Абвешчаны пераможца сёлетняй прэміі Анемпадыстава

25 кастрычніка ў Бельску Падляскім у Польшчы падчас фестывалю «Бардаўская восень» прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй Анемпадыстава за найлепшую вокладку кнігі, выдадзенай у 2023 годзе, паведамляе Беларускі ПЭН.


Пераможцамі сталі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку кнігі Насты Кудасавай «Побач». 

Узнагарода прысуджана:

«За графічнае адлюстраванне пачуццяў, што мы перажываем, і ўвасабленне паэтычнага свету ў адметных візуальных вобразах».

dziemidovicz.jpg

Сёлета на прэмію за найлепшую кніжую вокладку намінавалася 37 кніг. У кароткі спіс журы абрала 9 вокладак:

  1. Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі «Анталогія паэтак: выбранае Вальжынай Морт»
  2. Сяргей Шабохін — вокладка кнігі Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра»
  3. Анатоль Лазар — вокладка кнігі Алеся Разанава «З маланкаю ў сэрцы»
  4. Кацярына Пікірэня — вокладка кнігі Мэіра Шалева «За сіняй гарой»
  5. Адам Паўлоўскі — вокладка кнігі Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой»
  6. Святлана Дземідовіч, Лукаш Левандоўскі — вокладка кнігі Насты Кудасавай, Святланы Дземідовіч «Побач»
  7. Сяргей Шабохін — вокладка кнігі Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца»
  8. Сяргей Шаматульскі — вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»
  9. Артур Камароўскі, Ксенія Шталенкова — вокладка кнігі Артура Камароўскага «Corpus Vile»

Кароткі спіс абіраўся рэйтынгавым галасаваннем: сябры журы ацэньвалі кожную вокладку па дзесяцібальнай шкале, адзнакі сумаваліся.

Сёлета ў складзе Аргкамітэту прэміі Беларускі ПЭН і «Fundacja Open Culture». Партнёрамі прэміі сталі ТАА «H&L» і кампанія «Laut-Foreigner». Партнёр цырымоніі ўзнагароджання — Фонд TUTAKA.

Нагадаем, што прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў — мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў — ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Узнагароду мінулага года атрымалі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA.

Чытайце яшчэ:

«Я спрабавала кінуць маляваць — мяне хапіла на паўгода». Вялікае інтэрв’ю з мастачкай Святланай Дземідовіч