106 гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, была апублікаваная Трэцяя Устаўная Грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах. Аднак у тых вельмі цяжкіх геапалітычных умовах ідэя беларускай дзяржаўнасці так і не была цалкам рэалізаваная. Больш за тое, яшчэ да сённяшняга дня існуе шэраг пытанняў наконт таго, ці прызнавалі БНР на міжнародным узроўні.
Мапа БНР. Крыніца – wikipedia.org.
Неадназначнасць у пытанні міжнароднага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі
Існуюць розныя погляды на пытанне міжнароднага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі. Некаторыя гісторыкі лічаць, што афіцыйна ніводная краіна не прызнала БНР як дзяржаву, хоць і не адмаўляюць пэўных стасункаў з прадстаўнікамі ўраду беларускага дзяржаўнага ўтварэння. Іншыя наадварот выказваюць меркаванні, што наяўнасць дыпламатычных стасункаў з урадам БНР і ёсць фактычным прызнаннем дзяржаўнага ўтварэння.
Існуюць розныя погляды на пытанне міжнароднага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі. Некаторыя гісторыкі лічаць, што афіцыйна ніводная краіна не прызнала БНР як дзяржаву, хоць і не адмаўляюць пэўных стасункаў з прадстаўнікамі ўрада беларускага дзяржаўнага ўтварэння. Іншыя наадварот выказваюць меркаванні, што наяўнасць дыпламатычных стасункаў з урадам БНР і ёсць фактычным прызнаннем дзяржаўнага ўтварэння.
З іншага боку нягледзячы на вельмі цесныя стасункі паміж урадамі Беларускай Народнай Рэспублікі і Украінскай Народнай Рэспублікі, першая ад другой так і не атрымала афіцыйнага прызнання. І гэта нягледзячы на тое, што БНР мела консульствы ў Кіеве і Адэсе з 1918 года, а таксама пэўную фінансавую падтрымку ад паўднёвых суседзяў, бо ў тым жа Кіеве была адкрыта Беларуская гандлёвая палата, якой паспяхова кіраваў Мітрафан Доўнар-Запольскі. Пры гэтым афіцыйнага прызнання БНР не дачакалася ні ад Рады УНР, ні ад Украінскай дзяржавы гетмана Скарападскага.
Дзеячы БНР у 1918 годзе. Крыніца - gazetaby.com
Можна сказаць, што фактычныя адносіны з урадам БНР падтрымліваліся яшчэ шэрагам краінаў: Германіяй, Польшчай і нават Турцыяй. Але ад гэтых краінаў прызнання БНР не адбылося, нягледзячы на пэўнае супрацоўніцтва. Таксама даволі паспяхова дзейнічала Вайскова-Дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі, але ці ёсць гэта афіцыйнае і юрыдычнае прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі з боку прыбалтыйскіх краінаў? Тым больш што ў выніку дыпламатычнага ціску Савецкай Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскай мірнай дамовы дзейнасць місіі 1 лютага 1921 года была спынена. Яшчэ раней урад Латвіі на падставе дамовы з Савецкай Расіяй ад 11 жніўня 1920 прапанаваў Радзе і ўраду Ластоўскага пакінуць тэрыторыю дзяржавы.
Прызнанне БНР Фінляндыяй
На гэтым фоне цікавым выглядае меркаванне польскай даследчыцы Дароты Міхалюк, якая лічыць, што прызнала БНР фактычна (дэ-факта) толькі адна краіна – Фінляндыя. Гэтую тэзу Міхалюк агучыла ў сваім грунтоўным гістарычным даследаванні, прысвечаным БНР - “Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці”.
Паведамленне аб прызнанні Фінляндыяй незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі прыйшло 28 снежня 1919 года. Антон Луцкевіч (на той час народны сакратар савета міністраў БНР у выгнанні) пра гэту значную падзею з Варшавы тэлеграфаваў прафесару Міколу Верамею (Вяршыніну), які з’яўляўся ў той час консулам БНР у Чэхаславаччыне:
“Naš pradstaŭnik [u] Łatvii telehrafuje [pra] pryznańnie niezaležnaści Biełarusi Kanferencyjaj [u] Dorpacie [i] Finlandyjaj.
