PANaNieba – “Бытавуха”

Cціплы трэк ад вялейскага рэп-гурта PANaNieba, які вы не пачулі на нядаўнім альбоме «На балоце».

Трэк напісаны ў стылі PANaNieba, ніякіх новаўводзінаў няма. Песня распавядае пра звычайнае штодзённае жыццё і тэматычна падобная на трэк «Руны» з альбома «На балоце», так як яны абодва распавядаюць менавіта не пра адзінкавы жыццёвы эпізод, а пра жыццё ўвогуле. Праўда, на погляд шматлікіх слухачоў PANaNieba, у «Рунах» гэтае жыццё паказана больш пазітыўным і цікавым. Фактычна нічога новага ці буйнога гэты трэк не нясе. Не гледзячы на гэта, гурт PANaNieba прываблівае сваёй арыгінальнасцю, якую складана падрабіць ці скапіяваць.

Ад раніцы да вечара, і зноў усё нанова
нас стрымае бытавуха ў мяху сваіх турботаў
Ад раніцы да вечара і зноў усё нанова
Рэальныя героі папулярнага ток-шоў.

Заўважым, што ў гэтым трэку, як і ў некалькіх папярэдніх ёсць некалькі слоў з трэкаў, якія былі на PANaNieba’ускім альбоме. З пытаннем, чым выклікана такая акалічнасць у паўторах, мы звярнуліся да аднаго з двух удзельнікаў гурта PANaNieba, SP Kava. На нашу крытыку ён адказаў проста і коратка: «Напэўна думкі паўтараюцца». У нейкі момант рэперам падалося, што трэк «Бытавуха» не надта пасуе да агульнай канцэпцыі альбому, таму вырашылі не ўключаць яго ў альбом. І вось, каб так проста ён не губляўся выкінулі ў сеціва.

Мікола Заяц