100-годдзю народнага пісьменніка прысвячаецца
Васіля Быкава шмат хто ўспрымае выключна праз прызму яго творчасці, абмінаючы або наогул не кранаючы асабістае жыццё пісьменніка ў мірны час. Калі пра сяброўства з рознымі пісьменнікамі матэрыялы час ад часу выходзяць, то пра асабістае жыццё творцы зусім мала гаворыцца. Можа таму, што сам Васіль Уладзіміравіч пра гэта рэдка казаў, хоць успаміны пра бацькоў і свае маладыя гады пакінуў досыць яскравыя. Што вядома пра бацькоў Васіля Быкава? Як складваліся ягоныя ўласныя сямейныя адносіны, распавядаем у артыкуле.
Васіль Быкаў. Фота з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
У якой сям’і нарадзіўся Быкаў
Васіль Уладзіміравіч нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна. Маці паходзіла з іншай вёскі суседняга Глыбоцкага раёна. Пісьменнік успамінаў: «Маці Ганна Рыгораўна паходзіла зь вёскі Завулак, якая апынулася па той бок мяжы, пад Польшчай. За мяжой застаўся і яе брат, той, што лавіў рыбу. Яна ўвесь час па ім гаравала, асабліва як агітатары распавядалі, што працоўныя ў Польшчы гібеюць без правоў і бяз хлеба».
Бацька быў па ўспамінах пісьменніка строгім, а маці наадварот дужа мяккая. У Быкава была яшчэ старэйшая сястра, якая памерла, калі ёй было 15 гадоў. У кнізе «Доўгая дарога дадому» Васіль Уладзіміравіч успамінае наступнае: «Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антуніна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў... Пасьля мяне нарадзілася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мікола (памёр у 2000-м). Ну, калі яшчэ казаць пра бацькоў... Бацька быў даволі строгі да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойваліся. Маці ж, наадварот, — дужа мяккая і жальлівая, я ніколі ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай і добрасьцю. І я лічу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлітасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцінстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоіў ад маці занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзіла — на вайне і пасьля вайны. Асабліва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару». Такім чынам, пісьменнік лічыў, што яму шкодзіў надта мяккі характар маці, падкрэсліваў гэта ў сваіх успамінах неаднойчы.
Васіль Быкаў разам з сястрой Валянцінай, стрыечным братам Іллём з сынам, бацькамі Ганнай Рыгораўнай і Уладзімірам Хведаравічам. Вёска Бычкі. Сярэдзіна 1960-х гг. Крыніца: narbel.bsu.by
Для бацькоў пісьменніка гэта быў ужо другі шлюб. Бацька Васіля Быкава, вярнуўшыся дахаты пасля Першай сусветнай вайны, ажаніўся з вясковай дзяўчынай. Але пражылі яны мала — жонка памерла пры родах, не выжыла і дзяўчынка-немаўля.
Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся ў другі раз — ужо з маці Васіля Быкава Ганне Рыгораўне. Яна жыла таксама ў Бычках, была ўдавой — яе першы муж паехаў на заробкі ў Расію і там прапаў. У Ганны Рыгораўны была дачка ад першага мужа, але яна памерла ў сямнаццаць гадоў. Бацькі Быкава пражылі ўсё жыццё вельмі дружна, не лаяліся, дапамагалі адно аднаму па гаспадарцы.
Быкаў з маці Ганнай Рыгораўнай. Крыніца: profil.adu.by
Пра свайго бацьку народны пісьменнік Беларусі прыгадваў тое, што лёс яго быў няпросты, бо прыйшлося быць на вайне і ў нямецкім палоне, які ён, дарэчы, згадваў добрым словам:
«Бацька Уладзімер Хведаравіч у маладосьці нямала пабадзяўся па сьвеце і толькі на старасьці жыў у роднай вёсцы... Зямлі было мала, казалі тады — два надзелы, дык бацька кожнае лета хадзіў у адыходнікі — на цагельныя заводы ў Латвію, пасьля служыў чатыры гады ў царскай арміі, у Горадні, дзе, дарэчы, пасьля і мне давялося жыць. Толькі прыйшоў са службы, пачалася Першая сусьветная вайна, быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію, недзе ў Аўгустоўскіх лясах трапіў у палон і апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалі, было па-рознаму, як, дзе і каму. На заводах і ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў, здаралася, і нішто. Канешне, трэба было працаваць, але немцы кармілі, апраналі, неяк клапаціліся аб працаўніках, ня тое, што пасьля на радзіме, у калгасах.
