• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • «Пра тэхналогіі і не толькі»
  • Афіша
18.06.2015 | Тэатр

Пяць тэндэнцый мінскага тэатральнага сезона

Сталічны сезон 2014-2015 набліжаецца да завяршэння. Праўда, усе калектывы працуюць да сярэдзіны ліпеня, але прэм’ер трэба чакаць ужо восенню. Таму час падвесці вынікі.

Завяршэнне вялікай рэканструкцыі

У беларускай тэатральнай гісторыі пачатак ХХІ стагоддзя калі-небудзь назавуць перыядам вялікай рэканструкцыі. Літаральна на нашых вачах тэатральныя пляцоўкі сталіцы змяніліся да непазнавальнасці. За апошнія гады пасля рэканструкцыі адкрыліся будынкі Новага драматычнага, Опернага і Купалаўскага тэатраў. У гэтым сезоне новую пляцоўку атрымаў Маладзёжны, у родныя сцены вярнуўся ТЮГ (абедзве трупы працяглы час выступалі ў іншых будынках, што не спрыяла ўзроўню пастановак). Таму, хутчэй за ўсё, у найбліжэйшы час новых рамонтаў і рэканструкцый не прадбачыцца (засталося давесці да ладу хіба памяшканне былога кінатэатра «Спартак», дзе плануюць размясціць малую сцэну Маладзёжнага). А шкада, што працягу не будзе, бо рэканструкцыя дзяржаўных тэатраў – толькі вяршыня айсберга. Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры туліцца ў памяшканні дзіцячага садка. Цэнтр беларускай драматургіі мае ў сваім распараджэнні маленечкую залу. А для прэстыжных фестываляў (у першую чаргу гаворка пра “ТЕАРТ”) не хапае свабодных і па-сучаснаму абсталяваных тэатральных пляцовак.

Змена ўлады

Кіраўніцтва айчынных тэатраў змяняецца надзвычай рэдка. Таму любыя кадравыя перастаноўкі выклікаюць цікавасць: ці зменіцца кірунак развіцця таго ці іншага калектыву? У снежні 2014-га галоўным рэжысёрам Музычнага тэатра стаў Міхаіл Кавальчык. А крыху раней у двух сталічных тэатрах з’явіліся новыя дырэктары (мінулы сезон стаў для іх першым на новай пасадзе).

У лютым 2014 года ў ТЮГу здарыўся канфлікт трупы з дырэктарам Мікалаем Казюліным. Той прапаноўваў рэфармаваць ТЮГ, адмовіцца ад “акадэмізму”, але адначасова і ад “традыцый”. Задачай новага дырэктара Ігара Вароніна стала завяршэнне рэканструкцыі і доўгачаканае вяртанне тэатра ў родны будынак. Што да мастацкага складніка, то, калі меркаваць па “Сіняй птушцы” (праграмнай пастаноўцы рэжысёра Уладзіміра Савіцкага), дэманстрацыя тэхнічных магчымасцяў сцэны і вонкавая эфектнасць будуць спалучацца з ранейшай ТЮГаўскай эстэтыкай.

Вясной 2014 года новым дырэктарам РТБД стаў Уладзімір Карачэўскі, які дагэтуль быў першым намеснікам міністра культуры. Калі меркаваць па публічных заявах, Карачэўскі імкнуўся ператварыць РТБД у культурны і свецкі цэнтр сталіцы. Сапраўды, у тэатры паболела свецкіх імпрэз (напрыклад, “Каляднае рандэву ў ТБД”). Калектыў пачаў ствараць больш інфармацыйных нагодаў для асвятлення сваёй дзейнасці. Але гучных і паспяховых мастацкіх прадуктаў відавочна паменела. Акцэнт робіцца на касавыя камедыі.

Што да Музычнага, то сам факт прызнання галоўнага рэжысёра – станоўчая з’ява. Не сакрэт, што апошнія гады Сусана Цырук займала гэту пасаду толькі фармальна. Але істотных зменаў не адбылося. На жаль, апошнім часам Музычны перажывае не найлепшыя часы, што, зрэшты, не адбіваецца на цікавасці шараговай публікі.

Як бачна, асаблівых змен не адбылося. Што ўжо казаць пра тэатры, дзе кіраўніцтва засталося на сваіх пасадах?

