Дзевяноста гадоў у Беларусі здымаюць дзіцячае кіно. Дзеці, якія глядзелі тое кіно, выраслі і выгадавалі сваіх дзяцей. І тут высветлілася, што нешта важнае ім забылі патлумачыць. Пра што савецкая і беларуская дзіцячая культура баялася размаўляць з дзецьмі, расказвае аўтар кнігі, кандыдат мастацтвазнаўства.
Хутка выйдзе ў свет першы вялікі нон-фікшн пра беларускае дзіцячае кіно «Дзіцячы сеанс» — на платформе ulej.by вы можаце спрычыніцца да выхаду кнігі.
Наша ды савецкае кіно, калі справа датычылася дзяцей, заўсёды пазбягала цяжкіх тэм. Смерць проста не ўпісвалася ў дзіцячы свет, нягледзячы на тое, што дзеці ёю вельмі цікавяцца. Але ж у дзіцячым свеце былі адмысловыя персанажы для такой размовы — піянеры-героі. Толькі праз іх смерць з дзецьмі не баяліся гутарыць пра непазбежнае. Смерць — гэта тое, да чаго піянер-герой імкнуўся.
У літаратуры піянераў-герояў па каноне чакалі яшчэ пакуты, якія апісваліся падрабязна, «са смакам». І гэта добра задавальняла падлеткавую цягу да «крывавых гісторый», якія сацрэалізм забараняў. Але ў кіношных подзвігах піянераў-герояў не было ні пакутаў, ні самой смерці. Яе не паказвалі. Яна здаралася, але пра яе не гаварылі.
Літаратурная Зоя Касмадзям’янская памірала ў страшных пакутах, кінематаграфічная Зоя толькі мужна ішла на свой подзвіг. Калі памёр літаратурны Валодзя Дубінін з аповесці «Вуліца малодшага сына», яго цела прынеслі дадому, кінематаграфічны Валодзя з аднайменнага беларускага фільма проста знік, пра яго смерць нават не сказалі ўслых.
Кадр з фільма «Вуліца малодшага сына» – bel.sputnik.by
Савецкія дзеці раслі без адчування ўласнай і чужой смяротнасці — так, прынамсі, намагаліся іх гадаваць. Таму смерць дзеці асэнсоўвалі самі, ледзь не ўвесь маргінальны дзіцячы фальклор — так ці інакш пра яе. Як паказалі падзеі эпідэміі, смерць — дагэтуль тэма не для публічнага афіцыйнага дыскурсу.
У «Палескіх рабінзонах» Янкі Маўра падлеткі трапляюць на адрэзаны ад свету палескі востраў і выжываюць як могуць. У 1934 годзе беларусы паставілі па гэтай аповесці аднайменны фільм. І гэта апошні дзіцячы сюжэт, у якім героям дазволеная ізаляцыя і адасобленасць. Пасля хутка настаў сацрэалізм, а для яго няма страшнейшага страху, чым ізаляцыя. Герою нельга быць аднаму. Сам-насам ён можа пакідаць і рэальную, і нават сканструяваную рэальнасць і сыходзіць ва ўласныя думкі і сны. Нельга так.
Кадр з фільма « Палескія рабінзоны » – Архіў аддзела экранных мастацтваў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Адзінота — альбо пакаранне за правіннасць, альбо смяротная пагроза. За адасобленасць належыць вініць сябе. Гэта самыя надзвычайныя з надзвычайных абставін. У сталінскую эпоху адзіноту адмаўлялі да такой ступені, што ключавым паняццем культуры стала сінхроннасць. Гэта быў час парадаў, масавых шэсцяў, балета — усяго, што адмаўляла індывідуальнасць і адасобленасць як такую. Каб пераадолець панічны страх адасобленасці, дзіцячаму кіно спатрэбілася сорак гадоў: толькі ў казках сямідзясятых, у тых самых беларусьфільмаўскіх «Прыгодах Бураціна» і «Пра Чырвоную Шапачку. Працяг старой казкі» дзіця нарэшце застаецца само па сабе, бадзяецца па ўсім свеце ў кампаніі незнаёмцаў — і гэта ні разу не асуджаецца.
Кадр з фільма «Прыгоды Бураціна» – belarusfilm.by
Зноў жа, як паказала эпідэмія, ізаляцыя для нас — па-ранейшаму страшны страх, страшнейшы нават за смерць.
