Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by аб прычынах узброенага канфлікту ў Нагорным Карабаху
На пачатку 2000-х у Вугоршчыне здарылася дзікая гісторыя. Там праходзіла навучанне прадстаўнікоў паліцыі з розных краінаў СНД. Так атрымалася, што ў групу таксама трапілі праваахоўнікі з Арменіі і Азербайджана. Нехта дадумаўся засяліць іх у адзін гатэль...
Неяк увечары адзін азербайджанскі афіцэр пайшоў у краму і купіў сякеру. Пасля вярнуўся ў гатэль, знайшоў нумар, дзе жылі армяне, і — пасек аднаго з іх на кавалкі. Яго арыштавалі. Судзілі. Але пасля адправілі адбываць тэрмін на радзіму — у Азербайджан.
Там яго вызвалілі адразу ў аэрапорце. Ля трапа сустракала найвышэйшае кіраўніцтва краіны — як героя. Прэзідэнт Азербайджана даў яму дзяржаўную ўзнагароду і павысіў у званні.
І гэта толькі адзін выпадак. Карані ж нянавісці, якая дае падставы для такіх прэцэдэнтаў, зарытыя сярод камянёў і пустазелля маланаселенай мясцовасці памерам менш за палову Гарадзенскай вобласці.
Яе назва — Нагорны Карабах.
Закладнікі «вялікай шахматнай дошкі»
Цяпер па сеціве блукае шмат фота з армянамі, якія паляць свае дамы. Вывозяць майно. Апошні раз ставяць свечкі ў цэрквах і манастырах, нашмат больш старажытных за нашую Сафію або Каложу. Гэтыя храмы, калі канчаткова сыдуць іх абаронцы, хутчэй за ўсё будуць зняважаныя. А можа, і разбураныя. Такіх прыкладаў багата.
Усё гэта выклікае эмоцыі, скруху. З іншага боку, ёсць разуменне, што ўся гісторыя пра Азербайджан і Арменію — гэта не зусім пра лакальны канфлікт, «вясковую панажоўшчыну». Гэта гісторыя пра шахматную дошку — вялікую палітыку.
Спачатку яна прывяла да стварэння самой праблемы Нагорнага Карабаху. Пасля — да сітуацыі, якую назіраем сёння. Некалькі соцень тысяч чалавек са сваімі вінаграднікамі ды промысламі аказаліся закладнікамі вялікай гульні. Прычым нават не Баку і Ерэвана, а Анкары і Масквы.
Аліеў падчас перамоваў з Пуціным ды Эрдаганам
Пятля супярэчнасцяў зацягвалася стагоддзямі
Паспрабуем разабрацца ў генезісе праблемы. Больш за паўтары тысячы гадоў таму існавала т. зв. Вялікая Арменія, якая сягала і тэрыторыі Ірану, і Азербайджану, і Турцыі. Сярод іншых тэрыторыяў армяне засялілі і Нагорны Карабах, які самі яны называлі Арцах. Пасля тэрыторыя трапіла пад уладу Персіі (Ірана). З падачы персаў у Арцаху з’явіліся курды — для памежнай аховы. Так этнічны склад насельніцтва пачаў размывацца.
У XVIII ст. адзін з кіраўнікоў-мусульманаў пабудаваў там крэпасць Шушу. Як колішні горад з храмамі і манастырамі Шуша была важная для армянаў. Як крэпасць стала памятным месцам для азербайджанцаў. Так пачала зацягвацца пятля гістарычных супярэчнасцяў.
На пачатку ХІХ ст. Арменія ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Мінуў страшэнны генацыд армянаў у 1915-м г., арганізаваны туркамі на падуладнай ім тэрыторыі. А ў 1918–1921 зоркамі заззялі ўжо незалежныя Арменія, Азербайджан і Грузія. Ненадоўга, але ўсё ж. Аналагі нашага БНР, толькі круцей: з рэальным кантролем над тэрыторыяй, войскамі, рэсурсамі.
Этнічная «церазпалосіца»
Першай справай бальшавікі ўзяліся за Азербайджан. Бо там і нафта, і Каспій, і Астрахань побач. Уся тэрыторыя НК адышла Азербайджану, хоць там і жылі збольшага армяне. Чаму? Бо Арменія яшчэ проста не была савецкай: не было да чаго далучаць.
