Наколькі разнастайны ландшафт Мінска, якія яго асаблівасці? Якая розніца паміж самай высокай і самай нізкай кропкамі сталіцы? Дзе і калі ў Мінску знайшлі цэлыя могілкі старажытных жывёлін? Разам з даследчыкам Змітро Пілецкім паспрабуем зрабіць нетрывіяльную вандроўку па «няплоскім» дагістарычным Мінску — услед за расталым ледніком і старажытнымі істотамі гэтых мясцовасцей.
Крыху «няплоскай» статыстыкі
Вышыня Кіева над узроўнем мора — 179 м, Масквы — 156 м, Вільнюса — 112 м, Варшавы — 100 м, Рыгі — усяго 28 м. А вось тая ж вышыня для Мінска — афіцыйных 222 метры (і каля 280 м — максімальная кропка ўзвышша — у мікрараёне Кунцаўшчына, у межах вул. Ляшчынскага, 8)!
З дзяцінства прыпамінаецца, як дарослыя казалі, што наш Мінск «плоскі», з невыразным рэльефам, з аднатыпным ландшафтам... Але паглядзіце яшчэ раз на пададзеныя лічбы — ці «плоскі» наш Мінск?
Відарыс з Траецкае гары, 1914–1918 гг. (з фондаў БДАКФФД; фота раскалеравана пры дапамозе нейрасеткі)
Толькі вышыня, на якой размешчана сталічная Гідраметэаралагічная абсерваторыя, — 223 м (яна з невялікай апраксімацыяй, дарэчы, і прынятая за афіцыйную найвышэйшую кропку сталіцы)! Усе найбольш старажытныя пагоркі Мінска (Верхні горад, Траецкае, Залатая Горка) паказваюць сярэднюю вышыню каля 210 метраў. Раён былой Юбілейнай плошчы (Змеевай гары мясцовых паданняў) — ужо каля 220 м, а ў некалькіх сотнях метраў адтуль, на тэрыторыі старых габрэйскіх могілак (сённяшні «Габрэйскі мемарыяльны парк» ля вул. Сухой) вышыня паказвае адзнаку ў 246 метраў. Аднак Кальварыйскія могілкі яшчэ вышей — каля 260 метраў! То-бок, тысячагадовы Мінск, нібы Рым, стаіць на сваіх пагорках!
Каб яшчэ больш было зразумела, наколькі ўсё ж разнастайны ландшафт Мінска, варта ўзгадаць і ніжэйшую кропку горада. Так, на сёння найніжэйшым лічыцца раён парка Красная Слабада (пойма Свіслачы ў Чыжоўцы) — 177 метраў (месцамі адзнака сягае да 181 м). Такім чынам, перапад высотаў атрымоўваецца каля 100 метраў! А гэта, лічы, 30-ціпавярховы хмарачос!
Ізраіль Басаў (1918–1994). Спуск да Парка Горкага. 1960-я гг., палатно, алей
Натуральныя ўзвышшы — гэта прывітанне ад апошняга ледніка, які, сыходзячы, цягнуў, нібы паранены цмок, пад сваім брухам глебу і камяні, пакідаючы за сабою пляскатую, раўнінную мясцовасць, а там, дзе яму было не прайсці, або моцы ўжо не хапала, — нагрувашчваў своеасаблівыя геалагічныя «кучы смецця».
Сёння мы паспрабуем зрабіць нетрывіяльную вандроўку па «няплоскім» дагістарычным Мінску — услед за расталым ледніком і старажытнымі істотамі гэтых мясцовасцей.
«Няплоскі» Мінск: утроп ледніка
Уявіце сябе на хвіліну ўнутры своеасаблівай «машыны часу і прасторы», што едзе па горадзе, якога насамрэч яшчэ няма, бо яшчэ няма нават каму яго і прыдумаць, і пабудаваць. Замест звыклых назваў плошчаў і сквераў, вуліц і праспектаў, раёнаў і кварталаў мы пачуем іншыя азначэнні ландшафту, раскрыем таямніцы сталічнага рэльефу, а таксама пазнаёмімся з першымі насельнікамі нашых мясцінаў.
Замест вуліц, плошчаў, сквераў — камы, марэны ды зандры
Экскурс у «нямую», геалагічную гісторыю Мінска — гэта спосаб дазнацца, якім чынам сфарміраваліся бачныя і сёння ландшафтныя асаблівасці сталіцы, зразумець, як і адкуль зручней было асвойваць гэтыя землі чалавекам, а таксама — асэнсаваць перспектывы і напрамкі далейшай забудовы, разбудовы, узбуйнення беларускага мегаполіса і наступствы гэтых працэсаў для нас, сённяшніх жыхароў, і нашых пераемнікаў...