Łuckievič” (Архівы БНР, Том 1, кніга 1, с. 565)
У сваю чаргу Антон Луцкевіч атрымаў гэтую тэлеграму ад прадстаўніка БНР у Латвіі аб тым, што ў Тарту на канферэнцыі па прыпыненню ваенных дзеянняў паміж арміяй Савецкай Расіі і войскамі Эстонскай Рэспублікі мела месца прызнанне незалежнасці Беларусі, як на самой канферэнцыі, так і непасрэдна прадстаўнікамі фінскага ўраду. Адзначым, што менавіта ў верасні 1919 года была створана вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі. У снежні 1919 года пры місіі былі створаны рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Таліне, Ліепаі і Тамперэ.
Шыльда Ваенна-Дыпламатычнай Місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Крыніца - wikipedia.org
Стварэнне місіі БНР у Фінляндыі і адметнасць асобы яе кіраўніка
Пасля прызнання Фінляндыяй БНР была разгорнута дыпламатычная місія ў гэтай краіне, якую ўзначаліў генерал Алег Васількоўскі – беларускі генерал Расійскай імперыі і прадстаўнік Беларускай Народнай Рэспублікі.
Нарадзіўся ён у 1879 годзе ў фальварку Сцепаніца Себежскага павета Віцебскай губерніі і з’яўляўся героем Першай сусветнай вайны, атрымаў шэраг узнагарод за разнастайныя паспяховыя вайсковыя аперацыі
Алег Васількоўскі – кіраўнік дыпламатычнай місіі БНР у Фінляндыі. Крыніца - radabnr.org
Пасля кастрычніцкага перавароту Васількоўскі быў вымушаны хавацца на працягу цэлага года, а летам 1919 года перабіраецца на тэрыторыю Фінляндыі. І тут яго талент і асоба спатрэбіліся, бо праз некалькі месяцаў Васількоўскі ўжо ўзначальваў дыпламатычную місію БНР у Прыбалтыцы. Ужо ў маі 1920 года ён прыбыў у Хельсінкі, як афіцыйны прадстаўнік Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут ён наладзіў сувязь з фінскім палкоўнікам з меркаванымі беларускімі каранямі Юр’ё Эльфенгрэнам.
25 чэрвеня 1920 года Васількоўскі атрымлівае афіцыйныя паўнамоцтвы ваенна-дыпламатычнага прадстаўніка БНР пры ўрадзе Фінляндыі, а Юр’ё Эльфенгрэн — яго дарадцы. Таксама адметна, што Алег Васількоўскі як аўтарытэтны генерал вёў перамовы з лідарамі краінаў Антанты аб прызнанні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Вось якую характарыстыку даваў Васількоўскаму Васіль Захарка (кіраўнік дэлегацыі БНР на мірных перамовах паміж Эстоніяй і Савецкай Расіяй у Таліне) у сваім лісце да тагачаснага прэм’ер-міністра БНР Вацлава Ластоўскага ад 21 чэрвеня 1920 года:
«…Зараз іншая справа — гэта прыезд сюды Генерала Васількоўскага з палкоўнікам. Усю інфармацыю яны перададуць Вам вусна. З іх словаў я бачу, што генерал вельмі цвёрда стаяў на глебе нашай дзяржавы, вёў барацьбу з ворагамі і як нельга лепш асвятляў наша пытанне перад прадстаўнікамі Антанты, на працягу 8 месяцаў, не ўзяўшы ад нас, да гэтай пары, ні гроша. Самі разумееце, што павінна адказаць яму Бацькаўшчына…».
У лісце Захарка асабліва падкрэслівае энтузіязм Васількоўскага, які настолькі зацікаўлены беларускай справай, што нават па пытаннях дзяржаўнай важнасці едзе за свой кошт:
«Палкоўнік і да Вас едзе за свой рахунак. Грошай ён не просіць, але будзьце добрыя, добра яго прыміце і дайце ўсе паперы, якія палегчылі б працу…».
Эльфенгрэн – карэла-фінскі прадстаўнік дыпмісіі БНР у Фінляндыі
Дарадца Васількоўскага Юр’ё Эльфенгрэн – не менш цікавая асоба, а часам яшчэ неадназначная і супярэчлівая.
Нарадзіўся будучы вайсковец у 1889 годзе ў тагачаснай Выбаргскай губерні ў сям’і палкоўніка расійскага войска Уна Эўгена Эльфенгрэна і перакладчыцы Адэлаіды-Марыі Шчавінскай. Але паколькі свае дзіцячыя гады правёў у мястэчку Карміла, што каля Сартавалы, то лічыў сябе карэлам.