Верыце ці не, але савецкае дзіцячае кіно было наскрозь хлапечым. Дзяўчынкам у ім месца не было — пра дзявочы свет і дзявочыя патрэбы знята літаральна не больш за дзясятак фільмаў, кшталту стужак «Дзяўчынка і рэха» і «Дубраўка». Дзяўчынкам даводзілася жыць у хлапечым свеце, паказвалі іх з хлапечага «пункту погляду», таму карыкатурных і з’едлівых дзявочых вобразаў у савецкім кіно нашмат больш, чым хлапечых. Што ні дзяўчынка, то дзівачка.
З іншага боку, дзяцей прывучалі да таго, што ёсць «мужчынскія» рысы і ёсць «жаночыя». Мужчынскія — дысцыпліна, смеласць, адказнасць, доўг, вынаходлівасць і аптымізм. Жаночае — усё астатняе. Дзякуй богу, дзяўчынкам дазвалялася плакаць, сумаваць, быць бездапаможнымі, капрызіць, казаць «я хачу». Хлопчык не меў права нават на «я хачу». Сітуацыя, у якой хлопчык бездапаможны, проста супернадзвычайная і звязаная хіба з пагрозай смерці.
Але ж і лянота, і спантаннасць, і боязь, якія традыцыйна называліся «дрэннымі» якасцямі, атаясамліваліся толькі з «жаночым». Гэта выдатна сфармуляваў савецкі фільм «Сем салдацікаў», дзе выпеставаны мамай хлопчык Алег стаў такім лянівым і капрызным, што перастаў быць падобным на хлопчыка, нават валасы насіў доўгія (і гэта таксама маркер «дрэннай жаноцкасці»), і зваць яго пачалі Оля — і толькі салдаты адной дысцыплінай ператварылі яго з «дзяўчынкі» назад у хлопца. З кароткімі валасамі, вядома, і капрызнага. Да пачатку сямідзясятых хлопчыкаў-піянераў дзіцячая культура расціла толькі салдатамі, будучымі абаронцамі айчыны. Для дзяўчынак роляў увогуле не было.
Калі нам афіцыйна гавораць, што ўлада не для жанчын, нам проста нагадваюць, што ўлада па-ранейшаму знаходзіцца ў піянераў старога ўзору, і ў гэтым піянерскім атрадзе, які мае вырасці і стаць не інакш як арміяй, дзяўчаты толькі балюча нагадваюць хлопцам пра іх хлапечую неадпаведнасць вобразу суперсалдата.
Пераймаць «жаночыя» рысы хлопчык мог толькі ў камедыйных сюжэтах кшталту «Усё навыварат», дзе закаханы герой Міхаіла Яфрэмава пераапранаўся ў дзяўчынку, каб быць побач са сваёй каханай. Дарэчы, кахаць у дзіцячых фільмах забаранялася. Гэта было няёмка для ўсіх, і герой, закахаўшыся, вымушаны быў хаваць пачуццё ці пакутаваць ад калектыўнага асуджэння. Нават дарослыя не ведалі, што рабіць з дзіцячым каханнем. Вам гэта добра вядома калі не па беларускім фільме «Лясныя арэлі», дык па савецкім «Вам і не снілася». Ёсць над чым падумаць.
А пра грошы з савецкімі дзецьмі ў кіно не размаўлялі. З постсавецкімі таксама пазбягаюць гэтай тэмы. Паводле ідэалістычных уяўленняў сацрэалізму, дзіця — персанаж рамантычны, яму не варта цікавіцца «нізкім». Адзіны фільм, які аднойчы выказаўся пра грошы і капіталістычны свет, на іх пабудаваны, — беларусьфільмаўскі «Прададзены смех».
Кадр з фільма «Прададзены смех » – Comboplayer.ru
Такім гэты сюжэт быў надзвычайным, што нават аўтары і студыйныя рэдактары доўга не маглі зразумець, чаму галоўны герой прадаў свой смех загадкаваму фінансісту барону фон Трэчу і на чорта таму дзіцячы смех спатрэбіўся. Станоўчага вобраза грошай і чалавека з грашыма ў савецкім кіно ўвогуле не было, а ў дзіцячым грошай пазбягалі гэтаксама як смерці. Можа, таму гэтыя дзве тэмы да сёння цесна звязаныя — і пра іх дагэтуль лепш не размаўляць. Раптам разбагацееш — што тады рабіць піянеру? Паміраць?
budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!