Са школьнай праграмы прыбралі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»

Гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага, знік са школьнай праграмы для 11-га класа па беларускай літаратуры.  


У праграме на 2022-2023 год «Каласы пад сярпом тваім» яшчэ былі. На вывучэнне твора адводзілася 5 акадэмічных гадзін. У праграме на 2023-2024 навучальны год «Каласы пад сярпом тваім» замянілі на «Чорны замак Альшанскі». Акрамя таго, з раздзела дадатковага чытання прыбралі твор паэта Алеся Разанава «У горадзе валадарыць Рагвалод», звярнула ўвагу «Медыязона». 

kalasy-pad-syarpom-tvaim.-karatkevich
 Фото: lohvinau.by

«Каласы пад сярпом тваім» — знакаміты раман Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны падзеям паўстання 1863 года. Менавіта з «Каласоў» для многіх з нас пачынаўся шлях да беларушчыны. 

«Уладзімер Караткевіч паказаў чароўны і таямнічы сьвет схаванай ад мяне, амаль страчанай радзімы. Я сьніў і трызьніў гэтую Беларусь, я пачаў ганарыцца тым, што я беларус, ганарыцца сваім калісьці слаўным народам, сваёй краінаю», — прызнаваўся ў сваіх успамінах лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Твор убачыў свет у 1965 годзе і быў надрукаваны ў часопісе «Полымя». «Каласы пад сярпом тваім» — адзін з самых значных тэкстаў у беларускай літаратуры і галоўны ў творчасці Караткевіча.

Чытайце яшчэ: На выхад падрыхтавацца Францішку Багушэвічу? Што вядомыя беларусы думаюць пра новы спіс «экстрэмісцкай» літаратуры