Праект «bayski»: «Мэта даволі простая — паказаць, што беларуская мова можа быць моднай і стылёвай»

Беларускамоўны выканаўца «bayski» распавёў гісторыю стварэння праекта і адмыслова для budzma.org падзяліўся ўласным топам улюбёных беларускіх песень. 


1.jpg

Як з’явіўся праект «bayski» 

Праект «bayski» ўзнік зусім нядаўна, у 2022 годзе. Пра сябе музыкам зазвычай казаць складана, але ў той жа час, апроч іх, найбольш сэнсоўна пра ўласную творчасць ніхто і не распавядзе:

«Пачалося ўсё прыблізна год таму, калі мы з маім сябрам Кірылам, крыху задзяўбаўшыся слухаць замежны і расійскі рэп, задаліся пытаннем: «А чаму па-беларуску мы такога не чулі?». Безумоўна, рэп па-беларуску быў і я з ім добра знаёмы, але ў 2022 годзе ўсё гэта гучала як далёкае сярэднявечча, якое цяперашняй моладзі даволі цяжка ўспрымаць, бо якасны гук зараз найперш за глыбокі сэнс. І, натхніўшыся словамі Андрэя Хадановіча, якія ён прамовіў у адным з падкастаў: «Не хапае беларускамоўнага кантэнту? Ствары яго сам!», мы пачалі нешта накідваць самі. Шчыра кажучы, накідваем і па сённяшні дзень, бо ўсё шчэ знаходзімся ў пошуках свайго гуку. Мэта даволі простая — паказаць, што беларуская мова можа быць моднай і стылёвай. У гэтым сэнсе добрым прыкладам зараз з’яўляецца ўкраінская рэп-тусоўка з іх гучаннем і ўжываннем мовы...»

3.jpg 3 Фота 

«Bayski» ўжо выдаў тры беларускамоўныя сінглы: «Набірай», «Піт-стоп», «Даляры». Паслухаць іх можна на ўсіх стрымінгавых пляцоўках. Нагадваем, што з «bayski» і іншай свежай беларускай музыкай можна азнаёміцца ў нашым spotify. 

2.jpg

Топ-5 беларускіх песень ад праекта «bayski» 

1. «Песняры» — «Алеся» 


Мулявін і яго тусоўка — гэта галоўныя рок-н-рольшчыкі і свэгі свайго часу. Адны толькі іх вобразы і строі для шматлікіх канцэртаў выклікаюць захапленне, а гітара з двума грыфамі дык і ўвогуле прымушае ўзгадваць Джымі Пэйджа з Led Zeppelin, і падаецца, што натхняўся ён менавіта «Песнярамі» (смяецца). Сама песня заўсёды прабівае да дрыжыкаў менавіта ачмурэнным вакальным выкананнем і даволі нетыповай гітарнай партыяй, што да музыкі савецкага перыяду.

2. Вожык feat ЛСП — «Вераніка» 


Бязмежна кайфую ад парту маладога і свежага Алега з ЛСП, а чыловы прыпеў ад Вожыка толькі дадаюць гэтаму вінегрэту асаблівы смак і шарм. Я слухаў шмат белмоўнага рэпу, але яго праблема ў тым, што ён створаны інтэлігентам для інтэлігентаў. Безумоўна, сам люблю чытаць сусветную літаратуру, але калі я тыкаю на «плэй» і чапляю слухаўкі ў вухі, то хачу павайбіць і рэлакснуць, а не займацца дэканструкцыяй. 

3. «Hurma» — «Repeat» 


Люблю творчасць гэтага гурта і заўсёды згадваю год 2015–2016, калі хлопцы ладзілі сапраўдны варушняк і някепска так разгойдвалі індустрыю. Што да песні, то для мяне гэта своеасаблівая балада пра каханнечка, пад якую можна злавіць чарговы хартбрэйк, з матывамі, як у Фрэнка Оўшэна. Раю паслухаць увесь альбом з аднайменнай назвай, а таксам глянуць кліп «Люк, я твой тата». 

4. «Amaroka» — «Pa vienah» 


Наўрад ці адкрыю таямніцу, калі скажу, што гурт Аmaroka — гэта таленавітая адаптацыя The Offspring, але ж па-беларуску! Фанатам поп-панку сапраўды павінна спадабацца, а пачаць знаёмства з гуртом якраз раю з песні «Па венах». Казаць нічога не буду, лепш слухайце самі! 

5. «Akute» — «Сэрца» 


Раней свядома не выкупаў усіх прышпілаў гэтага гурта і іх музыкі, але крыху пасталеўшы, уцягнуўся і расслухаў некаторыя хіты. Чэлы сапраўды перадаюць сэнс пачуццяў і адчуванняў, ужываючы даволі абстрактныя тэрміны ў сваіх тэкстах. Вось вам і радок «б’ецца-б’ецца тваё сэрца — бессэнсоўная гульня. Проста гэта ведаў толькі я». Дзякуючы такім зваротам у людзей ёсць магчымасць мысліць вобразамі і надаваць песні свае асабістыя сэнсы. 

ПЖ, budzma.org