«Пабожная песня ў гэтым месцы не спыніцца». Што пісалі ў міжваенны час пра «самую таямнічую капліцу Беларусі»

Сведчанні гісторыі нашага народа і нашага Касцёла раскіданыя па бібліятэках, архівах, прыватных калекцыях і паддашшах. І збіраць іх даводзіцца па крупінках як якую мазаіку, не ведаючы, дзе знойдзецца наступная дэталь. Ян Рамэйка піша пра дату і акалічнасці асвячэння капліцы ў Дубку-Кургане, якой сёлета спаўняецца 95 гадоў, і якую справядліва называюць «самай лясной» і «самай таямнічай» капліцай Беларусі.


Капліца на беразе Вяллі каля вёскі Дубок Астравецкага раёна. Фота з Фэйсбука Віктара Малышчыца
Капліца на беразе Вяллі каля вёскі Дубок Астравецкага раёна. Фота з Фэйсбука Віктара Малышчыца

«Дар не нашых рук, а сэрца»

Нядаўна знаёмы калекцыянер паказаў некалькі папяровых каталіцкіх абразкоў, знойдзеных на паддашы хаты ў Ваўкавыскім раёне. Сярод іх маю ўвагу прыцягнуў пажоўклы аркушык, выняты калісьці з малога фармату (9 на 13 сантыметраў) брашуры, дзе было відаць фота алтара з вялікім абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Знойдзены папяровы абразок з фотаздымкм алтара. Фота Аляксея Шоты
Знойдзены папяровы абразок з фотаздымкм алтара. Фота Аляксея Шоты

. Папяровы абразок з фотаздымкм алтара з вялікім абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Фота з асабістага архіву аўтара
Папяровы абразок з фотаздымкм алтара з вялікім абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Фота з асабістага архіву аўтара

«Курганская капліца і сем стацый Тваіх балесцяў — гэта дар не нашых рук, а сэрца», — было напісана.

Трэба было раней сустракаць гэтую назву ў старых газетах, каб зразумець, пра якую капліцу гаворка. Гугл бы не дапамог. Хоць гэтая капліца стаіць да сённяшняга дня, і пра яе перыядычна пісалі і на рэлігійных, і на турыстычных, і на навінавых парталах. «Самая таямнічая капліца Беларусі», «самая лясная капліца Беларусі» — так называюць яе сучасныя аўтары.

Курганская капліца, якую называюць самай таямнічай у Беларусі. Фота з Фэйсбука Віктара Малышчыца
 Курганская капліца, якую называюць самай таямнічай у Беларусі. Фота з Фэйсбука Віктара Малышчыца

Гэтая капліца на беразе Вяллі каля вёскі Дубок Астравецкага раёна. І па гэтай назве яе ведаюць цяпер. Хоць назва Курган яшчэ не зусім сцёрлася — мясцовыя жыхары яшчэ ўжываюць акрэсленне «Маці Божая Курганская».

Дата і акалічнасці асвячэння капліцы

Капліцы ў Дубку-Кургане сёлета спаўняецца 95 год. Калісьці, пераглядаючы ў польскіх лічбавых бібліятэках сканы віленскага тыднёвіка «Nasz Przyjaciel» № 22 за 1929 год, я знайшоў і захаваў сабе на камп’ютар нататку, якая апісвае дату і акалічнасці асвячэння капліцы.

«Дня 26 мая ў вёсцы Курганы парафіі Жодзіскай адбылося асвячэнне новазбудаванай капліцы. Акт пасвячэння здзейсніў Яго Эксцэленцыя біскуп Бандурскі ў прысутнасці шматлікіх святароў, якія прыбылі на ўрачыстасць, і натоўпаў вернікаў. Капліца збудаваная з дрэва, абшырная і робіць прыемнае ўражанне звонку, а ўнутры цалкам падрыхтаваная да правядзення набажэнстваў. [Капліца] паўстала дзякуючы старанням Жодзіскага пробашча Кс. Дроніча і ахвярнасці парафіянаў».

У адным з наступных нумароў «Przyjaciela» былі надрукаваныя два фотаздымкі з урачыстасці: натоўп вернікаў перад капліцай ды біскуп Уладыслаў Бандурскі і ксёндз Рамуальд Дроніч пры алтары. Здымкі не надта якасныя, як усе здымкі ў тагачасных газетах. Але іншых няма.

