Беларусь ніколі не была часткай Ісламскага Халіфату, нават не межавала з ім, дык адкуль тут манеты з тых краёў? Як дырхемы сталі ўніверсальнай валютай свайго часу? Чаму арабскія манеты часта знаходзяць паламанымі або дзіравымі?..
Мінулым разам мы пісалі пра антычныя манеты, якія сустракаюцца на нашых землях. Пасля калапсу Рыма ў плане грашовага абароту ў нас настыпіла доўгае зацішша — ажно да VIII стагоддзя. У грошах наўпрост не было патрэбы — панаваў натуральны абмен.
Грошы прысутнічалі ў жыцці людзей, але панаваў усё адно натуральны абмен
Першыя манеты новай эпохі пачалі зрэдку з’яўляцца ўжо ў VI-VII стст. Гэта былі срэбраныя дырхемы сасанідскага Ірану. На адным баку — партрэт цара Хасроя, на іншым — выява алтара-ахвярніка і двух жрацоў. Па вазе і дыяметры гэтыя манеты збольшага адпавядалі пазнейшым дырхемам, былі іх прадвеснікам.
Дырхем Ірану эпохі Сасанідаў - з аднаго боку Хасрой, з іншага ахвярнік
Масавы выпуск срэбраных дырхемаў у свеце пачаўся з канца VII ст., калі ў Халіфаце, заснаваным Мухамедам, панавала дынастыя Аміядаў. Але пік прыйшоўся на дынастыю Абасідаў і працягваўся з другой паловы VIII да Х-ХІ стст. Некаторыя даследчыкі пішуць пра вычарпанне срэбраных руднікоў на Блізкім Усходзе, але найхутчэй меў месца палітычны фактар: стагнацыя і распад Халіфата.
Класічны дырхем, выбіты ў Ташкенце ў 927-28 гадах
Феномен дырхема: звышдзяржава + якаснае срэбра
Дырхем — срэбраная манета вагой у некалькі грам, у залежнасці ад перыяду і эмісіі. Згодна ісламу, выявы людзей ці жывёлаў забараняліся, таму на аверсе і рэверсе — адно надпісы. Збольшага рэлігійнага характару, але з прывязкай да месца адбіцця, даты і правіцеля-халіфа. Важна, што манета была з якаснага срэбра, таму яе паважалі і шанавалі.
Феномен дырхема — гэта феномен Халіфата як звышдзяржавы з цэнтрам у Багдадзе, якая ў VIII-ІХ стст. раскінулася ад мяжы Кітая да Андалузіі. Разам з тым, Халіфат — гэта не толькі тэрыторыя, але і актыўны гандаль па ўсім свеце. Для пакупкі рэсурсаў, рабоў, будаўніцтва, найму войска і гандлю рабамі патрэбная была моцная валюта. Такой акурат і стаў срэбраны дырхем.
Для славянаў у арабаў існаваў адмысловы тэрмін - 'сакалаба'
Славяне з Халіфатам актыўна кантактавалі. У арабаў быў тэрмін — «сакаліба» — для тутэйшых наёмнікаў ці рабоў. Арабскім купцам наўпрост ці праз пасярэднікаў прадавалі футра, воск, мёд ды іншыя рэсурсы. Славянскіх ваяроў актыўна бралі ў якасці наёмнікаў, хоць тыя часам бунтавалі і нават захоплівалі гарады ў той жа Іспаніі, ствараючы свае дзяржавы-аднадзёнкі.
Чаму не візантыйская манета?
Чаму менавіта арабская манета, а не візантыйская? Здаецца, акурат з Візантыяй найбольш кантактавала Старадаўняя Русь, пахрысціўшыся ў праваслаўе. Гісторыкі жартуюць, што Візантыя развальвалася 1000 гадоў — увесь час свайго існавання была ў перманентным крызісе. Па памерах яна была несупаставімай з Халіфатам: займала ў азначаны перыяд адно сучасную Турцыю і Балканы.
Так, Візантыю ў Еўропе шанавалі як пераемніка Рыма. Але гэта была больш даніна павагі, якая замацоўвалася дынастычнымі сувязямі. Візантыя выпускала сваё срэбра — міліярысіі. У нас іх таксама знаходзяць, але рэдка: у параўнанні з дырхемамі іх плыня была мізэрнай.
Разам з тым, калі ў Старажытным Кіеве спрабавалі біць свае срэбранікі, то ў якасці стандарту бралі акурат візантыйскую манету. Іншая справа, што эмісія гэтых манет была хутчэй справай прэстыжу — рынку яна не заваявала. Кожная знаходка срэбраных манет Кіеўскай Русі — сенсацыя.
