«Нарэшце, з моманту нашага ад'езду з Беларусі, мы гралі для сваіх гледачоў». Belarus Free Theatre зладзіў паказ спектакля для ўкраінскіх уцекачоў

Belarus Free Theatre зладзіў паказ спектакля «Верабейка» для ўкраінскіх уцекачоў у Лондане, піша @BelarusWithUkraine.


96.jpg

Менеджэрка тэатру Святлана Сугака распавяла пра падзею:

«Нам прыйшоў запыт на некалькі ільготных альбо бясплатных квіткоў ад жанчыны, якая займаецца ўкраінскімі бежанцамі. Але на спектаклі ўжо быў sold out. Вырашылі сыграць для іх у свой выходны.

Потым мы ўбачылі спіс тых, хто прыйдзе. Там былі толькі жаночыя імёны. У галаве праскочыла пытанне: «Дзе іх мужчыны?». Адказ відавочны — яны на вайне. Тады я зразумела, што гэта будзе незвычайны спектакль. Так і атрымалася.

Нарэшце, з моманту нашага ад’езду з Беларусі, мы гралі для сваіх гледачоў. Не патрэбен быў перакладчык: спектакль на беларускай мове і трасянцы — украінцы выдатна разумеюць нас. Яны смяюцца з нашых жартаў, плачуць ад нашых гісторый. Спектакль пра вайну. Тую, якая была. Ці тую, якая ёсць. Некаторыя выходзяць у слязах з залі, даюць сабе другі шанец, але зноў выходзяць. Занадта блізка і балюча.

Гэта быў самы важны спектакль з серыі. Мы былі разам са сваімі людзьмі».