Старонка віленскага тыднёвіка «Nasz Przyjaciel», 1929 г. Фота з асабістага архіву аўтара
Старонка віленскага тыднёвіка «Nasz Przyjaciel», 1929 г. Фрагмент скана, апублікаванага на polona.pl

 Старонка віленскага тыднёвіка «Nasz Przyjaciel», 1929 г. Фота з асабістага архіву аўтара
 Старонка віленскага тыднёвіка «Nasz Przyjaciel», 1929 г. Фрагмент скана, апублікаванага на polona.pl

Са здымкаў можна даведацца, што капліца ў 1929 годзе стаяла не сярод лесу, а на адкрытай мясцовасці. А таксама тое, што алтар, які цяпер у капліцы — арыгінальны, а вось стары абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі не захаваўся, на яго месцы вісіць ікона з тым жа сюжэтам, але меншага памеру.

«Сем крыжоў узнеслася над вадой, як сем лілій»

Праз некаторы час вакол капліцы было пастаўлена сем каплічак-стацый у гонар Маці Божай Балеснай, дзе вернікі праводзяць набажэнствы, успамінаючы цярпенні Багародзіцы, Якой прыйшлося пакутаваць разам са Сваім Сынам.

Вяртаемся да пажоўклых старонак, знойдзеных на паддашшы. Там — вельмі прыгожыя, паэтычныя апісанні-разважанні аўтара.

Знойдзеныя на паддашшы старонкі, прысвечаныя капліцы каля вёскі Дубок Фота з асабістага архіву аўтара
Знойдзеныя на паддашшы старонкі, прысвечаныя капліцы каля вёскі Дубок Фота з асабістага архіву аўтара

Знойдзеныя на паддашшы старонкі, прысвечаныя капліцы каля вёскі Дубок Фота з асабістага архіву аўтара
Знойдзеныя на паддашшы старонкі, прысвечаныя капліцы каля вёскі Дубок Фота з асабістага архіву аўтара

«Па ціхай Курганскай даліне, дзе Вялля серабрыстай стужкай апаясвае Тваю капліцу, пасярод дрэў, што звешваючы галіны над вадой, не могуць надзівіцца Тваёй прыгажосцю, [дзе] нават зоркі любуюцца ў люстэрку водаў прыгожай Вяллі, разлегся спеў Тваіх дзяцей: «Маці Найсвяцейшая, да Цябе бяжым шукаць суцяшэння, бо тонем у слязах»... Сціхлі хоры птушак. Шызыя варонкі, седзячы на галінах, цікаўна круцяць галоўкамі. Ласіцы схаваліся ў спарахнелых камлях дрэваў. Заблукалая касуля з бліскучымі вачыма прабегла хутка, нібы вецер. Стотысячныя войскі цвыркуноў уцякаюць з-пад ног тых, хто ідзе. Сойкі шалёна закрычалі, збянтэжыўшыся... Сем крыжоў узнеслася над вадой, як сем лілій, на знак сямі пячатак Тваёй любові да нас. Пабожая песня ў гэтым месцы не заціхне...»

Аўтар тэксту не мог уявіць, як зменіцца наш край, палітычныя рэжымы і дзяржаўныя межы. У час Другой сусветнай вайны ксёндз Рамуальд Дроніч, які збудаваў капліцу, быў арыштаваны ў Ваўкалатах, дзе служыў — і расстраляны 4 ліпеня 1942 года ў лесе Барок каля Глыбокага.

Штогадовы фэст і імша пры свячах

Але пабожныя песні ў Дубку-Кургане не сціхлі. Штогод у першую нядзелю ліпеня туды на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі збіраюцца некалькі ксяндзоў і сотні вернікаў з наваколля.

Падчас фэсту на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Фота: Viktar Viedzien, Catholic.by
Падчас фэсту на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі.  Фота Віктара Ведзеня, Catholic.by

Мясцовыя жыхары ўпрыгожваюць капліцу рознакаляровымі сцяжкамі і дубовымі вянкамі. Імшу служаць пры адных толькі свечках, бо электрычнага святла ў капліцы няма.

Падчас фэсту на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Фота: Viktar Viedzien, Catholic.by
Падчас фэсту на фэст Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Фота Віктара Ведзеня, grodnensis.by

 Імша пры свячах. Фота: Viktar Viedzien, Catholic.by
 Імша пры свячах. Фота Віктара Ведзеня, Catholic.by

Даехаць у Дубок найлепш з боку мястэчка Гервяты, бо дарогу з Жодзішак разбілі лесавозы. Дыяцэзіяльная газета «Слова Жыцця» раіць падарожным, якія хочуць наведаць капліцу не ў дзень свята, зайсці ў каторую з хат у вёсцы Дубок: мясцовыя падкажуць, як даехаць да капліцы, а могуць нават і адамкнуць святыню.

Ян Рамэйка, Глыбокае — Беласток
Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Топ-10 касцёлаў Астравеччыны, якія варта пабачыць