Схема сталічнага прыроднага ландшафту з Генеральнага плана горада яскрава ілюструе, наколькі Мінск «няплоскі»: ярка-жоўтым колерам паказаныя ўзвышшы, цёмна-зялёным — найніжэйшыя кропкі. Схема ўзята з рэсурсу грамадскай кампаніі «Горад — для гараджан»
Асноўная рэльефная дамінанта горада — масіў Мінскага ўзвышша — гэта вынік тысячагадовай працы ледніка на працягу не менш як трох зледзяненняў. Адзін з відавочных вынікаў працы ледніка ў межах самога горада — гэта так званыя марэны, што з’яўляюцца грунтам найбуйнейшых град і ўзгоркаў у заходніх і паўночна-заходніх раёнах горада. Марэны — гэта сапраўдныя скопішчы абломкавага «смецця» — валуны, глыбы, галька, жвір з пяском і глінай — усё, што прыхапіў за сабой ляднік. Буйныя марэны, чырвона-бурага колеру і вышынёй ад 10 да 75 метраў, бачныя месцамі ўздоўж поймаў рэк Свіслач і Трасцянка, у мікрараёне Шабаны. Акром таго, «ледніковае смецце» — гэта аснова іншых форм і відаў мінскага рэльефу.
У процілегласць узвышшам, яшчэ адна прыкмета дзеяння ледніка — стварэнне раўніннага ландшафту — зандраў. Зандры-даліны займаюць абшары на паўднёвым усходзе і ўсходзе горада — яны з’яўляюцца часткаю сістэмы вадастоку для міжрэчча Свіслачы, Слепні і Лошыцы, а таксама прымаюць стокі Цнянскага, Дражнянскага і іншых кірункаў. Зандравыя даліны добра бачныя ў раёне Баравой і Копішча.
Схематычная мапа асноўных тыпаў рэльефу Мінска
Трэці прыкметны тып мінскага ландшафту — гэта халмы і халмістыя грады, якія па-навуковаму называюцца камы і озы. Камы — гэта ўзгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай ці выцягнутай формы, утвораныя расталымі водамі праз трэшчыны ў ледавіку. Сёння шмат якія з захаваных камаў — гэта месцы старых гарадскіх могілак. Класічныя озы — доўгія, вузкія, вышынёй да некалькіх дзясяткаў метраў грады і з даволі крутым ухілам, утвораныя таксама пад дзеяннем вады, якая выцякала з талага ледніка. Найбольш прыкметныя камавыя халмы — у бок Заслаўскага вадасховішча, буйныя камы можна пабачыць у Кунцаўшчыне, Сухарава, ля вёскі Азярцо, а халмістую граду — у бок Ратамкі. У раёне зялёналужскага лесапарку, за гатэлем «Агат» можна пабачыць прыкметную здалёк марэну (некалі яе лічылі камам) з даволі крутымі схіламі, абсажанымі хвоямі, якую маляўніча пераразаюць глыбокія яры і лагчыны — гэта цудам захаваны прыродны помнік часоў сыходу ледніка — улюбёнае месца актыўнага адпачынку і зімою і ўлетку жыхароў суседніх раёнаў.
Сучасны відарыс у бок гатэля «Агат» ад вул. Каліноўскага і здымак да 1988 г. у бок спорткомплексу «Алімпійскія рэзервы»
Гарадскі ландшафт тысячагоддзямі фарміраваўся і праз дзейнасць рэк і азёр: утвараючы, з аднаго боку, наносы, намывы, поймы і азёрцы, з іншага — вада падточвала рэльеф лагчынамі, лагбінамі і ярамі, утвараючы меандры і падбалочаныя ўчасткі. Усе гэтыя формы рэльфа так ці інакш адбіліся і ў старадаўняй тапаніміцы Мінска, пра якую дэталёва мы распавядзем у асобнай частцы нашага шпацыру.
Сярод форм рэльефу, утвораных праз жыццядзейнасць жывёл і раслін (біягенных форм) — першае месца для Мінска займаюць тарфяныя балоты, якія 100 гадоў былі як вялікай непрыемнасцю для горада, так і галоўнай крыніцай паліўнай сыравіны — раней мы ўжо распавядалі пра выключную ролю Цнянскага тарфяніка і Камароўскага балота ў энергазабеспячэнні горада.
Раянаванне Мінска па ступенях складанасці інжынерна-будаўнічых умоў (крыніца)
«А для чаго мне ўсё гэта ведаць?» — абавязкова запытаецца чытач.