Пасля НК яшчэ некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, пакуль Сталін канчаткова не аддаў яго азербайджанцам. Чаму ім? Бо менавіта іх трэба было залагоджваць, рабіць падарункі. Арменія, на думку Крамля, і так бы нікуды не падзелася: побач адны варожыя мусульманскія дзяржавы.
Цікава, што бальшавікі на нейкі час побач з Карабахам стварылі таксама Курдскі аўтаномны раён. Навошта? Бо ваяўнічыя курды жылі багата дзе, і ў Турцыі таксама. А такія кадры «сусветнай рэвалюцыі» былі патрэбныя.
Пасля вайны НК быў аўтаномнай вобласцю ў складзе савецкага Азербайджана. Вобласць не прыгняталі, але... і не развівалі. Трактавалі як правінцыю. Нагадаем, што НК — гэта лясны край і даліны з сістэмамі арашэння. Там, дзе сістэмы працавалі, разбівалі вінаграднікі. Адсюль і гісторыя з размешчаным зусім побач з Карабахам горадам Агдам, які пастаўляў вінаматэрыялы для ўсяго СССР.
Дарэчы, Агдам быў амаль цалкам заселены азербайджанцамі. А праз 20 км — Сцепанакерт, сталіца НК з армянскай большасцю. Трохі на поўнач ад Агдама — знакамітае сяло Чардахлы, з якога паходзіў Баграмян і іншыя савецкія военачальнікі-армяне. А яшчэ былі курды. Быў таксама адсотак расійцаў, які павялічваўся — але не складаў крытычнай масы. Суцэльная этнічная «церазпалосіца».
Бежанства - адзін з сімвалаў канфлікту ў Нагорным Карабаху
Ракеты, вінаграднікі і «Цуд над Віслай» па-карабахску
На пачатку 1990-х войскі ўжо неіснуючага СССР сышлі з Закаўказзя, але пакінулі па сабе склады са зброяй, ангары з тэхнікай. Армяне хацелі пашырэння аўтаноміі Карабаху, азербайджанцы грамілі дамы армян у Баку і Сумгаіце. Пачалася вайна, дзе апроч азербайджанцаў і армянаў па абодва бакі ваявалі таксама расійцы, украінцы і беларусы — як вайсковыя спецыялісты.
Напачатку Арменія трымалася за кошт узброенага стралковай зброяй апалчэння. Былі і экзатычныя эксперыменты: напрыклад, выкарыстанне для вайны ўстановак для разгону хмараў. Раней з іх стралялі па хмарах, каб град не біў вінаграднікі. Армяне ж замест хіміі для разгону хмараў закладалі ў ракету выбухоўку...
Тым не менш Арменія імкліва страчвала НК. Станам на 1992 год амаль палова тэрыторыі належала Азербайджану. І тут здарылася нешта накшталт «Цуду над Віслай» 1920-га. Дзякуючы добра спланаванай аперацыі армяне адбілі Шушу. Увесь азербайджанскі фронт пасыпаўся, яны былі змушаныя выйсці з НК.
Мір быў падпісаны ўвесну 1994-га, але баявыя дзеянні цягнуліся яшчэ некалькі месяцаў. Армянам было важна заняць як мага больш тэрыторыяў. Па-першае, для стварэння зонаў бяспекі. Па-другое, для будучага палітычнага гандлю — калі ў такім будзе патрэба.
Звычайны пейзаж часоў першай вайны ў Нагорным Карабаху
«Горад-прывід» Агдам і парослыя травой пусткі
З’явіліся такія сабе 10-кіламетровыя пусткі (бо меліярацыя ўжо не працавала), нашпігаваныя мінамі і прыкрытыя пазіцыямі з абодвух бакоў. Армяне моцна ўклаліся ў артылерыю, таму кожную вылазку азербайджанцаў спыняў шквальны агонь.
У адну з такіх зонаў акурат трапіла тая самая «вінная сталіца СССР» Агдам. Адтуль паступова сышлі ўсе азербайджанцы, а горад ператварыўся ў прывід. То бок за 20 км ад сталіцы — Сцепанакерта — утварыўся горад, дзе не жыў зусім ніхто. Дакладней, у 2018-м там жыло ажно 2 (два!) чалавекі.
