Базар жыве сваім, сінхранізаваным са зменай сезонаў жыццём. Калі вы аматар японскай паэзіі з яе чуйнасцю да зменаў прыроднага стану, то вам варта схадзіць на Камароўку. Калі вы гурман і любіце жыццё на смак, то гэтае месца спецыяльна для вас. Калі ўсё надакучыла, а надвор’е нервуе спёкай, холадам альбо дажджом, то вам дакладна сюды. Тут іншы магічны свет, дзе, здаецца, ёсць усё, што вырасла ці было тым або іншым спосабам прыгатаванае. Цягам года на прылаўках з’яўляюцца новыя сезонныя прадукты і знікаюць тыя, сезон якіх скончыўся, каб з’явіцца ізноў праз год. Гэта вам не супермаркет, дзе вясна, лета і восень на адной паліцы адразу. Тут калі пайшлі грыбы, то на Кульман чуваць іх водар, а калі грушы, то восы з парка Дружбы народаў далятаюць.

Я вырас на Камароўцы, праз некалькі дамоў ад базару. Я нават заспеў часы, калі рынак быў бліжэйшы да плошчы Якуба Коласа, а на месцы цяперашняга быў цэлы квартал прыватнай забудовы. Стары базар я памятаю цьмяна, і вобраз гэты хутчэй негатыўны. Ён звязаны з аднапавярховым будынкам з вялікімі вокнамі ў самым канцы пляца, за ўсімі астатнімі павільёнамі і гандлёвымі радамі. Там прадавалі мяса. Яно ляжала на прылаўках, тут жа, за прылаўкамі, яго рубілі, а потым вадой са шланга мылі прылады і калоды для рубкі. Вада, змешаная з крывёю, сцякала па адмысловых канаўках у закратаваныя круглыя дзіркі, прабітыя ў каменнай падлозе, проста пасярод гандлёвай залы, пад нагамі пакупнікоў.
Але былі ў тым далёкім дзяцінстве і класныя рэчы, напрыклад, чырвоныя празрыстыя пеўнікі на палачках, якіх мне ні разу не купілі, бо яны для дурных бацькоў капрызлівых дзяцей, а я і мае бацькі былі не такія. Прыгожыя карцінкі з кветкамі ці гароднінай на блакітным тле мне таксама не куплялі. Яны тырчалі ў палатняных мяшэчках з насеннем, але не прадаваліся, бо гэта была рэклама тавару, можна нават сказаць, мерчэдайзінг. Значна пазней, калі гандляркі насеннем зніклі разам са сваімі мяшэчкамі, карцінкамі і драўлянымі мернымі чаркамі, я даведаўся, што амаль усе яны былі давыд-гарадоцкія, што гандаль насеннем мае у Давыд-Гарадку шматвяковую традыцыю і што плакеткі з выявамі кветак і пладоў на блакіце — гэта фірмовы давыд-гарадоцкі стыль, непаўторны і запамінальны. І я іх запомніў на ўсё жыццё.
Пазней было шмат чаго. Былі вёдры абрыкосаў і вёдры парэчак, слоікі суніцаў і малінаў, ранні белы наліў і позняя духмяная айва, якую прывозілі уйгуры. Былі узбекскія дыні і абхазскія мандарыны. Быў стары грузін, які горда і самотна стаяў між азербайджанцаў, расклаўшы перад сабой пахучыя і невядомыя тут зёлкі. На пытанне, колькі каштуе, ён нязменна адказваў: “Эээ, дорага. Ты ўсё адно браць не будзеш”. Былі клінковыя сыры, тварагі на любы густ і малако з бідонаў. Яшчэ было зяленіва: кроп і пятрушка. Яны з’яўляліся ў пачатку вясны, здаецца, з Абхазіі. Потым, калі ўжо на дварэ рабілася па-веснавому цёпла, на Камароўцы з’яўлялася зялёная цыбуля і ранняя радыска. Дорага. Але праз тыдзень цэны пачыналі падаць, і бацькі куплялі па пучку таго і другога на першую веснавую салату.
Па радыску я любіў хадзіць разам з бацькам, каб несці потым яе пучок у руцэ. Гэта прыемна і зусім не цяжка, не тое што перці бульбу ці вядро вішняў. Бацька, перш чым купіць, прыцэньваўся і пытаўся, адкуль тавар. Гаспадары звычайна шыфраваліся і адказвалі туманна: “З Гродзенскай вобласці”. Пачуўшы чаканы адказ, бацька задаваў наступнае пытанне-сцверджанне: “З Іўя?” — і чакаў рэакцыі гандляроў. Рассакрэчаны гаспадар ніякавеў і пасля кароткай размовы ўжо на нейтральныя тэмы адчувальна скідаў цану. У выніку гэтай аднахадовай аперацыі я вяртаўся дадому, памахваючы радыскамі, а бацька чарговы раз расказваў мне шмат разоў чутую гісторыю пра тое, што першую радыску і цыбулю вырошчваюць і прывозяць у Менск іўеўскія татары.
Забыцца пра гэты, шмат разоў агучаны і замацаваны органалептычным кантактам факт было складана. Пазней, я прачытаў тое самае пра беларускіх татараў у Аркадзя Смоліча, які называў іх найлепшымі агароднікамі Вялікага Княства, потым даведаўся пра Татарскія агароды ў колішнім Мінску, потым нешта і недзе яшчэ і яшчэ. Я дагэтуль чакаю першага “іўеўскага” зяленіва як свята, хаця цяпер можна купляць і цыбулю, і тыя ж радыскі, і кроп з пятрушкай круглы год. Але гэта зусім не тое! І блізка не ляжала. На базары яно такое, што аж рыпіць. А калі купляю, а купляю ў гаспадара, а не перакупшчыка, то пытаюся: “Адкуль радыска?” І, атрымаўшы вядомы няпэўны адказ, удакладняю: “З Іўя?” І звычайна чую “так” альбо “побач”.
