Амаль адразу пасля ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага (каля 1248 г.) новай дзяржаве давялося сутыкнуцца з цяжкім выпрабаваннем, ад якога залежала само яе існаванне. Які дыпламатычны ход дапамог Міндоўгу ўратавацца? Як доўга працягвалася першая вайна супраць ВКЛ і якімі былі яе вынікі? Піша Канстанцін Семяновіч.
Зімой 1249/1250 г. адбыўся першы ваенны паход галіцка-валынскіх войскаў супраць Міндоўга, мэтай якога быў Наваградак. Летапісны запіс пра гэты паход з’яўляецца першым у гісторыі дакументальна зафіксаваным сведчаннем саюза паміж Наваградкам і Міндоўгам.
Удар наносіўся па славянскай частцы дзяржавы Міндоўга — гарадах Наваградку, Слоніму, Ваўкавыску, Здзітаву. Узначалілі паход асабіста галоўныя галіцка-валынскія князі — браты Даніла і Васілька Раманавічы.
Паводле тагачаснай ваеннай тактыкі, баявыя дзеянні праводзіліся як серыя паходаў на тэрыторыю варожай дзяржавы з мэтай здабыцця гарадоў і замкаў, разгрому ворага ў палявой бітве, апусташэння варожай тэрыторыі, захопу ў палон мірнага насельніцтва, якое выводзілі ў сваю краіну.
Чытайце яшчэ: Палітычны хаўрус Міндоўг — Наваградак і пачатак Вялікага Княства Літоўскага
Наступны паход супраць Літвы ў 1250 г. праходзіў ужо з двух процілеглых кірункаў пры ўдзеле інфлянцкіх рыцараў. З поўдня рушыла галіцка-валынскае войска пад камандай Таўцівіла (выгнаны з Літвы пляменнік Міндоўга), падмацаванае палавецкім атрадам. З поўначы войска Інфлянцкага ордэна вёў праз Нальшаны на замак Міндоўга магістр Андрэй фон Сцірланд.
Герб Лівонскага ордэна
Дэталі выправы невядомыя. Маюцца звесткі, што пасля заканчэння паходу Таўцівіл накіраваўся ў Рыгу, дзе быў прыняты з пашанай і хрысціўся ў каталіцтва.
Уратавацца гаспадарству ўдалося дзякуючы нестандартнаму дыпламатычнаму ходу, які дапамог пераўтварыць аднаго з ворагаў у саюзніка. Міндоўг выкарыстаў ідэалагічную матывацыю дзейнасці нямецкіх ордэнаў у Прыбалтыцы — хрышчэнне мясцовых язычнікаў. Ён выслаў пасольства да магістра Інфлянцкага ордэна, якое ад імя вялікага князя дэкларавала яго гатоўнасць прыняць разам з падданымі хрысціянства па каталіцкім абрадзе.
Хрышчэнне Міндоўга. Малюнак 17 ст.
Хрышчэнне першага гаспадара ВКЛ адбылося ў пачатку 1251 г. Калі ў тым годзе войскі кааліцыі на чале з Таўцівілам у складзе галіцка-валынскіх, палавецкіх, жамойцкіх (ад князя Вікінта) і яцвяжскіх аддзелаў узялі ў аблогу Міндоўга ў ягоным замку, то інфлянцкае войска змагалася ўжо на ліцвінскім баку. Аблога закончылася беспаспяхова, а Міндоўг у адказ арганізаваў паход на замак Вікінта ў Жамойці.
Найбольш зацята Панямонне было атакаванае з боку Галіцка-Валынскага княства. У 1251–1252 гг. браты Раманавічы з полаўцамі зноў рушылі на Наваградак. Па дарозе яны прыпыніліся ў Пінску і змусілі да ўдзелу ў паходзе мясцовых князёў. Паход гэты выглядаў хутчэй як рабаўнічы набег, валыняне разлічвалі з’явіцца на Панямонні нечакана, але дзесьці на мяжы Піншчыны і Наваградчыны сутыкнуліся з ліцвінскім дазорам ля возера З’ята. Прайшоўшы ў пагоні за ім хуткім маршам праз балоты да ракі Шчары, галіцка-валынскія воі правялі ваенны савет. Войска не хацела ісці далей, бо ў Наваградку ўжо было вядома аб яго прыходзе («вѣсть уже есть на насъ»). Аднак Данілу Раманавічу ўдалося дамагчыся працягу паходу, праўда, асаблівых поспехаў ён не прынёс.
Пачатак ВКЛ
Вайна працягвалася. У 1251–1252 гг. Даніла Раманавіч арганізаваў чатыры паходы ў Літву, падчас аднаго з якіх валынянам удалося захапіць Гародню (напэўна, толькі пасады, але не замак). У адказ Міндоўг у 1252 г. выслаў сына (напэўна, Войшалка) з войскам заваяваць Турыйск на Валыні. У тым жа годзе Міндоўг спрабаваў дамагчыся згоды Данілы Раманавіча на заключэнне міру, папярэдне подкупам вывеўшы з кааліцыі ягоных яцвяжскіх і жамойцкіх саюзнікаў. Таўцівіл тады быў вымушаны ўцякаць з Жамойці на Валынь. Аднак ліцвінскае пасольства поспеху не дасягнула і стан вайны працягваўся.
Пад 1252 г. летапісец згадаў пра нейкі раскол на Літве, чым скарыстаўся Даніла, арганізаваўшы чарговы паход на Наваградак. Зацікаўлены ў далейшым саюзе з Лівонскім ордэнам, Міндоўг з санкцыі Папы Рымскага прыняў каралеўскую карону. Цырымонію каранацыі ў пачатку ліпеня 1253 г. правёў афіцыйны папскі прадстаўнік — хельмінскі біскуп Генрых.
Каранацыя Міндоўга
Галіцка-Валынская дзяржава аказалася ў стане працягваць вайну ў адзіноце і паспяхова яе закончыла мірнай дамовай у 1254 г., часткова аднавіўшы свае ўплывы на Панямонні.
Аднак параза Літвы аказалася толькі тактычнай, бо галіцка-валынскія князі не дасягнулі галоўнай мэты — наваствораная панямонская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае ліквідаваная не была.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Глядзіце яшчэ: