Сёння, 17 ліпеня, пачала сваю працу новая беларуская краўдфандынгавая платформа Gronka, дзе можна будзе падтрымаць цікавыя і важныя ідэі і праекты ад беларускіх аўтараў, а таксама прапанаваць свой. На Gronka ужо з’явіліся прапановы ад выдавецтва «Янушкевіч», «Этна-традыцыі», Аляксандра Чарнухі і іншых.
— Мы — ананімныя энтузіясты і тэхнічная каманда Паўла Лібера, аб’яднаныя любоўю да творчасці і інавацый. Мы назвалі платформу Gronka, таму што хочам, каб у нашым садзе раслі прыгожыя дрэвы з сакавітымі ягадамі-праектамі, звязанымі адзінай мэтай — рабіць Беларусь. Таленавітую, актыўную і самастойную. Вось так — ягада да ягады — гэтыя гронкі і ствараюць нашую будучыню, у якой ёсць яскравыя аўтары і таленавітыя музыканты, якасная адукацыя і модныя брэнды, тэхналагічныя бізнесы і цікавыя гульні, — кажуць стваральнікі платформы. — Для нас важна было стварыць прастору, дзе беларусы і беларускі змогуць апублікаваць сваю ідэю і знайсці пад яе фінансаванне. Без пасрэднікаў, складаных заявак і незразумелых крытэраў. Толькі аўтар і яго аўдыторыя! Хочам, каб чалавек сам вырашаў, каго ён хоча падтрымаць.
На Gronka ўжо можна падтрымаць выданне сусветнай класікі «Граф Монтэ-Крыста» ад выдавецтва «Янушкевіч», праект 3D-мадэляў гістарычных помнікаў у дапоўненай рэальнасці, зборнік беларускіх калыханак ад «Этна-Традыцыі», падкаст «Праз космас», новую кнігу апавяданняў Аляксандра Чарнухі і іншыя цікавыя праекты.
— Некалькі год беларусы і беларускі вымушаныя былі карыстацца глабальнымі краўдфандынгавымі платформамі і не мелі магчымасці атрымліваць дапамогу праз лакальныя сервісы, — распавядаюць прадстаўнікі Gronka. — Мы хочам прапанаваць сваім падтрымліваць сваіх праз актуальную, зручную і эфектыўную Gronka, дзе прыярытэт заўсёды будзе менавіта за беларускімі праектамі. Каманда платформы кансультавалася са спецыялістамі, якія працавалі з папулярнымі, але ўжо неіснуючымі краўдфандынгавымі праектамі, а таксама вывучалі досвед міжнароднага фандрайзу. Усё для таго, каб зрабіць Gronka месцам, дзе кожны зможа падтрымаць важныя справы і атрымаць падтрымку.
Gronka не спаганяе камісіі з крэатараў і іх спонсараў, але невялікую камісію (3-5%) забірае плацёжны сервіс Stripe, праз які працуе платформа. Таксама праект не збірае асабістую інфармацыю спонсараў — толькі адрас электроннай пошты, які пасля перадаецца крэатару ў выпадку, калі чалавек хоча атрымаць сваю ўзнагароду. Сам крэатар праходзіць верыфікацыю праз Stripe, і яго персанальныя дадзеныя таксама не збіраюцца платформай Gronka.
Ужо цяпер можна прапанаваць свой праект для краўндафандынгавай кампаніі. Зрабіць гэта можна праз лаканічную форму заяўкі. Платформа Gronka працуе з двума варыянтамі збораў — «Усё або нічога» і «Усё, што ёсць». Кожны з іх прадугледжвае розныя мадэлі і стратэгіі. Падрабязней пра іх можна пачытаць у адмысловым артыкуле на сайце праекта.
— Кожны з ужо апублікаваных праектаў прадугледжвае бонусы для спонсараў. Напрыклад, падтрымаўшы пераклад «Графа Монтэ-Крыста» вы можаце атрымаць салідную зніжку на кнігі выдавецтва «Янушкевіч». А калі станеце спонсарам падкасту «Праз космас», то зможаце паслухаць эксклюзіўны эпізод, — распавядаюць стваральнікі Gronka. — Такія бонусы ёсць у кожным праекце, і мы будзем радыя, калі людзі зацікавяцца прапановамі і стануць часткай нашай беларускай гронкі.
Вэб-сайт:
Для карыстальнікаў за межамі Беларусі: gronka.org
Для карыстальнікаў унутры Беларусі: storage.googleapis.com/gronka