Некалькі гадоў таму аматары беларускай музыкі чыталі навіны, агляды, гісторыі айчынных гуртоў на парталах ultra-music.com, experty.by, «Тузін Гітоў» — яны трымаліся на энтузіязме стваральнікаў і праз некаторы час закрыліся. Як беларуская музыка залежыць ад існавання такіх праектаў? Ці можна стварыць беларускі музычны рынак, адкрываючы тэматычныя рэсурсы? Пагутарылі з заснавальнікам канала «Міністэрства сепультуры» пра беларускую музыку — журналістам Аляксандрам Чарнухам.
Стваральнік YouTube-канала «Міністэрства сепультуры» Аляксандр Чарнуха
«Чаму я запусціў канал? Здавалася, што ў медыя вельмі мала інфармацыі пра беларускую музыку. Я займаўся гэтай тэматыкай даўно — думаў, што вось мая місія: я як чалавек, які нешта ведае пра беларускую музыку, мушу дзяліцца сваімі ведамі з чытачом альбо гледачом. З цягам часу зразумеў, што мне самому трэба станавіцца тэматычным медыя — вырашыў, што YouTube — найбольш прыдатная для гэтага пляцоўка, і запусціў уласны праект — «Міністэрства сепультуры»».
Вокладка канала «Міністэрства сепультуры»
— Раскажыце пра назву канала. Чаму «Міністэрства сепультуры»?
— Слова «sepultura» ў перакладзе з бразільскай мовы азначае «магіла» — мне падаецца, што гэта прыдатная аналогія з беларускім Міністэрствам культуры. А яшчэ ў гэтай назвы ёсць цікавостка — дзяўчына цяперашняга вакаліста легендарнага метал-гурта «Sepultura» родам з Барысава, мы з ёй вучыліся ў адной школе. Як бачыце, таксама сувязь с беларускай музыкай.
— Што адбываецца на канале?
— Я паспрабаваў рабіць тое, што зацікавіла б масавага гледача, менавіта распавядаць гісторыі пра беларускую музыку, а іх багата. Некаторыя гурты адкрываю для сябе ўпершыню. Праз гісторыі чалавек можа зацікавіцца беларускай музыкай — яна сапраўды шматгранная, у нас заўсёды былі і ёсць цікавыя музыканты з файным досведам.
— Гадоў дзесяць таму былі розныя сайты, якія абагульнялі беларускую музыку. Праз іх мы даведаліся, што беларуская сцэна немаленькая: ёсць андэрграунд, ёсць мэйнстрым. Ці атрымлівалася ў той час манетызаваць праекты? Калі не, ці не прычына гэта таго, што яны закрыліся?
— Усе музычныя рэсурсы таго часу існавалі на энтузіязме. Я працаваў на такім праекце, у мяне была каманда журналістаў, каманда фатографаў і нават карэктар, якія добра рабілі сваю справу. Гэта былі людзі, у якіх сэрца балела за беларускую музыку — усе яны готовыя былі ахвяраваць многім, каб рабіць якаснае медыя. Мы закрылі ultra-music.com у той момант, калі зразумелі, што грошай не знойдзем, а каб працягнуць займацца парталам, трэба кінуць усе нашы працы і аддацца яму цалкам — інакш згубім якасць. Няма рынку беларускай музыкі, няма шоу-бізнесу — толькі калі яны існуюць, з’яўляюцца якасныя таблоіды, інфармацыйныя рэсурсы, якія яго абслугоўваюць. Ніхто не дасць грошы на тое, што падвешана ў вакууме без сістэмы каардынат. Але сістэма каардынат не можа з’явіцца толькі на энтузіязме.
— «Міністэрства сепультуры» — гэта таксама энтузіязм?
— Не, не зусім — гэта праект, які мне дапамагаюць рабіць. Не тыя грошы, на якія можна стварыць паўнавартаснае музычнае медыя, але прыемны бонус.
— Ці ёсць у беларускай музыцы шанец выжыць ва ўмовах адсутнасці рынку і шоу-бізнесу?
— Насамрэч зараз з’яўляецца шмат крутых праектаў, якія развіваюцца і выходзяць на сур’ёзны ўзровень. Мне падаецца, што сучасны музычны брэнд Беларусі — змрочны нью-вэйв: «Молчат дома», «Нюрнберг», а таксама беларускі метал. Гэта тое, што ў нас атрымліваецца, тое, што мы робім якасна. У беларускай музыцы ёсць шанец выжыць, пакуль ёю цікавяцца. Гаворка не толькі пра ўнутраны рынак, але і пра знешні таксама.