Аўтаркія

Са старажытнагрэчаскай мовы “аўтаркія” перакладаецца як самазабяспечанасць, самадастатковасць. Пад гэтым словам разумеюць замкнёную сістэму, якая мінімальна залежыць ад асяроддзя. Аўтаркія – адна з галоўных характарыстык беларускага тэатральнага працэсу. З апошніх сталічных прэм’ер толькі дзве (!) ёсць новым прадуктам, што паставілі замежнікі – “Viva Commedia!” у Рускім (рэжысёр –  італьянец Матэа Сп’яцы) і “Чэхаў. Камедыя. Чайка” ў Маладзёжным (яе паставіў рэжысёр з Расіі Іскандэр Сакаеў). Наўмысна не кажу пра Міхаіла Панджавідзэ, які стала працуе ў Оперным. Яшчэ два балеты, што ўвасобілі ў Оперным Андрыс Ліепа і Ніна Ананіяшвілі (адпаведна, “Жар-птушка” і “Лаўрэнсія”), – усяго толькі пераносы гэтых спектакляў на беларускую сцэну.

Зразумела, прычыны такой з’явы – і ў слабым фінансаванні тэатраў, і ў традыцыйна невялікай колькасці прэм’ер. Але, у сваю чаргу, толькі адзінкі рэжысёраў, што працуюць у Беларусі, ставяць за мяжой. Ды і замежныя спектаклі прыязджаюць у Мінск нячаста (у фармаце фестываляў “ТЕАРТ”, “ПлаSтформа”, “Тэатральны куфар”; праз гастролі, што ладзіць “Тэатр Ч.”, а таксама праз нешматлікія адзінкавыя паказы, што ладзяць самі калектывы). У выніку беларускі тэатральны працэс надзвычай рэдка перакрыжоўваецца з сусветным, амаль цалкам ігнаруе фестывальны фармат і робіцца прадказальным. Бо за гады нескладана здагадацца, чаго чакаць ад таго ці іншага рэжысёра.

Іерархіі тэатраў больш няма

Пазалетась, падводзячы вынікі сезона, я пісаў пра існаванне неафіцыйнай іерархіі сталічных тэатраў, якую, калі весці гаворку пра мастацкія здабыткі, можна ўявіць у выглядзе піраміды. На вяршыні знаходзіўся Тэатр лялек, на другім месцы – Оперны, за трэцяе змагаліся Музычны і РТБД. Ніжэй – усе астатнія калектывы. Летась я засумняваўся, ці існуе такая іерархія, бо прэм’ер за сезон збіралася занадта мала.

Калі меркаваць па гэтым сезоне, Оперны і Тэатр лялек па-ранейшаму знаходзяцца на вяршыні. Прынамсі, іх справы ідуць лепш, чым у канкурэнтаў. Улічваючы ўзровень акцёрскай трупы, Купалаўскі будзе мець фору перад большасцю іншых драматычных труп. Але як ацэньваць той жа Оперны, калі побач з арыгінальнымі “Паяцамі” ставяць няўцямную “Кармэн”, а годная, хай сабе і не наватарская, “Лаўрэнсія” суседнічае з музейнай “Жар-птушкай”? Таму нарэшце прыйшоў да банальнай высновы (упэўнены, што не адкрыў Амерыкі): сур’ёзная іерархія мінскіх тэатраў знікла (як зніклі істотныя адрозненні паміж большасцю калектываў). Замест яе ўжо даўно ўзнікла іерархія творцаў. На яе вяршыні – пэўнае кола творчых асоб, якія здольныя выпусціць якасны спектакль (кшталту Аляксея Ляляўскага, галоўнага рэжысёра сталічнага Тэатра лялек, або нашага Аляксандра Янушкевіча, які восенню 2014 года стаў мастацкім кіраўніком Пермскага тэатра лялек). Ад іх працы залежыць поспех пэўнай пастаноўкі.

…але добрых спектакляў хапае

Зрэшты, нават у самым стракатым па выніках сезоне сустракаюцца спектаклі, якія настройваюць на аптымізм. За імі – будучыня сталічнага тэатра. На мой суб’ектыўны погляд, найлепшым лялечным спектаклем стаў “Тарцюф”, чый жанр пазначаны як “камедыя эпохі абсалютызму і рэпрэсій” (рэжысёр Аляксей Ляляўскі, Беларускі тэатр лялек). Найлепшы музычны спектакль – опера “Паяцы” (рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, Оперны тэатр), дзеянне якой перанесенае ў нашы дні. Галоўныя героі (у арыгінале – акцёры вандроўнай трупы) – прадстаўнікі шоў-бізнесу, якія прадаюць даверлівым гледачам прадукт сумнеўнай якасці. Нарэшце, найлепшы драматычны спектакль – “Ілюзіі” (рэжысёр Таццяна Траяновіч, Цэнтр сучасных мастацтваў): гісторыя жыцця дзвюх сямейных пар і іх кахання, якое, прынамсі ў гэтым спектаклі, перамагло смерць.

