Аляксей Гайдукевіч разважае на budzma.by пра будучыню беларуска-амерыканскіх стасункаў на фоне пратэстаў, якія цяпер адбываюцца ў ЗША.
Пратэсты і беспарадкі ў ЗША могуць мець наступствы для ўсёй планеты. Можна пачуць думкі пра надлом у свядомасці амерыканцаў, які вызначыць будучыню планеты не на адзін дзясятак год.
Расавыя і сацыяльныя праблемы, эканамічны крызіс, імаверна, могуць стаць новым рухавіком пратэстнага руху па ўсім свеце. Якім чынам падзеі ў ЗША могуць паўплываць на Беларусь і наша грамадства? Ці сапраўды заакіянскія беспарадкі справакуюць частку беларусаў на радыкальныя дзеянні — ці ўплыў магчымы толькі на кіраўнічыя колы і міжнародныя фінансава-эканамічныя зносіны?
Палітыкі намагаюцца выкарыстаць пратэсты
Забойства бяззбройнага чарнаскурага белым паліцэйскім у Мінесоце выклікала чарговую, найбольшую з канца 1980-х, хвалю пратэстаў.
Нельга не ўлічваць версіі ў СМІ пра тое, што палітычныя апаненты Трампа спрабуюць скарыстацца наступствамі расавых пратэстаў, скіраваць іх супраць дзейнага прэзідэнта.
У публікацыі The Guardian адзін з аналітыкаў фабрыкі думкі Дэмакратычнай партыі ЗША адзначыў, што вялікім выклікам для Байдэна будзе неабходнасць пазбавіць краіну глыбокіх расавых і эканамічных дыспрапорцый:
«Байдэн мае магчымасць стаць прэзідэнтам трансфармацый для нацыі».
Ужо не вельмі істотна, у якім кірунку пойдзе пратэст, ці працягнуцца выступленні і масавыя злачынствы на іх фоне — зразумела, што па іміджы Трампа нанесены адзін з самых моцных удараў за час ягонай кадэнцыі.
Як паведамляе Newsweek, рэйтынг недаверу да Трампа ў пачатку лета складаў 54%, ніжэйшымі гэтыя лічбы былі толькі пасля скандалу, названага журналістамі «Украінагейт». Давярае прэзідэнту, паводле апытанняў, толькі 42%.
Варта ўлічваць, што «Украінагейт» не тычыўся наўпрост жыцця амерыканскіх грамадзянаў і адбываўся недзе ў высокіх кабінетах, у адрозненне ад вулічных пратэстаў, якія паўплывалі на жыццё дзясяткаў мільёнаў людзей.
Некаторыя эксперты, звязаныя з рэспубліканцамі, параўноўваюць з сённяшнімі падзеямі расавыя беспарадкі 1968-га, пасля якіх да ўлады прыйшоў рэспубліканец Ніксан. Неабходна адзначыць, што сітуацыя ў 2020-м адрозніваецца кардынальна.
Па-першае, да выбараў Ніксана ва ўладзе былі дэмакраты, іх апаненты ў той кампаніі якраз апелявалі да няздатнасці апанентаў даць рады пагромам. Па-другое, у ЗША з тых часоў не толькі змяніўся расавы склад грамадства, але і адбыліся фундаментальныя ментальныя зрухі ў масавай свядомасці.
У матэрыяле Washington Post падкрэсліваецца:
«Дэмакраты і нават некаторыя рэспубліканцы робяць выснову, што Трамп цалкам не разумее гісторыю і праблему расізму і адпаведную напружанасць, якая дасёння распаўсюджаная ў грамадстве».
Пра іншае, чым у 1960-я, стаўленне звычайных амерыканцаў да пратэстаў сведчаць і вынікі апытанняў: больш за 60% амерыканцаў падтрымліваюць пратэстоўцаў, і гэта з улікам негатыўнага следу ад пагромаў, падпалаў і злачынстваў, а таксама рэха ў СМІ, дзе падчас рэпартажаў робяць ухіл якраз на негатыўныя бакі пратэстаў.
Такім чынам, пераабранне Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША ў лістападзе знаходзіцца пад вялікім пытаннем. Кандыдат ад дэмакратаў Джо Байдэн намагаецца перахапіць ініцыятыву ў рэспубліканца.
Наступствы ў Еўропе. Ці чакаць іх у Беларусі?
Незадаволенасць цяперашняй расавай і эканамічнай палітыкай у дачыненні да беднага насельніцтва перакінулася і на Еўропу.