Бацька часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што ў мяне, вечна галоднага падлетка, выклікала непаразуменьне і зайздрасьць».
Можна толькі ўявіць, як цяжка жылося ў Савецкай Беларусі, каб дзіця зайдросціла бацьку, які сыта жыў у палоне. Гучыць на цяперашні час абсурдна, але, відавочна, што савецкая «свабода» на той час была горшай за варожы палон.
Час калектывізацыі запомніўся пісьменніку плачам маці і панурасцю бацькі, у якіх спецыяльная брыгада адабрала ўвесь харч і муку на патрэбы «агульнай гаспадаркі»: «Я ніколі ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: «Чаго ты?». А бацька кажа: «Не чапай яе — арганізаваўся калгас». Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада і выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў і засекаў. Во і кармі дзяцей! Дык маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося».
Наогул у той складаны час бацьку будучага пісьменніка было вельмі няпроста, бо сям’я папросту выжывала, а гаспадар нічога зрабіць не мог:
«Той час запомніўся мне нязвыклаю панурасьцю бацькі. Звычайна ён прыходзіў з калгаснае працы, моўчкі сёрбаў штось зь міскі, выйшаўшы з хаты, сядаў на калоду ў дрывотні. Моўчкі курыў. Маці яго тады не чапала, мы маўчалі таксама. Мне здавалася, што бацька злуецца — на мяне, можа? I я таксама трохі крыўдаваў на яго, дурань. Куды пазьней зразумеў прычыну бацькавай панурасьці — яму, як і сялянам наогул, ня стала як жыць».
Школьныя гады Васіля Быкава
Менавіта бацька завёў малога Васіля ў школу, а таксама прачытаў яму першы літаратурны твор («Гой» Міхася Лынькова («I плакала Рыва...»), калі таму было 6 гадоў: «Сталася так, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсьць год. Сяджу адзін дома, а ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў зь ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якім я хадзіў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро. I пачаў я вучыцца.
Відаць, да гэтага часу (а можа, трохі раней) адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова («I плакала Рыва...»)».
Малы Васілёк — жыхар вёскі Бычкі Ушацкага раёна, а ў будучым славуты пісьменнік. Крыніца: bibldrog.by
Цікавыя ўспаміны пра пісьменніка школьных гадоў пакінула яго родная сястра Валянціна Быкава: «З чацвёртага класа Васіль вёў дзённік, запісваў усё. Неяк, калі брата не было дома, я знайшла тыя запісы (была надта цікаўная), і мы з сяброўкай пачалі чытаць. Мы знайшлі запіс пра тое, як Васілю спадабалася адна дзяўчынка-аднакласніца. Мы вылічылі па літарах — К.Н. Пазней прызналіся Васілю, і ён нас не лаяў, а толькі паглядзеў так сурова, што мы спужаліся і схаваліся на печы... Пачынаў ён пісаць і вершы, але хутка кінуў, нешта не пайшло ў яго. Помню, нават пасылаў свае вершы ў газету «Чырвоная змена». Увесь час бавіў за кніжкай, усю Кубліцкую бібліятэку перабраў».
Сястра Васіля Уладзіміравіча ўзгадвае брата ў школьныя гады як паслухмянага хлопчыка, які дапамагаў бацькам і цягнуўся да навукі:
«Васіль быў вельмі ціхім і паслухмяным хлопцам, слухаўся бацькоў, дапамагаў ім. Аднаго разу, недзе пад зіму, бацькі не было дома, а ў хляве ляжала вялікая горба выкапанай бульбы. І мама папрасіла брата перанесці яе ў хату, каб не памерзла. І ён адзін перанёс усю тую бульбу! Мама вельмі цешылася з гэтага.
А неяк Васіль зрабіў сабе драўляныя канькі, абабіў жалезам і хадзіў катацца на сажалку. Часам катаўся дапазна, і бацька хадзіў зваць яго дадому. Пазней сам сабе і лыжы зрабіў, ездзіў на іх зімой у школу... А як падрос, дык нікуды не хадзіў, нават на танцы. Бывала, хлопцы клічуць на вечарынку, а ён адказвае — я лепш кніжку пачытаю. Чытаннем, бывала, так захапляўся, што сядзеў да ранку. Бацька прачнецца і гоніць спаць».
