Пайшоў з жыцця былы архіепіскап Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі БПЦ Арцемій

Як паведамляюць у прэс-службе Гродзенскай праваслаўнай епархіі, архіепіскап Арцемій памёр у 1.30 22 красавіка, у гэты час ён знаходзіўся ў бальніцы. Яму было 70 гадоў, 25 красавіка споўнілася б 71.


a_artemiy_x800.jpg

Арцемій больш за 25 гадоў займаў пасаду кіраўніка Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі БПЦ, а два гады таму быў выпраўлены на пакой. Іерарх быў вядомы сваёй прабеларускай пазіцыяй, у жніўні 2020 года адкрыта асудзіў гвалт.

Развітанне з архіепіскапам Арцеміем — у міры — Аляксандрам Анатольевічам Кішчанка — пройдзе ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна на працягу двух дзён. Вернікі могуць прыходзіць да труны святара з 13.00 23 красавіка да 12.00 нядзелі, 24 красавіка.

У панядзелак у 8.00 у Свята-Пакроўскім саборы пачнецца Боская Літургія, пасля заканчэння якой будзе здзейснены чын адпявання. Апоўдні труну з целам Арцемія перавязуць у Мінск. Арцыбіскуп завяшчаў, што ён павінен быць пахаваны побач з магіламі сваякоў на Чыжоўскіх могілках. У 15.00 панядзелка там пройдзе пахаванне.

Архіепіскап Арцемій кіраваў Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіяй больш за 25 гадоў: з 4 лютага 1996 года па 9 чэрвеня 2021 года. Рашэнне аб адстаўцы зацвярджалася на свяшчэнным Сінодзе Рускай Праваслаўнай Царквы. Адстаўка была звязаная з асуджэннем Арцеміем гвалту ў жніўні 2020 года.

Уладыка Арцемій нарадзіўся 25 красавіка 1952 года ў Мінску, скончыў Ленінградскую духоўную семінарыю, з 1982 года служыў у Аляксандра-Неўскай царкве Мінска. У лютым 1996 года быў прызначаны епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім, у 2012 годзе — узведзены ў сан архіепіскапа. Таксама з’яўляўся старшынёй Аб’яднання моладзі БПЦ.

У 2004 годзе пастановай савета Мінскай духоўнай семінарыі епіскапу Арцемію прысвоілі навуковую ступень кандыдата багаслоўя за дысертацыю на тэму «Уводзіны ў праваслаўнае багаслоўе». У 2007 годзе ён скончыў хрысціянскую тэалагічную акадэмію Варшавы і атрымаў ступень магістра багаслоўя, у 2013 годзе тут жа абараніў дысертацыю на суісканне навуковай ступені доктара тэалогіі на тэму «Гісторыя Гродзенскай праваслаўнай епархіі ў 1921-1939 гадах».

Акрамя таго, архіепіскап Арцемій з’яўляўся дацэнтам кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.