Кінафестываль «Паўночнае ззянне»: на шляху да ідэала

11.01.2025 Кіно

Сёння на пальцах адной рукі можна пералічыць недзяржаўныя кінафестывалі, вольныя ад цэнзуры Мінкульта, якія праходзяць ці ў Беларусі, ці ў замежжы. Сярод іх: «Нефільтраванае кіно», «Глядач», «Бульбамуві», «Кінемо», «1084. На мяжы» (у 2024 годзе не праходзіў).

І толькі «Паўночнае ззянне», якое ў мінулым лістападзе адзначыла свой 10-гадовы юбілей, выглядае найбольш упэўнена і яскрава сярод іншых канкурэнтаў.


Volia Čajkoŭskaja

Амбіцыйны фестываль з патэнцыялам для росту

Гэты фестываль сапраўды займае ўнікальную нішу на культурнай кінамапе. Ва ўмовах бясконцага палітычнага пераследу у Беларусі, ён застаецца фестывалем для ўсіх гледачоў, у незалежнасці ад месца іх пражывання. Прынамсі тых, хто мае доступ да інтэрнэту і цікавіцца свежым еўрапейскім і недзяржаўным беларускім кіно. Акрамя ўсемагутнага анлайна, які цяпер доўжыцца рэкордныя 18 дзён, каманда «Ззяння» на чале з дырэктаркай Воляй Чайкоўскай праводзіць яшчэ афлайн-паказы ў трох гарадах: Вільня, Талін, у мінулым годзе дадалася яшчэ Варшава.

Ніхто з сённяшніх беларускіх культменеджараў нават з дзяржаўнай падтрымкай не здольны зрабіць настолькі багатую на актыўнасці прапанову. Як і пахваліцца жывым кам’юніці з актыўных гледачоў, якія прагнуць далучыцца да сучаснай і стыльнай падзеі еўрапейскага ўзроўню. Выглядае, што «Ззянне» гэты запыт амаль цалкам задавольвае.

Але пры ўсёй згаданай выбітнасці, праблем фестываль не пазбаўлены.

Адной з іх застаецца не самая лепшая камунікацыя са СМІ і гледачамі. Сёлета адзін фільм (не будзем называць аўтарку і стужку праз яе бяспеку) спачатку з’явіўся ў праграме, а потым незразумелым чынам знік — а каманда «Ззяння», нічога не тлумачачы, зрабіла выгляд, што так і трэба.

На гэта можна было б заплюшчыць вочы. У складаныя ж часы жывём! Вось толькі гэта ўжо не першая спроба замесці праблему пад дыван — нешта падобнае адбылося ў 2021 годзе з фільмам Уладзіміра Казлова «Як мы захочам», якому не выдалі пракатнае пасведчанне. Тады стужка проста знікла з раскладу без лішніх тлумачэнняў.

Атрымліваецца, замоўчванне — сталая практыка дырэкцыі фестывалю і надышоў час ад яе пазбаўляцца, каб фестываль працягваў эвалюцыяніраваць, замацоўваючы статус сапраўды еўрапейскай падзеі.

Яшчэ адна істотная недасканаласць тычыцца Беларускага конкурсу. Яе асаблівасць у тым, што гэта адзіная падзея фестывалю, дзе працуе міжнароднае журы, а пераможцам выдаюцца ўзнагароды.

Вось толькі сам склад праграмы, прынамсі ў мінулым годзе, апынуўся незбалансаваным. За ўзнагароды фактычна спаборнічала студэнцкія ці цалкам аматарскія працы, знятыя без бюджэту, альбо цалкам прафесійныя праекты тыпу фестывальнай драмы «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, дакументальнага эсэ «Непажаданае сваяцтва» Паўла Мажара і паўнаметражнай версіі серыяла «Працэсы» Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя.

Па выніку атрымалася нераўнапраўнае спаборніцтва, прадказальны вынік якога замацавала журы, аддаўшы перавагу менавіта індустрыйным праектам. І гэта пазбавіла конкурс інтрыгі і магчымасцяў для ўдзельнікаў сапраўднай канкурэнцыі.

