Паэтычны відэа-праект кампаніі “Будзьма беларусамі!” “Чорна-белыя вершы” ўвайшоў у байнэт ў 2010 годзе. “Паэзія можа быць не толькі чытаннем, але і сапраўдным відовішчам,” – так гучаў адзін са слоганаў “сапраўднага інтэлектуальнага серыяла”.
Паэты і паэткі чыталі свае творы, у асноўным, па-беларуску (хаця маюцца ролікі на ўкраінскай, на расійскай мове і на роднай трасянцы). Стваральнікі праекта запрашалі да прагляду ўсіх: спажыўцоў трэш-літаратуры, філалагічнай верлібрыстыкі, вершаў пра Радзіму і духоўнасць, прыхільнікаў эмацыйна-аўтаматычнага пісьма, плыні свядомасці. Пакуль вы прыкідваеце, да каго сябе аднесці, мы прыгадаем, як агучаная літаратура займала свае месцы ў інтэрнэт-прасторы.
Самае цікавае пачынаецца… на кухні
“Прыдумалі здымаць серыю ролікаў (тады яшчэ без назвы), у якіх беларускія аўтары чыталі б уласныя творы, мы ўтраіх: я, Павел Анціпаў і Наста Манцэвіч. Акурат на кухні ў апошняй,” – успамінае літаратар Віталь Рыжкоў. “Назву “Чорна-белыя вершы” (гэта назва верша і раздзела ў маёй кніжцы) я досыць доўга не хацеў аддаваць праекту, бо лічыў, што гэта нясціпла, але пагадзіўся з аргументам, што ўсё адно ніхто не ведае, што ў мяне ёсць такія верш і раздзел,” – жартуе Рыжкоў.
Адзін з ініцыятараў “Чорна-белых вершаў” празаік Павел Анціпаў распавядае, што сябры збіраліся, каб суткамі пісаць. Хто – вершы, а хто – прозу. “Мы глядзелі відэа з OpenSpace.ru (зараз Сolta.ru), была там такая рубрыка: паэт чытае два вершы, свой і чужы. Ну, і разважалі, чаму ў іх гэта магчыма, а ў нас − не. Падаецца, не так складана: вазьмі фоцік, запрасі паэта, запішы, выкладзі на YouTube. Віталь прапанаваў гэту ідэю “Будзьме”, і яны пагадзіліся. Ужо ў верасні 2010 года пайшлі першыя выпускі. Я нейкі час займаўся каардынатарскай дзейнасцю, запрашаў паэтаў, Віталь рабіў запіс і мантаж“.
Відэаролікі як “спробнікі парфумы”
У праекце паўдзельнічала амаль чатыры дзясяткі паэтаў, відэа даступныя да прагляду на YouTube. “Да майго вялізнага жалю, не трапілі да нас такія важныя аўтары як Вальжына Морт, Антон Францішак Брыль, Наста Кудасава, Уладзімір Някляеў, Алеся Башарымава, Дзмітры Дзмітрыеў, а таксама на той момант жывыя народныя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч”, − адзначае Віталь Рыжкоў.
Стваральнікі натхняліся расійскім праектам “Стихи вживую” і амерыканскімі відэа. Спачатку рабілі ўсё сваімі сіламі (просяць прабачэння за мантаж) з мінімальным бюджэтам, але потым да каманды далучыўся аператар Александр Крупіна, і творчае рашэнне онлайн-праекта змянілася. “За раз здымалі чатырох аўтараў – на месяц наперад. Найвышэйшая якасць у нас была менавіта ў другім сезоне, калі з’явілася магчымасць звярнуцца да больш прафесійнага відэографа”, − прызнаецца Віталь і дадае:“У той час усутпілі ў дзеянне пэўныя забароны на выступы творцаў з недзяржаўнага саюза пісьменнікаў Беларусі, і многія класікі страцілі магчымасць легальна трапляць у школы, універсітэты ды іншыя афіцыйныя пляцоўкі. Дастаткова новы фармат апынуўся адной з першых спробаў сістэмна і больш-менш прафесійна пашыраць прысутнасць беларускай літаратуры ў інтэрнэце. Я тады параўноўваў нашы відэа з такімі сабе “спробнікамі парфумы”: каб была аператыўная магчымасць з дапамогай YouTube пабачыць штосьці з таго, што піша аўтар і як ён выступае. І асабіста мне хацелася паказаць не толькі прызнаных мэтраў слова, але і новых аўтараў. Здымай мы яшчэ сезон, я б хацеў бачыць у ім найперш аўтараў, названых раней, а таксама і маладзейшых – Ганну Шакель, Крысціну Бандурыну, Дашу Бялькевіч, Насту Шакунову ды многіх іншых”.
