Правы дзяцей і актыўная грамадзянская пазіцыя

31.10.2019 Маё права

Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра тое, чым можа абярнуцца няведанне сваіх правоў.

У беларускім заканадаўстве існуе норма, якая прадугледжвае пакаранне за знаходжанне няпоўнагадовых у начны час на вуліцы ці грамадскім месцы без бацькоў ці ўпаўнаважаных імі дарослых.

Супрацоўнікі МУС падкрэсліваюць, што маюць права спыняць падлеткаў, каб перадаць іх бацькам.

Здавалася б, патрэбная і нават неабходная працэдура. Але, як заўжды, д'ябал хаваецца ў дробязях.

Напэўна, вы былі хаця б раз у жыцці сведкамі таго, як міліцыянеры патрабавалі ад маладых людзей, якія выглядалі на няпоўнагадовых, прад'явіць дакументы — на вуліцы, у метро, кавярні.

У такім выпадку вы бачылі, як дзякуючы недасканаласці заканадаўства парушаюцца правы падлеткаў.

Якія б станоўчыя мэты ні пераследаваліся супрацоўнікам міліцыі ў гэты момант, ён свядома ці несвядома ідзе на парушэнне. Бо беспадстаўна патрабуе дакументы, кіруючыся адно асабістай ацэнкай узросту грамадзяніна.

Што цікава, гэта праблема не толькі Беларусі. З падобнымі сітуацыямі асабіста я сутыкаўся і ў суседніх краінах.

Паўсюль, калі грамадзянін не ведае сваіх правоў ці не жадае іх адстойваць, — дзяржаўныя службоўцы так і імкнуцца іх парушыць, навязаць незаконную волю ў сваіх інтарэсах, прыроўніваючы іх да дзяржаўных.

Сістэма зацікаўленая толькі ў парушэнні правоў маладых людзей

Калі разважаць аб'ектыўна, уся адукацыйная сістэма мае на мэце не толькі навучыць будучага падаткаплацельшчыка лічыць, чытаць і пісаць, але і сфарміраваць альтэрнатыўны справядліваму светапогляд. Не дзіўна, бо настаўнікі і чыноўнікі, ды і большасць грамадзян, жывуць у вымярэнні, дзе "начальнік заўжды мае рацыю" і "як бы чаго не выйшла".

У выніку атрымліваецца, што рэальным прававым выхаваннем падлеткаў ніхто не займаецца. Адукацыя і праваахоўнікі прафілактыкай правапарушэнняў называюць нудныя лекцыі, на якіх зачытваюць фармулёўкі адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў.

Можна шмат пачуць парадаў у сеціве, асабліва пасля скандалу ў гомельскай школе, куды і каму скардзіцца на дзеянні настаўнікаў. А вось пра правілы паводзін у рэальнай сітуацыі, калі правы парушаюцца, інфармацыі відавочна бракуе.

Тры слупы рэалізацыі правоў дзяцей

Бацькі ў большасці сваёй — прадукт сістэмы. І добра "разбіраюцца", як прыстасавацца і што можна "патрабаваць" ад дзяржаўных устаноў, куды скардзіцца, а калі варта "сядзець ціха".

Вось і атрымліваецца, што калі справа даходзіць да кантактаў з міліцыяй, увесь "спажывецкі імпэт", які "працуе" на настаўніцах і прыбіральшчыцах у крамах, раптам знікае. І што няпоўнагадовыя, што іх бацькі становяцца паслухмянымі, гатовымі выконваць любыя супрацьзаконныя патрабаванні.

Менавіта гэта і ёсць мэтай адукацыйнай сістэмы — каб няпоўнагадовыя прызвычаіліся не задумвацца над сваімі правамі, усведамляць, што на баку дзяржаўнага службоўца моц улады і законы працуюць толькі на яе карысць.

