14 красавіка ў Беларускім доме ў Вільні ў рамках праекта «Мова Нанова» адбылася лекцыя вядомага палітолага Андрэя Казакевіча. Заснавальнікі праекта запрасілі спецыяліста ў вобласці паліталогіі, каб дапамагчы аўдыторыі разабрацца з тым, што ж насамрэч такое сапраўдныя «нацызм» і «фашызм», у якіх бясконца вінавацяць або Расію, якая распачала вайну ва Укаіне, або саму Украіну, даказваючы, што яе неабходна «дэнацыфікаваць».
Афіша лекцыі Андрэя Казакевіча. Крыніца: https://t.me/razamnews
Сучаснае ўжыванне тэрмінаў «фашызм» і «нацызм»
«Слова «фашыст», калі казаць не пра навуку, а пра тое, як яно ўжываецца наўпрост у палітычным дыскурсе, зараз часта выкарыстоўваецца як абраза для чалавека, палітычныя погляды якога вам не падабюцца, — адзначае Андрэй Казакевіч. — Таму, канешне, гэтым словам вельмі істотна злаўжываюць. Калі казаць пра ўмоўны Захад, то там больш любяць слова «фашызм», а вось расійскай прапагандзе больш падабаецца слова «нацызм». Верагодна, у Расіі яго ўжываюць, каб яшчэ больш дадаць эмацыйнасці выказывання. Прыблізна з сярэдзіны двухтысячных гэтыя тэрміны пачынаюць ужываць менавіта ў такіх значэннях.
Што цікава, на Захадзе гэтыя тэрміны выкарыстоўваюць у першую чаргу ў адносінах да Расіі. Можна прыгадаць шэраг амерыканскіх публіцыстаў, якія традыцыйна шукаюць у сучаснай Расіі штосьці фашысцкае. Адзін з найбольш вядомых — Цімаці Шнайдэр.
Цімаці Дэвід Снайдэр — амерыканскі гісторык, аўтар артыкула «Іван Ільін, пуцінскі філосаф рускага фашызму». Крыніца: alainelkanninterviews.com
Апісваючы Расію, публіцысты часта знаходзяць у сучаснай Расійскай палітыцы такія прыкметы фашызму, як мілітарызм, антыдэмакратызм і крайні нацыяналізм. Яшчэ адзін аргумент у падтрымку гэтай тэзы тое, што Пуцін любіць рускага філосафа Івана Ільіна, які ў свой час пісаў оды нацыстам. Гэта нягледзячы на тое, што Пуцін цытуе пераважна больш раннія творы гэтага аўтара, якія непасрэдна з нацызмам яшчэ не звязаны. Увогуле апошнія пятнаццаць – дваццаць год у заходнім дыскурсе замацавалася, што фашызм і камунізм — з’явы тоесныя, таталітарныя, вельмі блізкія самі па сабе. Гэта інтэрпрытацыя савецкай спадчыны таксама пераносіцца і на сучасную Расію.
Іван Ільін (1883 - 1954) — рускі філосаф, прадстаўнік белага руху. Крыніца: vipdis.ru
Што мы разумеем пад «нацызмам» і «фашызмам», калі казаць пра расійскую ці беларускую палітычную прастору і прапаганду?
Па-першае, там значна больш часта выкарыстоўваецца менавіта тэрмін «нацызм», асабліва зараз. Па-другое, нацызмам называюць любыя праявы крытычнага стаўлення да Расіі і да савецкай спадчыны. Асабліва, калі мы кажам пра нейкія лакальныя нацыяналізмы, і, перш за ўсё, у адносінах да ўсходняй Еўропы. Неа-нацызмам могуць назваць забарону ўжывання геогріеўскіх стужак, або шкоду помнікам савецкім войнам. Калі глядзець крытычна і ведаць, як арганізавана сучасная еўрапейская палітыка і грамадства, то гэтыя прапагандысцкія наратывы выглядаюць наўпрост смешна. Але калі слухаць тую прапаганду
на працягу пятнаццаці год, то людзям гэта ўсё пачынае падавацца праўдападобным і натуральным. Маўляў, мы не можам сябраваць з імі, бо яны нацысты, або яны да нас дрэнна ставяцца, бо яны нацысты. То-бок, у расійскай мове тэрмін «нацызм» зарэзерваваны за ўсім усходнееўрапейскім патрыятызмам, імкненнем да аўтаноміі і крытычным стаўленнем да Расіі і савецкай спадчыны. Асабліва адносна Украіны, пачынаючы з дзве тысячы чатырнаццатага года. Падаецца так, быццам з таго часу ва Украіне кіруе фашысцкая хунта, таму гэтую краіну неабходна дэнацыфікаваць.
