У 1930-я гады на захадзе Міншчыны быў створаны Польскі нацыянальны раён. Якая была мэта яго стварэння і чаму праз некалькі год праект быў згорнуты? Якім быў маштаб рэпрэсій у дачыненні да польскіх адміністратыўных і культурна-адукацыйных дзеячаў? Як перагукаюцца тыя падзеі з сённяшняй антыпольскай палітыкай беларускіх уладаў? Піша Аляксей Гайдукевіч.
Як і любы рэгіён па памежжы культур, моваў, рэлігій і нават цывілізацый, Беларусь заўжды за часы вядомай нам гісторыі была тэрыторыяй не толькі суіснавання і супрацоўніцтва людзей з рознымі ідэнтычнасцямі, але і шматлікіх супярэчнасцей і нават канфліктаў. Неаднаразова гэтыя супрацьстаянні інспіраваліся вонкавымі сіламі і выкарыстоўваліся для дасягнення мэтаў, якія не адпавядалі не толькі здароваму сэнсу ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва , але правакавалі канфліктнасць на некалькі дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў.
З бліжэйшага мінулага такім прыкладам з’яўляецца спроба бальшавіцкіх уладаў «канчатковага вырашэння польскага пытання» ў 1930-х на тэрыторыі Беларусі.
Сутнасць яе палягала не толькі ў рэпрэсіях і вынішчэнні культуры і моўнага польскага асяродку на частцы колішняй БССР. Але і, хутчэй за ўсё, мела на мэце назаўжды разарваць сувязі паміж народамі, якія стагоддзі разам суіснавалі на тэрыторыі Беларусі і будавалі палітру ідэнтычнасцей, унікальны моўна-культурны сімбіёз.
Атмасферу тых падзеяў нават уяўляць не трэба. Бо яна ў псіхалагічным плане асабліва не адрознівалася ад нашых рэаліяў.
Сёння дзеючы камандна-адміністратыўны апарат у Беларусі разбурае пахаванні польскіх вайскоўцаў, зачыняе польскія і літоўскія школы, арганізацыі.
І ў гэтым нічога дзіўнага няма. Таму што «апаратчыкі» ў Беларусі на любы спосаб спрабуюць пераканаць у першую чаргу саміх сябе ў тым, што яны з’яўляюцца спадкаемцамі і ідэйнымі працягвальнікамі справаў бальшавіцкіх правадыроў. На сімвалічным узроўні, у заявах і рыторыцы прапаганды. Гэта кідаецца ў вочы.
Хаця ёсць і сумневы. І не толькі з-за неадпаведнасці агучаных ідэалагемаў з рэальнымі дзеяннямі.
Выдае іх лад жыцця і спажывецкія звычкі. А траекторыя фінансава-эканамічнай матрыцы гэтых грамадзянаў хутчэй адпавядае памкненням колішніх ворагаў бальшавікоў. Таму класу, барацьбу з якім дэкларавалі марксісты першай паловы XX стагоддзя.
Зрэшты, не толькі гэта. Відавочна, што ў «спадкаемцаў справы Леніна» не хапае стратэгічнага планавання і фантазіі.
Польскі нацыянальны раён на захадзе Міншчыны
Прыкладам супрацьлеглага сённяшнім дзеянням каманднай сістэмы нацыянальна-сацыяльнага канструявання можа быць стварэнне бальшавікамі на захадзе Мінскай вобласці Польскага нацыянальнага раёна ім. Ф. Дзяржынскага (па розных ацэнках каля 50 тыс. жыхароў) з цэнтрам у Койданаве.
Арганізацыя падобных нацыянальных аўтаноміяў на ўскрайках СССР не была нечым новым. Крамлёўскія чыноўнікі і да гэтага, і пасля неаднаразова займаліся своеасаблівымі спробамі «нацыятварэння». Па сваім разуменні, згодна са сваімі мэтамі, тактыкай і стратэгіяй. Так, ва Украінскай ССР было створана 14 нацраёнаў — польскі, грэцкія, балгарскія і нават нямецкі.
Неабходна адзначыць, што стварэнне ў 1932 г. Польскага раёна адбывалася на фоне згортвання так званай беларусізацыі (хутчэй падыходзіць тэрмін інстытуцыялізацыі беларускай мовы — імплементацыя мовы тытульнай нацыі ў бюракратычныя структуры, сферу адукацыі і культуры ў БССР). А таксама падчас абвастрэння палітычнага і часам узброенага супрацьстаяння беларускіх прабальшавіцкіх арганізацыяў з уладамі на тэрыторыі Польшчы пры наўпроставай падтрымцы крамлёўскіх стратэгаў.