Сястра пісьменніка Валянціна Быкава. Крыніца: haradok.info
Да вучобы Васіля Уладзіміравіча падштурхоўваў бацька, бо разумеў, што ў калгасе беспрасветная будучыня, галота і голад, раіў сыну паступаць у горад: «Во бацька і кажа: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухі зачахнеш. А там, у Віцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў — гэта ж грошы!». Праўда, бацька меў розум сялянскі, і яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскі выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыўся на настаўніка ды паступіў у партыю, як наш Новікаў. Начальнікам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана...».
Уласная сям’я Васіля Быкава
Пасля дэмабілізацыі Васіль Быкаў спачатку працаваў у гродзенскіх майстэрнях, а пасля ўладкаваўся ў газету «Гродзенская праўда». Менавіта тут Васіль Уладзіміравіч і пазнаёміўся са сваёй першай жонкай, школьнай настаўніцай Надзеяй Кулагінай. Ён працаваў у рэдакцыі «Гродзенскай праўды», яна падпрацоўвала там жа карэктаркай, калі вучылася ў педінстытуце.
Надзея Андрэеўна на доўгія 30 гадоў стала спадарожніцай жыцця Васіля Быкава. У сям’і нарадзілася двое сыноў Сяргей (1952 года нараджэння) і Васіль (1957 года нараджэння).
У раннія гады Надзея Андрэеўна разам з маладым пісьменнікам і ваенным (на той час) адправілася на Курылы (пасёлак Галаўніно на паўдзённым канцы вострава Кунашыра), дзе Васіль Уладзіміравіч праходзіў службу з пачаткам так званай «халоднай вайны». Жонка Быкава была нядаўняй выпускніцай Гродзенскага педінстытута, але выправілася разам з мужам у далёкі ды нязведаны шлях. Менавіта на Курылах нарадзіўся старэйшы сын Васіля Быкава — Сяргей: «Зімой, якраз на дзень Савецкай арміі, у мяне нарадзіўся сынок Сярожка. Быць яму генэралам, жартавалі сябры, маючы на ўвазе знакамітую дату нараджэньня. Генэралам ня стаў, але добра, што выжыў у тае халадэчы, каля жалезнай печкі, да якой ніколі не хапала дроў. Відаць, змалку загартаваўся ў японскім клімаце. Жонка рабіла ў школе, а ён, падросшы, выхоўваўся ў кампаніі ката — вялізнага пухнатага стварэньня, прыязнасьць якога да малога стала выклікаць непакой. Кот ратаваў яго ад сьцюжы, але мог незнарок і прыдушыць, такі быў вялікі. Я спрабаваў ад яго пазбавіцца, ды марна.
У канцы восені прыйшоў загад: адправіцца на Сахалін для вучобы. Жонка і сын з катом заставаліся на Кунашыры».
Разам з першай жонкай Надзеяй і сынам Сярожам. Далёкі Усход, 1954 год. Крыніца: narbel.bsu.by
Вось што ўзгадваў пісьменнік пра тое, як давялося жыць у Гродне, пасля вяртання ў Беларусь са службы на Курылах: «Празь Менск прыехаў у Горадню, куды трохі раней прыехала жонка з сынам. Тут настрой мой крыху апаў: кватэрка жончынай сястры Веры аказалася мізэрненькай, у старым доме, і хоць гаспадары спаткалі падсяленцаў увогуле гасцінна, я зразумеў, што доўга тут жыць нельга. Тут жа высьветлілася, што гаспадар і праўда афіцэр, але з пэўнага роду войск і служыць у абкаме ў якасьці ад’ютанта першага сакратара.
Колькі дзён патраціў на стаўленьне на ўлік у ваенкамаце, атрыманьне пашпарту. Наконт кватэры ваенкамат нічым памагчы ня мог, адсылаў у гарвыканкам. Той абяцаў паставіць на чаргу. Чарга, вядома ж, ільготная, так што чакайце, можа, калі і атрымаеце. Забягаючы наперад, зазначу, што чакаць давялося тры доўгія бескватэрныя гады, перажыўшы не адну кватэрную драму».
