Як ствараецца беларускае незалежнае кіно ў прыцемках дыктатуры. Беларускія кінакрытыкі і незалежныя кінематаграфісты абмеркавалі будучыню беларускага кінематографа, піша Reform.news
Максім Жбанкоў і Ірэны Кацяловіч на (анты)з'ездзе беларускіх кінематаграфістаў. Фота: Aleksandra Kononchenko.
«Дзіўная рэч, у нас нічога няма, а беларускае кіно ёсць», — культуролаг і кінакрытык Максім Жбанкоў на дыскусіі «Пасля Беларусі. Ці ёсць жыццё ў беларускім кіно?» правакатыўна звяртаецца да спікераў і аўдыторыі. Публіка ў зале — беларускія незалежныя кінематаграфісты і крытыкі, якія сваёй дзейнасцю працягваюць сцвярджаць тое, што беларускае кіно жыве. Кожны раз, трапляючы на падобныя мерапрыемствы, схопліваеш адчуванне радасці і адначасовага сюру: у часы турбулентнасці і прыцемкаў дыктатуры хтосьці па-ранейшаму, не зважаючы на скепсіс гледача і спонсараў, робіць свае кінапраекты. У Нямеччыне на мінулым тыдні прайшоў ІІ (анты)з’езд беларускіх незалежных кінематаграфістаў, які паказаў, што гэтыя людзі яшчэ ёсць.
Заснавальнікам і арганізатарам (анты)канферэнцыі з’яўляецца Беларуская сетка фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Nertwork). Летась BFM на чале прадзюсарам Леанідам Каліценем ладзілі сустрэчу ў Варшаве, сёлета нефармальная падзея адбылася пад Берлінам і сабрала больш за 50 кінематаграфістаў з Польшчы, Літвы, Грузіі, Чэхіі, Германіі і іншых краін. Нагадаем, што (анты)з’езд пабудаваны па прынцыпе BarCamp, што мае на ўвазе гібкі фармат, калі ўдзельнікі самі могуць прапаноўваць розныя івэнты. Сёлета праграма была структуравана па чатырох панэлях, наведаўшы мерапрыемства на якіх можна было, скажам, дазнацца, да прыкладу, як здымаць мікрабюджэтнае кіно, ці як уладкавана Еўрапейская сістэма падтрымкі кінаіндустрыі, ці серыял «Працэсы» — гэта кінапраўда альбо чорны цырк?
Леанід Каліценя на Другім (анты)з’ездзе беларускіх незалежных фільммейкераў. Фота: Aleksandra Kononchenko.
Хто, навошта, як?
Перш, чым разабрацца з серыялам «Працэсы», хацелася б акрэсліць уласна працэсы ў беларускім кіно.
(Анты)з’езд як пэўны маркер дазволіў убачыць, хто сёння знаходзіцца ў кінасправе, якія праекты і дзеячы вядуць рэй у медыяполі і супольнасці. Па праграме і складу ўдзельнікаў, можна было заўважыць, што сёння час YouTube-праектаў і мікрабюджэтнага кіно, нягледзячы на тое, што такія прарывы як серыял Андрэя Кашперскага «Працэсы» і поўнаметражная стужка Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» гучна заявілі пра сябе і працягваюць шэсце па кінафестывалях.
Менавіта гэта «ўнікальнае палажэнне» беларускага незалежнага кінематографа і было абмеркавана на дыскусіі «Пасля Беларусі. Ці ёсць жыццё ў беларускім кіно?».
«Тая краіна, якая была — яе няма ў любым выпадку, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі прадзюсар Леанід Каліценя. — Зараз мы канчаткова «даядаем» рэсурсы, «дажоўваем» апошнія ідэі, назапашаныя яшчэ адтуль, нашы апошнія прадстаўленні аб міры рассыпаюцца. І я назіраю дзве інтэнцыі сярод людзей майго атачэння: адзін шлях — гэта паспрабаваць захаваць, архіваваць тое, што засталося, а другая — пайсці наперад у будучыню, якая цалкам не зразумелая. Наперадзе — цемра», — не выказаў аптымізму прамоўтар, абапіраючыся на біблейскую гісторыю пра Майсея.
Кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Фота: Aleksandra Kononchenko.