Магчыма, больш сегментаваны і ўзважаны падыход да арганізацыі Беларускага конкурсу зробіць з яго сапраўды важную частку фестывалю, куды аўтарам будзе цікава падавацца, а гледачам — чакаць меркавання журы.

І самай трывожнай застаецца патэнцыйная пагроза блакіроўкі ўладамі пляцоўкі «Ззяння». Гэта адчувальна ўскладніць сувязь з гледачамі з Беларусі і немагчыма уявіць, як гэта адаб’ецца на працы фестывалю, ці зможа каманда падзеі знайсці тэхнічныя шляхі, каб абысці такое абмежаванне. Але пакуль гэтага не адбылося, у каманды ёсць шанец падрыхтавацца і да такого непажаданага развіцця падзей.

Ад танцуючых тыктокераў да пакутаў палітвязняў

У гэтым годзе Беларускі конкурс атрымаўся максімальна шырокім і разнастайным па тэмах, ідэях і якасці іх увасаблення. У яго ўвайшло 14 стужак.

Праца «Барбі.ру» ад аўтара пад псеўданімам Жэня Дарк апынулася больш гратэскнай антыпародыяй на тэму галівудскага попфемінісцкага блакбастара Грэты Гервіг «Барбі».

Толькі беларускую Барбі з ружовымі валасамі чакаюць не кар’ерны поспех і эмансіпацыя, а стасункі з жанатым мужыком-аб’юзерам, пасткі з гвалтам і прымусовай сэкс-працай. Такое ўвасабленне ролі жанчыны ў распаўзаючымся «рускім свеце».

Трэба прызнасць, што эксперымент з эксплуатацыяй маскульта апынуўся цікавы, але збольшага няўдалы — акторы у «Барбі.ру» моцна перыігрываюць, а сюжэт нагадвае набор разрозненых сцэн, якія дрэнна стыкуююцца адна з адной. Паміж імі няма амаль аніякіх звязаных элементаў, акрамя самой гераіні.

Музыкальная камедыя «Раб танца» мінчанкі Настассі Алексіевіч атрымалася не нашмат лепшай, чым «Барбі.ру»

Гэта паўгадзінны музычны кліп у стылістыцы яркіх 80-х, які распавядае пра наіўнага і апантанага танцам хлопца. Яго грае Філіп Марозаў. Мару хлопца ніхто не ўспрымае ўсур’ёз, пакуль ён не знаходзіць дзяўчыну з аднолькавымі інтарэсамі.

Як і ў «Барбі.ру», тут таксама няма ўцямнага сюжэту. Каб данесці ідэю, што дзеля здзяйснення ўласнай мары варта не звяртаць увагу на скепсіс іншых людзей, а паверыць у сябе, можна было б абраць больш кампактную форму аповеду. Але аўтарам, канешне, лепш бачна, як павінна быць.

А болей «Рабу танца» няма чым пахваліцца. Гледача чакаюць доўгія маналогі галоўнага героя, няўдалыя жарты і шмат аматарскіх танцаў на камеру. У пэўны момант ствараецца адчуванне, што аўтары імкнуліся здымаць не фільм, а шмат кантэнту для TikTok, які па выніку было вырашана склеіць у 30-хвілінную стужку.

На чарзе дакументальны праект — «Краіна Оз» Яўгенія Чарняўскага. Кароткаметражная дакументальная праца, знятая ў дзяржаўным псіханеўралагічным доме-інтэрнаце № 3 Мінска.

Па ўсім бачна, што гэта студэнцкая праца, якая больш нагадвае пашыраны тэлевізійны рэпартаж, чым дакументальнае кіно. Аўтар з дапамогай дэтальных аператарскіх планаў, сфакусаваных на вачах і тварах пацыентаў інтэрната, назірае, як людзі з інваліднасцю малююць і разважаюць, як маляванне дапамагае ім падчас лекавання.

