Не стала першага кіраўніка незалежнай Беларусі, аднаго з падпісантаў Белавежскага пагаднення аб спыненні існавання СССР, прафесара Станіслава Шушкевіча. Вядомыя беларусы выказваюцца з нагоды гэтай сумнай весткі.
Гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савету і грамадскі дзеяч Алег Трусаў піша: «Сёння ў лепшы свет адышоў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які вярнуў беларускую мову ў палітычнае жыццё нашай краіны. Яго імя назаўсёды ўвайшло ў нашу гісторыю».
Словамі падзякі за мову таксама выказалася журналістка Вольга Швед: «Спадар Станіслаў, дзякуй за усё! За знішчэнне монстра, за беларускую школу, за кароткі подых дэмакратыі. Гэтая памяць, сапраўды, будзе вечнай! Дзякуй і хай зямля будзе пухам».
Гісторык Ігар Мельнікаў ацаніў гістарычных уклад палітыка: «Станіслаў Шушкевіч стаяў у пачаткаў беларускай незалежнасці, быў цікавай асобай і, напэўна, адным з важных гульцоў беларускай палітычнай сцэны. Ужо адзін факт яго ўдзелу у падпісанні Белавежскіх пагадненняў, якія скончылі савецкую эру, назаўсёды ўпісала прозвішча гэтага чалавека ў гістарычныя падручнікі. А было шмат іншага. Як і ўсе, Станіслаў Шушкевіч памыляўся, не быў ідэалам, але не памыляецца той, хто нічога не робіць. Асабіста ганаруся, што быў знаёмы з гэтай гістарычнай асобай. Можа, будзе гучаць пафасна, але сышла эпоха».
Журналіст Дзмітрый Гурневіч зазначае: «Няхай сабе ў нашай найноўшай гісторыі не ўсё пайшло як магло, але за тры рэчы я шаную і дзякую Станіславу Шушкевічу бязмежна. Гэта згода на просьбу БНФ склікаць Сесію Незалежнасці ў жніўні 1991 года, спрыянне ў абвяшчэнні нацыянальных сімвалаў дзяржаўнымі і за Белавежскія пагадненні».
Пісьменніца Святлана Курс дзеліцца асабістымі ўспамінамі: «Даўным-даўно, абвешаная дзіцем і клункамі, я стаяла ў сваім купэ і чакала, пакуль іншыя пасажыры пройдуць і дадуць выйсці і мне. Міма ішлі розныя прадстаўнікі апазіцыі, і толькі Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч спыніўся, прапусціў, прапанаваў дапамогу. Ён быў вялікі чалавек і такім застанецца. Памятаю яго з Клінтанам у Курапатах. Мілы, просты, годны, невысочанькі, непафасны, у сваім прафесарскім палітэчку. Арыстакрат. Помнік яму няхай стаіць на галоўным пляцы сталіцы, але не на пастаменце і ў чалавечы рост. Каб быў сувымерны, чалавек сярод людзей».
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі лічыць палітыка гонарам краіны: «Не схлушу, калі скажу, што першы.
Гонар Беларусі. Герой Беларусі. Наш Станіслаў Станіслававіч. Глыбокія спачуванні».
Развітанне са Станіславам Шушкевічам пачнецца ў Чырвоным касцёле 6 траўня а 20-й гадзіне і працягнецца да 14:30 7 траўня.