Яго біяграфія насычана рознымі падзеямі і пакручастымі момантамі: у 1917 годзе па падазрэнні ў падрыхтоўцы замаху на імператрыцу Аляксандру Фёдараўну (жонка Мікалая ІІ) Эльфэнгрэн быў арыштаваны, а пасля кастрычніцкай рэвалюцыі Юр’ё ў Крыме браў удзел у антыбальшавіцкім паўстанні крымскіх татараў, якія абвясцілі ў снежні 1917 года Крымскую Народную Рэспубліку. Пазней, падчас грамадзянскай вайны ў Фінляндыі, яго назавуць героем Раўту (цяпер Саснова), бо Эльфенгрэн кіраваў невялічкім узброенным злучэннем, якое здолела разбіць нашмат больш колькасныя бальшавіцкія атрады.
Полк Паўночнай Інгрыі ў Кір’ясала, зіма 1920 г. Наперадзе камандзір палка Юр’ё Эльфенгрэн. Крыніца - radabnr.org
З траўня 1920 года Юр’ё Эльфенгрэн становіцца дарадцам прадстаўніка дыпмісіі БНР у Фінлындыі. Каб абгрунтаваць прызначэнне Эльфенгрэна, які не ведаў беларускай мовы, спасылаліся нібыта на яго беларускія карані па маці. Прызначэнне гарачага карэла-фінскага афіцэра прадстаўніком беларускай дыпмісіі выглядала незвычайна, хоць ёсць верагоднасць, што яго маці Адэлаіда-Марыя Шчавінская мела беларускія карані.
Наконт моўнага пытання зноўку варта звярнуцца да тэксту ліста Васіля Захаркі да Вацлава Ластоўскага ад 21 чэрвеня 1920 года, у якім першы апісваў, што праца дыпламатычнай місіі не вядзецца па-беларуску, а на інтэрнацыянальных мовах (французскай і рускай), бо менавіта іх ведаў Эльфенгрэн:
«…Пры прызначэнні генерала прадстаўніком у Фінляндыі палкоўнік мог бы быць дараднікам. Я добра ведаю, што пры разглядзе гэтага пытання Вы затрымаецеся на беларускай мове. Але што рабіць, калі зараз мы не можам абставіць нашы ўстановы як бы гэтага жадалася.
Людзі шчыра вялі нашу працу на інтэрнацыянальнай [мове], на мове расійскай і французскай [мовах, на якіх размаўляў Юр’ё Эльфенгрэн] і хай працягваюць яе…».
Эльфенгрэн служыў у якасці дарадцы пры генерале Алегу Васількоўскім, афіцыйным прадстаўніку Беларускай Народнай Рэспублікі ў Фінляндыі з чэрвеня 1920 года па май 1921 года. Цягам года ён актыўна ўдзельнічае ў беларускіх справах, арганізоўваючы сустрэчы прадстаўнікоў БНР з фінскімі службовымі асобамі і рускай белай эміграцыяй, сустракаецца з лідарамі БНР, кансультуе іх.
Юр’ё Эльфегнэр у вайсковай форме. Крыніца- wikipedia.org
Вось што пісаў яшчэ адзін прадстаўнік дэлегацыі БНР на перамовах Эстонскай Рэспублікі з Савецкай Расіяй у Таліне Янка Чарапук у сваім лісце да Вацлава Ластоўскага ад 21 чэрвеня 1920 года: «…Тым часам да Вас едзе палкоўнік Эльфенгрэн па справе генерала Васількоўскага — гэтыя асобы пакінулі ў мяне ўражанне вельмі добрае. Людзі, мабыць, выдатныя дзяржаўнікі і на першы погляд шчыра адданыя нашай справе. Імкніцеся і Вы іх выкарыстоўваць».
Васіль Захарка ў лісце да Вацлава Ластоўскага ад 21.06. 1920 года таксама характарызуе працу Васільскоўскага і яго дарадцы Эльфенгрэна даволі пазітыўна і нават сцвярджае, што яны прынеслі шмат карысці на сваіх пасадах: «…Як у Фінляндыі, так і тут, у генерала і палкоўніка шмат знаёмых, якія могуць што-небудзь зрабіць…. Ужо за гэты час як Васількоўскі, так і падавец ліста палкоўнік Эльфенгрэн, шмат прынеслі карысці нашай справе тым, што інфармавалі ўсіх замежнікаў».
Хведар Прылёпаўскі, Budzma.org