«Простыя словы» Міхала Анемпадыстава — песня нашых дваровых пратэстаў

Новы выпуск на канале CHADANOVIČ.

Міхал Анемпадыстаў — гэта не толькі аўтар «Простых слоў», а яшчэ і знакаміты паэт, дызайнер, культуролаг, мастак, фатограф. Прысвячаецца дню памяці вялікага беларуса, які 5 гадоў таму адышоў у лепшы свет.



Сёння расказваем:
— чаму Анемпадыстаў з’яўляецца чалавекам эпохі беларускага адраджэння;
— як беларускі паэт стаў адным з заснавальнікаў беларускага дызайну;
— за што прысуджаецца прэмія імя Міхала Анемпадыстава
— як гучыць любімы верш класіка;
— кніга Міхала Анемпадыстава «Простыя словы» — пра што яна;
— якія мянушкі былі ў Анемпадыстава ў войску з-за яго складанага прозвішча.

Вось некалькі думак з відэа:

Некаторыя з іранічных і вострасатырычных вершаў з «Народнага альбома» перасталі быць смешнымі. Як мы рагаталі напрыканцы 90-х з няўмелага клоўна Аляксандра Лукашэнкі, як мы зубаскалілі з нагоды яго стыхійнай трасянкі, з нагоды яго савецкай настальгіі, з нагоды яго палітычных прэтэнзій зрабіцца валадаром аб’яднанай з Беларуссю Расіяй. Як гэта сёння перастала быць смешным, і зрабілася яшчэ і балюча. У час, калі беларускі рэжым зрабіўся марыянеткавым дадаткам да агрэсіўнай імперыі, а Беларусь ператварылася ў прахадны двор для расійскай узброенай набрыдзі.

Часам сумна да слёз, як лёс, як сама халодная скразняковая рэчаіснасць забірае самыя цёплыя і гарачыя сэрцы, якія рабілі і робяць Беларусь беларускай. З іншага боку прыемна разумець, што Міхал Анемпадыстаў з схаванага героя другога плана, калі твой унёсак бачаць па выніках тваёй працы, але не атаясамляюць гэта з табой, ператвараецца ў легендарную і культавую постаць.

Беларус з яго ўтульнасцю быцця ў цэнтры легендарнага праекта «Народны альбом». Слухаючы пра «хлеб на стале» і «полымя ў печы», шмат хто з нас уяўляе бабуліну хату і прымервае на сябе свае дзіцячыя ўспаміны. Міхал парадаксальна гараджанін у n-ым пакаленні і ніколі не меў такой бабулінай хаты, каб прыязджаць на вакацыі, таму як «Простыя словы», так і ўвесь «Народны альбом» — гэта выдуманы аўтарам міф, гэта культуралагічнае даследаванне нашага месца на памежжы паміж вялікімі дзяржавамі, што гатовыя нас паглынуць.

Беларусы, безумоўна, вытрымаюць усе скразнякі, таму што, як пісаў сам Міхал Анемпадыстаў: «Усё будзе добра. Дзень прыйдзе новы».

Чытайце па тэме:

Дзень памяці Міхала Анемпадыстава: 15 фактаў з жыцця творцы