Бачна жаданне рэжысёра выклікаць у гледача жаласць да герояў, імёны якіх мы не ведаем да самага канца, пакуль не пачнуцца цітры. Выглядае пры гэтым «Краіна Оз» цалкам бездапаможнай спробай падступіцца да вельмі далікатнай тэмы, якую так і не атрымалася паўнавартасна раскрыць, нягледзячы на намаганні.

Тэму адносін у артадаксальнай праваслаўнай сям’і і сэксуальнага гвалту разглядае аўтарка стужкі «Кут чужога шчасця» Соня Харытанюк.

Галоўная гераіня — дзяўчына-падлетак, што жыве ў сям’і, якая прытрымліваюцца строгіх рэлігійных традыцый. А бацька, магчыма, па начах гвалціць дачку. Сама ж дзяўчына хоча прыгожа выглядаць і запісваецца ў мадэльнае агенцтва.

Зняты «Кут» няблага і кастынг падабраны ўдалы, але па рэжысуры і сцэнары засталіся пытанні.

У фільме аўтарка развівае паралельна аж тры канфлікты: сямейны гвалт, бунт дзяўчыны супраць кансерватыўных правілаў і ўнутраную псіхалагічную спрэчку гераіні, якая вагаецца паміж жаданнем выглядаць прыгожа і не парушыць рэлігійныя патрабаванні аб пакорлівасці.

І ўсе тры канфлікты не атрымліваюць належнага раскрыцця. Сцэна сямейнага гвалту паказана як містычны начны кашмар, дзе незразумела, ці быў ён увогуле. Канфлікт дзяўчыны з бацькамі таксама нічым зразумелым не сканчваецца. Больш-менш упэўнена паказана хіба толькі лінія ўнутранага канфлікту гераіні.

Калі прыняць трактоўку, што рэлігійныя абмежаванні як раз і гвалцяць дзяўчыну, а яна ў фінальнай сцэне ад іх цалкам адмаўляецца, то ідэю «Кута» яшчэ можна зразумець. У зваротным выпадку атрымліваецца, што аўтары проста не дапрацавалі з драматургіяй і мантажом, таму ў іх гісторыі адшукаць сэнс даволі складаная справа.

Сярод работ пачынаючых рэжысёраў найбольш удалым апынуўся праект «Скрозь святло» тэатральнай акторкі Вікторыі Ягоравай.

Гэта таксама студэнцкая праца, якая пры адсутнасці вопыту аўтаркі рэалізавана акуратна, зразумела і лагічна.

Па сюжэце маладая акторка імігрыруе з Беларусі ў Польшчу. Дзяўчына перажыла псіхалагічныя праблемы з-за палітычнага пераследу 2020 года і пужаецца святла, што замінае ёй займацца любімай справа — граць у тэатры. Яе становішчам у пэўны момант карыстаецца супрацоўнік тэатральнай студыі, які прапануе беларусцы супрацу ў тэатры ў абмен на сэксуальную сувязь.

Мяркуючы па змесце, «Скрозь святло» выглядае блізкай для большасці выехаўшых беларусаў і беларусак гісторыяй. Фільм, магчыма, у пэўным сэнсе аўтабіяграфічны і для самой аўтаркі. Адзінае, што псуе ўражане — гэта наўмысна аптымістычны эпілог, які можна было б замяніць на больш драматычны фінал, што выглядала б больш рэалістычна.

Увагу журы прыкавалі «Працэсы» — вострасацыяльны серыял Міхася Зуя і Андрэя Кашперскага пра антыўтапічную Беларусь, у якім ўзровень абсурду перакрочыў усе разумныя межы. Змантаваная ў поўны метр версія толькі ў дэталях адрозніваецца ад серыяльнага арыгіналу, а яшчэ дазваляе аўтарам удзельнічаць у фестывалях ігравога кіно. Таму калі вы не паспелі паглядзець шоў, гэта можна зрабіць на ютубе тэлеканала «Белсат», які і прафінансаваў шоў.

