Алесь Кіркевіч на budzma.org разважае пра тое, чаму ў апазіцыйных палітыкаў не атрымалася правесці праймерыз без сварак і скандалаў
Здавалася б, народ і журналісты толькі-толькі разабраліся, што ж такое праймерыз, як працэдуру згарнулі. Фармальна праймерыз працягнуцца, адно што без БНФ, а таксама без лідара галасаванняў — Паўла Севярынца.
Што адбылося? Караван з кандыдатамі ў кандыдаты на пост прэзідэнта ездзіў па Беларусі, збіраў сходы, агітаваў. Адназначным лідарам на першым этапе вымалёўваўся Севярынец. Пра гэта казалі людзі, пісалі СМІ. Разрыў з іншымі палітыкамі быў сапраўды вялікі. І тут раптам на Берасцейшчыне пачаў перамагаць Юрась Губарэвіч.
Выявілася, што на сходы нібыта пачалі масава прыходзіць настаўнікі, функцыянеры БРСМ і «Фонду міру», чыноўнікі і г. д. — і аддаваць свае галасы лідару Руху «За Свабоду». А тут яшчэ і каранавірус буяе... Павел Севярынец і Аляксей Янукевіч, абураныя такім ходам падзеяў, вырашылі выйсці з працэдуры выбараў «адзінага».
Атрымалася як у той показцы: гара нарадзіла мыш. Мыш нарадзілася злой і агрэсіўнай. Кандыдаты на лідара, якія яшчэ ўчора падпісвалі ўгоды, як разам будуць перамагаць і будаваць новую Беларусь, вось толькі спытаюцца ў народа, хто з іх галоўны, імгненна перасварыліся. Як збіраліся разам працаваць людзі, якія ў жывым эфіры сёння называюць адзін аднаго «дэбілам» ды перапытваюць: «На каго ты працуеш?» — загадка.
Яшчэ адно пытанне тычыцца банальнага планавання: разумныя людзі думалі-думалі і прыдумалі праймерыз — працэдуру, на якую можа прыйсці ды прагаласаваць кожны грамадзянін Беларусі. Ну вось, прыйшлі фізрукі ды інструктары БРСМ, прагаласавалі. Падняўся скандал, маўляў, гэта схема ўлады, каб усё разваліць. Ну ОК, схема ўлады, разваліць, але як гэтага можна было не прадбачыць?
Як збіраліся займацца дзяржаўным планаваннем тыя, каго шакаваў прыход пары цётачак з вертыкалі і «Белай Русі»? Планаваць бюджэт, міжнародныя шматхадовачкі, пастаўкі нафты і газу? Як гэтыя людзі збіраліся «ламаць сцэнар улады» і арганізоўваць пратэсты? Божачкі, ветлівыя фізрукі зламалі сцэнар апазіцыі, а калі б «ветлівыя чалавечкі» ў краіну прыйшлі, дык што тады? Чамадан адразу збіраць?
З вірусам таксама атрымалася феерычна. Севярынец, сыходзячы з праймерыз, аб’явіў, што сходы лішнія, бо пагражаюць бяспецы грамадзянаў. Каранцін мае быць! Павел Канстанцінавіч, сур’ёзна? Вы таксама клапаціліся пра бяспеку грамадзянаў, калі дзесяцігоддзямі клікалі людзей на вулічныя акцыі, часцяком загадзя правальныя, якія заканчваліся гвалтам, штрафамі, суткамі і звальненнямі з працы? Даўно ў нас насмарк з тэмпературай страшнейшы за берцы АМАПа?
Яшчэ Севярынец аб’явіў, што балатавацца наогул больш не збіраецца, а пад выбары рыхтуе страйкі ды забастоўкі. То бок цяпер, калі над краінай навіс «страшэнны вірус», студэнты і так прагульваюць заняткі, шмат каго адправілі ў аплачвальны ці неаплачвальны адпачынак, страйкі і забастоўкі ладзіць ніхто не будзе. А вось праз пяць месяцаў, калі пра COVID-19 усе паспяхова забудуць і народ урэшце возьмецца зарабляць грошы і вучыцца, самы час для страйкаў? Геніяльна.
У гэтай сітуацыі мне шкада, зразумела, не партыйных лідараў, а звыкчайных актывістаў нізавога ўзроўню. З Мёраў, Глыбокага, Баранавічаў і г. д. Дзядзькоў і цётачак, якія прыходзілі ды верылі чарговы раз, што нешта зменіцца. Хацелі дапамагчы і паўплываць. Абзвоньвалі, пісалі ў сацыяльных сетках, пераконвалі. Ім зноў сказалі: «Пачакайце, не ўсё так проста!» Як казалі ўжо шматкроць за апошнія 25 гадоў. Зноўку прысыпалі беларускую раллю снегам пасярод вясны.
А недзе далёка, за акіянам, дзе зімы лагодныя, а народ разняволены і гаваркі, пацірае рукі Зянон Станіслававіч Пазняк. Ён дык ад пачатку казаў, што нічога не будзе. Ягоны прагноз — як прагноз бывалага сіноптыка: «Заўтра будзе тое ж надвор’е, што і ўчора». Калі Пазняк кажа, што нічога не атрымаецца, то нічога не атрымаецца. Калі кажа, што атрымаецца, — атрымаецца. Толькі апошняга ён ужо даўно не кажа... Карацей, зіма, са снегам ці не, абяцае быць доўгай.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”