Паслухайце, як гучаць песні на вершы беларускіх класікаў, запісаныя з дапамогай нейрасетак

09.01.2025 Музыка

У інтэрнэце з’явіўся праект «Vierszniki», у межах якога публікуюцца песні, створаныя пры дапамозе нейрасетак на вершы класікаў беларускай літаратуры. Стваральнікі праекта ставяць сабе за мэту папулярызацыю беларускай мовы і нацыянальнай культуры, выкарыстоўваючы магчымасці штучнага інтэлекту.


«Vierszniki»

«На вершы беларускіх паэтаў напісаныя дзясяткі і сотні вядомых песень. У розныя часы нават ствараліся адмысловыя праекты -трыб’юты, прысвечаныя, напрыклад, Ларысе Геніюш ці Уладзіміру Караткевічу. Але застаюцца яшчэ тысячы вершаў, якія не так вядомыя беларусам. Мы вырашылі з дапамогай музыкі і штучнага інтэлекту паспрабаваць папулярызаваць некаторыя з іх», — кажуць аўтары праекта.

«Мы не абмежаваныя нейкім адным музычным напрамкам. Сярод песень можна пачуць усё: ад рэпкора і металу, да пірацкага шанці. Пад кожны верш мы імкнуліся падабраць свой жанр, які, як нам здаецца, найбольш раскрывае твор і чапляе музычна. — распавядаюць аўтары праекта —Насамрэч, гэта даволі карпатлівы, але вельмі цікавы працэс. База стваралася пры дапамозе штучнага інтэлекту. Дапрацоўка, звядзенне і майстарынг рабіліся ўжо намі самастойна».

Усе кампазіцыі зробленыя ў выглядзе відэа-замалёвак з музыкай і тэкстамі вершаў адмыслова для «Tik-Tok» і іншых платформ з кароткімі відэа. Ужо выкладзеныя песні на вершы Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц і Анатоля Сыса, Янкі Купалы, Фэлікса Аксёнава ды іншых.

«Сучасныя інструменты штучнага інтэлекту для працы з голасам яшчэ не вельмі добра працуюць з беларускай мовай, таму ў некаторых песнях можна заўважыць невялікія фанетычныя хібы. Але мы маем надзею, што мадэлі будуць удасканальвацца і мы зможам працягнуць праект у яшчэ больш якасным выглядзе, — дадаюць аўтары праекта «Vierszniki». — Насамрэч сваёй працай мы так ці іначай і дапамагаем удасканаліць гэтыя самыя мадэлі штучнага інтэлекту».


Паглядзець і паслухаць відэа «Vierszniki» можна на старонках праекта ў «TikTok» і на «YouTube».