Па факце, што заходнія, што расійскія аргументы вельмі мала суадносяцца з палітычнай рэальнасцю і з тым, чым гістарычна былі нацызм ці фашызм.
Тое, што адбывалася ў дваццатыя-саракавыя гады мінулага стагоддзя, вельмі не падабна да таго, што мы зараз маем у большасці краін свету. Канешне, калі падыходзіць з даследчыцкагага пункту гледжання.
Фашызм і нацызм з пункту гледжання паліталогіі
Цяпер у інфармацыйнай прасторы часта згадваюць 14 прыкмет фашызму па Умберта Эка, але я лічу, што ў дадзеным выпадку Умберта Эка не мае рацыі. Напрыклад, ён сцвярджаў, што фашызм выступае супраць мадэрнізацыі і за захаванне традыцый, але гэта зусім не так: фашызм нараджаўся на хвалі індустрыялізму і мадэрнізму.
Умберта Эка — італьянскі філосаф, аўтар эсэ «Вечны Фашызм». Крыніца: xochu-vse-znat.ru
Фашызм і нацызм як раз вельмі моцна адрозніваліся ад традыцыйнага еўрапейскага кансерватызму тым, што выступалі за стварэнне новага грамадства. Вядома, у гэтых ідэялогіях была нейкая апеляцыя да мінулага, але гэта мела больш сімвалічную функцыю.
Таму наўрад ці мы можам лічыць фашыстамі людзей, якія засноўваюцца на традыцыі, і тых, што адмаўляюцца ад мадэрнізацыі і выступаюць за захаванне дзеючай улады.
У той час як рэжымы накшталт сучаснага расійскага заклікаюць грамадства да няўдзелу і пасіўнасці ў палітычнай дзейнасці, фашызм апіраецца не проста на масы, а на мабілізаваныя масы. Людзі мусяць дзейнічаць, для таго ж і ствараюцца фашысцкія партыі, а калі такія партыі прыходзяць да ўлады, то становяцца асновай дзяржаўнага ладу.
Яшчэ адна яркая прыкмета фашызму — антыдэмакратызм. Не было фашысціх рухаў, якія б падтрымлівалі ідэі таго, што яны называлі буржуазнымі дэмакратыямі. Прыхільнікі фашысцкай ідэалогіі вельмі дрэнна ставіліся да парламентаў, выбараў і іншых дэмакратычных атрыбутаў. На іх думку, у дзяржаве павінен быць аднапартыйны рэжым, не мусіць быць шмат партыяў: адна партыя, адна нацыя, адзін фюрэр. Да таго ж, не мусіць быць ніякага народнага прадстаўніцтва, бо нацыя павінна сама напрамую ўдзельнічаць у кіраванні. Дарэчы, гэта была таксама досыць мадэрнісцкая рыса, бо да дваццатага стагоддзя ніколі не было аднапартыйных сістэм.
Таксама фашысцкім рэжымам уласцівы этатызм — гэта значыць актыўнае ўмяшанне дзяржавы ў жыццё грамадства. Больш за тое, гэта быў новы мадэрнісцкі этатызм, які рабіў стаўку на тое, каб выкарыстоўваць моцныя механізмы рэгулявання ва ўсіх сферах сацыяльнага жыцця. Зноў жа, у 19 стагоддзі дзяржаўны апарат быў слабы: амаль не было, напрыклад, цэнтралізаванай аховы здароўя ці будаўніцтва дарог. Фашысты ж ускладалі шмат надзей менавіта на дзяржаўны апарат і спрабавалі зрабіць сацыяльна арыентаваную краіну, таму менавіта ў Нямеччыне гэтая ідэалогія і атрымала назву нацыянал-сацыялізму.
Таксама для ўсіх фашысцкіх рухаў быў характэрны крайні нацыяналізм. Адрозненні былі толькі ў тым, што разумелася пад нацыяй: нейкая этнічная супольнасць ці ўсе грамадзяне. Напрыклад, у Нямеччыне пад гэтым разумелася менавіта этнічная супольнасць, вось чаму іх разнавіднасць фашызму называюць нацыянал-сацыялізмам.