Прававыя моладзевыя ініцыятывы і падтрымка актывізму

Гомельскі скандал чарговы раз прадэманстраваў, што сістэма адукацыі — у першую чаргу структура, якая, пры ўсіх супярэчнасцях, абараняе і апякае сваіх супрацоўнікаў. А таксама — што вельмі важна на маю думку — пакліканая да падаўлення пэўных рысаў асобы юнага грамадзяніна. У першую чаргу — ініцыятывы і калектывізму.

У выніку ў пэўнай часткі юнакоў страчваецца імкненне да самаарганіцыі якіх-кольвек груп і нефармальных аб'яднанняў. Сістэма выхоўвае натоўп самотных ваўчанят, а не супольнасць аб'яднаных па прынцыпе нефармальнай дамовы і салідарнасці асоб.

Хто ў стане абараніць ці ўвогуле апеляваць да правоў дзяцей і моладзі, шукаць паразуменне з афіцыйнымі адукацыйнымі структурамі ў справах узаемадзеяння настаўнікаў і моладзі, уладаў і моладзі? Лічу, што толькі самаарганізаваныя суполкі, дзе могуць быць агучаныя розныя (у першую чаргу альтэрнатыўныя) меркаванні.

Зноў жа, вяртаючыся да падзей у гомельскай школе, трэба адзначыць, што абгрунтаванае меркаванне ўласна вучняў не было агучанае ні ў адным СМІ.

Мінскі міліцыянер мог у мінулым мець досвед як у гомельскага школьніка

Няхай не самых маленькіх, а, напрыклад, навучэнцаў старэйшых класаў гэтай установы. Хто, калі не яны, маглі б даць ацэнку асобе настаўніцы? Эмацыйную, неадназначную. Так. Але і гэты пункт гледжання павінен быў быць пачуты.

Быць "прасцейшымі" не атрымаецца

Так званае самакіраванне, школьныя парламенты ў нашай краіне ўяўляюць з сябе такія ж бяздзейныя структуры, як і дзяржаўныя моладзевыя аб'яднанні. Фактычна, іх функцыянаванне — справа школьных адміністрацый, а не ініцыятыва навучэнцаў. Пра ініцыятыву ў такіх згуртаваннях гаворкі няма. Таму назваць іх паўнавартаснымі самаарганізацыйнымі структурамі нельга.

Нехта скажа, што можна браць прыклад з самакіраўнічых органаў школ у суседніх краінах. Безумоўна, ініцыятывы там больш, але нельга ў поўнай меры сказаць, што гэта самаарганізацыйныя структуры.

Калі школы і іншыя адукацыйныя ўстановы не даюць моладзі слова, не знаёмяць маладых людзей нават з падставовымі прававымі ўстаноўкамі, гэта павінна адбывацца па ініцыятыве бацькоў. Калі афіцыйныя моладзевыя структуры не выконваюць свае функцыі, варта стымуляваць стварэнне альтэрнатыўных органаў самаарганізацыі моладзі.

Толькі ў такой атмасферы можна выхаваць ініцыятыўных грамадзян, якія не дазволяць парушаць правы, будуць імкнуцца кіравацца станоўчым светапоглядам з памкненнямі да справядлівасці.

Ці зацікаўленыя мы, каб наступныя пакаленні ўяўлялі з сябе інфантыльны маўклівы статак? А менавіта да такога выніку прыводзіць сітуацыя, калі маладых людзей з юнацтва вучаць не высоўвацца і "быць прасцейшымі". Проста і адназначна бывае толькі на могілках.

Перапіс-2019: як абмяжоўваюць правы непаўнагадовых

Ператварыць краіну ў суцэльны БРСМ, дзе садзіць дрэвы вясной, напрыклад, адпраўляюць па загадзе, не атрымаецца.

Бо рана ці позна можа аказацца, што не з'явіцца загадчыка абараняць краіну — а без паперкі з пячаткай гэтага ніхто рабіць не стане, бо з маленства так прывучылі бацькі і настаўнікі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org