“Мы віць вам за эпатаж не плацім”
Літаратары выступілі перад нябачным гледачом. Пра яны што думалі, калі чыталі сваю паэзію ў падвальным памяшканні на вуліцы Берсана ў сталіцы? Ці меў хтосьці на мэце разбудзіць вершамі грамадства? Заявіць пра сябе? Прыняць выклік і растварыцца ў сваёй боязі публічнасці?
Лінгвістка, паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева прыгадвае, што яе асноўным хваляваннем было не запнуцца і не забыць радок. “Гэта відэа было быццам бы не першым, калі чытачы маглі пабачыць, як я чытаю. Ведаю, што за мяжой мае калегі таксама глядзелі гэты кліп і, безумоўна, ён стаў вельмі важным для пашырэння геаграфіі беларускай літаратуры,” – каментуе свой удзел у праекце аўтарка “Сумнага супа”.
“Часта можна пачуць ад людзей, што яны “не разумеюць” паэзію, такое ўражанне, што яны яе баяцца, або лічаць нечым “не для ўсіх”. Іншы стэрэатып – гэта тое, што паэзія – для маладых і закаханых. Я лічу, у грамадстве павінна змяніцца стаўленне да літаратуры ў цэлым і паэзіі ў прыватнасці. Для гэтага трэба пачынаць са школы ці з дзіцячага садка, дзе паэзію б выкладалі як чароўнае і важнае, але ў той жа час блізкае і зразумелае. Думаю, можна было б задаваць такія праекты ў школе: зрабіць міні-фільм на ўлюбёны верш. Я сама раблю буктрэйлеры да сваіх кніжак, супрацоўнічаю з электроннымі музыкамі (Уладзіслаў Бубен, Aortha). Цяпер шмат магчымасцяў, але яны не выкарыстоўваюцца, думаю, акурат з прычыны адсутнасці філасофіі, тэорыі,” – разважае Гапеева.
Літаратар, гісторык і краязнаўца Антон Рудак не шкадуе, што выбраў агучыць “Элвіса”. “Калі б запісваўся пару гадоў пазней, то выбар быў бы ўжо зусім іншым. За гэты час напісаў багата вершаў,” – тлумачыць аўтар паэтычнай кнігі “Верхні горад”. “На сёння наогул вырасла пакаленне візуалаў, і YouTube зрабіўся не проста пляцоўкай, а рэальнай альтэрнатывай тэлебачанню. Таму, натуральна, нішто не мусіць стаяць на месцы, і відэа таксама мусяць зрабіцца іншымі, каб задаволіць патрэбы сучаснага гледача”.
Тэлевядоўца, літаратар Усевалад Сцебурака не верыць у тое, што што сучасныя сродкі здольныя дапамагчы ў папулярызацыі беларускамоўнай літаратуры. “Калі краіна не паслугуецца мовай, усе заахвочваньні штучныя”, − лічыць ён.
У Вольгі Гронскай хочацца запытацца: “Дык што ж слухае ваш сын, Muse ці Coldplay?“ Перакладчыца, кандыдатка філалагічных навук, выкладчыца БДУ паўдзельнічала ў “Чорна-белых” з вершам “Пяць”. “Гэта быў насамрэч цікавы досвед, які прынёс мне шмат новых уражанняў. Як максімум – таму, што лічу такі праект вартым і патрэбным, і мне было прыемна да яго спрычыніцца”, − успамінае паэтка.