Сцяг Арцаха (справа) быў амаль копіяй армянскага (злева)
Была абвешчаная незалежная дзяржава Арцах (НК — гэта азербайджанскі варыянт назвы). Дзяржава, якую не прызнаў ніхто — у тым ліку Арменія. Чаму? Бо калі б прызнала, то выпала б з міжнароднага прававога поля. Была створаная таксама група, якая мела займацца ўрэгуляваннем канфлікту, з удзелам ЗША, Расіі, Францыі ды інш.
На тэрыторыю Арцаху распаўсюджваліся жэнеўскія пагадненні. Сярод іншага, «акупаваную тэрыторыю» нельга было засяляць. Азербайджанцы сышлі. Новыя армяне не пад’язджалі. Шмат якія раёны ператварыліся ў парослыя травой пусткі з рэшткамі дамоў.
Агдам - горад-прывід
Зрабіць з Арменіі Ізраіль? Пашынян не паспеў...
Што далей? Выявілася, што побач з Арцахам з аднаго боку Арменія: бедная, але з вялікім міжнародным лобі і моцнай дыяспарай. З амбіцыямі праз гісторыю колішняй велічы і генацыду — «армянскай разні». З узбраеннем пачатку 1990-х і двума расійскімі вайсковымі базамі. Ні на якія саступкі па тэрыторыі армяне за 26 гадоў так і не пайшлі.
З іншага боку — Азербайджан. З грашыма, дыктатурай, жаданнем рэваншу. З пастаяннымі закупкамі зброі: у Турцыі (беспілотнікі), у Расіі (агнямёты), нават у Беларусі («паланэзы»). У вайсковым плане азербайджанцы маглі сабе набыць усё, што хацелі — самае дарагое і сучаснае.
У некаторых палітыкаў Арменіі было разуменне, што сітуацыю трэба неяк «разрульваць», інакш — бяда. Такім быў прэзідэнт Тэр-Петрасян, якога ў 1998-м скінулі акурат за прасоўванне канцэпцыі міру ў абмен на тэрыторыі. Яму на змену прыйшлі карумпаваныя ветэраны вайны ў НК, спачатку Качаран, а пасля Саркісян: пры іх спробы дыялогу заглухлі. А ўжо пасля — вядомы нам Пашынян.
Цяпер можна гадаць, ці хацеў Пашынян змяняць вектар развіцця краіны, адарвацца ад Расіі, абвясціць пазітыўны план для НК. Прынамсі, расійскія СМІ яго рэгулярна малявалі як марыянеткавага лідара, які прыйшоў на хвалі «каляровай рэвалюцыі», а пасля адкрыў у Ерэване вялізную амерыканскую амбасаду. Магчыма, Пашынян наогул хацеў зрабіць з Арменіі вялізную амерыканскую вайсковую базу — як Ізраіль — і трымаць абарону з усіх бакоў...
У кожным разе ён не паспеў.
Турэці ды азербайджанскі вайскоўцы
«Цюркскі свет» і канец лініі Атацюрка
Час зрабіць маленькае адступленне. З часоў Атацюрка Турцыя паслядоўна трымаецца асцярожнай знешняй палітыкі і не сунецца ў чужыя войны. Максімум вырашае свае праблемы: з курдамі, з грэкамі. Але туркі заўсёды жорсткія і паслядоўныя: з еўрапейскім разуменнем вайсковых справаў і ўсходнім планаваннем на дзесяцігоддзі наперад.
Задушэнне мяцяжу вайскоўцаў, якія спрабавалі ўзняць пераварот супраць Эрдагана, стала гістарычнай падзеяй. Бо вайскоўцы заўжды трымаліся лініі Атацюрка. Эрдаган жа мае амбітныя планы. Турцыя асабняком стаіць ад класічнага ісламскага свету, затое яе цікавіць «цюркскі свет». А гэта не толькі тэрыторыя былой Асманскай імперыі, але і Закаўказзе, і Сярэдняя Азія, і нават раёны ў Кітаі, заселеныя ўйгурамі.