Таму гісторыкі адзначаюць некалькі магчымых кірункаў такога кроку бальшавікоў.
Польскія нацыянальныя раёны ў СССР. Крыніца: opinie.olsztyn.pl
Фактычна бальшавікі спрабавалі стварыць альтэрнатыўны нацыянальны польскі праект. Пры актыўным удзеле з прыцягненнем да адміністратыўнай і адукацыйнай працы польскіх камуністаў, якія эмігравалі з Польшчы Пілсудскага.
Трэба адзначыць, што раён у Мінскай вобласці быў другой падобнай спробай. Першы польскі нацыянальны раён ужо існаваў у Жытомірскай вобласці Украінскай ССР з 1929 г.
На Міншчыне акрамя арганізацыі працы польскай адміністрацыі (на тэрыторыі 6 сельсаветаў) змянілі мову навучання ў школах (агулам каля 100), адчынялі тэатры, польскія рабочыя гурткі і г. д. Вялікая роля надавалася працы прапаганды на польскай мове — радыё, прэса. Дзякуючы праекту польскага эмігранта была нават праведзеная «рэформа мовы» («для спрашчэння навучання працоўных»).
Такі шырокі спектр інструментаў выкарыстоўваўся бальшавікамі для стварэння прывабнай вітрыны, адрознай ад буржуазнай з цэнтрам у Варшаве. Таксама, на думку некаторых гісторыкаў, гнуткая палітыка ў дачыненні да польскай меншасці магла спрыяць большаму ахопу калектывізацыі.
Беларускі даследчык гэтага перыяду Анатоль Вялікі прыводзіць такую цытату прадстаўніка бальшавіцкай адміністрацыі:
«У 1930 г. у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі адбылася тайная нарада, стэнаграма якой захавалася і была мною вывучана. На гэтай нарадзе рэдактар беларускай партыйнай газеты «Зьвязда» Будзінскі шчыра сказаў:
«Мы ствараем гэты раён выключна ў палітычных мэтах. Гэта па-першае. Па-другое, нас цікавіць не столькі гэты раён, колькі будучая рэвалюцыя ў Польшчы»».
Такога кшталту сведчанні даюць хаця б нейкае разуменне мудрагелістых камбінацыяў бальшавікоў у справе стварэння і раптоўнага гвалтоўнага згортвання, праз тры гады існавання, «польскага раёна». Бо пасля 1937-га, калі праект быў афіцыйна юрыдычна скасаваны, большасць інфармацыі была засакрэчана. І тэма «польскай аўтаноміі» ў складзе БССР была своеасаблівым табу не толькі ў СССР, але і ў паваеннай Польшчы пад камуністычнай уладай.
Таму даследчыкі часцяком скардзяцца на недахоп звестак і сведчанняў сучаснікаў, якія альбо вымушаныя былі маўчаць, альбо рэпрэсаваныя цягам так званай «польскай аперацыі» (аператыўных захадаў бальшавікоў па выкрыцці і рэпрэсаванні «польскіх шпіёнаў» на ўсёй тэрыторыіі СССР). Першая хваля якой якраз супадае з пачатковым этапам рэпрэсій супраць польскай адміністрацыі і дзеячаў культуры і асветы на Міншчыне ў 1935 г.
Суцэльныя белыя плямы
Вобмаль інфармацыі ў архівах ёсць прычынай таго, што ў гісторыі арганізацыі і ліквідацыі Польскага раёна на Міншчыне і дагэтуль застаецца шмат белых плямаў. Бальшавікі і іхнія нашчадкі шмат знішчылі і працягваюць хаваць значную колькасць архіваў.
Высветліць пэўныя мэты арганізацыі «аўтаноміі» і цяпер цяжка.
Напрыклад, невядомая дакладная колькасць насельнікаў Польскага раёна, а таксама адсотак грамадзянаў, якія дэкларавалі сваю польскую ідэнтычнасць. Бо з афіцыйных дакументаў вядома, што лічбы з 1932 г. (60%) знізіліся да 25% у 1935. Ці можна ім давяраць?
— Ці гэта была маніпуляцыя партыйных працаўнікоў, ці жыхары раёна былі напалоханыя магчымымі рэпрэсіямі і адмаўляліся ад сваёй нацыянальнасці?
— Ці статыстыка першапачаткова была падробленая для маскоўскіх кіраўнікоў з мэтай рэалізацыі праекта?
— Ці збіраліся паступова пашыраць раён за кошт Вуздзеншчыны і Лепельшчыны?
— Якім чынам насельніцтва рэагавала на рэарганізацыю адукацыі?
— Што стала прычынай згортвання праекта — змены ва ўнутранай палітыцы, ці геапалітычная рэвалюцыя, якая пачалася з прыходам да ўлады Гітлера ў Нямеччыне?
Не менш загадак і па колькасці менавіта рэпрэсаваных з ліку польскіх адміністратыўных і культурна-адукацыйных асяродкаў.
Бо адбываліся рэпрэсіі ў момант чарговай хвалі рэпрэсій супраць беларускага актыву. З шэрагаў камуністычных літаратараў, навукоўцаў, чынавенства, настаўнікаў.
Даследчык гісторыі Польскага раёна беларускага паходжання Мікалай Іваноў апублікаваў наступныя лічбы рэпрасаваных польскіх актывістаў з захаду Міншчыны ў другой палове 1930-х:
«Пераломным у функцыянаванні вобласці быў 1934 г. У гэты час былі ануляваныя вынікі пашпартызацыі, што значна скараціла працэнт палякаў. У абкоме ВКП(б) была праведзена чыстка, у выніку якой з 314 камуністаў 61 быў выключаны з партыі і абвінавачаны ў сувязях з «польскай тайнай паліцыяй». У 1934–1936 гадах большасць польскіх школ былі рэарганізаваныя ў беларускія і рускія.
Пастанова аб ліквідацыі польскай нацыянальнай вобласці ім Дзяржынскага была прынятая на ліпеньскім пасяджэнні ЦК КП(б)Б у 1937 г. Былі ліквідаваныя польскія школы, дзіцячыя дамы, творчыя аб’яднанні, польрабфак пры БДУ, польскія секцыі пры АН БССР, і г. д.
Кульмінацыйным момантам стала «польская аперацыя» НКУС, у выніку якой у 1937–1938 гадах на Дзяржыншчыне было рэпрэсіравана 509 чалавек, з іх 434 прысуджана да расстрэлу.
Праведзеныя антыпольскія грамадска-палітычныя прапагандысцкія кампаніі фарміравалі вобраз Польшчы і палякаў як «ворагаў» і «пасобнікаў фашызму». У беларускім грамадстве склаўся негатыўны вобраз Польшчы і палякаў, і на працягу наступных паўстагоддзя гісторыі БССР «польскае пытанне» было табуяванай тэмай: яно амаль не функцыянавала ў публічнай прасторы і гістарычным наратыве ў Беларусі.
Крыніца: s.lubimyczytac.pl
Разрыў на стагоддзі
Магчымая аператыўная мэта, якая агучваецца гісторыкамі, што прадугледжвала «экспарт рэвалюцыі» ў Польшчу з тэрыторыі БССР, таксама не выглядае зусім неверагоднай. Асабліва калі прыгадаць падзеі, якія адбыліся на поўначы СССР праз некалькі год.
Гаворка аб стварэнні Фінскай Дэмакратычнай Рэспублікі на фінска-карэльскім памежжы ў 1939 г. І далейшыя апеляцыі да міжнароднай супольнасці з боку СССР адносна нелегітымнасці ўрада ў Хельсінкі.
Што цалкам прадказальна скончылася вайсковай агрэсіяй у тым ліку з тэрыторыі «ФДР» супраць войскаў «буржуазнай» Фінляндыі.
Цалкам верагодна, што і ўзгаданая антыпольская прапагандысцкая кампанія, наступствы якой у Беларусі адчуваюцца і да сёння, таксама была адной з ускосных мэтаў стварэння, а потым і ліквідацыі Польскага раёна.
Усе мы з’яўляемся сведкамі таго, што сённяшнія «нашчадкі бальшавікоў» не проста эксплуатуюць тэму, але і ў пэўнай ступені пашыраюць «антыпольскую» рыторыку на некаторыя колы насельніцтва Беларусі.
Шматузроўневыя і складаныя аперацыі, уласцівыя маскоўскім камуністам 1920-х, відавочна не прыходзяць у галовы сённяшніх «стратэгаў» з камандна-адміністратыўнага апарату ў Беларусі. Нягледзячы на спробы капіявання бальшавіцкіх метадаў, у саманазваных «спадкаемцаў славы бальшавікоў» імпэту хапае толькі на пародыю рэпрэсіяў.
Напэўна, у свой час сённяшнія «бальшавікі» не зусім старанна вывучалі гісторыю КПСС, ці да іх трапілі толькі метадычыкі з інструкцыямі па рэпрэсіях.
Але падліваючы масла ў вагонь «антыпольскай прапаганды», апаратчыкі забываюцца на тое, што разам з пашырэннем базы канфліктнасці канчаткова знішчаюць палітру культураў і ідэнтычнасцей, на якой заўжды трымаўся наш край. Такім чынам, набліжаюць Беларусь усё бліжэй да прорвы. Закладаюць варажнечу паміж беларусамі і палякамі на стагоддзі.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org