У эксперыментальным відэа-эсэ «Шэры край» студэнт Станіслаў Багдзя разважае пра Беларусь праз візуальныя вобразы і асацыяцыі. Культура, мова, сучасная панурая рэчаіснасць — усё становіцца аб’ектам яго цікаўнасці. І гэта той выпадак, калі форма апынаецца лепей за змест.

Аўтар выкарыстоўвае іранічныя інтэртытры, каб чапляць увагу гледача, архіўныя выступы літаратурных класікаў: Васіля Быкава і Якуба Коласа, дадае некалькі момантаў са знойдзеных сямейных архіваў, але ўсё роўна нешта не складваецца.

У оптыцы аўтара Беларусь прадстаўлена праз клішыраваную вясковасць: вобразы спяваючых бабуль у строях, язычніцкія абрады, буслоў і камбайны на жытнёвым полі. А яшчэ частка матэрыялаў, якія павінны рэпрезентаваць краіну, узяты з Літвы і Расіі.

Па выніку, справядлівей было б замяніць прыметнік «Шэры» ў назве на «Стэрэатыпны» ці «Штучны», так бы праца на сто адсоткаў адпавядала таму, што бачна на экране.

Саркастычны фільм-анекдот «Выбар» Валерыя Навічкова выйшаў напярэдадні парламенцкіх выбараў, але мае ўніверсальную прыроду выказвання адносна любой электаральнай кампаніі ў Беларусі за апошнія тры дзесяцігоддзі.

Аўтар зарыфмоўвае ўдзел у выбарах з думкамі пра самагубства: скокам з моста, павешаннем і ўтапленнем. Яго горкі сарказм цяжка аспрэчваць — сапраўды, нічога добрага электаральныя кампаніі беларусам дакладна не прыносілі..

Зноў да вопыту пражывання эміграцыі адсылае праца «Чамадан» — яшчэ адно дакументальнае эсэ, сумешчанае з відэаперформансамі, знятымі ў павільёне.

Рэжысёрка і актывістка Дар’я Брыян сабрала гісторыі беларусак і ўкраінак, якія са сваімі валізкамі бягуць ад палітычнага пераследу і вайны. Атрымаўся кранальны і шчымлівы аповед, які за апошні час стаў зразумелым кожнай сям’і з нашага вельмі нестабільнага рэгіёна.

Разбаўляе драматычныя працы камедыйны мультфільм «Кроў і караоке». У ім малады ахоўнік супермаркета ненаўмысна канфліктуе з крымінальнікам, які толькі вызваліўся з турмы. Іх супрацьстаянне сканчваецца вельмі сумна.

Саркастычная анімацыйная прытча рэжысёра Юрыя Сямашкі залпам прагаворвае шмат тэмаў: бумеранг гвалту, таксічную маскуліннасць і трагічную абсурднасць жыцця. Вельмі смешнае і адначасова вельмі сумнае кіно, мінімалістычны арт-шэдэўр, што ўвасабляе дух кіно братоў Коэнаў.

Спецыфічным атрымаўся эксперыментальны хорар «За мяжой рэальнасці» берасцейца Віктара Лебедзева, упартага паслядоўніка напрамку «паралельнага кіно» познесавецкай эпохі.

Згодна з сюжэтам сапраўдны брэсцкі мікрараён Валынкі будуюць на месцы спаленай вёскі, дзе загінула болей за тысячу чалавек. Цяпер душы памерлых тэрарызуюць новых жыхароў Валынак, захопліваючы іх целы і прымушаючы да гвалту. Пра гэта дазнаецца бацька аднаго з герояў, якому ў паштовую скрыню падкідваюць аўдыякасету з расказам, як гэтыя жахі ўзніклі.