Імаверна, сітуацыю з рэвалюцыяй у Арменіі Анкара ўспрыняла як сігнал: трэба брацца за справу — праз Азербайджан. Роўна як Расія ў 2014-м успрыняла як падобны сігнал рэвалюцыю ва Украіне: пачалася гісторыя з Крымам і Данбасам.
Расія не тое каб не хацела — не магла
Зразумела, што для Масквы канфлікт у НК быў ад пачатку выгадны. Пасля распаду СССР Расіі было зручна ствараць шэрыя зоны праз лакальныя канфлікты: каб аслабіць краіны СНД, гуляцца з імі, спрабаваць выступаць у якасці арбітра. Прыкладаў багата — ад Прыднястроўя да Данбаса.
Іншая рэч, што сёлета разам з Арменіяй прайграла акурат Расія. Выявілася, што за два дзесяцігоддзі Расія проста страціла магчымасць уплываць на сітуацыю. Не тое каб не хацела дапамагчы — не магла. У апошні момант расійцы пачалі грамадзянскімі самалётамі вазіць армянам дапамогу, але гэтага было і мала, і позна.
Гісторыю з 2000 расійскіх міратворцаў у СМІ спрабуюць выставіць як «перамогу», але па факце ў вайсковым сэнсе гэта ўжо нічога не значыць. Расійцам далі захаваць твар, але плацдарм страчаны. Таму некаторыя расійскія аналітыкі і параўноўваюць сітуацыю з Цусімай або Порт-Артурам — паразамі Расійскай імперыі ў вайне з Японіяй, з якіх прапаганда і гістарыяграфія спрабавала зляпіць прыгожыя легенды і «перамогі».
Магчыма, Расія яшчэ паспрабуе перайграць сітуацыю. Магчыма, нават паспрабуе памірыцца з Турцыяй, як ужо было неаднойчы. Збілі самалёт — паціснулі рукі. Пасварыліся — а пасля расійцы падганяюць у турэцкі порт ядзерны рэактар для мясцовай атамнай станцыі. Мы гэта ўжо бачылі. Тым не менш, нават калі Расея з Турцыяй будуць ісці разам, пазіцыі Анкары на Каўказе будуць узмацняцца, а вось перадумоваў для ўзмацнення Расіі проста няма.
Руіны ў горадзе Шуша - рэха вайны пачатку 1990-х
Ці ёсць тут урок для Беларусі?
Самыя сумныя вынікі, безумоўна, для Арменіі. Вакол — ворагі, і ў гэтай сітуацыі трэба абапірацца на моцнага саюзніка. І рэч нават не ў перспектыве страціць незалежнасць як такую. А ў тым, што, будучы стапрацэнтным сатэлітам Расіі, Арменія будзе кожны раз выступаць ахвярай для тых, хто хоча Расію ўкалоць.
Хто ведае, магчыма, гісторыя з вяртаннем НК азербайджанцам будзе паказальнай і для іншых. Напрыклад, для Малдовы ў сітуацыі з Прыднястроўем. Для Украіны — у сітуацыі з Данбасам. У Маскве, хутчэй за ўсё, пра гэта ўжо задумаліся. Для Беларусі, як мне падаецца, тут некалькі высноваў.
1) Нам пашчасціла: дзяржавы побач — Польшча, Літва, Латвія, Украіна — не збіраюцца ў нас нешта адваёўваць. У гэтым сэнсе мы не пажыццёвыя закладнікі саюза з Расіяй.
2) Шчыльныя стасункі з моцным саюзнікам — гэта рызыкоўна. Захочуць укусіць яго, а «прыляціць» табе.
3) Калі няма росту і прагрэсу — гэта, лічы, адступленне. Армяне думалі, што яны замацаваліся ў НК і гэтага дастаткова. Аказалася — не. Кожны праблемны момант, нават не тэрытарыяльны, а сацыяльны, этнічны ці палітычны, трэба адпрацоўваць. Інакш вораг яго непазбежна скарыстае. У вялікай палітыцы як у войску: калі жаўнер не страляе, ён мае займацца ўмацаваннем пазіцыяў, а не спаць салодкім сном.
Алесь Кіркевіч, budzma.by