Як пражскі грош стаў аналагам «еўра» ў XIV-XV ст.? Чаму першыя манеты ВКЛ былі дробнымі і непрэзентабельнымі? Таямнічыя сімвалы ранніх грошай Вялікага Княства — што яны значылі?
Мінулым разам мы скончылі на заняпадзе эканомікі колішняй Русі ў ХІІ ст. і надыходзе т.зв. Безманетнага перыяду. Той час нечым нагадваў мяжу 80-90-х, калі простыя прадметы ці паслугі былі больш вартыя даверу, чым купюры-фанцікі. З той розніцай, што на момант краху СССР валюта была, але ёй не верылі, а ў ХІІ-ХІІІ ст. валюты не было як такой. Панаваў натуральны абмен.
Рублі-грыўні з Вішчынскага скарбу
Адзінай формай доўгатэрміновай інвестыцыі былі рублі-грыўні. Зліткі срэбра, з якімі не хадзілі на рынак ці ў шынок, — гэта была форма захавання капіталу. Такі сабе «біткоін». Ад грыўні можна было адрэзаць кавалачак, каб разлічыцца або перадаць нашчадкам. Грыўні былі ўдзелам абраных — купцоў-міжнароднікаў ці дружыннікаў. Звычайны селянін мог жыццё пражыць і ні разу не дакрануцца да грошай ці срэбра як металу.
«Срэбраная рэвалюцыя» і ЗВР Вялікага Княства
У Заходняй Еўропе грошы былі, але зазвычай у выглядзе танюткіх брактэатаў — срэбраных манет памерам з сённешнія 10 капеек, якія трушчыліся ў руках, нібы фальга. Да нас яны траплялі надзвычай рэдка. Усё змянілася пасля «Срэбранай рэвалюцыі» ХIV ст. На мяжы Чэхіі і Нямеччыны былі выяўленыя багатыя радовішчы срэбра ў Кутняй Гары. Так чэшскія каралі пачалі біць новую манету — пражскі грош.
На свой час гэта была ідэальная грашовая адзінка, якая хутка стала агульнаеўрапейскай манетай — такім сабе «еўра». Пражскі грош — манета памерам з нашыя 2 рублі, але танчэйшая. Вага — 3-3.5 грамы. Срэбра 700-800-й пробы. На адным баку выява льва, на іншым — кароны. Лацінамоўны надпіс змяшчаў імя караля, што дапамагае ў датаванні грошаў.
Пражскі грошы
Пік панавання пражскага гроша ў нас — канец ХIV — ХV стст. Рэальна ж грошы хадзілі да ХVІ ст., пакуль дзяржава не выцягнула якасную манету ў насельніцтва для пераплаўкі і біцця сваіх грошай з меншай пробай. Таму пражскія грошы ў Беларусі часта знаходзяць моцна выцертымі — яны маглі праходзіць праз сотні рук спачатку ў Еўропе, пасля ў нас.
Пражскія грошы ў сваёй большасці трапляюцца пацёртымі, бо прайшлі праз сотні рук
На часы нашчадкаў Гедыміна пражскі грош стаў асноўнай валютай ВКЛ. Супала некалькі фактараў. Сама наяўнасць пражскіх грошаў падагравала эканоміку, выціскала натуральны абмен — гэта была валюта, вартая даверу, у якую можна канвертаваць прадметы і паслугі. З іншага боку, ВКЛ пашыралася як дзяржава, таму валюта была аб’ектыўна патрэбная — нават імпартная. Што можна было набыць за адзін пражскі грош? Калі вельмі груба, то гэта 10$ — стандартны харчовы набор з сучаснага маркету.
Лагічнае пытанне, як магла выглядаць дзяржаўная скарбніца Гедымінавічаў? Ці былі гэта куфары з пражскімі грошамі? Ці рублі-грыўні? Ці ўпрыгожванні?.. Даследчыкі не ведаюць, дакументаў не захавалася — суцэльны змрок.
Найхутчэй золата-валютныя рэзервы ВКЛ былі... усім адразу. Як ЗВР сучаснай дзяржавы — гэта неабавязкова залатыя зліткі, але і еўра, даляры, каштоўныя паперы. Пражскія грошы маглі плавіць у грыўні, каб захаваць на доўгі тэрмін. Наяўныя ж трымаць для штодзённых разлікаў. Пра золата невядома: пануючым грашовым эквівалентам было акурат срэбра. Вартасць срэбра ў тыя часы была куды большай, чым зараз.
