Сёння Скарынаўская бібліятэка і музей у Лондане адзначаюць 55-годдзе. Гэтае месца стала адным з галоўных асяродкаў захавання беларускай культуры, архіваў і памяці па-за межамі Беларусі. Як прыватная калекцыя святароў ператварылася ў вялікую беларускую інстытуцыю? Чым сёння жыве бібліятэка, і чаму даследчыкі з усяго свету едуць менавіта сюды? «Будзьма беларусамі!» пагаварыла пра гэта з апекуном Скарынаўкі Паўлам Шаўцовым.
Павал Шаўцоў. Фота з асабістага архіву
— Распавядзіце, калі ласка, з чаго пачыналася стварэнне бібліятэкі?
Спачатку бібліятэка была як прыватная калекцыя біскупа Чэслава Сіповіча і некалькіх іншых святароў. Тады яна знаходзілася ў іншым будынку. Айцец Чэслаў пачаў збіраць кнігі пасля таго, як з Ватыкана прыехаў у Брытанію пасля Другой сусветнай вайны.
Гэтая калекцыя настолькі разраслася, што пачала правальвацца столь, і тады ў 1969 годзе святары вырашылі: трэба арганізоўвацца і купляць новы дом. Якраз суседні дом выйшаў на продаж, і беларуская дыяспара выкупіла яго, фізічна ўсё перанесла — калекцыю, якая ўжо налічвала каля 10 тысяч кніг, — і заклала гэта ўжо юрыдычна як асобны дабрачынны фонд паводле брытанскага права. І прыватная калекцыя ператварылася ў паўнавартасную ўстанову — charity fund.


Скарынаўская бібліятэка ў Лондане. Фота з асабістага архіва Паўла Шаўцова
— Павал, як Вы сталі апекуном Скарынаўскай бібліятэкі?
— Калі бібліятэка стваралася ў сучасным выглядзе, а гэта былі 1970-я гады, тады апекуноў прызначылі. Зараз яна кіруецца радай апекуноў. На пачатку дзейнасці ўстановы туды ўваходзілі як беларусы, так і брытанскія даследчыкі, беларусазнаўцы — такія як Арнольд Макмілін, Джым Дынглі, Гай Пікарда. І паводле статуту рада апекуноў можа прызначаць новых апекуноў.

Гай Пікарда, 2005 год. Фота Наталлі Гардзіенка
Калі ў 1990-я гады я прыехаў, то прыйшоў сюды, у беларускі цэнтр. Шчыра кажучы, маё першае заданне было — пыласосіць бібліятэку. Айцец Надсан спытаў, што я ўмею рабіць. Я яму расказаў, што я ўмею, а ён кажа: «Гэта ўсё добра, але ці можаш ты пыласосіць?». Я кажу: «Так». Дык вось, мая першая праца была такая. Мой кар’ерны рост пачаўся з пыласоса.
А пасля я ўжо пару гадоў тут пабыў, айцец прыгледзеўся да мяне і сказаў: «А хочаш стаць апекуном?». Бо я па прафесіі юрыст. І ён кажа: «Якраз ты будзеш нешта дадаваць, і ты чалавек маладзейшага веку». І я згадзіўся. У 1999 годзе мяне прызначылі адным з апекуноў Скарынаўкі.
Павал Шаўцоў. Фота з асабістага архіву суразмоўцы
— Якая асноўная функцыя апекуноў?
— Апекуны — гэта як дырэктары бізнесу. Яны глядзяць, каб установа развівалася. Мы збіраемся, абмяркоўваем, ці ўсё добра працуе.
Некаторыя апекуны выконваюць больш назіральную функцыю, бо не маюць часу ўдзельнічаць у штодзённых справах. Іншыя, хто мае больш часу, займаюцца і штодзённай працай разам з валанцёрамі. Цяпер у нас шэсць апекуноў. Гэта ўжо ўсе людзі, прызначаныя пасля таго, як старэйшае пакаленне адышло.
Частка апекуноў займаецца яшчэ і іншымі справамі бібліятэкі, а частка — гэта больш функцыя дырэктараў, якія проста сочаць, каб установа працягвала развівацца ў гаспадарчым, навуковым сэнсе і выконвала сваю місію.
Бо рада апекуноў — гэта людзі, якія збіраюцца раз-пораз і глядзяць на агульную карціну, як дырэктары. А чаго нам заўсёды не хапае — гэта людзей, якія дапамагалі б у штодзённай працы.
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане. Фота з асабістага архіва Паўла Шаўцова
— Што вы робіце, каб вырашыць гэтае пытанне? Хто дапамагае вам у штодзённай працы?
— У нас ёсць кола валанцёраў. Мы падзялілі працу на шэсць падкамітэтаў, якія займаюцца рознымі справамі. Ёсць падкамітэт, які працуе з людзьмі і арганізуе мерапрыемствы. Ёсць тыя, хто займаецца зборам кніг і архіваў. Ёсць камітэт па сувязях з журналістамі і медыя. Ёсць фінансавы камітэт, ёсць камітэт па наглядзе за будынкам, айцішны камітэт — вельмі розныя рэчы.
Мы вельмі радыя людзям, якія хочуць дапамагаць. Бо бібліятэка не мае дзяржаўнага фінансавання, таму большая частка працы — валанцёрская.
І таму нам трэба шмат валанцёраў — у розных кірунках. Кожны можа чымсьці дапамагчы — на месцы ці дыстанцыйна. Напрыклад, з сайтам нам дапамагаюць людзі з Польшчы.

