З добрымі вынікамі прайшоў круглы стол пад назвай “Гістарычна-культурныя помнікі і праблемы ўстойлівага развіцця Дзісны” ў самым маленькім горадзе Беларусі – Дзісна (Мёрскі раён Віцебскай вобласці) 6 лютага.
Ініцыятарам круглага стала выступіла Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Прысутнічала каля 20 чалавек, і круглы стол хутчэй нагадваў сустрэчу людзей, зацікаўленых у лёсе Дзісны, чым простае і пустое афіцыйнае мерапрыемства.
Афіцыйны бок прадстаўляла не толькі мэр гораду Вольга Мароз, але і дэпутаты Дзісненскага гарсавету.
Таварыства аховы помнікаў традыцыйна прадстаўлялі Зміцер Яцкевіч і Антон Астаповіч. Канечне, не абышлося і без Ігара Лялькова, каардынатара кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Ігар Лялькоў:
“Адметнасцю гэтай сустрэчы быў вельмі актыўны ўдзел гарадскіх уладаў і асабіста старшыні Дзісненскага гарвыканкаму Вольгі Аляксандраўны Мароз у падрыхтоўцы і правядзенні гэтага круглага стала. Прыемна бачыць, што горадам кіруюць людзі, неабыякавыя да яго гісторыі, архітэктуры, культурных традыцыяў, людзі, адкрытыя да супрацы з грамадскасцю, людзі, якія спрыяюць беларушчыне. У гэтай неабыякавасці – асноўная гарантыя таго, што Дзісна сапраўды мае вельмі добрыя перспектывы развіцця і што самы маленькі горад Беларусі абавязкова чакае лепшая будучыня”.
Уражлівым момантам было, калі адзін з прадстаўнікоў грамадскасці пенсійнага ўзросту на прафесійны даклад загадчыка аддзелу Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Зміцера Яцкевіча заявіў, што, на яго думку, новыя архіўныя звесткі пра Дзісну нікому не патрэбныя, бо яго сын, які працуе ў Акадэміі пры Прэзідэнце, ужо ўсё знайшоў і ўсё ведае.
На гэта Зміцер Яцкевіч адказаў, што не ведае такога даследчыка. Нават пра Мінск, пра які ўжо, здавалася, усе і так усё ведаюць, кожны дзень знаходзяцца новыя звесткі. Публікацыя – вось што надае каштоўнасць ведам.
На круглым стале падымаліся тэмы гістарычнай унікальнасці гораду і пашырэння яго турыстычнага патэнцыялу. Мэр гораду адзначыла паспяховасць сустрэчы і з задавальненнем працягне супрацоўніцтва не толькі з Таварыствам аховы помнікаў, але і з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і прайшоў круглы стол.
Запіс ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” у кнізе ганаровых наведвальнікаў Дзісненскага краязнаўчага музэя
Фота pomniki.budzma.org.