Ізі Харык. «Адсюль крычу я ў заўтра»

17.03.2023 Асоба

У гэты дзень, 17 сакавіка, у самым канцы ХІХ стагоддзя з’явіўся на свет адзін з заснавальнікаў новай габрэйскай літаратуры Ісак Харык, вядомы беларускаму чытачу як Ізі Харык. Ён зрабіў сабе даволі неблагую кар’еру, але гэта, на жаль, не ўратавала яго ад рэпрэсіўнай машыны. Паэт быў расстраляны ў чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, седзячы ў камеры, Ізі Харык бясконца паўтараў толькі 2 словы: «За што?». У дзень нараджэння паэта прапануем прыгадаць цікавосткі з яго жыцця.


420.jpg
Крыніца: bis.nlb.by

Ужо з адной датай нараджэння Ізі Харыка не ўсё так проста — нарадзіўся ён у Зэмбіне, што на Барысаўшчыне, нібыта ў 1896 годзе. Але потым, калі быў ужо прызнаным літаратарам і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, крыху «амаладзіўся» — калі запаўняў дакументы на атрыманне прафсаюзнага білета, указаў годам свайго нараджэння 1898-мы. Менавіта ён звычайна і фігуруе ў даведніках, энцыклапедыях і папулярных матэрыялах. 

Вучыўся спачатку ў мясцовым хедары, а потым у зэмбінскай народнай школе. У 1919 годзе перабраўся ў Мінск. Быў неабыякавы да палітыкі — яшчэ з 1916 года Ізі Харык быў сябрам габрэйскай палітычнай партыі «Паалей-Цыён», якая ў сваёй палітычнай платформе спрабавала спалучаць ідэі сіянізму і сацыялізму. 

Дзіўнага ў тым міксе нічога не было, бо яшчэ заснавальнікі гэтага руху не маглі дакладна вызначыцца, хто ж яны — рэвалюцыйныя марксісты, якія былі бліжэй да сацыял-дэмакратаў, з якіх у выніку выйшлі бальшавікі і меншавікі, або а народнікаў і эсэраў, якія хаця і былі левымі паводле сваіх поглядаў, не забываліся і аб нацыянальным пытанні. 

Сябрам «Паалей-Цыёну» Харык будзе да 1923 года, а ўжо ў праз колькі гадоў стане сябрам ВКП (б). Эвалюцыя ягоных поглядаў ад сіянізму да камунізму адбывалася паступова, не за адзін дзень, як тое можа падацца. Бо яшчэ ў 1919 годзе ён добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію і браў удзел у войнах на баку бальшавікоў. 

І гэта цалкам лагічна, калі ўлічваць той узровень антысемітызму, які быў на ўскрайках былой Расійскай імперыі. Не хварэлі на яго хіба што левыя або тыя, хто левымі сябе дэклараваў і абвяшчаў інтэрнацыяналізм у якасці новай ідэалогіі для чалавецтва. 

У Расіі адбылася рэвалюцыя, якая не толькі разбурыла прагнілую імперыю, але і незваротна памяняла сацыяльны і палітычны ландшафт. На ўскраінах з’явіліся нацыянальныя рэспублікі, дзе і нацыянальным меншасцям знайшлося месца. Гэта, вядома, непараўнальна з тым, што было «да». У ранняй БССР, як памятаем, было 4 дзяржаўныя мовы — беларуская, руская, польскай і яўрэйская. Таму зусім не дзіва, што Ізі Харык успрымаў новапаўсталую рэспубліку як сваю. 

У міжваеннай Савецкай Беларусі ён зробіць сабе даволі неблагую кар’еру: зойме пасаду рэдактара яўрэйскага часопіса «Штэрн», стане сябрам ЦВК БССР і членам-карэспандэнтам беларускай Акадэміі навук. Будзе ў прыязных стасунках з многімі прадстаўнікамі тагачаснай эліты: Якубам Коласам і Янкам Купалам, Змітраком Бядулем і Платонам Галавачом, Міхасём Чаротам і Алесем Звонакам, а таксама іншымі літаратарамі. Творы Коласа і Чарота ён нават будзе перакладаць на ідыш. 

Дэбютаваў Ізі Харык з сваімі вершамі «Ён і яна» і «У буры» на старонках маскоўскага часопіса «Коммунистический мир» у 1920 годзе. Ад таго моманту ён за даволі кароткі час зрабіў сабе імя ў літаратурных колах — ужо праз два гады выходзіць першая кніга паэзіі пад назвай «Трапятанне». Тады з-пад яго пяра выходзяць такія радкі:

Блукае моўчкі ў небе сейбіт зорны
І тчэ на кветках ранішніх карункі,
А мае вочы, цяжкія, як жорны
Мядзведзямі равуць у промнях гулкіх:
— О, горад, горад!
(Пераклад Вольфа Рубінчыка)