Вызначэнне асаблівасцей сталічнага рэльефу — гэта адзін з ключоў да складання (і разумення) плана забудовы і развіцця горада. Каля чвэрці сённяшняй тэрыторыі Мінска схільна да неспрыяльных геалагічных працэсаў, не звязаных з антрапагенным (чалавечым) фактарам, сярод якіх, напрыклад, праблема натуральнай эрозіі халмістай часткі горада (складае да 15% ад тэрыторыі) або праблема падтаплення і забалочвання (каля 8% тэрыторыі, у раёнах вадасховішчаў і па ўскраінах горада). З гэтых фактараў ацэньваюць спрыяльнасьць і шчыльнасць забудовы адміністратыўных раёнаў Мінска: так, лідарамі па станоўчых паказальніках застаюцца Першамайскі, Савецкі і Партызанскі раёны, за імі — Цэнтральны і Маскоўскі; адносна неспрыяльныя ўмовы — у Ленінскім і Фрунзенскім раёнах (працэсы эрозіі рэльефу ў даліне Свіслачы), і маласпрыяльныя — у Заводскім раёне (высокія схілы далін, лагчын, «вырастаючыя» яры, поймы рэк, азёрныя катлавіны, балоты, прыбярэжныя зоны вадасховішчаў, звалкі і назапашвальнікі шламу і глею).
Першыя насельнікі мінскіх абшараў
Першымі «сталічнымі» жывымі істотамі, парэшткі якіх неаднаразова знаходзілі ў розных кутках горада, былі вымерлыя старажытныя беспазванковыя жывёлы. Мінчане, мабыць, і не падазраюць, што сотні мільёнаў гадоў таму, у карбонавы і дэвонскі перыяды, Мінск быў адным гіганцкім Мінскім морам, першымі насельнікамі якога былі багавінне, малюскі, ігласкурыя і іншыя падобныя жывыя арганізмы. У часы кліматычных і тэктанічных зменаў на прыбярэжныя раўніны, як на мінскія пляжы, вылазілі першыя сухапутныя жывёліны, каб пагрэцца сярод папарацепадобных кустоў...
Мільёны гадоў таму «царамі Мінскага мора» былі прыдонныя ўсяедныя трылабіты, драпежныя «спіралькі»-аманіты і кальмарападобныя белемніты, скамянелыя рэшткі якіх у народзе называюць «перуновымі стрэламі» або «чортавымі пальцамі»
У апошнюю дагістарычную эпоху, чацвярцічную, пачалі фарміравацца сучасныя лясы, але ў выніку кліматычных зменаў тэрыторыя сучаснага Мінска, як і значная частка кантынента, на доўгі час апынулася ў ледавіковым перыядзе, які суправаджаўся то перыядамі адносна цёплага клімату, блізкага да сённяшняга, то моцнымі пахаладаннямі, калі зямля пакрывалася шматметровай тоўшчай лёду, а раслінны і жывёльны свет прыстасоўваўся да выжывання ва ўмовах тундры і лесатундры.
Інфармацыйная карта Мінска з пазначанымі месцамі найбольш адметных знаходак дагістарычных жывёл (з выставы «Па слядах мамантаў», 2016)
Аб першай знаходцы вымерлых жывёл на тэрыторыі Мінска вядома з 1908 г., калі пры будаўніцтве дэпо былой Аляксандраўскай чыгункі былі знойдзены абломкі біўняў, зубы, лапаткі і іншыя косткі мамантаў; косткі тура і дзікага каня.
У 1923 г. на правым беразе Свіслачы ў раёне Лошыцы быў знойдзены чэрап аўцабыка.
Чэрап і знешні выгляд вымерлага аўцабыка Ovibos pallantis, які насяляў Усходнюю Еўропу ў ледавіковыя часы (у калажы выкарыстаны здымкі з Заалагічнага музея БДУ)
У 1929 г. на скрыжаванні вуліц Слясарнай і Пуліхава на левым беразе Свіслачы пры будаўніцтве калодзежа з глыбіні каля 6 метраў дасталі косткі маманта.
У канцы 1970-х гг. на скрыжаванні вуліц Харкаўскай і праспекта Пушкіна пры пракладцы вадаправода быў знойдзены абломак біўня даўжынёй 82 см, які належаў маладому маманту. Знаходка канчаткова пацвердзіла выснову даследчыкаў аб шырокім распаўсюджанні гэтых жывёл у далёкім мінулым на тэрыторыі Беларусі.