За гродзенскі перыяд сям’я Быкава змяніла з дзясятак месцаў жыхарства.
Першая жонка Быкава на друкарцы спецыяльна навучылася набіраць тэксты, хадзіла нават на курсы машынапісу, каб рэдагаваць творы свайго мужа. З цягам часу Надзея Кулагіна нават кінула працу ў школе, каб стаць асабістым сакратаром Быкава, хоць настаўніцай яна была «ад Бога».
Нягледзячы на доўгі сумесны шлях, у 1978 годзе Быкаў сыходзіць з сям’і і пераязджае ў Мінск. Прычым Быкаў нават не сказаў пра гэта жонцы, проста з’ехаў у Мінск і ўжо не вярнуўся. Кулагіна спачатку не зразумела, што муж сышоў з сям’і, але пасля таго, як Быкаў доўга не вяртаўся, усё зразумела. Адбылася чалавечая трагедыя, бо жонка Быкава цяжка перанесла сыход мужа і праз чатыры гады памерла ад анкалагічнага захворвання ва ўзросце 57 год.
Тым не менш фактам застаецца тое, што Васіль Быкаў і Надзея Кулагіна пражылі разам 30 гадоў.
Пра сваіх сыноў, як і наогул асабістае жыццё Васіль Уладзіміравіч гаварыў няшмат, бо сямейныя клопаты, радасці і праблемы для пісьменніка былі прыватнай справай, якой ён не асабліва дзяліўся с кім-небудзь. Вось адна з рэдкіх згадак Васіля Быкава пра сыноў:
«Старэйшы, Сяргей, скончыў вайсковую вучэльню ў Палтаве і служыў у Лейпцыгу. Нядаўна ў яго нарадзіўся сынок, таксама Сярожка. Малодшы, Васіль, ужо працаваў доктарам у Горадні, захапляўся рыбалкай.
У мяне з сынамі былі нармальныя адносіны. Дрэнна хіба, што пры пэўных абставінах жыцця я ня мог стварыць ім нацыянальных умоваў выхавання, і хлопцы выраслі па сутнасці ў касмапалітычным гарадcкім асяродку. Жонкі іх таксама былі небеларускамі, — у аднаго расіянка, а ў другога ўкраінка».
Малады Васіль Быкаў разам з сынамі Васем і Сярожам. Крыніца: narbel.bsu.by
Гэта між іншым з’яўляецца самым яскравым адказам на пытанне «Чаму Быкаў выхоўваў дзяцей па-руску?», якое нядаўна разгарэлася ў сацыяльных сетках. Больш за тое, не трэба забываць, што першая жонка пісьменніка была настаўніцай рускай мовы. Гэта таксама паўплывала на выхаванне дзетак. Тым не менш нацыянальныя ідэі і беларуская мова для іх не чужыя, а творчасць свайго бацькі яны цэняць і паважаюць, пісьменніцкую спадчыну Васіля Уладзіміравіча перадаюць ужо сваім дзецям. Да прыкладу, старэйшы сын Сяргей Быкаў падчас пахавання бацькі накрыў яго цела бел-чырвона-белым сцягам, хоць улады патрабавалі прыбраць гэтую сімволіку з пахавальнай працэсіі.
Пра старэйшага сына Быкава неяк казаў вядомы літаратуразнаўца Міхась Тычына: «Калі я бачу Сяргея, успамінаецца Васіль Быкаў, у якога ўсё наперадзе — і радасныя гады, і горкія хвіліны».
Сяргей Быкаў на фоне мемарыяльнай шыльды ў Мінску. Крыніца: svaboda.org
Абодва сыны захоўваюць памяць пра бацьку, з’яўляюцца непублічнымі людзьмі, хоць перыядычна нешта распавядаюць пра Васіля Уладзіміравіча. Вось, да прыкладу, што ўспамінаў малодшы сын пісьменніка:
«Я быў малодшым сынам і, зразумела, бачыў, як бацька працаваў у сваім пакоі ў доме па вуліцы Алега Кашавога. Абмяркоўваць са мною планы будучых твораў у той час, вядома, не было сэнсу. Аднойчы ён прызнаўся, што лепш працуецца яму тады, калі ён адзін дома, калі ніхто не перашкаджае: ні дзеці, ні жонка. Памятаю, што я і старэйшы брат часта бывалі ў яго пакоі, хацелі залезці ў яго паперы. Нам там было цікава, мы гулялі, але бацька нас не выганяў з памяшкання. Цяпер я сам разумею, што дзіцячая беганіна перашкаджае ў працы і не дае магчымасці сканцэнтравацца».