Апроч іх у спіс спектакляў, якія б я раіў для абавязковага прагляду, уключу “Царскую нявесту” ў Оперным, “Viva Commedia!” у Рускім, “Другую сусветную” ў Купалаўскім, “Мабыць” у РТБД і “Чэхаў. Камедыя. Чайка” ў Маладзёжным.

Восенню нас чакае новы сезон. П’есу Дзмітрыя Багаслаўскага “Любоў людзей” увасобяць у РТБД, Оперны звернецца да балета Яўгена Глебава “Маленькі прынц”, а зоркі еўрапейскай сцэны прыедуць на чарговы фестываль “ТЕАРТ”. А пакуль усім добрых тэатральных вакацый!

Дзяніс Марціновіч 

 

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

«Мы вернемся». Паэтка Ганна Комар прадставіла ў Лондане кнігу дакументальных вершаў

«Мы вернемся» — зборнік з дваццаці дакументальных вершаў, напісаных паводле гісторый беларусак і беларусаў,...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

Музыку Ганну Пышнік (Чымпаеш) асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму

Ганна выступала ў гуртах «Ня Варта», «ХАМ», VIKT(A)R xOi!. Была затрыманая 22 сакавіка нібыта за перадачу відэа з перасоўваннем...

valiancina_shauchenka
Адукацыя Гісторыя

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

Наогул, навука — занятак, скажам так, «на аматара»: сумны, кабінетны, для дасведчаных. Каб убачыць сувязь «вузкаспецыяльных»...

valiancina_shauchenka
Адукацыя

Як будуць вучыць патрыятызму ў беларускіх школах? Мінадукацыі зацвердзіла праграму новага факультатыва

У Беларусі другі год вывучаюць «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Гэта факультатыўныя заняткі для вучняў...

Апошнія навіны

    Літаратура
    «Мы вернемся». Паэтка Ганна Комар прадставіла ў Лондане кнігу дакументальных вершаў
    Грамадства Музыка
    Музыку Ганну Пышнік (Чымпаеш) асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму
    Адукацыя Гісторыя
    След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю
    Адукацыя
    Як будуць вучыць патрыятызму ў беларускіх школах? Мінадукацыі зацвердзіла праграму новага факультатыва
    Грамадства Гісторыя
    Як аддавалі Беласток
    Культура Грамадства
    Традыцыя вырабу чоўна ў вёсцы Перароў атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Грамадства Гісторыя
    Колькі карон было ў Стэфана Баторыя і які іх лёс
    Культура Літаратура
    Акцёры як літаратурныя героі
    Грамадства Гісторыя
    Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
    Грамадства
    «Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць». Аліна Нагорная — пра тое, як у Беларусі затрымліваюць за мову
    Грамадства
    Нешта неверагоднае! Глядзіце: школьнікі пабудавалі плыт з 6 тыс. пластыкавых бутэлек – зараз на ім можна перавозіць 2 легкавыя машыны
    Грамадства Асоба
    Ганна Севярынец: Чалавек не можа і не мусіць мець усёдазволенасці, яму ў гэтым блага
    Культура Асоба
    Крысціна Дробыш пра «Кніжны Воз»: «Аплікацыя стварае асацыяцыі таго, што беларуская мова — гэта можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна»
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя
    Ці была Гродзеншчына той самай старажытнай Літвой? «Гісторыя за 5 хвілін» шукае адказы
    Грамадства
    Сайт газеты «Народная воля» заблакавалі паводле рашэння Мініфарма

Афіша

  • 17.08 — 31.08

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Адкрыццё выставы Багдана Даўгялы «Мінск да мяне» ў Мінску

  • 17.08 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 17.08 — 25.09Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Лейпцыгу
  • 17.08 — 28.08Выстава Марка Шагала ў Мінску
  • 17.08 — 18.09Арганны фестываль Ars Magna Organi па гарадах Беларусі
  • 17.08 — 18.08Выстава «Odszkolnić!» у Беластоку
  • 17.08 — 19.09Выстава Сяргея Селіханава «Вяртанне» ў Віцебску
  • 17.08 — 04.09Выстава маляванак Яээпа Драздовіча ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Як аддавалі Беласток
    • Вядомы рэпетытар і педагог Яўген Лівянт тлумачыць, чаму правалілася кампанія па набору ў ВНУ
    • З’явілася магчымасць усталяваць беларускі інтэрфейс у Windows
    • Рабіся інакшым — альбо загінеш
    • Васіль Быкаў: «Мы — апошнія, Наша чарга...»
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM