Пяць фактаў пра Мікалая Слюнькова

28.04.2014 Асоба

26 красавіка – не толькі сумная гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Па іроніі лёсу, у той жа дзень нарадзіўся Мікалай Слюнькоў, які кіраваў БССР у згаданы час (1983–1987). Яго 85-гадовы юбілей – нагода звярнуцца да іншых фактаў з біяграфіі палітыка.

 

Галадаў па тры дні

Слюнькоў нарадзіўся ў 1929 годзе ў мястэчку Гарадзец Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Яго бацька, селянін Мікіта Слюнькоў, скончыў чатыры класы ў царкоўна-прыходскай школе. Працаваў у сельскай гаспадарцы, а таксама меў прафесію вельмі кваліфікаванага шаўца. Калі ў Гарадку ўтварылі першы калгас, стаў яго старшынёй. Але ў 1935-м памёр ад сухотаў. Неўзабаве згарэла хата. Маці працавала ў школе прыбіральшчыцай, але так аслабела ад гора, што ўсю працу за яе выконвалі дзеці (акрамя Мікалая іх было трое). Неўзабаве Слюньковы (магчыма, з дапамогай кагосьці са сваякоў) пабудавалі зямлянку. Падчас вайны немцы спалілі іх жытло, і сям’і давялося пэўны час жыць у хляве, які ўцяплілі саломай. Пазней Слюнькоў прызнаваўся, што “ў жыцці столькі галадаў, што калі тры дні не еў, дык і не рабіў праблемы”.

 

Дадому – на дахах вагонаў

У жніўні 1946 года Мікалай пакінуў спалены Гарадзец і адправіўся ў Мінск. Уладкаваўся грузчыкам на МАЗ і паступіў у Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, адолеўшы конкурс у тры чалавекі на месца. Умовы існавання былі спартанскія. У адным пакоі інтэрната жыла ўся група (28 чалавек). Перыядычна адбываліся бойкі з крымінальнікамі. Па прадуктовай картцы, якая дзейнічала да канца 1947 года, можна было  атрымаць на два дні 500 грамаў хлеба і 30 грамаў крупы або талерку баршчу з крапівы. А паколькі стыпендыі атрымлівалі толькі ўдзельнікі вайны, астатнія навучэнцы тэхнікума хадзілі за горад і збіралі на палях бульбу.

Каб сэканоміць грошы, Слюнькоў са сваім сябрам Міхаілам Лаўрыновічам (будучым дырэктарам Мінскага аўтамабільнага завода) ездзілі на дахах вагонах “зайцамі”. “Самае страшнае было на мосце, – згадваў Лаўрыновіч. – Тут нельга было галаву падняць, магло і забіць. Ганялі – не ганялі нас, усё роўна ездзілі на дахах”. Прычым на радзіму Слюнькоў імкнуўся ездзіць раз на два тыдні, а часам і кожную нядзелю.

 

Мянушка – “дырэктар ЦК”

Кар’ера Мікалая Слюнькова разгортвалася ў сферы прамысловасці. Ён прайшоў шлях ад памочніка майстра да дырэктара Мінскага трактарнага завода, працаваў намеснікам старшыні саюзнага Дзяржплана. Таму і не дзіўна, што Слюнькоў аддаваў перавагу гаспадарчым метадам кіравання. Пісьменнік Валянцін Блакіт, які ў тыя часы быў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ, пісаў пра Слюнькова: “Было ўражанне, што ён уяўляе рэспубліку адным вялікім заводам, за што, мусіць, і атрымаў (…) мянушку дырэктар ЦК”.

Стыль працы, які панаваў на прадпрыемстве, Мікалай Мікітавіч пераносіў на дзяржаўныя органы ўлады. Усе без выключэння мемуарысты, якія пакінулі ўспаміны пра той час, скардзіліся на празмерную жорсткасць Слюнькова. Напрыклад, Георгій Таразевіч, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1985–1989) пісаў, што “Слюнькоў быў чалавекам з дыктатарскімі схільнасцямі і, па сутнасці, тэхнакратам”. А будучы прэм’ер Вячаслаў Кебіч называў свайго шэфа “чалавекам жорсткім, аўтарытарным”. І дадаваў: “Людзі для яго былі вінцікамі сістэмы”.