Гурт «Молчат дома»
Калі не існуе беларускай музычнай індустрыі, гэта не значыць, што гурты не могуць вырвацца ў знешні свет. Вось прагучалі «Молчат дома» — цяпер гэта самы папулярны расійскамоўны гурт у свеце. Файна, што яны беларусы, і што яны кажуць пра гэта на сваіх канцэртах. Класна, што Беларусь таксама ведаюць па гурце «Молчат дома». У Ніцы я пазнаёміўся з хлопцам з Чылі. Ведаю, што гэты гурт у краіне вельмі папулярны. Пытаюся яго, ці чуў ён «Молчат дома». «Не, — кажа, — не ведаю такіх». Уключаю яму ўрывак з канцэрта. «А, вядома!» — у адказ. Файна, калі не памятаюць назву гурта, але ведаюць яго песні — гэта ўзровень віральнасці.
Крута, што ў нас ёсць намінант на «Grammy» і музыкант, які гэту прэмію ўжо атрымаў — уявіце, ці не найвышэйшую ў шоу-бізнесе ўзнагароду. Ён граў у гурце «IQ48» і паралельна запісваў мінусы, якія можна было спампаваць. Адзін з іх спампаваў нікому не вядомы тады рэпер Fatty Wap і на яго аснове стварыў трэк «Trap Queen», які пазней стаў мульціплацінавым. З беларусам падпісалі дамову, і праз паўгады ён ужо фатаграфаваўся са Снуп Догам.
— Але гэта гісторыі з мінулага. Што адбываецца з музыкай у Беларусі цяпер, пасля 2020 года?
— У Беларусі цяпер нашмат цікавейшае, чым за яе межамі, музычнае жыццё. Нягледзячы на тое, што ў Мінску засталося дзве-тры пляцоўкі для арганізацыі лакальных канцэртаў, там з’яўляецца шмат добрых гуртоў. «Sick Mirror» — адно з апошніх уражанняў: нуар, джаз — у іх многа чаго заміксавана. «Syndrom Samazvanca» — шыкоўны праект Уладзі Лянкевіча. Псіхадэлік, краут-рок — багата ўсяго.
Гурт «Sindrom Samаzvanca»
— Ці можна лічыць песні, якія ствараюцца на расійскай мове, часткай беларускай культуры?
— Думаю, можна. Ці лічым мы, напрыклад, «Петлю пристрастия» беларускім гуртом? Мне б хацелася. Чаму мы адносім да беларускай культуры англамоўныя песні, але не прызнаем расійскамоўныя? Гэта не палітычнае пытанне. Расійская мова зараз вельмі ідэалагізаваная. Насамрэч гэта проста інструмент. Сам па сабе малаток нікога не заб’е.
— Ці не перашкаджае беларуская мова развіццю і папулярызацыі беларускай музыкі ў Беларусі? Калі мець на ўвазе пытанне бяспекі ў цяперашніх рэаліях.
— Магчыма, і перашкаджае, але калі перастаць рабіць музыку па-беларуску, нашу мову не тое што змарнуюць, яна проста перастане існаваць. Мне падаецца, што гэта перабольшанне — пра небяспечнасць слухаць музыку на беларускай мове ў Беларусі.
— А што наконт трэндаў? Ці не згубяцца беларускамоўныя гурты на фоне, напрыклад, англамоўных?
— Калі памятаеце, у Беларусі быў перыяд росквіту індзі-року. У Магілёве з’явіўся гурт «Akute», які заспяваў па-беларуску. Менавіта ён зрабіў беларускамоўную музыку моднай — у час, калі існавала шмат англамоўных гуртоў. «Akute» пайшлі супраць сістэмы — яны пачалі спяваць не па-ангельску, а па-беларуску і збіраць мінскі клуб «Republic» на свае сольнікі. Гэта паказчык таго, што калі робіш якасны прадукт па-беларуску, гэта не будзе лічыцца маргінальным. Маргінальным будзе лічыцца тое, што ты зрабіў няякасна і крычыш, каб паўсюль падтрымлівалі цябе, таму што ты зрабіў гэта па-беларуску. Вось гэта ніколі не працуе.
Гурт «Akute»
Мы ўсе цудоўна ўспрымаем і разумеем беларускую мову. Шмат хто з нас слухае англамоўную музыку, не ведаючы ангельскай мовы. То-бок, гэта не справа ўспрымання, гэта справа якасці. Калі ты зрабіў штосьці якаснае па-беларуску, можаш разлічваць на аўдыторыю.
— У беларускай музыцы ёсць пэўныя катэгорыі музыкантаў: тыя, хто пачалі штосьці рабіць, пакуль гэта не стала мэйнстрымам: Вольскі, «Дай дарогу». Ёсць другая катэгорыя — тыя, хто пачыналі ў 2010-х гадах: Palina, Naviband — у іх таксама ёсць свая аўдыторыя. Ёсць тыя, хто пачынаў пазней, напрыклад, Iva Sativa. Калі глядзіш на афішы фестываляў, бачыш толькі вядомыя прозвішчы, дарослыя гурты. І няма такой практыкі, каб запрасіць маладых артыстаў і тым самым паказаць, што наша культура развіваецца, існуюць свае фрэшмэны. Як знайсці свой шлях маладым артыстам, калі на іх не звяртаюць увагі?