Чаму менавіта крайні нацыяналізм? Таму што ён прадугледжваў абсалютную перавагу нацыі над усімі астатнімі.
Адсюль лагічна вынікае і апраўданне вайны — мілітарызм і імперыялізм. У той ці іншай ступені ўсе фашысція рухі зноў жа падтрымлівалі тую ці іншую экспансію. У той жа час, усе яны імкнуліся да аўтаркіі — замкнёнасці і самадастатковасці. Менавіта таму ім і трэба было будаваць імперыю, бо толькі так, на іх думку, краіна магла быць самадастатковай.
Розныя праявы ірацыянальнага ў палітыцы, пабудова палітыкі сыходзячы з надзвычайнасці сітуацыі і пастаянныя заклікі да сабранасці і мабілізацыі — гэта таксама можна смела запісваць у важныя элементы фашызму.
Падводзячы вынік, мы можам назваць асноўными рысамі фашызму мадэрнізм, антыдэмакратызм, этатызм, крайні нацыянализм, аўтаркія, мілітарызм і ірацыяналізм.
Беніта Мусаліні і Адольф Гітлер у Мюнхене, 1937 год. Крыніца: vox.com
Што ж такое нацызм, і чым ён адрозніваецца ад фашызму?
Нацызм — гэта плыня фашызму. Калі не браць нейкія дэталі, то асноўным адрозненнем будзе наяўнасць расавай тэорыі ў нацысцкай ідэалогіі. Больш за тое, расавая тэорыя была і асновай палітычнага ладу, і падмуркам арганізацыі эканомікі. У астатніх фашысцкіх рэжымах такога не назіралася.
Нямецкі фашызм атрымаў назву нацызму, а, калі больш дакладна, — нацыянал-сацыялізму. Прыхільнікі гэтай ідэалогіі лічылі, што еўрапейцы — найвышэйшая раса, бо яны быццам бы маюць неякія асобыя гены, то-бок гэта іх прыродная ўласцівасць, і найбольш гэтыя асобыя гены выбіліся ў немцах. Таксама сцвярджалася, што неабходна захоўваць чысціню крыві, бо калі «чыстая» раса перамешваецца з габрэямі ці яшчэ з кімсьці, то парода пачынае выраджацца.
Зараз гэта гучыць недарэчна, але тады расавая тэорыя так не гучала. Тады толькі зараджалася генетыка, якая паказала, што існуе спадчына нейкіх прыкмет. З гэтага зрабілі выснову, што і розум павінен перадавацца генетычна. Тады лагічнай здавалася выснова, што цывілізаваныя немцы адрозніваюцца ад, напрыклад, нецывілізаваных індзейцаў, таму што ў іх проста кроў іншая. Было вельмі шмат біялагічных даследаванняў на гэты конт, прытым, што аўтары маглі і не быць фашыстамі ці нацыстамі, наўпрост яны прыходзілі імпірычным шляхам да такіх высноваў. Сапраўды, вяліся вялікія навуковыя спрэчкі. З аднаго боку стаялі славутыя навукоўцы са ступенямі і манаграфіямі, якія даводзяць, што расавая прыналежнасці сапраўды прадвызначае нейкія інтэлектуальныя здольнасці. Другая група навукоўцаў — іх крытыкавала.
У выніку, нацысты вырашылі, што некаторыя этнічныя групы трэба абмежаваць у правах, а некаторых — і зусім лепш знішчыць.
Сучасны фашызм
Сучасная сітуацыя такая, што пэўныя рухі, якія сябе нейкім чынам асацыююць з фашысцкай традыцыяй ў поўным сэнсе гэтага слова, зараз — гэта ўсё-такі маргіналы ў любой краіне свету.
Калі мы правільна выкарыстоўваем гэтыя тэрміны ў навуковым сэнсе, то ні сучасную Расію, ні якую Еўрапейскую краіну мы ні нацысцкімі, ні фашысцкімі назваць не зможам. Калі мы будзем злічаць па тых прыкметах, што былі пазначаныя, то будзе надта шмат выпадзенняў.
Канешне, амаль у любой краіне можна знайсці пэўныя арганізацыі фашысцкіх ці нацысціх напрамкаў. Але ні ў адной краіне свету зараз фашысцкія партыі не займаюць кіруючай пазіцыі. Нідзе яны не вызначаюць палітыку дзяржавы».
Д.Г. budzma.org