Нетыповая адаптацыя фільма жахаў, дзе перасякаюцца фэйкавая міфалогія жылога раёна і пацанская культура. Фільм нішчыць дрэнна напісаны сцэнар — штучныя сцэны размоў герояў і разборак з сапернікамі. Атрымалася складанае для ўспрымання кіно, якое пры гэтым цалкам здольнае адшукаць свайго гледача.

Пра асабістую адказнасць ва ўмовах вайны ва Украіне, ваенныя злачынствы расіян і мілітарызацыю школьнай адукацыі ў «Непажаданым сваяцтве» разважае нямецкі рэжысёр-перформер Павел Мажар.

Paviel Mažar i Volia Čajkoŭskaja

Як і ў сваёй мінулай працы «Метадычка», дзе аналізавалася сістэма гвалту падчас пратэстаў 2020 года, у «Сваяцтве» рэжысёр спрабуе зразумець, як атрымалася магчымай разня падчас акупацыі Бучы і куды ідуць карані запаленай Крамлём нянавісці.

Гэтым разам апынулася не вельмі пераканаўча — аўтар шмат у чым вінаваціць культ Вялікай айчыннай вайны, які і дагэтуль прывіваецца школьнікам Расіі і Беларусі. Вось толькі гэтага недастаткова, каб патлумачыць звярыную прагу да забойстваў і павальнае марадзёрствы расійскіх войскаў. Выглядае, праблема нашмат больш складанай, чым паказвае у фільме рэжысёр.

Безумоўным фаварытам праграмы стала ігравая драма «Пад шэрым небам» — дэбютная праца рэжысёркі Мары Тамковіч. У ёй аўтарка маштабавала гісторыю журналістак Кацярыны Андрэевай і Кацярыны Чульцовай, пра якіх ужо зняла кароткі фільм «У жывым эфіры», да назірання за жыццём сваякоў беларускіх палітвязняў. Героем фільма стаў муж Андрэевай — журналіст і на дадзены момант палітвязень Ігар Ільяш.

Mara Tamkovič i Volia Čajkoŭskaja

Атрымалася эмацыйная цяжкая псіхалагічная драма пра жыццё ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, якая карысталася попытам у беларусаў у эміграцыі. Прынамсі, жывыя паказы падчас «Паўночнага ззяння» і «Бульбамуві» прайшлі амаль аншлагава.

Сімвалічную тэму 2020 года працягнула канцэптуальная стужка дакументалісткі Тані Свірэпы «Беларусь 23.34». У ёй аўтарка па свежых слядах сабрала сведчанні ў удзельнікаў пратэстаў, якія перажылі вопыт затрыманняў, збіцця і катаванняў. Усё гэта складзена ў адну ўніверсальную гісторыю, якая салідарызуе беларусаў, што прайшлі праз шэраг выпрабаванняў і атрымалі агульны на ўсіх траўматычны досвед сутыкнення з рэпрэсіўным рэжымам.

У якасці бонуса таксама варта ўзгадаць нямецкі фільм «Хто, калі не мы? Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі» — зборны кінапартрэт пра вядомых, пасіянарна настроеных беларусак, зроблены на фоне палітычных рэпрэсій і распачатага паўнамасштабнага ўварвання ва Украіну.

Нямецкая дакументалістка Юльянэ Тутэйн цягам года — з 2021 па 2022 — сачыла за жыццём праваабаронцаў Дар’і Рублеўскай і Таццяны Гацуры-Яворскай, а таксама пенсіянеркі Ніны Багінскай.

Па форме гэта такі немудрагелісты тэледок, у якім вялікая колькасць размоў кампенсуюцца паступовым разгортваннем перспектывы часу — і пагаршэннем рэпрэсіўных практык у краіне. Такі падыход дазваляе раскрыць не толькі характары гераінь, але і аўтарытарную эвалюцыю Беларусі. Праўда, беларускі глядач нічога новага з фільма не дазнаецца, а вось шэраговы немец, дзеля якога фільм і здымаўся, дазнаецца шмат новай і шакавальнай інфармацыі аб складаным жыцці ва ўмовах панавання рэжыму Лукашэнкі.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org