У Гродне памёр паэт і педагог Міхась Губернатараў

На 80-м годзе жыцця ў Гродне памёр кандыдат філалагічных навук, паэт і педагог Міхась Губернатараў, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

michas-hubernatarau.png

Міхась Губернатараў нарадзіўся 23 лістапада 1946 года ў вёсцы Ангелаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1969 годзе скончыў Белдзяржуніверсітэт, працаваў настаўнікам, а таксама шмат гадоў адпрацаваў у Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы. Абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці Аркадзя Куляшова.

Першыя творы Міхася Губернатарава з’явіліся ў друку ў 1964 годзе, шмат друкаваўся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах, калектыўных зборніках. Выдаў зборнікі паэзіі "Паверка«(1973) і «Пакланенне агню» (1984). У адным са сваіх ранніх вершаў ён пакінуў нам пажаданне:

Паўторыцца ўсё, нібы сонца ў зеніце, —
Зялёныя травы і хмар караблі...
Кахайце, чакайце, жывіце, свяціце,
О добрыя людзі, на добрай зямлі!