Пра паштовую сувязь у дзяржаве, што праіснавала амаль два гады, напісана шмат працаў.
Само гістарычнае ўтварэнне Сярэдняя Літва існавала на тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў 1920–1922 гг.
Гістарычныя падзеі 1920 года разгортваліся наступным чынам.
Паводле ўмоваў падпісанай 7 кастрычніка 1920 Сувалкаўскай дамовы паміж Польшчай і Літвой, Віленшчына лічылася тэрыторыяй Літвы. Але адначасова аператыўная група “Беняконі” пад камандаваннем генерала Л. Жалігоўскага заявіла 8 кастрычніка пра выхад з падпарадкавання польскаму галоўнаму камандаванню. Пазней і Жалігоўскі, і кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі прызнавалі, што ініцыятарам гэтага меркаванага бунту быў сам Пілсудскі, які не бачыў іншага спосабу вярнуць Вільню.
Група, у склад якой уваходзілі 1-я Літоўска-беларуская дывізія генерала Р. Радкоўскага і група маёра М. Зындрам-Касцялкоўскага, заняла Вільню і пачала рухацца ў напрамку Коўна. Падчас наступлення войскі Жалігоўскага дасягнулі мястэчка Кейданы ў цэнтры Літвы. У выніку ўмяшання Кантрольнай камісіі Лігі Нацый 29 лістапада было заключанае перамір’е; на тэрыторыі, занятай часцямі Жалігоўскага, арганізавалася незалежная адміністрацыйная адзінка, якая атрымала назву Сярэдняя Літва.
Згодна з дэкрэтам галоўнакамандуючага войскамі генерала Жалігоўскага, тэрыторыя Сярэдняй Літвы спачатку ўключала 14 гмін Браслаўскага, па адной гміне Вілейскага і Дзісненскага, 19 гмін Віленскага павета, Трокскі павет, гміны Лідскага павета на правым беразе Нёмана і 8 гмін Гродзенскага павета. Пазней мяжа Сярэдняй Літвы была перанесеная крыху на поўнач і прайшла па лініі Алкенікі — Беняконі — Дзевянішкі — Трабы — Лебедзі, на захад ад Маладзечна і Вілейкі, потым на поўнач да Казян і ракі Заходняя Дзвіна, на захад ад Друі. Сярэдняя Літва ў выніку поўнасцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Свянцянскі, Трокскі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі паветы; яна займала каля 10 тыс. км² і налічвала 530 тыс. чал., 40% з якіх складалі беларусы.
Менавіта ў гэты момант і з’явіліся першыя паштовыя маркі гэтай дзяржавы. Маркі з даволі вялікімі накладамі і цікавымі малюнкамі.
Першыя маркі выйшлі 20 кастрычніка 1920 і мелі выяву двух гербаў, “Белага арла” і “Пагоні”. На марках 1920–1922 можна ўбачыць выявы помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні (сярод якіх касцёл Св. Ганны і Вострая брама), выявы каралевы Ядвігі і Ягайлы, Тадэвуша Касцюшкі і Адама Міцкевіча. Некалькі разоў выходзілі маркі з партрэтам Жалігоўскага. У лістападзе 1921 выйшла марка, прысвечаная ўваходу войска Жалігоўскага ў Вільню 9 кастрычніка 1920.
Па гэтых марках можна вывучаць гісторыю Рэчы Паспалітай, дзяржавы двух народаў.
Самым цікавым, на думку многіх калекцыянераў, стаў выпуск, прысвечаны гісторыі Рэчы Паспалітай: тут і гістарычныя асобы (каралі Рэчы Паспалітай, Тадэвуш Касцюшка, архітэктар Віленшчыны), і выявы гербаў, як Польшчы, так і Сярэдняй Літвы.
Самымі рэдкімі выпускамі з’яўляюцца выпускі наддруковак, якія прайшлі пошту. Наддрукоўкі былі зробленыя як на літоўскіх марках, так і на ўжо выпушчаных марках у Сярэдняй Літве.
Апроч стандартных марак, якія мы бачым на малюнку, было зроблена некалькі серыяў марак, так бы мовіць, мастацкіх, выдадзеных вялікім для таго часу накладам – да 100 тысяч асобнікаў. Сабраць гэтыя маркі ў праштэмпеляваным выглядзе даволі цяжка.
За два гады існавання на гэтых землях пошты было зроблена 47 паштовых і 6 даплатных марак, якія могуць упрыгожыць калекцыю любога філатэліста, што цікавіцца гісторыяй пошты на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Самая вялікая рэдкасць для калекцыянера – выпускі марак, што прайшлі на канвертах. Іх цана можа сягаць некалькіх сотняў даляраў.
У маёй асабістай калекцыі, хаця я збіраю паштовыя маркі ўжо больш за 20 гадоў, такой маркі да сённяшняга часу няма.
Маркі гэтай дзяржавы сёння можна знайсці на польскіх і нямецкіх аўкцыёнах.
Цэны марак на сённяшні дзень невялікія: серыя стандартных марак – да 5 даляраў, а маркі, што прайшлі пошту, каштуюць да 20 даляраў, у залежнасці ад накладу.
Адным з апошніх выпускаў гэтай дзяржавы стаў выпуск, прысвечаны генералу Жалігоўскаму і сейму Сярэдняй Літвы, які вызначаў лёс гэтага ўтварэння.
У красавіку 1922 года Сярэдняя Літва ўвайшла ў склад Польшчы ў выглядзе Віленскага ваяводства.
Андрэй Мялешка