Скарынаўская бібліятэка ў Лондане. Фота з Фэйсбука Скарынаўкі
— Падлогу пыласосіць, я так разумею, таксама ёсць каму?
— Канешне. Гэта арганізуе камітэт па наглядзе за будынкам. Ён жа займаецца і арганізацыяй будаўнічых прац. Бо пыласосіць — гэта адна справа, але мы ж яшчэ ўвесь час развіваемся, разбудоўваемся, расцём. Вось, напрыклад, апошні наш вялікі набытак — карціны беларускіх мастакоў: іх трэба было прывезці і неяк павесіць на сцяну, бо яны займаюць паўсцяны, па два метры шырынёй.
— А што за карціны? Раскажыце пра скарбы вашай бібліятэкі.
— Карціны — гэта наш апошні вялікі набытак. З намі звязаўся чалавек з Флорыды. Яны паходжаннем з Беларусі і вырашылі перадаць сваю калекцыю беларускага мастацтва нам. Гэта 15 карцін сучасных мастакоў — Цвіркі, Клінава і іншых.
І вось гэтыя карціны толькі што пераехалі праз акіян і апынуліся ў нас. Чалавек перадаў іх як данат, а мы ўжо аплацілі перавозку і страхоўку. І наогул за апошнія гады шмат скарбаў паступае ў нашую бібліятэку з прыватных калекцый.
Напрыклад, у нас ёсць вельмі багатая калекцыя старажытных мап. Там і Рэч Паспалітая, і Расійская імперыя. Яна трапіла да нас у 2001 годзе. Гэта быў Віктар Астроўскі, які ўсё жыццё збіраў мапы. Пры жыцці ён частку падараваў бібліятэцы, а пасля смерці нам перадалі ўсю калекцыю.

Ілля Андрэеў і Павал Шаўцоў у Скарынаўскай бібліятэцы, верасень 2025

Выданні Віктара Астроўскага
Тое самае са старадрукамі. Людзі іх куплялі, збіралі, а пасля перадавалі — пры жыцці або пасля смерці. І архівы таксама. Напрыклад, архіў кампазітара Міколы Куліковіча — ноты, запісы, паперы — усё гэта захоўваецца ў нас.
І вось яшчэ Галіна Казіміроўская працавала з архівам Куліковіча. Яшчэ ў 1970-я гады ўсё гэта ляжала ў скрынях, пакуль даследчыкі не пачалі вывучаць. Так што вельмі шмат рэчаў прыходзіць менавіта з прыватных калекцый, а не толькі купляецца.
— Пры бібліятэцы існуе музей. Можаце распавесці пра яго гісторыю?
— Мы займаемся разбудовай музея, яго плошча стала большай. Музей заўсёды быў, з самага пачатку існавання бібліятэкі, але раней ён размяшчаўся ў адным пакоі, і ў ім адсутнічала якая-небудзь канцэпцыя — проста была выстаўлена вялікая колькасць розных каштоўных экспанатаў.
А цяпер у нас пад музей з’явілася большая прастора. Спадарыня Караліна (Караліна Мацкевіч — апякунка і куратарка бібліятэкі (рэд. Budzma.org)), якая займаецца развіццём музея, працавала з беларускімі гісторыкамі над канцэпцыяй музея. Зараз ён будзе выглядаць больш структурна, і ў ім будзе навукова і комплексна паказвацца гісторыя Беларусі — праз мапы, праз лінгвістычную эвалюцыю і іншыя аспекты.
Мы планавалі адкрыць музей яшчэ ў пачатку года, але, на жаль, праца зацягнулася. Засталіся зусім дробныя рэчы зрабіць, якія патрабуюць больш часу.
— Не так даўно Скарынаўцы перадалі архіў Рады БНР. Чаму менавіта вам?
— Па-першае, гэта было асабістае жаданне Міколы Абрамчыка — перадаць яго архіў менавіта Скарынаўцы.
Па-другое, тут ёсць умовы. Яшчэ такога месца па-за межамі Беларусі няма, дзе маглі б збірацца беларускія архівы. А ў нас знаходзіцца вялікая колькасць архіваў. І гэта вельмі каштоўна для даследчыкаў.
Ключавы дакумент эміграцыі: тэстамент Васіля Захаркі (Прага, 6 сакавіка 1943 года). Гэтым актам ён перадаў паўнамоцтвы Прэзідэнта Рады БНР Міколу Абрамчыку, пасаду сакратара — Ларысе Геніюш, і наўпрост даручыў ім захаванне ўсяго дзяржаўнага архіва БНР. Фота: Рада БНР
— Што цяпер найбольш цікавіць даследчыкаў у вашых фондах?
Мы маем вялікую колькасць матэрыялаў, вельмі разнастайных, якія прывабліваюць даследчыкаў розных навуковых напрамкаў. Яны часта цікавяцца музыкай, старажытнымі мапамі, беларускай этнаграфіяй і старадрукамі.
Але галоўная тэма бібліятэкі, якая, безумоўна, адрознівае яе ад іншых, — гэта «несавецкая Беларусь» XX стагоддзя, розныя матэрыялы: Заходняя Беларусь да Другой сусветнай вайны, Беласточчына, жыццё эміграцыйных суполак розных краін з часоў Першай сусветнай вайны да канца мінулага стагоддзя.
— З якімі беларускімі і замежнымі ўстановамі вы цяпер супрацоўнічаеце?
— З беларускімі інстытуцыямі цяпер стала крыху цяжэй супрацоўнічаць. Да 2020 года мы даволі шчыльна супрацоўнічалі, напрыклад, з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У нас адбываліся супольныя імпрэзы з Брытанскай бібліятэкай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Ладзілі вельмі цікавыя прэзентацыі разам.
Але пасля 2020 года ўсё стала складаней. Людзі змяніліся і там. Таму цяпер сувязі больш на персанальным узроўні, чым на інстытуцыйным.
Але мы ж старая арганізацыя, перажылі розныя перыяды беларускай гісторыі. Супрацоўніцтва заўсёды залежала ад таго, што адбываецца ў Беларусі.
А за межамі Беларусі супрацоўнічаем вельмі актыўна. Мы каардынуемся з беларускімі музеямі ў Польшчы і Літве. Таксама даволі цесна супрацоўнічаем з Варшаўскім універсітэтам.

Злева направа: Яана Гетка (прафесар Варшаўскага ўніверсітэта), Караліна Мацкевіч (куратарка і апякунка Скарынаўкі), Юры Грыбоўкі (прафесар Варшаўскага ўніверсітэта) і Павал Шаўцоў (апякун Скарынаўкі). Фота з асабістага архіву Паўла Шаўцова
Заўсёды мелі і маем вельмі сціслыя і цёплыя стасункі з беластоцкімі беларусамі, заўсёды саюз існаваў.
— Распавядзіце, калі ласка, пра новыя праекты і планы.
— У гэтым годзе мы плануем правесці шэраг канферэнцый і мерапрыемстваў. Зрабіць акцэнт на святкаванні 100-годдзя айца Надсана. Абавязкова працягнем будаўніцтва музея, асветніцкую і выдавецкую дзейнасць.
Святкаванне Купалля ў садзе Скарынаўкі. 2024 г. Фота з Фэйсбука Скарынаўкі
Наста Пабягунская, Budzma.org