Татарскі «вузел даўгалецця»: паміж Усходам і Захадам
Калі памятаеце, колішнюю «адзіную валюту» часоў Русі і вікінгаў — дырхемы — людзі часта рэзалі на палову ці чвэрць, каб разбіць суму. Пражскія грошы таксама рэзалі, але зрэдку. Масавыя находкі абрэзкаў невядомыя. Але ўмоўныя 10$ таксама часам трэба разбіць... Як? Так з’явілася патрэба ў сваёй манеце.
Ардынскі данг хана Джанібека сярэдзіны 14 стагоддзя (злева ўнізе - вузел даўгалецця)
Каб зразумець яе генезіс, варта ўлічыць, што ВКЛ кантактавала не толькі з Захадам, але і з Усходам. Залатая арда мела сваю манету: данг (адсюль пазнейшае расейскае «деньга» і «деньги»). Гэта невялікая тоўстая манета вагой каля граму прыкладна ў тры разы меншая за пражскі грош.
Фактар другі — сама структура ВКЛ. Гэта была не цэнтралізаваная ўнітарная дзяржава, а федэратыўная. Па меры ўзбуйнення да яе далучаліся рускія княствы, якія цалкам не гублялі самастойнасці. Таму ў Кіеве ці Смаленску білі сваю манету. І гэтая манета па вазе, утрыманню срэбра і эстэтыцы адпавядала ўсходняму дангу. З Еўропы была хіба назва — «пенязь» (у сучаснай польскай мове «грошы» — гэта ‘pieniądze’, у літоўскай — ‘pinigų’).
Першыя манеты ВКЛ дагэтуль складаюць суцэльную таямніцу. На іх няма ані года, ані назвы дзяржавы, ані імя князя. Дакументацыі таго часу пра эмісіі манет таксама не захавалася. Толькі па логіцы і ўскосных дадзеных мы робім выснову, што яны з’явіліся пры сынах Гедыміна: Альгердзе і Кейстуце, у другой палове XIV ст.
Раннія грошы ВКЛ з арыентальнымі матывамі - львом ды татарскім 'вузлом даўгалецця'
На манетах мы бачым мікс з аля-мусульманскіх надпісаў, татарскіх матываў, накшталт «вузла даўгалецця», ды сімвалаў улады, якім мог быць леў. Вядомы тып манет, на якім па коле ідзе надпіс «ПЕЧАТ» — «пячатка». Гэта быў дзяржстандарт, адзнака якасці. Як ні прыкра, нашы першыя манеты былі «варварскімі падабенствамі» да валюты больш развітых ў грашовым сэнсе дзяржаваў.
Архаіка ВКЛ і вайна з крыжакамі
Важна разумець: як бы нам ні карцела гераізаваць і выхалошчваць ВКЛ той эпохі, гэта была вельмі архаічная дзяржава. У тэхналагічным сэнсе мы былі задворкамі Еўропы, на маргінэсе. Нават ідэалагічна ўладары мелі ўвесь час даводзіць Захаду, што тут жывуць не паганцы, а хрысціяне (адсюль, магчыма, выявы хрысціянскіх крыжоў на манетах).
Ранняе ВКЛ было дзяржавай, дзе кіравала найперш сіла, а не эканоміка (мастак - Павел Татарнікаў)
На адным баку манеты дзіда з крыжам,на іншым калюмны
Манеты ВКЛ рабіліся са срэбранага дроту, у які расклёпваліся грыўні. Далей палоску срэбра рэзалі на дзяленні ды плюшчылі малатком, на якім змяшчаўся штэмпель — тая самая «ПЕЧАТ». Тэхналогіі не дазвалялі рабіць якасных штампаў, рэзаць доўгія надпісы... Але людзям, па вялікім рахунку, было «па барабану», што выяўлена на манеце. Галоўнае, каб гэта было паўнавартаснае срэбра, якім можна разменьваць пражскія грошы.
У часе войнаў з крыжакамі было не да грашовай сістэмы... (мастак А.Г.Прыбылоў)
Не будзем забываць, што ўсе гэтыя грашовыя эксперыменты праходзілі на тле няспыннай вайны з Тэўтонскім ордэнам з перадышкамі ў пару год. Якая эканоміка? Якая эстэтыка?.. Вялікія гарады, не кажучы пра хутары і вёскі, рэгулярна пераўтвараліся ў попел. Лічы, перманентны надзвычайны стан. У крыжакаў, дарэчы, былі свае грошы — шылінгі. У нас іх таксама знаходзяць, але рэдка. Прыкладам для пераймання яны так і не сталі.