З ім не пагадзілася кінакрытык і адна з заснавальніц Беларускай незалежнай кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч. «Беларускае кіно застанецца, пытанне толькі ў тым, што мы мусім яго перарабіць, перавызначыць, — сказала яна. — Бо цяпер яно будзе на 90 адсоткаў не беларускае паводле прадукцыі. Беларускае яно можа быць паводле рэжысёра, паводле чагосьці яшчэ, але яно будзе інтэграванае ў замежныя індустрыі». Журналістка падкрэсліла, што кіно заўсёды ўлічвае ўмовы, у якіх яно існуе і ствараецца. Але гэта не значыць, што тыя рэжысёры, якія будуць змагацца за месца ў замежнай кінаіндустрыі (а заняць гэта месца яшчэ патрабуе высілкаў), мусяць выкрэслівацца з беларускага кантэксту.
У звязку з гэтай тэзай ужо зараз можна ўзгадаць імёны той жа Мары Тамковіч, беларускай рэжысёркі, якая жыве і працуе ў Польшчы — на поўнаметражны метр «Пад шэрым небам», натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, аўтарка «У жывым эфіры» атрымала сродкі ад Польскага інстытута кіно. Аляксей Палуян, аўтар дакументальнай стужкі «Смеласць», прысвечанай беларускім пратэстам 2020-га, рабіў сваю нашумелую карціну за сродкі нямецкіх кінафондаў. Дар’я Жук, рэжысёрка кінахіта «Крышталь», акурат зараз знаходзіцца ў пошуку фінансаў на праект «Менавіта тое, што падаецца» — Дар’я плануе зняць ігравы фільмы пра Беларусь у нечаканым жанры навукова-фантастычнай сатыры. Заўважым, што ўсе гэтыя праекты распавядаюць пра Беларусь, хоць нараджаюцца праз падтрымку замежных кінаінстытуцый.
Андрэй Кашперскі. Фота: Aleksandra Kononchenko.
Але названыя аўтары ўжо мелі досвед міжнароднай вытворчасці і да 2020 года, заўважыць дасведчаны чытач. Не кожны рэжысёр мае падобны сімвалічны капітал і магчымасці. А ў сітуацыі, калі сёння скарачаецца фінансаванне беларускіх медыяпраектаў, колькі кінематаграфістаў здолеюць ствараць кіно без сродкаў і краіны? Гэта пытанне, якое, сапраўды, «б’е» ў балявое месца.
«Можа варта тады змясціць акцэнт на нерв у іншым месцы? На працэс, на нетворкінг?» — прапанавала адна са спікерак дыскусіі.
Леанід Каліценя, развіваючы тэзу, узгадаў прыклад нямецкага руіннага кіно, якое існавала ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў Германіі. У гэты перыяд была знятая зусім малая колькасць карцін.
«А потым прыйшоў Фасбіндэр», — давёў сваю думку прадзюсар, што на культурным «перагноі» ўзыходзяць «найпрыгажэйшыя кветкі». Маўляў, тое, што адбываецца сёння ў нашым кіно — і ёсць такая «закваска», якая стане асяродкам для з’яўлення новага жыцця.
«Легчы косткамі пад ногі Фасбіндэра?» — іранічнага пажартаваў пра прапанаваную паралель паміж беларускім і нямецкім кіно Максім Жбанкоў.
У выніку дыскусія ўсё ж прыйшла да таго, што сёння нараджаецца не традыцыйны, а сеткавы праект беларускага кіно. Праект, які ў выніку стварае малабюджэтныя, фестывальныя карціны, і якому, калі пашанцуе, удасца далей сябе раскручваць і прадаваць.
Падчас (анты)з’езду. Фота: Aleksandra Kononchenko.
Дык а што з мікрабюджэтамі?
Магчыма, шаноўны чытач не ведае, але ў гэтым годзе быў запушчыны ўжо другі Інкубатар мікрабюджэтнага кіно. Што гэта такое? Ініцыятыва ад BFN, якая дае магчымасць маладым рэжысёрам рабіць свой поўны метр пры мінімальных бюджэтах. Якіх? У Інкубатары 1.0 агучваліся лічбы ў 1900 долараў на вытворчасць і 500 долараў на постпрадакшн. «Смешныя грошы», — як той казаў. Але варта адзначыць, што маладыя аўтары не кінуты сам-насам у мікрабюджэтную вытворчасць, а папярэдне атрымоўваюць невялікую серыю майстар-класаў, як увогуле можна (умудрыцца) стварыць кіно за такія сціплыя сродкі.