“Я рэгулярна размаўляю са студэнтамі пра беларускую літаратуру і пра беларускія пераклады. І такога кшталту медыйнасць часта спрацоўвае. Прынамсі, моладзь больш цікавіцца тым, што на слыху, што можна пабачыць і пачуць у інтэрнэце. Ім цікава і самім паўдзельнічаць у падобных праектах, з чытаннем любімых вершаў, напрыклад. Цікава было сапраўды зняць пераклады, у нас ёсць шыкоўныя перакладчыкі паэзіі і цудоўныя іх працы. Не ведаю, як яно спрацуе з прозай…”
Канкурэнты-паслядоўнікі: “Мы хацелі разбурыць міфы”
Стылёвыя сюжэтныя відэазамалёўкі з’явіліся ў беларускай інтэрнэт-прасторы дзякуючы Litara-A. Гэта мультымедыйная культурніцкая платформа, заснаваная ў 2013 двума сябрамі: кіраўніком студыі відэапрадакшну Zvonka, стваральнікам брэнда адзення Honar Паўлам Доўнарам і настаўнікам польскай ды беларускай мовы і літаратуры, мадэллю Дзянісам Бурко. Запісваліся не толькі вершы, але і пераклады на беларускую мову, урыўкі з прозы і эсэ. За час існавання ініцыятывы ўдзел у ёй узялі вядомыя беларускія асобы, сярод якіх тайбаксёр Віталь Гуркоў, рэпер і акцёр Vinsent, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, журналіст і стваральнік курсаў “Мова нанова” Глеб Лабадзенка, пісьменнік, мастацтвазнаўца Віктар Марціновіч. Відэаролікамі Litara-A суправаджалася рэкламная кампанія вакол аўтараў шорт-ліста Прэміі Гедройца 2015 года.
Сябры расказваюць, што натхняліся любоўю да чытання і беларускай літаратурай. “Яна багатая, разнастайная і паўнавартасная, але ў масавай свядомасці жывуць міфы пра яе “сялянскасць” і “калгаснасць”. Моладзь мала ведае пра беларускую літаратуру, акрамя школьнай праграмы, дзе спіс твораў, мякка кажучы, не спрыяе з’яўленню інтарэсу да роднай паэзіі і прозы”, − кажа Павел Доўнар.
“Тусуючыся на флэтах, кватэрніках, калі я часта чытаў вершы ў п’яным угары, мяне вельмі добра ўспрымалі розныя людзі, таксама далёкія ад нашай тусоўкі. Кожны раз прыходзілі, каб не проста патусіць, а і паслухаць вершы”, − прыгадвае Дзяніс Бурко. “Памятаю, паехалі на канцэрт “Ляпісаў” у Кіеў. Грошай не было, а вялікай кампаніі беларускіх авантурыстаў трэба было неяк вярнуцца дадому. Я стаў чытаць вершы ў метро. За кароткі час мы назбіралі столькі, каб даехаць да Менска.”.
“Ці быў у вас нейкі прыклад у Беларусі ці за яе межамі? Безумоўна, мы пераглядзелі шмат відэа, але нейкі канкрэтны прыклад не спрабавалі дубляваць, таму, думаю, у нас атрымаўся праект са сваім адметным тварам,” – працягвае рэжысёр Павел Доўнар. “Ідэя ўзнікла ў Дзяніса Бурко. Я працаваў у сферы вытворчасці відэа і прапанаваў Дзянісу рабіць больш прафесійныя ролікі, прыдумаць адмысловую назву і канцэпцыю праекта. Так, мы пачалі працу над праектам, знялі 5 першых відэа з Дзянісам, і яны хутка сталі віруснымі, нам пачалі пісаць людзі, што хочуць чытаць вершы”.
Вершабачанне
Узаемадзеянне з літаратурай тых самых спажыўцоў і прыхільнікаў (будучых літаратараў і ініцыятараў праектаў) адбываецца несупынна штодня. Паэтычныя творы роўна як і празаічныя тэксты “просяцца” стаць кароткаметражкамі, фільмамі, серыяламі, спектаклямі, могуць аддаваць свае матывы выяўленчаму, харэаграфічнаму, пластычнаму, фотамастацтву і дызайну. Калі вы глядзіце літаратуру, літаратура глядзіць на вас.
Наталля Бінкевіч