Што можа быць смачнейшым за першую веснавую салату з зялёнай цыбулі, кропу і радыскі са смятанай і кавалкам свежага чорнага хлеба? Нічога. А пах які! А можаце сабе ўявіць, які пахне іўеўскае паветра, калі на тамтэйшых агародах падрастае цыбуля?! А як гэта ўсё выглядае? Я спрабаваў і не змог. І аднойчы ўвесну ўзяў фотаапарат і паехаў паглядзець на ўласныя вочы. Прыехаў я туды позна ўвечары, апошнім аўтобусам і заначаваў у мамы прыяцеля, карэннага іўеўскага хлопца. Як гэта бывае ў беларускіх мястэчках і вёсках, мама аказалася вельмі гасціннай і інтэлігентнай спадарыняй, са стосам незалежнай прэсы і накрытай вячэрай на стале. Потым была амаль начная экскурсія з мясцовым краязнаўцам, настаўнікам і проста файным чалавекам. Потым я імгненна заснуў, наставіўшы будзік на пятую раніцы.
Я хацеў пафатаграфаваць татарскую частку Іўя, татарскія агароды, палі цыбулі супраць святла нізкага яшчэ сонца, калі ад зямлі пара, а на раслінах раса. Насамрэч усё аказалася не зусім такім, як уяўлялася. Замест палёў былі грады пад цэлафанам, амаль паўсюдна першы ўраджай ужо знялі, а другі яшчэ толькі праклёўваўся. З пахаў пераважалі арганічныя, і зусім не расліннага паходжання. Потым я ўбачыў цёцю Фаню, яна стаяла на падворку і складала ў новенькія кардонныя скрыні цыбулю. Цёця Фаня была ў ярка-ліловай нейлонавай куртцы і такой жа яркай шкарлатовай хусце, рэфлексы ад якой рабілі яе абгарэлы на веснавым сонцы твар таксама чырванаватым. І рукі яе былі пачырванелымі і распухлымі ад вады, ветру і штодзённага корпання на градах.
Калі я папрасіў дазволу паздымаць цыбулю і дадаў, што прыехаў дзеля гэтага спецыяльна з Мінска, то яна, насуперак маім асцярогам, зусім не здзівілася і, нічога не пытаючыся, дала дазвол. Яе рукі пры гэтым працягвалі спрытна і напрактыкавана складаць свежазрэзаныя пёры цыбулі ў пучкі, а пучкі ў скрыні. Пёркі акуратна клаліся адно да аднаго, слой за слоем, лёгка спружынячы. Мне нават падалося, што яны паскрыпвалі. Мусілі паскрыпваць, такімі сакавітымі і пругкімі яны былі. Да нас ужо прыязджалі, з тэлебачання, з Мінска, здымалі іўеўскіх татараў, мяне таксама здымалі, сказала цёця Фаня і першы раз за ўсю размову пасміхнулася. Я паздымаў што хацеў, падзякаваў і пайшоў у бок мячэту, мінарэт якога тырчаў па-над шэрымі шыфернымі стрэхамі татарскіх хатаў.
На днях мая колішняя аднакласьніца, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, напісала цудоўны тэкст пра свой паход на тамтэйшы веснавы кірмаш. Пра тое, што бачыла і што купіла, і што хацела купіць, але не купіла, бо не было – не сезон. А тое, што ў сезон – купіла, і йшла сабе дадому і радавалася, размахваючы пучком пятрушкі. І яшчэ напісала, што неяк на занятках па нямецкай мове ім, дарослым вучням, прапанавалі выбраць з гатовых варыянтаў сваю дэфініцыю шчасьця. Яна выбрала такое: „прайсціся па рынку паміж радоў рознакаляровай садавіны і гародніны, накупіць там розных рознасьцяў і букет кветак у дадатак, і з усім гэтым дабром вяртацца дадому“. Тое, што гэты варыянт выбрала мая аднакласніца, мяне зусім не здзіўляе, ўсё ж такі, яна таксама з Камароўкі, а вось адкуль немцы ведаюць пра такое нашае Камароўскае шчасьце?
Камароўка адно з нешматлікіх месцаў у Менску, якое мне падабаецца без агаворак. Часам, я важу туды замежных сяброў і іх Камароўка ўражвае. Ў людзей старэйшых рынак выклікае настальгічныя пачуцці – ў нас таксама было такое, пакуль не з’явіліся супермаркеты, кажуць яны. Маё любімае месца, гэта рады з зяленівам, яны на самым пачатку, леваруч ад уваходу на адкрыты рынак. Дакладна як у той нямецкай дэфініцыі, я іду між прылаўкаў з разнакаляровымі веснавымі дарамі, ўдыхаючы іхнія пахі і разглядаючы рознакаляровыя кшталты: залацістыя карэнні хрэна, пятрушкі і пастэрнака, найсмачнейшыя менавіта ўвёсну, салаты колерам ад амаль белага да цёмна бардовага, пучкі ранняй кармазынава-ружовай радыскі і канешне ўсе адценні зялёнага, ў выглядзе цыбулі, кропа, пятрушкі, рукалы, стрыжня, базіліка, каляндры, душыцы, мяты. Вясна напоўніцу.
Міхал Анемпадыстаў для budzma.org