Адзначым, што гэту ініцыятыву ад Беларускай сеткі фільммейкераў курыруе Уладзімір Казлоў — пісьменнік, сцэнарыст і рэжысёр сямі мікрабюджэтных фільмаў, чалавек, які ведае механізмы стварэння такога кіно. Доказы таму — апошняя карціна кінематаграфіста «Лето 1989» перамагла ў намінацыі «Найлепшы сцэнар» і была намінавана ў катэгорыі «Найлепшы ігравы фільм» Прэміі беларускіх кінакрытыкаў «Чырвоны верас», а стужка «Аномія» атрымала Спецыяльную адзнаку на Варшаўскім кінафестывалі. То-бок, як бы дзіўна гэта не гучала, але мікрабюджэтнае кіно для беларускага кейса — гэта адна з вычварэнскіх, але стратэгій, якая дзейнічае. Ці доўгатэрміновая? Ці тая, якая выйграе? Вядома, што ніхто з беларускіх кінематаграфістаў не адмовіўся б ад вялікага бюджэту, але па выніку маем, што маем.
Уладзімір Казлоў. Фота: Aleksandra Kononchenko.
Так вось, што самае цікавае, на ўдзел ва Інкубатары існуе попыт. За магчымасць здымаць кіно за такія «смешныя» сродкі маладыя фільммейкеры змагаюцца — канкурсанты прадастаўляюць свае заяўкі, працуюць з ментарамі, у выніку журы абірае некалькі сцэнарыяў, якія могуць быць рэалізаваны ў фармаце мікрабюджэтнага кіно і пры гэтым маюць творчы патэнцыял.
Ці атрымалася што-небудзь з гэтай авантуры? Можна, канешне, скептычна паціскаць плячыма, але ўжо ёсць вынікі першай эдыцыі Інкубатара. Акурат на Другім (анты)з’ездзе кінематаграфістаў былі паказаны тызеры дзвюх поўнаметражных карцін, якія былі створаны ў рамках праграмы.
Першы фільм — гэта праца Юрыя Сямашкі, «беларускага Дэвіда Лінча», вядомага па кароткаметражных карцінах «Смеццевая галава», «Кроў і караоке», «Калі я быў Генерал» ды іншых. Юрый зняў «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» — трагікамічную гісторыю пра маладога музыканта, які намагаецца выйсці з творчага крызісу на фоне грамадска-палітычных падзей, якія адбываюцца ў яго краіне. Стужка ўжо на этапе постпрадакшну.
Другая карціна мае назву «Раны і ўпрыгожанні» ананімнай рэжысёркі з Беларусі. Гэта незвычайная гісторыя ў жанры фэнтазі (!) распавядае пра двух братоў, якія маюць здольнасць пераўтвараць чалавечыя раны — і цялесныя, і душэўныя — у ювелірныя ўпрыгожанні. Карціна таксама знаходзіцца на этапе поствытворчасці. Усё выглядае як мінімум інтрыгоўна.
Неапрацаваны кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі.
Аглядальнік Reform.news спытаў фіналістаў Інкубарата 1.0 наконт іх досведу працы ў мікрабюджэтных праектах і праграме.
Юрый Сямашка прызнаўся, што для яго перамога ў конкурсе Інкубатара стала імпульсам вярнуцца ў Варшаву і займацца непасрэдна кіно.
«Праект стварае двіжуху навокал, якая зараджае штосьці рабіць», — падзяліўся ён. Юрый дадаў, што ў яго з’явілася разуменне таго, як у цэлым можна знайсці сродкі на фільм.
«Я выкарыстоўвала гэту пляцоўку, як месца, дзе мой поўны метр будуць чакаць разам са мной, — адказала на пытанне рэжысёрка з Беларусі. — Што ўвага ментараў дапаможа — не я адна будуць сядзець і думаць, маўляў, мне вылучалі грошы, і я здымаю, а вакол мяне будзе адпаведнае інфармацыйнае поле».