Гэты дырхем актыўна выкарыстоўвалі як упрыгожванне
Сакральныя скарбы: просьба або падзяка Багам
Ключ да пытання паходжання дырхемаў у нашых мясцінах — існаванне Шляху з варагаў у грэкі, які йшоў па Дзвіне і Дняпры. Калі рымскія манеты у нас найбольш трапляюцца ў Заходняй Беларусі, то дырхемы наадварот: на Падзвінні і Падняпроўі. Рухаючай сілай Шляху былі вікінгі, экзістэнцыя якіх складалася з вайны і гандлю.
Профілем вікінгаў былі вайна і гандаль
Мясцовыя таксама былі задзейнічаныя: прывозілі да «зборачных пунктаў» на рэках свой тавар, далучаліся да варажскіх дружынаў ці прадавалі ім рабоў. Вікінгі мелі на Беларусі свае базы — апорныя пункты на доўгім шляху (гэтак жа рабілі готы на Берасцейшчыне за 500 год да гэтага). Адсюль і дырхемы ў выглядзе асобных знаходак ці цэлых скарбаў. У Скандынавіі скарбы арабскіх манет таксама знаходзяць.
'Сакральныя скарбы' маглі быць, напрыклад, падзякай за ўдалы паход
Дарэчы, мы звыкліся, што скарб — гэта хованка, якую робіць чалавек у ліхую часіну, каб пасля выняць адтуль капітал: манеты, упрыгожванні, зброю. Насамрэч незаўжды так. Былі і сакральныя скарбы, якія ніхто не збіраўся адкопваць. Нездарма на некаторых дырхемах ёсць пракрэсленыя ўласнікамі руны ці магічныя сімвалы.
Шалі варажскай эпохі
Закапаны ці затоплены скарб мог быць падзякай Багам за ўдалы паход ці захаванае жыццё. А мог быць просьбай. Напрыклад, на дырхеме пракрэсленая руна «Kenaz» ("хвароба","язва") — значыць, уласнік хацеў пазбавіцца ад ліха і зрабіў ахвяру. Лішне казаць, што за такім скарбам вяртацца ніхто не спяшаўся, інакш вышэйшыя сілы «адкруцілі б» сваю дапамогу назад.
Дырхем з пракрэсленым Молатам Тора - магчыма, яко выкарыстоўвалі як абярэг
Пыл «валютных аперацыяў» У адрозненні ад антычнага перыяду на нашых — «варварскіх» — землях, у часы панавання дырхема грашовыя адносіны былі больш развітыя. Былі наміналы, сістэма уліку, вагі, размену. Шматлікія дырхемы трапляюцца ў парэзаным стане: на палову, на чвэрць ці яшчэ менш. Навошта? Каб разбіць умоўную «вялікую суму». Іншага спосабу, акрамя як парэзаць манету, не існавала.
З гэтым звязаныя і першыя ў Старадаўняй Русі назвы наміналаў: «рэзана», «куна», «нагата», «палушка» ды інш. Гісторыкі спрачаюцца аб паходжанні словаў ды іх грашовым значэнні. Напрыклад, «куна» — цэлы дырхем. «Рэзана» — парэзаны на палову. «Палушка» — парэзаны на чвэрць: палова кругляша, маўляў, нагадвае вуха, а «палушка» — гэта паў вушка.
Дырхемы часта трапляюцца парэзанымі на палову ці на чвэрць
Разам з тым, да большасці з гэтых тэрмінаў ёсць адпаведнікі ў арабскай мове. «Нагд» — «наяўныя грошы», «разана» — «прыкідваць вагу на далоні» і г.д. Асабняком стаіць тэрмін «беля», якім у Старадаўняй Русі пазначалі зношаную манету: з арабскай слова перакладаецца як «ветхі, стары».
Шлях з варагаў у грэкі дзейнічаў круглы год
Пастаянны размен дырхема — рэзанне ці ламанне на палову, на чвэрць і г.д. — прыводзіў да яго знішчэння. Манета была тонкай, таму банальна трушчылася пасля такіх «валютных аперацыяў». Але гэта было срэбра, не выкінеш. І яно... жыло далей! У выглядзе бранзалетаў, скроневых кольцаў, накладак на пояс ці зброю, на конскую вупраж.
Дырхемы, знойдзеныя пад Полацкам
У Беларусі ці побач не было срэбраных руднікоў, таму можна смела лічыць, што большасць срэбраных упрыгожванняў старадаўняй Полаччыны ці Меншчыны — гэта плён пераплаўкі дырхемаў. Сучасныя тэхналогіі, якія вызначаюць хімічныя асаблівасці металу, могуць гэта пацвердзіць.
Не вярнуў пазыку — апынуўся на нявольніцкім рынку
Мы не ведаем дакладна, ці заязджалі ў той перыяд да нас арабскія купцы. Але і выключаць гэтага нельга: шмат якія геаграфічныя назвы ў арабскіх хроніках дагэтуль нерасшыфраваныя — не маюць прывязкі да мясцовасці. Шлях з варагаў у грэкі быў арабам добра вядомы, дык чаму не?..
З гэтым звязаная цікавая знаходка з Гродна, з берага Нёмана. Масіўная медная манета з арабскай вяззю і выявай шаблі — гэта дырхем горада Ардэбіль у Іранскім Азербайджане, выбіты ў 1170-я гады. Медзь у той час тут не хадзіла, толькі срэбра, таму манету найхутчэй нехта прывёз як памятку ці згубіў. Нагадаем, што Гродна ўпершыню ўзгадваецца ў летапісах пад 1127 годам, таму можна пажартаваць, што азербайджанцы ў горадзе над Нёманам — самая старажытная нацыянальная меншасць.
Дарэчы, пра рабоў як топавы экспартны тавар нашага рэгіёна, можна сказаць асобна. Чаму яны ставалі прадметам гандлю? Чаму іх было так шмат?.. Рабы — гэта не выпадкова вылаўленыя па лясах продкі беларусаў, якіх вікінгі закінулі на ладдзю і павезлі ў Халіфат (хаця, магло быць і такое).
Рабы былі адным з топавых экспартных тавараў, які даваў наш рэгіён
Зазвычай, гэта палонныя як вынік міжусобных войнаў паміж мясцовымі князямі ці правадырамі: умоўна свае прадавалі сваіх замежнікам. Або — гісторыя «рабства за пазыку». Уявіце, што чалавек з якога-небудзь Падзвіння не вярнуў у час пазыку суседу, а ў выніку апынуўся на нявольніцкім рынку ў Багдадзе...
Грыўня — не валюта, а форма захоўвання капіталу
Дырхемы былі асновай грашовай сістэмы ў часы Рагвалода і Рагнеды, але трапляюцца на той час і заходнія грошы — дэнарыі дзяржаваў, што ўзніклі пасля распаду імперыі Карла Вялікага. Назву ўзялі ад рымскіх дэнарыяў, а вось з якасцю былі праблемы: срэбра, як правіла, нізкапробнае, з эстэтыкай яшчэ горш. Партрэты тагачасных уладароў нагадваюць дзіцячыя малюнкі з кружочкам і кропачкамі замест вачэй... Пра тое, што манету білі хрысціяне, сведчыць выява крыжа.
Верагодна, гэтыя манеты да нас таксама траплялі разам з варагамі — у большай ступені іх знаходзяць ва Усходняй Беларусі, у ваколіцах Шляху з варагаў у грэкі. Але гэта адносная рэдкасць, канкурэнцыю дырхему яны не складалі. Больш за тое, дырхемы на нашых землях спрабавалі падрабляць (пра гэта сведчаць формачкі для адліўкі, вядомыя археолагам), а вось еўрапейскую манету падрабляць сэнсу не было.
Раннія еўрапейскія дынарыі зрэдку, але трапляюцца ў Беларусі
Фіналам эпохі дырхему можна лічыць з’яўленне грыўняў. Фактычна, гэта срэбраныя зліткі рознай вагі і формы, якія адліваліся паўсюдна ў Старадаўняй Русі. Грыўні былі нават не валютай, а формай захоўвання капіталу. Сыравінай для іх, зноў жа, было срэбра колішніх дырхемаў.
Мець некалькі ці шмат грыўняў — значыць, быць заможным купцом ці статусным ваяром. У сярэдняга рамесніка ўвесь капітал мог быць увасоблены ў адной грыўні. Галава сям’і, напрыклад, меў такі злітак і пры нагодзе адразаў ад яго кавалкі, каб за нешта разлічыцца — на вагу.
Крах эканомікі — «Безманетны перыяд»
Ішоў час — дырхемаў станавілася ўсё меней, як і караблёў на Дняпры і Дзвіне. Арабскі Халіфат драбіўся, а разам з ім занепадаў гандаль, прыток манет скончыўся. Старыя манеты маглі хадзіць яшчэ 100-150 гадоў, але штогод драбіліся, губляліся, закопваліся. Людзі наўпрост развучыліся іх лічыць і ўзважваць, а пасля рынак пачаў абыходзіцца без дырхемаў — ізноў запанаваў натуральны абмен.
Старадаўняя Русь таксама драбілася на ўдзельныя княствы — гэта быў крах агульнай эканомікі, рынку, сувязяў і шляхоў. Кожны горад ці супольнасць завязваліся ўжо выключна на свой невялікі рэгіён. Так, з ХІІ ст. бярэ адлік «Безманетны перыяд». Цяжка ўявіць, але стварэнне ВКЛ, часы Міндоўга і Гедыміна, акурат з ім супалі.
Новая манета на беларускіх землях з’явілася адно ў канцы XIVст., але гэта — зусім іншая гісторыя.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Аўтар графічных малюнкаў — П’ер Жубэр