Усходняя манета з контрмаркай у выглядзе калюмнаў
Калюмны, дзіда з крыжам і — Пагоня Наконт сімвалаў, змешчаных на манетах, трываюць дыскусіі, што пры кім з’явілася і што значыла. Часы Кейстута і Альгерда — гэта суцэльныя ардынскія перайманні, львы ды «вузлы даўгалецця». Айчынная сімволіка — гэта ўжо пры Ягайле і Вітаўце. Калюмны — родавы сімвал Гедымінавічаў. Падвойны крыж — асабісты герб Ягайлы. Дзіда з крыжам — знак Троцкага і Валынскага ваяводстваў, спадчыны Вітаўта.
Вершнік на кані — протаПагоня
Урэшце, вершнік на кані — «протаПагоня». Пра яго таксама спрачаюцца: пачалі яго біць пры Ягайле, познім Вітаўце ці Казіміры...
Вершнік на кані — протаПагоня
Выглядае, што акурат вершнік стаў універсальнай азнакай, стандартам манет Вялікага Княства.
Выдахнуць і заняцца эканомікай дзяржава змагла толькі пасля перамогі пад Грунвальдам (мастак А.Г.Прыбылоў)
Такім чынам, Пагоня прыйшла на нашыя манеты акурат +/- у эпоху Грунвальду — часу максімальнай мабілізацыі і мілітарызацыі краіны.
Дзе біліся першыя грошы ВКЛ? Ягайла найхутчэй рабіў эмісію з Віленскага замка. Вітаўт — з Трокаў ці з Луцка. Манеты не прызначаліся для вонкавага карыстання, яны былі ўнутраным разменным эквівалентам. Таму і не выходзілі далёка за свой арэал. У сённяшняй Беларусі найбольшы шанец знайсці тыя манеты на Ашмяншчыне, Воранаўшчыне ці Смаргоншчыне, то бок — на гістарычнай Віленшчыне.
Маленькія грошыкі вялікай дзяржавы
Невядома, як шмат было выбіта ранніх пенязяў ВКЛ у прынцыпе. У Літве вядомыя вельмі рэдкія клады, але ў Беларусі афіцыйная навука іх не ведае — толькі адзінкавыя знаходкі. Сярод калекцыянераў ёсць легенда пра клад пенязяў з-пад Воранава, знойдзены некалькі год таму. У ім было некалькі сотняў манет. Але нават, калі гісторыя праўдзівая — гэта выключэнне.
«А ў нас — іскандэры!»
Нармалізацыя грашовых справаў — часы Казіміра Ягелончыка. Крыжацкае пытанне было закрытае, шматгадовы кашмар скончыўся. Можна было выдыхнуць і брацца за эканоміку. Надышоў тэхналагічны прагрэс, калі мяняць тавар на тавар — воз з футрамі на пару вазоў з зернем — стала нязручна. У Польшчы пачалі біць нармальную манету, а з палякамі мы мелі «Саюзную дзяржаву», таму і ў грашовым плане пайшлі следам.
Рэальна ж якасная айчынная манета з’явілася толькі пры Аляксандры, які прыйшоў да ўлады ў 1492 годзе.
Калюмны герб Гедымінавічаў, леў сімвал улады
Сімвалічна: у год, калі Калумб адкрыў Амерыку, ВКЛ урэшце атрымала грашовую сістэму, за якую не было сорамна. Дзяржава перакрочыла з готыкі ў рэнесанс.
Сёння нам можа падавацца дзіўным: пры Вітаўце княства была на піку моцы, тэрытарыяльна нагадвала імперыю, але не магло зрабіць нармальную манету, як так? У нейкім сэнсе тут можна правесці паралель з адной усходняй краінай, якую троляць адсутнасцю тэхналогіяў, добрых магістраляў і аўтапрамысловасці... «А ў нас — іскандэры!» — адказваюць адтуль. Пры Вітаўце было падобна: галоўнае — сіла і тэрыторыя. Мускулы. Зброя, готыка, моц!.. Час рэнесансу, калі срэбраныя талеры ВКЛ — сапраўдныя творы мастацтва — будуць дарыць замежным паслам як візітоўку дзяржавы, надыдуць пазней. Але гэта — асобная гісторыя.
Алесь Кіркевіч, budzma.org