Варта дадаць, што на вытворчасць дзвюх стужак усё ж было патрачана болей, чем першапачаткова агучаныя лічбы. Праца некаторых адмыслоўцаў, напрыклад, колеракарэкцыя, была аплочаная партнёрамі праекта, некаторыя рэчы ўдалося атрымаць шляхам перамоваў. Таму, калі казаць аб’ектыўна, не выключаем, што мікрабюджэт дасягнуў і 5 тысяч долараў, калі не болей. Агулам, выснова, якая напрошваецца пасля размоваў з фіналістамі, — стварыць фільм у такіх умовах, уласна, дапамаглі менавіта самі рамкі праекта — калі ў рэжысёра ёсць пэўныя дамоўленасці і графік, якіх ён мусіць прытрымлівацца. Гэта адчуванне схопліваецца таксама і ўсімі, хто задзейнічаны ў фільме, далучаецца да яго. Але рэжысёры пацвердзілі, што такі вопыт стварэння кіно — не для слабанервовых.
Ксенія Галубовіч. Фота: Aleksandra Kononchenko.
А што з міжнароднымі фондамі? Яны могуць дапамагчы?
Акурат дзеля таго, каб пазнаёміць беларускіх кінематаграфістаў з прадстаўнікамі замежных кінафондаў, на (анты)з’ездзе была зладжана індустрыяльная платформа.
Але ўлічваючы тое, што да замежных інстытуцый рэдка трапляе інфармацыя пра сітуацыю ў беларускім незалежным кіно, яны бываюць шчыра здзіўлены, якім чынам увогуле беларускія незалежныя кінематаграфісты ствараюць свае фільмы. (Часам, каб было хоць штосьці, з чым можна потым звярнуцца да фондаў — так званыя «першыя грошы», кінематаграфісты запускаюць краўдфандынг(!).
У прыватнасці, падчас выступу прадстаўніцы World Cinema Fund Ісоны Адметла былі акрэслены ўмовы атрымання грантаў арганізацыі. У якасці патрабаванняў да заяўніка, скажам, гучалі: удзел у яго праекце нямецкага партнёра, наяўнасць пэўнай часткі сродкаў. Няма нічога немагчымага, вядома, але ў нашым выпадку трэба быць даволі дасведчаным, мець сувязі, удачу ў тым ліку, каб займець падобнае «комба». Але пасля пытанняў беларускіх кінематаграфістаў спадарыня Ісона пачала ўнікаць у «асаблівасці беларускай кінавытворасці». Адзначым, што World Cinema Fund усё ж «разбіў лёд» — падтрымаў яшчэ раней адзін беларускі праект. Спадзяемся, што пасля гэтай сустрэчы будуць і іншыя. Аднак знаёмства дзеячаў замежнай кінаіндустрыі з беларускім кантэкстам, кінематаграфістамі — тое, без чаго немагчымае зараз паразуменне.
Падчас працы Індустрыяльнай платформы. Фота: Aleksandra Kononchenko.
Дык калі будзе кіно?
Уласна кажучы, калі паглядзець на карціну, якая складваецца, то можна толькі ў чарговы раз падзівіцца, як тое кіно (беларускае незалежнае) з’яўляецца. Мара Тамковіч здымае поўны метр за 15 дзён за сродкі, які па мерках польскай індустрыі «зусім невялікія». Юрый Сямашка выкручваецца за зусім мікрабюджэт. Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй «прабівалі» «Працэсы» на «Белсаце», калі той яшчэ не згубіў часткі фінансавання і аўтаномію, ды і тое прабіліся, што называецца, не з першага разу... Што тут казаць — гэта цуд, што ў гэтай сферы хтосьці яшчэ працягвае «прабіваць» сцены, скепсіс і распавядаць, пітчыць свае ідэі, сцэнарыі месяцамі, калі не гадамі. І даходзіць на выніку.
У лістападзе на «юцьюбы краіны» выходзіць другі сезон вядомага праекта «Kanaplev+Leidik: Без рэтушы» ў рэжысуры Аляксандра Гарадко. Андрэй Кашперскі нагадвае пра камедыйны YouTube-серыл «БелГосПсиХоз» ад «ЧынЧынЧэнэл». Сёння, атрымоўваецца, фармат YouTube-праекта дазваляе кінематаграфістам заставацца ў прафесіі, пакуль яны працягваюць шукаюць інвестыцыі ў свой аўтарскі кароткі і поўны метр, серыял.