У 1925 годзе ён пачынае друкавацца на старонках часопіса «Штэрн», які тады толькі пачынае выходзіць. Доўгі час выданне не мела свайго галоўнага рэдактара, а выдавалася рэдакцыйнай калегіяй. Яе складалі такія вядомыя літаратары яўрэскага паходжання, як крытык Якаў Бранштэйн, празаік Майсей Кульбак, паэтка Сара Каган ды іншыя. У гэтым можам убачыць прамую карэляцыю з беларускім «Полымем», якое таксама доўгі час выдавалася гуртам, без канкрэтнай персаналіі ў якасці галоўнага рэдактара. У той час Харык глядзіць з аптымізмам у будучыню:

Век настане такі: ўсім на зайздрасць вякам,
А ні я, а ні ты, — будуць іншыя там...
Мне ўсё роўна: ён знойдзе, мой сын, альбо не —
Акрываўлены камень ў чыстай сцяне.
Мы жылі у нянавісці, у барацьбе.
Ой ты, шчасце маё, я не варты цябе.
Ноч за ноччу мінае, дні ідуць чарадой.
Калі што застанецца, дык наш непакой.
Калі што застанецца, дык вецер, які
Нас узносіў у будучыя вякі.
1925
(Пераклад — Рыгор Бярозкін)

У 1928 годзе амбітны Ізі Харык стане спачатку сябрам рэдкалегіі, а потым і сакратаром рэдакцыі «Штэрна». А ўжо праз 2 гады, у 1930-м, зойме пасаду галоўнага рэдактара ў гэтым выданні. У той час на старонках часопіса друкуюцца розныя аўтары — і пачаткоўцы, кшталту Рыгора Бярозкіна, і прызнаныя класікі, накшталт Янкі Купалы або Якуба Коласа. У тым самым 1928 годзе творы Харыка з’яўляюцца ў рэспубліканскім друку ў перакладзе з ідыш на беларускую. 

421.jpg
Крыніца: facebook.com/iziharyk

Першая палова 30-х гадоў — яшчэ адносна вегетарыянскі час для нашай літаратуры. Ізі Харык, як і іншыя пісьменнікі, актыўна друкуецца ў перыёдыцы, выдае кніжку за кніжкай. Яго нататкі можам сустрэць і ў беларускамоўнай прэсе, напрыклад, на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», якая пачала выходзіць з пачатку 1932 года. Што да кніг, то да 1936 года пабачылі свет зборнікі паэзіі: «Мінскія балоты», «На зямлі», «Душой і целам», «Вершы і паэмы», «Хлеб», «Ад полюса да полюса», «Наша бадзёрасць», «Пяць паэм», «На чужым балі» — агулам пад тузін пазіцый. 

Пералом наступіў у другой палове 30-х гадоў, калі сталіншчына праявілася ва ўсёй сваёй красе. Харык быў адным з аўтараў знакамітага «Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну», якое складалася ў канцы вясны — пачатку лета 1936 года. Але абмінуць магчымых праблем літаратару так і не ўдалося, нягледзячы на нібыта вонкавую лаяльнасць. 

422.jpg
Крыніца: bis.nlb.by

Яго арыштавалі ў верасні 1937 года па загадзе Барыса Бермана — тагачаснага наркома ўнутраных спраў БССР, доўга выбівалі паказанні, а атрымаўшы ўсё, што жадалі — прысудзілі да расстрэлу. Пазбавілі жыцця паэта ў чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Ізі Харык седзячы ў камеры бясконца паўтараў толькі 2 словы: «За што?».

Рэабілітавалі творцу толькі амаль праз 20 гадоў, а ў канцы 50-х і другой палове 60-х пабачыць свет выбранае паэта. Але ў шырокі кантэкст ён вернецца значна пазней — ужо пры сконе савецкай эпохі. Парадаксальна, але многае ў сваіх вершах Ізі Харык нібыта прадказаў.

Адсюль крычу я сэрцам і душою
Наступнага далёкім жыхарам:
Хай сённяшняе нашае, зямное
Жыццё-быццё не здасца цудам вам.
Далёка там, у прышласці шчаслівай,
Шукаць для нас не ўздумайце акрас,
Не аздабляйце лірыкай гуллівай,
Легендамі не карануйце нас!
Не карануйце нашыя галовы
Карункамі, сатканымі з святла...
Мы тут былі, мы тут жылі сурова,
І праўда нас суровая вяла.
Мы першыя цагліны закладалі,
І кожны ў мур цаглінай лёг жывой...
Мы ўсе да болю ў сэрцы смуткавалі
Аб пары крыл мяцежных за спіной.
Праз пыл руін мы крочылі калонай,
З’яднаныя ў адзіную сям’ю...
І суджана яшчэ адно было нам —
Пакінуць з песняй гэтую зямлю.
Таму і шлю без смутку, без тугі я
Ад нас, ад акрываўленых, наказ...
Адсюль крычу я ў заўтра:
— Дарагія,
Крылатыя, не карануйце нас!
(Пераклад Аркадзя Куляшова)


Л. Г., budzma.org