— Трэба разумець, што амаль усе беларускія фестывалі цяпер некамерцыйныя. Справа ў тым, што арганізатары вельмі абмежаваныя ў сваіх бюджэтах. За грошы, якія яны маюць, немагчыма прывезці хэдлайнера, а потым яшчэ і маладога артыста — каб проста яго паказаць. Трэба зрабіць так, каб было і танна, і якасна. Толькі камерцыйныя фестывалі могуць дазволіць сабе знаёмства с новым артыстам. Прынамсі, я ведаю, што на фестывалі «Тутака» ў Беластоку выступаў малады гурт «Nochy».
— Але тут рэмарка: удзельнікі «Nochy» стасуюцца з дарослымі гуртамі — шмат чаго завязана на такіх знаёмствах.
— Маеце рацыю, але мне падаецца, што такія тусоўкі ў кожнай краіне вырашаюць. Гэта натуральная частка працэсу — калі маладыя музыканты тусуюцца са старымі, каб пераняць досвед, трапіць на фестывалі. Не можа быць такога: «Ага, ён тусуецца з імі, таму яго ўзялі, а мяне — не». Таксама тусуйцеся, гэта ж класна!
Гурт «Nochy»
— Калі існавалі парталы пра беларускую музыку, было зразумела, што рабіць, куды ісці, каб трапіць у такую тусоўку. Мы кажам, што няма беларускага музычнага рынку — падаецца, яго можна стварыць, маючы такія праекты.
— Было прыкладна дзесяць музычных медыя ў Беларусі — тады не было ніякага рынку. Скажу, што зараз музыка больш якасная, чым была тады, калі існавалі гэтыя праекты — з’яўляецца больш цікавага. Тут піраміда Маслоу ў дзеянні. Мне напісаў чалавек з Магілёва: «Чарнуха, што ты ўсё пра гэты негатыў? Хопіць чарнухі! Мне хочацца пазітыўчыка ад цябе пачуць. Твой негатыў гучыць няшчыра, таму што ты ў небяспецы за мяжой. А я жыву ў Беларусі». Бачыце, не закрыта нават базавая патрэба. Пра што мы можам казаць, пра які шоу-бізнес, як няма нават адчування бяспекі ў краіне?
Пераемнасць пакаленняў — складанае пытанне. Нядаўна ў сацсетках адбылася дыскусія. Я напісаў, што вырасла пакаленне, якое не ведае, хто такі Вольскі. Мне прыляцела ў панамку пытаннямі: «А навошта нам увогуле ведаць, хто такі Вольскі? Чаму ты хочаш прымусіць нас любіць Вольскага?». Мая пазіцыя ў тым, што мы не абавязаны любіць Вольскага, мы не абавязаны яго слухаць, але ведаць, хто гэта, як частку нашай музычнай гісторыі, легендарнага рок-музыканта цэлай эпохі — вельмі важна. Гэта не пытанне асуджэння — я канстатую балючы працэс, які зараз адбываецца. Пераемнасці пакаленняў няма ўвогуле, як няма інстытуту, які забяспечваў бы гэту пераемнасць.
— Як можна з гэтым змагацца?
— Я раблю тое, што магу. Рабіце тое ж самае. Пішыце пра любімых музыкантаў у сацсетках. Беларусы часта саромеюцца расказваць пра тое, што ім падабаецца. Мы добра выплёскваем з сябе негатыў. Калі хтосьці штосьці не тое зрабіў, паверце: адразу знойдуцца як мінімум дзесяць чалавек, якія напішуць пра гэта. Але калі хтосьці зробіць штосьці добрае, можа не знайсціся ніводнага жадаючага пра гэта расказаць. Адзінае выйсце — пісаць пра сваё якаснае, пра тое, што нас захапляе.
Я не люблю, калі пішуць пра беларускае толькі таму, што яно беларускае. Мне падаецца, што якасць мусіць быць перадусім. Калі якаснае, ды яшчэ і беларускае — супер, пра гэта варта пісаць, і рабіць гэта часцей. Толькі так мы будзем ствараць свой легендарыум, сваіх герояў. Бо героі не з’яўляюцца з ніадкуль. Важны працэс — захоўваць тое, што ў нас ёсць. Гэта дапаможа новым людзям узяць у рукі гітары і паспрабаваць.
*У матэрыяле выкарыстаны фатаграфіі з афіцыйных акаўнтаў музычных гуртоў і канала «Міністэрства сепультуры»
Таццяна Краўчанка, budzma.org