Феномен індустрыі беларускага незалежнага кіно, калі можна выкарыстоўваць тут гэта слова, ствараецца за лік імпэту яго ўдзельнікаў. У кагосьці да яго ўжо далучаецца досвед. Але часам і першае, і другое зусім не гарантуе таго, што твой наступны праект ажыццявіцца.
Аляксандр Гарадко. Фота: Aleksandra Kononchenko.
Такім чынам, пакуль шукаць кіно гледачу давядзецца на фестывалях і ў сеціве — ідзі і глядзі, як гаворыцца.
Дык а што там казалі пра «Працэсы»?
У гэтым кантэксце паспрачацца пра эстэтычныя, этычныя якасці серыяла «Працэсы» Андрэя Кашперскага выглядае прыкметай здаровай індустрыі. Ёсць прадукт, і ёсць яго крытычная адзнака. «Pornomiseria», працэсуальнае кіно, «душная» карціна, «фільм, у якім не ахвяра смяецца над катам, а кат над ахвярай», «несумненная падзея ў незалежным кінематографе», «кіно, якое нельга абмінуць» — гэта былі «крытычныя разборы», якія рэжысэр Андрэй Кашперскі з гонарам вытрымаў.
І што далей?
А далей — новыя спробы, прамоцыя саміх сабе і бясконцыя пошукі. Як прызнаўся адзін з заснавальнікаў BFN Леанід Каліценя, ён хацеў бы зрабіць існаванне Беларускай сеткі фільммейкераў больш устойлівай інстытуцыяй. BFN мог бы прасоўваць стужкі маладых беларускіх кінематаграфістаў на фестывалях, займацца адукацыйнымі, праектамі нетворкінгу, іншымі ініцыятывамі, і ў гэтым выпадку інстытуцыі патрэбны ўнёскі ўдзельнікаў. Гэты базіс дазволіў бы BFN захаваць сябе ў перыяды паміж праектамі.
Культурная менеджарка SmartDe Бераніка Партум і перакладчыца Эліна Нікалаева Фота: Aleksandra Kononchenko.
Тут важна адзначыць, што спробы перазагрузкі беларускага кіно, яго трансфармацыі знаходзяць водклік у замежных партнёраў. (Анты)з’езд беларускіх фільммейкераў, у прыватнасці, быў падтрыманы нямецкай арганізацыяй SmartDe. Культурная менеджарка кааператыву Бераніка Партум прызналася, што калі даведалася пра такую ініцыятыву, адразу зразумела, што гэта важны праект. Бераніка мае польскія карані і пераехала ў Германію ў часы «Салідарнасці». Яе бацькі былі творчымі асобамі, змагаліся за свабоду мастацкага самавыражэння, за незалежнасць, таму яна добра разумее беларускіх творцаў. На думку куратаркі і заснавальніцы Association Centrala Berlin, нягледзячы на праблемы і складанасці для беларускіх кінематаграфістаў, яны маюць магчымасць стварыць унікальную ідэнтычнасць свайго кіно.
— Ваша дзяцінства, успаміны, усё, з чым вы жылі не так даўно ў вашай краіне і бягучыя выклікі, калі вы сутыкаецеся з іншым досведам у эміграцыі — сплаў гэтых рэчаў, магчыма, і робіць вашу ідэнтычнасць унікальнай. І такім можа быць ваша кіно, — падзялілася яна з аглядальнікам Reform.news сваім меркаваннем. — Лічу, што важна трымацца тых добрых рэчаў, якія вы ўзялі з вашай краіны, і якія я таксама захавала з Польшчы, адкуль родам, і інтэгравацца ў новае грамадства. Бо гэта таксама добра і для людзей, якія жывуць тут — вы можаце даць гэтым людзям штосьці новае, тое, пра што яны раней і не думалі. І ваша гісторыя чалавека складанай, змешанай ідэнтычнасці можна быць перанесена на экран. А паколькі сёння ў свеце шмат людзей, якія былі вымушаны пераехаць, ці якія не хочуць жыць у краінах паходжання з розных прычын, ваша гісторыя будзе блізкай не толькі беларусам, а многім, многім іншым.
Перафразоўваючы словы спадарыні Беранікі, можна падсумаваць, што наша сітуацыя не ўнікальная, і — парадаксальны чынам — унікальная.