«У людзей кароткая памяць. Людзі намагаюцца хутчэй забыцца на некамфортныя рэчы — тое, што непакоіць, палохае, раздражняе. Яны здатныя забывацца й на тое, што трэба памятаць заўжды. Каб гэта ніколі не паўтарылася». У аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org Лявон Вольскі разважае пра тое, як звязаныя рэпрэсіі 1937 года і рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі пасля 2020 года.
1937 і закон маўчаньня
Неяк у дзяцінстве я знайшоў на кніжнай паліцы даведнік «Саюз пісьменьнікаў БССР». Там былі пералічаныя па прозьвішчах усе чальцы гэтага саюзу — ад часу ягонага заснаваньня. І мяне вельмі зьдзівіла тое, што цэлы шэраг кароткіх біяграфіяў літаратараў сканчаўся словамі «памёр у 1937 годзе». Што ж такое здарылася ў гэтым 37-м? Чаму яны памерлі? Мае бацькі доўга ўхіляліся ад наўпроставага адказу, але ўрэшце я даведаўся, што быў такі тыран Сталін, які распачаў рэпрэсіі, падчас якіх шмат паэтаў і пісьменьнікаў загінула.
Фота: nochpaetau.com
Пра гэта ніхто й нідзе не казаў — ні ў гераічных фільмах пра вайну, якімі поўніўся тэлевізар, ні настаўнікі гісторыі ў школе. Проста нейкая амэрта — закон маўчаньня. Зрэшты, я таксама ні з кім не размаўляў пра гэта, бо бацькі папярэдзілі мяне, што ведаць пра рэпрэсіі варта, але гаварыць пра іх ні з кім ня трэба.
Адкрылася жахлівая праўда
І вось прыйшоў пэрыяд перабудовы й галоснасьці. Усе пачулі жахлівую праўду пра зьнішчэньне сотняў тысячаў (ці то мільёнаў?) ні ў чым не вінаватых людзей, пра Курапаты, пра допыты, на якіх людзі прызнаваліся ў тым, чаго яны не рабілі, бо не прызнацца было немагчыма...
Ад гэтае праўды дрыжыкі йшлі па скуры і перахоплівала подых — гэта ж было не на вайне, а ў працэсе так званага савецкага мірнага жыцьця — зь усімі ягонымі піянэрамі-камсамольцамі-прафсаюзамі-дамамі адпачынку і санаторыямі ў Гаграх. Вось проста забіралі чалавека, катавалі яго і забівалі. Ці то, у лепшым выпадку, высылалі ў Сыбір гадоў на дваццаць. Кім трэба было быць, каб рабіць усё гэта? Ну, добра, Сталін — людажэр і монстр, але колькі людзей выконвалі злачынныя загады? Тысячы? Сотні тысячаў? Яны ж разумелі, што ніхто ніякіх злачынстваў не зьдзяйсьняў — і ўсё адно катавалі й забівалі! Гэта не ўкладалася ў галаве.
Час бег наперад. Мінуў кароткі пэрыяд паўдэмакратыі й недакапіталізму. Прыйшоў аўтарытарызм. Паступова згарнуліся незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а зь імі — узгадкі пра сталінізм і рэпрэсіі, пра расстраляную беларускую літаратуру. Як бы нічога й не было. Праз Курапаты праклалі кальцавую аўтадарогу, пабудавалі проста пры крыжах рэстарацыю, дзе актыўна адпачываюць жыхары беларускае сталіцы.
Ня тое, што ніхто не пакаяўся — пра гэта й гаворкі ніякай не было! — наадварот, часам прыгадвалі тыя страшныя часы добрым словам і змайстравалі «лінію Сталіна», дзе стаіць ягоны бюст. Там праводзяць экскурсіі і распавядаюць дзецям пра тое, як савецкі народ пад мудрым кіраўніцтвам правадыра выйграў вайну.
У людзей кароткая памяць
Яны забываюцца на некамфортныя рэчы — падзеі, факты, інфармацыю. Асабліва калі ім дапамагаюць на гэта забыцца тыя, хто ва ўладзе. Учора ты з жахам чытаў артыкул пра сталінскія лягеры, а сёньня ўжо абедаеш у рэстарацыі пры Курапатах. А што? Жыцьцё ж працягваецца.
А назаўтра цябе забіраюць за выпадкова надзетыя чырвона-белыя шкарпэткі, і ты ў «пакаяльным» відэа прызнаесься ў падпісцы на плян «Перамога» і распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі з дэструктыўных каналаў. Ты прызнаесься, бо там кожны прызнаецца. Бо мэтады засталіся тыя самыя, што ў далёкім 1937-м.
Людзі абураюцца: усё ж было нармальна, добра ж жылі! Навошта было ладзіць гэтую рэвалюцыю ў 2020-м? Цяпер вось у адказ на гэта — рэпрэсіі, згортваньне свабодаў...
У гэтых людзей кароткая памяць. Яны ня памятаюць пра вечных палітвязьняў (іхная колькасьць розьніцца ў розныя часы), пра «эканамічных злачынцаў», большасьць зь якіх сядзіць ні за што, пра вечныя «чорныя сьпісы», пра нішчымны адсотак апраўдальных выракаў (быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца), пра масавыя фальсыфікацыі на любых выбарах, на пераўтварэньне адукацыйнае сыстэмы ў сыстэму прапаганды, пра пабудову вычварнага грамадзтва, дзе прыняты кодэкс хлусьні і стукацтва.
Вы скажаце, не, гэтага ўсяго не было да 2020-га? Я вас расчарую. Гэта пачалося вельмі даўно, задоўга да вашага нараджэньня, і з таго часу не сканчалася.
Пакуль ня будзе пакаяньня за сталінскія рэпрэсіі, пакуль не адкрыюць архівы КГБ (нават назву гэтую жахлівую пакінулі!), не пераймянуюць вуліцы Шаранговічаў, Панамарэнак і Кнорынаў, спадзявацца няма на што. Гісторыя будзе паўтарацца.
І маленькі хлопчык запытаецца ў бацькоў:
— А чаму гэта столькі беларускіх пісьменьнікаў памерла ў 1937 годзе?
І бацькі адкажуць:
— Ведаеш, як-небудзь потым пра гэта паразмаўляем, зараз няма часу.
Лявон Вольскі, budzma.org