У Францыі, дзе жыве шмат мігрантаў і нашчадкаў мігрантаў у першым-другім пакаленнях, пратэсты таксама перараслі ў падпалы аўтамабіляў. Цалкам імаверна, што такія акцыі могуць ахапіць Брытанію, Бельгію, Нідэрланды, Швецыю, Нямеччыну, дзе ўжо прайшло некалькі мітынгаў салідарнасці з амерыканскімі пратэстоўцамі.
А ўлічваючы сацыяльны падтэкст пратэстаў, можа накрыць і рэшту Еўропы, дзе каранцінныя меры толькі паглыбілі эканамічную няроўнасць у грамадстве.
На сённяшні момант відавочна, што такія маштабныя акцыі непакоры ў Беларусі немагчымыя. Але расійскія тэндэнцыі, дзе не так даўно шматтысячны мітынг у Асеціі ледзь не перарос у маштабны пагром, мусяць непакоіць улады ў Мінску.
Як наступствы заакіянскіх пратэстаў у дачыненні да Беларусі варта разглядаць магчымыя змены ва ўладных кабінетах у Вашынгтоне.
Пры адміністрацыі Трампа ў беларуска-амерыканскіх адносінах адбыліся тытанічныя станоўчыя зрухі. Візіт дзяржсакратара ЗША Пампеа ў лютым у Мінск быў першым за апошнія 15 гадоў мерапрыемствам з удзелам такога высокага амерыканскага дзяржслужбоўца. Адным з вынікаў супрацоўніцтва пасля шматгадовага застою сталася дамова аб пастаўках амерыканскай нафты для беларускіх НПЗ вясною 2020 года.
Вельмі істотнае пытанне — наколькі вялікі шанец, што пасля магчымай змены ўлады ў Белым доме беларуска-амерыканскія адносіны зноў пагоршацца, як гэта было за Абамам?
Амбасадарка ЗША пакінула Беларусь пасля дыпламатычнага скандалу паміж краінамі, звязанага з увядзеннем амерыканцамі санкцый супраць беларускага кіраўніцтва, яшчэ за часамі кадэнцыі рэспубліканца Буша-малодшага. Але прыход да ўлады дэмакрата Абамы зусім не палепшыў стасункі Мінска і Вашынгтона, хутчэй наадварот — пагоршыў.
Тэма Расіі і ўзаемаадносін ЗША з гэтай краінай не апошняя ў перадвыбарчай рыторыцы Байдэна — галоўнага прэтэндэнта на кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі ЗША.
Экс-прэзідэнт абапіраецца ў тым ліку на антырасійскія колы сярод дэмакратаў. Гэта падкрэслівае ягонае выказванне падчас дэбатаў у кастрычніку 2019 года:
«Пуцін ведае: калі я стану прэзідэнтам ЗША, дні яго тыраніі і спробаў пагражаць Злучаным Штатам і Усходняй Еўропе будуць скончаныя».
Рыторыка Байдэна падчас перадвыбарчай кампаніі можа так і застацца рыторыкай, але, магчыма, і матэрыялізуецца ў пагаршэнне стасункаў з Масквой. Улічваючы ўжо ўведзеныя санкцыі, такі паварот можа аказаць фатальнае ўздзеянне на эканамічнае становішча ў суседняй з Беларуссю краіне.
Такія магчымыя наступствы абавязкова адаб’юцца і на беларускай эканоміцы. Варта ўлічваць моцную залежнасць нашай краіны ад расійскага рынку.
У залежнасці ад актуальных узаемаадносін беларускага кіраўніцтва з Пуціным і Расіяй у выпадку перамогі дэмакратычнага кандыдата ў ЗША сітуацыя падаецца непрадказальнай. Шмат таксама можа залежаць ад выбарчай кампаніі ў Беларусі, у прыватнасці, ад ацэнак міжнародных структур. І геапалітычнай абстаноўкі ў рэгіёне на якую ў сённяшніх рэаліях аказвае ўздзеянне пазіцыя ў дачыненні да Расіі, вайны ва Украіне, уплываў Масквы на краіны Еўрасаюза.
Таму нельга выключаць магчымай чарговай «замарозкі» беларуска-амерыканскіх стасункаў. Як бы гэта цынічна ні гучала, але факт — у выніку забойства паліцэйскім чарнаскурага ў адным з паўночных штатаў краіны.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»