У Валожыне палац Тышкевічаў плануюць пераўтварыць у краязнаўчы музей, паведамляе «Наша Ніва» са спасыкай на прэс-службу Мінскага аблвыканкама.
Палац Тышкевічаў у Валожыне. Фота: Wikimedia Commons
Пасля завяршэння рэканструкцыі ў будынку размесціцца мясцовы музей, які зараз працуе на іншай вуліцы горада. Таксама ў былой аранжарэі палаца плануюць адкрыць аддзел ЗАГС.
Праект рэканструкцыі ўжо атрымаў падтрымку кіраўніцтва вобласці. Пасля адкрыцця абноўленага музея плануецца стварэнне новых экспазіцый, у тым ліку прысвечаных роду Тышкевічаў, які адыграў значную ролю ў гісторыі Валожына.
Палац графа Юзафа Тышкевіча быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі класіцызму. Комплекс складаецца з некалькіх будынкаў, уключаючы галоўную сядзібу, афіцыну і аранжарэю, перабудаваную ў 1926 годзе. Будынак размешчаны на высокім беразе ракі Валожынкі.
Улады лічаць, што праект павінен садзейнічаць развіццю турызму і стаць часткай новага культурна-гістарычнага маршруту рэгіёна. Раней у палацы Тышкевічаў размяшчаліся розныя адміністрацыйныя ўстановы.