Рэшткі і рэканструкцыя выгляду дагістарычнага ляснога слана (Paleoloxodon antiquus), які жыў у Еўропе ў перыяд міжледніковага пацяплення (у калажы выкарыстаны здымкі з Заалагічнага музея БДУ)
Пры пракладцы лініі Мінскага метрапалітэна, 15 верасня 2006 г., на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Русіянава метрабудаўнікі знайшлі на глыбіні 15–16 метраў цэлыя могілкі старажытных жывёлін. У гэтым месцы ўпершыню для Беларусі былі знойдзены парэшткі вымерлага ляснога слана. Падобныя знаходкі раней былі зроблены ў міжледавіковых слаях Англіі, Германіі, Галандыі, Польшчы. Жылі лясныя сланы ва ўмовах шыракалістых лясоў у цёплы перыяд часу, званы Мікулінскім міжледнікоўем (110–95 тыс. гадоў таму), напярэдадні апошняга Валдайскага зледзянення, якое завяршылася 18 тыс. гадоў таму. Срокі правядзеня земляных прац, адсутнасць разумення і падтрымкі з боку чынавенства не дазволілі навукоўцам поўнасцю выкапаць цалкам(!) захаваны шкілет унікальный жывёліны...
Косткі знойдзеных на тэрыторыі Мінска мамантаў і скульптурная група, прысвечаная ім, у мікрараёне Усход (у калажы выкарыстаны здымкі з Заалагічнага музея БДУ)
У 2008 г. на ўскраіне Мінска, на Машынабудаўнікоў, на левабярэжным баку Свіслачы, у пясчаным катлаване на глыбіні 5,5 м будаўнікі выпадкова знайшлі «могілкі» мамантаў: вынятыя астанкі належалі прыкладна 19–20 асобінам ва ўзросце ад 2 да 50 гадоў, іншымі словамі, ад нованароджаных маманцянят да старых жывёлін, якія жылі тут прыкладна 23 тысячы гадоў таму. Гэта самая каштоўная знаходка мамантаў за ўсю гісторыю Беларусі. Можна меркаваць, што, перапраўляючыся праз зараз ужо неіснуючы прыток старажытнай Свіслачы, статак праваліўся і загінуў пад лёдам. Паколькі розныя косткі мелі неаднолькавую масу і форму, паток расцягнуў іх на розныя адлегласці.
Частка шкілету дагістарычнага еўрапейскага бізона і рэканструкцыя ягонага выгляду ў параўнанні з сучасным паўночнаамерыканскім бізонам (у калажы выкарыстаны здымкі з Заалагічнага музея БДУ)
У розныя часы ў межах і прынаваколлі Мінска быў зроблены цэлы шэраг каштоўных палеазаалагічных знаходак — гэта і шарсцісты насарог, і еўрапейскі кароткаморды пячорны мядзведзь, еўрапейскі бізон і буйнарогі алень, дзікі бык (тур) і тарпанападобны дзікі конь.
Фрагменты шкілета вымерлага кароткамордага пячорнага мядзведзя і ягоны адноўлены выгляд (у калажы выкарыстаны здымкі з Заалагічнага музея БДУ)
Самая буйная айчынная калекцыя касцей вымерлых жывёлін зараз знаходзіцца ў Заалагічным музеі біялагічнага факультэта БДУ. У калекцыі Інстытута геахіміі і геафізікі Беларусі таксама ёсць неблагая калекцыя вымерлых жывёлін з тэрыторыі рэспублікі. Некалькі экзэмпляраў касцей захоўваюцца ў Мінскім прыродазнаўчым музеі, ёсць штосьці ў рэгіянальных музеях, у школьных. Але гэта толькі невялікі адсотак знаходак. Частка іх была вывезена з Беларусі — незаконна або часова, але і па сёння не вернута. Падчас эвакуацый, пры пераездах шмат чаго было проста выкінута або знішчылася праз няправільнае захоўванне. Хуткасць і барбарскія метады вядзення будаўнічых прац у Мінску часта проста не даюць магчымасці навуковым супрацоўнікам правільна выкапаць і зберагчы знаходкі. І, нарэшце, узровень фінансавання і адміністрацыйнай падтрымкі археалагічных палеанталагічных даследаванняў ставяць пад пагрозу папаўненне музейных калекцый. А між тым палеанталагічныя музеі маглі б стаць часткай сталічнай «музейнай фішкі» з цікавымі выставачнымі залямі, з рэканструкцыямі жывёлін у натуральную велічыню, з прымяненнем сучасных камп’ютарных тэхналогій для адукацыйных і пазнавальных мэтаў...
Змітро Пілецкі, budzma.org