 

Дапамагаў Быкаву

Пра стаўленне Слюнькова да дзеячаў культуры існуюць супрацьлеглыя меркаванні. Аркадзь Тоўсцік, які ўзначальваў газету “Звязда” ў 1970–1980-я гады, сцвярджаў у сваіх успамінах, што лідара БССР не цікавіла культурнае асяроддзе. Яму было наогул незразумела, “навошта ўсё гэта “расце” на грэшнай зямлі. Бо не ўтварае ж нічога, што магло ездзіць, вазіць, лятаць, капацца. Карацей кажучы, што можна назваць матэрыяльнымі каштоўнасцямі”.

Але кантрастам з такімі меркаваннямі ўспрымаюцца фрагменты з успамінаў Васіля Быкава. У кнізе “Доўгая дарога дадому” Мікалай Слюнькоў згадваецца некалькі разоў, прычым або ў нейтральным, або ў пазітыўным плане (напрыклад, Быкаў пісаў, што ў час нейкага мерапрыемства Слюнькоў спытаў “у Гарбачова наконт яго думкі, калі б даць Быкаву героя (Сацыялістычнай працы – Д. М.), і той пагадзіўся”. Вядомы фатограф Яўген Коктыш расказваў аўтару гэтых радкоў, што жонка Слюнькова перадавала Быкаву замежныя лекі (што, бадай, было немагчыма без спрыяння мужа).

Цяжка сказаць, што перад намі: выключэнне, звязанае з асобай Быкава як выдатнага чалавека, або проста розныя бакі аднаго медаля.

 

Прыхільнік рынку

У 1987 годзе на прапанову Гарбачова Слюнькоў перабраўся ў Маскву. Апошні стаў сакратаром ЦК КПСС па эканоміцы, а неўзабаве ўвайшоў у склад Палітбюро (трэці беларус пасля Андрэя Грамыкі і Кірылы Мазурава). З удзелам Слюнькова рыхтавалася эканамічная рэформа, якая павінная была вывесці СССР з крызісу. Галоўнай супярэчнасцю ў ёй была рэформа цэнаў. Саюзнае кіраўніцтва баялася казаць пра яе, каб не выклікаць незадаволенасці ў насельніцтва і не страціць папулярнасці.

Першыя гады працы ў Маскве Слюнькоў выступаў з пазіцый моцнага гаспадарніка і падтрымліваў планавую эканоміку. Але (рэдкі выпадак для партыйнага сакратара!) паступова змяніўся і пачаў выступаць з умерана-рынкавых пазіцый. Тагачасны міністр фінансаў Валянцін Паўлаў (будучы член ГКЧП) пісаў, што рэформу цэнаў у Палітбюро, па сутнасці, падтрымліваў толькі Слюнькоў. Цяжка сказаць, як далёка зайшла б эвалюцыя Мікіты Мікітавіча. Але вясной 1990 года ў Палітбюро адбыўся канфлікт паміж ім і тагачасным прэм’ерам Мікалаем Рыжковым. Ды такі глыбокі, што пасля яго Слюнькоў захварэў і сышоў у адстаўку. Ён больш не вярнуўся ў палітыку. Жыў спачатку ў Маскве, а цяпер у Мінску.

***

Як заўважыў чытач, ніводны з пяці фактаў не адлюстроўвае дзеянні Слюнькова падчас аварыі на АЭС. Але мне вельмі цікавае стаўленне экс-кіраўніка БССР да тых падзей. У адным з інтэрв’ю паэт Генадзь Бураўкін (у 1980-я гады – старшыня Дзяржтэлерадыё БССР) расказваў пра размову са Слюньковым, якая адбылася ўжо ў часы незалежнасці і датычыла Чарнобыля. Тады Мікалай Мікітавіч прызнаўся, што адчувае сваю віну. Але сказаў тое прыватна. Магчыма, стаўленне беларусаў да сваіх былых кіраўнікоў было б больш пазітыўным, калі б яны сказалі тое публічна.

 

Дзяніс Марціновіч