсітэта ў Мінскай вобласці непадалёк ад вёскі Курганы. Як паведамляла германская прэса, падчас дэталёвага агляду могільніка быў знойдзены шкілет, датаваны «ледавіковым перыядам». Цікавая знаходка была перавезена ў Германію дырэктарам Гейдэльбергскага ўніверсітэта. Далейшыя сляды парэшткаў страчаны.
Сумяшчэнне двух картаў рассялення крывічоў і дрыгавічоў паказвае, што Мінск і наваколле былі памежнай зонай паміж двума магутнымі племяннымі саюзамі. Унізе направа — тыповае для дрыгавічоў скроневае кальцо, уверсе налева — аскепак керамічнага посуду са знакам Рурыкавічаў, што можа быць прыкметай падуладнасці «мінскіх дрыгавічоў» кіеўскаму князю
Пасля вайны ў Мінску ішла інтэнсіўная забудова. Многія жыхары мелі патрэбу ў новым жыллі. Сталіца Беларусі пашыралася, што не магло не адбіцца на колькасці насыпных курганоў у акрузе: калі на канец XIX ст. у наваколлях Мінска налічвалася каля 200 могільнікаў, то сучаснікі могуць назіраць не больш за дзясятак унікальных памятнікаў старажытнасці.
Асноўны перыяд стварэння насыпных могільнікаў адносіцца да сярэдзіны Х —канца XII стст. У большасці з іх нябожчыкі пахаваныя па паганскім абрадзе, і толькі ў найбольш позніх курганах былі знойдзены пакладзеныя на спіну нябожчыкі са складзенымі на грудзях рукамі — у традыцыі, пераходнай ад паганства да хрысціянства. Знаходкі керамікі, зброі, а галоўнае, тыповых упрыгожанняў даюць нарэшце нам адказ на загадку: далетаспіснае насельніцтва Мінска было з дрыгавіцкага пляменнага аб’яднання — інкалі, каб падкрэсліць лакальную асаблівасць гэтай групы, яе называюць «мінскімі дрыгавічамі». Менавіта мінскія абшары вызначаны як прыпамежная тэрыторыя паміж зонамі рассялення крывічоў і дрыгавічоў.
Самы вялiкi з захаваных старажытных курганоў мінскіх дрыгавічаў размешчаны на скрыжаванні праспектаў Любімава і Газеты «Звязда» (Малінаўка і Паўднёвы Захад). Вышыня яго 4 метры, дыяметр 20 метраў. Па даных археолагаў, датуецца Х стагоддзем. Раскопкі праводзіліся ў 1978 і 1980 гг. Былі знойдзены артэфакты: кераміка, нож, рэшткі вядра, скроневае кольца і бусы. Старажытны курган занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і ахоўваецца законам.
Найбольш вядомыя на сёння курганы ў Сухарава, Малінаўцы, Паўднёвым Захадзе на фоне тапаграфічнай мапы 1920-х гг., калі такіх курганоў у ваколіцах Мінска налічвалася да дзвюх соцень
На тэрыторыі былой вёскі Сухарава аднаго часу захоўваліся цэлыя групы курганных могільнікаў. Адна група з 4 могільнікаў, у адным з якіх была пахавана дзяўчына, быў разбураны ў 1997 г., падчас забудовы мікрараёна, другая група, вядомая пад назвай Шведская гара, складалася з 12 курганоў, якія на сёння ўваходзяць у межы Сухараўскіх могілак і ўжо пашкоджаныя пазнейшымі пахаваннямі. Падобны лёс сустракае і амаль ужо нябачныя курганы ў межах іншых раённых могілак: на Брылёўскіх могілках Храм Праабражэння Гасподняга стаіць на старых капцах; могілкі Дворышча таксама — частка курганнай групы, пра што кажа і назва вуліцы, Курганная; курганны могільнік на захад ад паўднёвага канца вул. Сцебянёва, у лесапасадцы каля МКАД у раёне развязкі са Слуцкай шашой, узяты нарэшце пад абарону дзяржавай. Аднак усе пералічаныя аб’екты — ужо адзінкавыя выпадкі...
Замест эпілога
«Мінскія курганы». Здымак Валерыя Рудэнкі, 2016 г. (fotokto.ru)
Як бачым, гісторыя Мінска цесна звязаная з ягоным ландшафтам — кожны ўзгорак і кожная лагчына могуць аказацца археалагічным аб’ектам, важным для разумення механізмаў утварэння сучаснага горада. Не толькі геалагічныя ўмовы, але і антрапагенны фактар (як і старажытная тапанімія) паказвае: нельга весці настолькі бяздушную і неабгрунтаваную забудову сталіцы, зразаючы халмы і закопваючы каштоўныя артэфакты. Сёння можна ўпэўнена казаць, што Мінск ад сівых часоў ляжыць на важнай трансеўрапейскай старажытнай гандлёвай трасе, якая мела не толькі эканамічнае, але і культурнае значэнне, з’яўлялася на працягу тысячагоддзяў важным пунктам прасоўвання перадавых тэхналогій і ідэй паміж рознымі народамі і дзяржавамі. І хто б з сённяшніх мінчан не крывіў вусны ад слова «вёска», хай ведае, што і тысячу гадоў асновай эканамічнай моцы і прасторавага ўзбуйнення горада заставаліся менавіта сельскія паселішчы, населеныя рознымі народамі і плямёнамі, — крывічамі, дрыгавічамі, балтамі і таямнічымі людзьмі каменнага веку, — якія сталі неад’емнай часткай гістарычнага радаводу сучасных жыхароў сталіцы.
Асноўныя крыніцы тэкстаў і здымкаў, не пазначаныя ў артыкуле, — Вікіпедыя, «Археалогія Беларусі» (у 2 т., 2011), «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (1993), «Матэрыялы па археалогіі Беларусі» (вып. 24, 2013), «Археологическое наследие Беларуси» (2012)
Змітро Пілецкі, budzma.org