На публікацыю расійскага выдання «Аўрора» звярнуў увагу гродзенскі краязнаўца і блогер Яўген Аснарэўскі. У псеўдагістарычным артыкуле выдання сцвярджаецца, што Каложскую царкву пабудаваў продак Пушкіна. У сваім Facebook блогер коратка пераказвае артыкул і расказвае, чаму артыкул — легенда, а не сапраўднае гістарычнае даследаванне.
Барысаглебская (Каложская) царква. Фота: istockphoto.com
«Паводле даследаванняў аўтара часопіснага артыкула наш знакаміты Францыск Скарына займаўся перакладамі тэкстаў нейкіх талкавінаў — язычнікаў-качэўнікаў з рэгіёна сучаснай Малдовы. Гэты ўнікальны летапіс нібыта знаходзіцца ў самога аўтара, і сапраўднасць гэтых дакументаў пацвердзілі нейкія спецыялісты.
Як пiша аўтар «Автору этой статьи, в начале 80-х годов прошлого века, перешёл по наследству в пользование Русино-тиверский (толковинский) летописный свод (вернее — его уцелевшие фрагменты) русинов Севера Молдавии, от жителя города Рышканы Рашканского района Молдавской ССР». Тут у гісторыі ўжо слабенька запахла нашым знакамітым Тэадорам Нарбутам, які не саромеўся, як вядома, фальсіфікаваць дакументы...
Тым не менш, звесткі гэтага загадкавага летапісу вельмі цікавыя. Паводле іх, нейкі Радша, ваявода князя Рагвалода, сына знакамітага полацкага манарха Усяслава Брачаслававіча, якога ў наш час называюць Чарадзеем, разбіў у раёне Гродна літоўскія раці. Было гэта ў XII стагоддзі. І гэты самы Радша, у гонар перамогі над язычнікамі, пабудаваў, на месцы больш старога храма і з выкарыстаннем яго фрагментаў, Каложскую царкву! Гэта ўжо ваў! Аўтар артыкула дае і спасылкі на крыніцы. Апісваючы Каложу ён спасылаецца на кнігу Аснарэўскага.:)) Патрапіць у часопіс «Аўрора» са сваёй прозай гэта тая яшчэ задачка, але ў якасці спасылкі на гіст. літаратуру я ўжо там.:))
Радавод Радшы, які нібыта выканаў Францыск Скарына. Крыніца: litavrora.ru
Дзіўныя звесткi артыкула не заканчваюцца на будаўнічай біяграфіі Каложы. Гатовы даведацца кім быў той самы ваявода-будаўнік? Ваявода Радша гэта, раптоўна, продак Пушкіна! Той самы, пра якога паэт, нібыта памыліўшыся з эпохай, напісаў вядомае: «Мой предок Рача мышцей бранной. Святому Невскому служил». Гэта значыць, сачыце за рукамі, Каложскую царкву ўзвёў продак Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, той продак разбіў літоўцаў і быў ваяводам полацкага князя Рагвалода.:)) ФЕНАМЕНАЛЬНА!:)) Што тут можна яшчэ сказаць... Я, вядома, не вялікі знаўца Скарыны, але ведаю, што версія з ягонымі малдаўскімі прыгодамі цалкам маргінальная. Зразумела, Каложу пабудавалі гарадзенскія Усеваладковічы, таму сцены храма ўпрыгожваюць іх княскія двухзубцы. Між тым, легенда аб продку Пушкіна была б вельмі каштоўнай, у выпадку яе знаходжання ў рэальным летапісе. «Хроніка Быхаўца», напрыклад, выводзіць ўладароў ВКЛ ад міфічнага рымляніна Палямона, але гэта гістарычная легенда, замацаваная ў надзейных крыніцах, гэта значыць, цікавы гістарычны фенамен. У дадзеным выпадку, ёсць вялікія сумневы ў рэальнасці «малдаўскага летапісу». Пра аўтара артыкула, нейкага Юрыя Іванова, Гугал мне нічога не расказаў, хаця пра таго ж Аснарэўскага, можна нагугліць даволі шмат усяго.
Сучасны падман ці не, але прадстаўце якую легенду атрымалі б гарадзенскія гіды, якія працуюць з рускімі турыстамі ў Каложы. «А вот эту церковь, по легенде, основал предок Александра Сергеевича!». Шык жа, халера ясная.:)) Рускіх турыстаў у Каложы столькі, што Аснарэўскі ўжо не можа спакойна «предаваться раздумьям» аб вечных рэчах, наведваючы нашу старажытную прыгажуню. І, дарэчы, версія з продкам Пушкіна, які пабудаваў Каложу, добра тлумачыць знакамітая «Я помню чудное мгновенье...». Няўжо такое напішаш пра дзяўчо? Гэта пра Каложу! Генетычная памяць, так скаць, спрацавала.:))», — напісаў Яўген Аснарэўскі.