Праз тыдзень – Бардаўская восень

16.10.2014 Музыка

Фэстываль беларускай бардаўскай ды аўтарскай песні “Бардаўская Восень” – гэта незвычайная падзея, дзе песьні пішуцца гітараю і пяром. Пасьля 20 гадоў прысутнасьці беларускіх бардаў на бельскай сцэне цяжка бязь іх сабе ўявіць падляскі музычны пэйзаж. І хаця рэчаіснасьць у Польшчы і Беларусі зьмянілася, сучасная беларуская аўтарская песьня ня страціла сваёй сілы.

Чым зьдзівяць нас XXІ-ыя “Барды”?

Адкрываючы трэці дзясятак Фэстывалю Бардаўская Восень мы вырашылі перамясьціць акцэнт на маладых, але прызнаных музыкаў. – кажа Старшыня Зьвязу “ШЧЫТЫ”, Ігар Лукашук – На беларускай музычнай сцэне, таксама і дзякуючы нашай імпрэзе, ёсьць многа цікавых, шматабяцальных і незалежных выканаўцаў, якія ўжо сёньня маюць вялікі ўклад у разьвіцьцё беларускай аўтарскай песьні. Менавіта іх мы хочам прадставіць падчас Фэстывалю. 

У часе сёлетніх “Бардаў” выступяць галоўным чынам ляўрэаты апошніх конкурсаў, а гэта: Palina Respublika, Re1ikt, Нельга Забыць, ILO&Friends, а таксама S°unduk ды Bosae Sonca. Бельская сцэна стане таксама і месцам дэбюту гурту Р’э Мажор ды рок-дуэту Navi (Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук). На Фэстывалі зьявіцца таксама і адзін з найбольш пазнавальных галасоў Бардаўскай Восені – Зьміцер Вайцюшкевіч. Акрамя таго, свой удзел пацьвердзіў і Алег Хаменка – лідэр і стваральнік культавага гурту ПАЛАЦ. Сёлета мы таксама зможам пачуць музычнае прачытаньне вершаў бельскай паэткі Надзеі Артымовіч у выкананьні Алега Кабзара.

Конкурс

Хаця ўвага гледачоў зьвяртаецца перадусім на прозьвішчы зорак, найважнейшым элемэнтам Бардаўскай Восені зьяўляецца конкурсная частка Фэстывалю. Гісторыя “Бардаў” паказвае, што конкурсы з’яўляюцца важнай зьявай на беларускай музычнай сцэне. Дзякуючы конкурсу, у музычнай прасторы пачалі свой шлях надзвычай цікавыя мастацкія зьявы, гурты, якія пасьля дэбюту на бельскай сцэне пазьней дамагліся значных посьпехаў на музычным рынку. Таксама конкурсны адбор, што праходзіць у Менску, з году ў год зьбірае штораз большую колькасьць творцаў і аматараў беларускамоўнай аўтарскай песьні, што сьведчыць пра ранг і ўзровень Фэстывалю.

Што / дзе / калі?

Цягам 3 фэстывальных дзён (24 – 26 кастрычніка) аматары аўтарскай песьні змогуць прысутнічаць на канцэртах, арганізаваных у Бельскім Доме Культуры ў Бельску Падляскім (дзе два дзесяцігодзьдзі таму ён і нарадзіўся) ды ў Камеральнай Залі Падляскай Опэры і Філярмоніі ў Беластоку. У чацьвер (23 кастрычніка) пройдуць канцэрты ў Музеі і Асяродку Беларускай культуры ў Гайнаўцы ды ў Сінагозе ў Ворлі. Для тых, каму будзе мала беларускай бардаўскай ды аўтарскай песьні пасьля візіту ў Оперу, арганізатары запрашаюць на канцэрты ў Нарву, Шчыты Дзенцялова ды Чыжы. Падрабязная праграма фэстывалю даступная на старонцы www.vosien.org ды www.facebook.com/vosien.

Бардаўская Восень

Бесперапынна ўжо больш за 20 гадоў “Бардаўская Восень” зьяўляецца найбольшым ня толькі ў Эўропе, але й ува ўсім сьвеце фэстывалем, які прысьвечаны беларускім бардам ды выканаўцам аўтарскай песьні. “Барды” імкнуцца адлюстраваць актуальны стан беларускай аўтарскай песьні ва ўсіх яе формах, спалучаючы ў сабе многа стыляў і накірункаў. Сярод удзельнікаў фэстывалю як клясычныя барды, блюзмэны, акустычныя рок-гурты, фольк-рокавыя выканаўцы, гэтак і многія іншыя прадстаўнікі беларускай аўтарскай музыкі. Штогод на фэстывальнай сцэне гасьцююць вядомыя беларускія музыкі, дзякуючы чаму “Бардаўская Восень” атрымала статус мерапрыемства высокага мастацкага рангу.

Арганізатарам Фэстывалю зьяўляюцца “ШЧЫТЫ” – Зьвяз у карысьць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры.

Мерапрыемства не адбылася б без фінансавай падтрымкі Міністра Адміністрацыі і Лічбавізацыі, гораду Беласток (Гарадзкая Ўправа ў Беластоку) і Маршалкоўскай Управы Падляскага ваяводзтва ў Беластоку.