Малодшы сын славутага пісьменніка ў адным з інтэрв’ю прыгадваў, што бацька Васіль Уладзіміравіч быў добрым, уважлівым і не абдзяляў сыноў падарункамі: «Бацька быў уважлівы да дробных просьбаў. З камандзіровак ён заўсёды нешта прывозіў. У мяне не было сцізорыка, і ён мне яго прывёз. Гэта была рэдкая рэч. І ўвогуле ён быў добры. Неяк мы з хлопцамі майстравалі самакаты ў двары. А ён ішоў у плашчы ды з партфелем з працы. Убачыў, што мы, малыя, калоцім малаткамі, і паспрабаваў дапамагчы. Ён не саромеўся прыняць удзел. Гэта мне вельмі падабалася».
Дарэчы, пісьменніцкі дар так ніхто і не пераняў: ні сыны, ні ўнукі. Пры гэтым варта адзначыць, што малодшы сын спрабаваў пісаць апавяданні на рыбацкія тэмы, але прафесійна пісьменніцкай справай ніхто з нашчадкаў не заняўся.
Другая жонка Быкава
У 1978 годзе Быкаў пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. Менавіта з гэтага часу ён займаўся выключна творчай працай. Праз год пасля пераезду ў Мінск да яго пераехала былая калега з «Гродзенскай праўды» Ірына Суворава. Яна і стала другой жонкай пісьменніка, ахвяраваўшы дзеля гэтага сваёй сям’ёй.
Вось як сам пісьменнік адгукаўся пра другую сваю спадарожніцу жыцця ва ўласных успамінах:
«Iрына адной зь першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ. Пасьля яна паслугоўвала мне таксама ў якасьці машыністкі-друкаркі і першага крытыка маіх твораў.
Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасьць пакрысе перарасла ў сталае пачуцьцё. Пачуцьцё тое набыло пэўны характар, калі я трапіў у чорную паласу літаратурна-палітычных зьдзекаў, калі гарадзенскае начальства і шмат якія з маіх калегаў-пісьменьнікаў і журналістаў пачалі праяўляць да мяне непрыязь.
Iрына стаяла на сваім, падтрымлівала і верыла ў мой шчасьлівы літаратурны лёс, хаця з кожным годам рабіць тое выпадала ўсё болей складана. Важна яшчэ і тое, што толькі двое нас у рэдакцыі былі беспартыйныя».
Васіль Быкаў з другой жонкай Ірынай Міхайлаўнай. Крыніца: narbel.bsu.by
Прычым з Ірынай ён быў знаёмы вельмі даўно, літаральна з часоў свайго першага з’яўлення ў якасці супрацоўніка газеты «Гродзенская праўда». Вось што піша ва ўспамінах «Доўгая дарога дадому» пісьменнік, што вярнуўся ў Гродна пасля службы на Курылах: «Там жа, на Падгорнай, напісаў першае пасьля звальненьня апавяданьне, якое аднёс у рэдакцыю. Там у адзьдзеле культуры пазнаёміўся з літкансультантам Міхасём Васільком і аднавіў колішняе знаёмства з літсупрацоўніцай гэтага аддзелу Iрынай Суворавай. Трохі знаёмы з ёй быў з 49-га, калі яна студэнткай прыязджала на газэтную практыку ў Горадню». У гэтых успамінах ёсць таксама цікавыя радкі, дзе Васіль Уладзіміравіч згадвае наступнае «Ірына Міхайлаўна... стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся».
Другая жонка пісьменніка фактычна таксама стала яго асабістым сакратаром, набірала і рэдагавала яго тэксты. Яна заўсёды была побач з Быкавам, нават калі пісьменнік быў вышуманы з’ехаць з Беларусі з-за палітычнага ціску. Ужо пасля смерці пісьменніка Ірына Міхайлаўна стала і дасюль з’яўляецца захавальніцай яго літаратурнай спадчыны. Менавіта Ірына Міхайлаўна Быкава перадала на бязвыплатнай аснове лецішча пісьменніка для стварэння там музея-дачы Васіля Уладзіміравіча.
Хведар Прылёпаўскі